У Горадні пачынае працаваць медыястудыя, у якой любы ахвочы мае магчымасць атрымаць дадатковую адукацыю па працы з інфармацыяй.
Для тых, хто старэйшы за 16 гадоў, чакаецца навучанне па наступных кірунках: інфаграфіка і візуалізацыя дадзеных, фотажурналістыка, здымкі і мантаж відэа. Арганізатары кажуць, што аналагаў медыястудыі няма ў Беларусі і дзяліцца сваімі ведамі будуць ужо вядомыя ў Горадні адмыслоўцы, сярод якіх — фатограф Аляксандр Саенка. Сама “школка” будзе працаваць у горадзе ўжо другі раз. Пра яе працу расказвае яе каардынатар Інга Мармыш:
— Заняткі будуць праходзіць па вечарах у больш зручны для людзей час. Па кожным курсе будзе адзін занятак на тыдзень: адзін па фота, адзін па відэа, адзін па мультымедыях. Выпускнікі студыі атрымаюць пасведчанне. Курс будзе карысны як для прафесіяналаў, так і для пачаткоўцаў. Праграма будзе цягнуцца цэлую вясну і скончыцца ў траўні. Тыя хто паспяхова яго скончыць, атрымаюць сертыфікаты.
Па словах Інгі, праграма курсу будзе накіраваная на набыццё практычнага досведу. Прэзентацыя праграмы адбудзецца ў Горадні 20 лютага. А з працамі удзельнікаў медыястудыі, што адбылася ў мінулым годзе, можна азнаёміцца на спецыяльна створанай старонцы ў інтэрнэце.
Андрэй Мялешка
Тэгі: Гродна