Горадня: “Новы замак” у Новым замку

У Горадні прэзентавалі “Новы замак” — літаратурны альманах, які выдала гарадзенская абласная філія Саюза беларускіх пісьменнікаў. Прэзентацыя прайшла ў Новым замку, дзе цяпер знаходзіцца Гарадзенская абласная навуковая бібліятэка імя Карскага.

Другі нумар альманаха сабраў найлепшае за 2013 год. Расказаць пра навінкі літаратуры ў Горадню завітала вялікая дэлегацыя з Саюза беларускіх пісьменнікаў: Пятровіч і Сцебурака, Пашкевіч і Камоцкі. Альманах змяшчае творы больш за 20 аўтараў, каля дзясятка з якіх прысутнічала на сустрэчы.

Пра нумар сайту “Будзьма беларусамі!” расказаў укладальнік нумару, гарадзенскі пісьменнік Сяргей Астравец:

– Задумана было традыцыйна: спачатку паэзія, потым проза, потым усё астатняе. Мне здаецца, нумар атрымаўся дастаткова разнастайны. Паэзіі значна менш, чым у першым нумары. Ёсць сучасныя мемуары Мечыслава Курыловіча, які цікава напісаў не толькі пра ўспаміны з маленства, але і пацікавіўся ў бацькоў — як было? Напісаў пра сваю сям’ю, пра тое, што было за польскім часам. Як у вайну было, як немцы былі, як пасля вайны, калі НКУС шукала лясных братоў. Мы ўспомнілі паэтаў: год таму з жыцця пайшоў Эдзік Мазько. Ала Петрушкевіч напісала пра яго цёплыя ўспаміны, бо яна яго не толькі асабіста ведала, яны сябравалі і працавалі разам ва ўніверсітэце.

Для Горадні гэтае мерапрыемства стала вялікай культурнай падзеяй. Вяла сустрэчу гарадзенская паэтка і выкладчыца Ала Петрушкевіч, а закрываў вечар сваімі ірландскімі баладамі бард Алесь Камоцкі.

 

Андрэй Мялешка

Фота Андрэя Мялешкі

Тэгі: