Другая кніга сп. Горвата “Прэм’ера” з’явілася ў продажы ў мінулую пятніцу без папярэдняй медыйнай падрыхтоўкі. Наш літаратурны аглядальнік Андрэй Адамовіч прачытаў яе і не раіць паўтараць гэты досвед усім, хто не хоча расчаравацца пасля папярэдняй кнігі аўтара. З гэтай мэтай Адамовіч ужывае сюжэтныя спойлеры, якія ў выпадку “Прэм’еры” ўсё адно нічога не скажуць таму, хто яе не чытаў.
Першыя старонкі новай кнігі сп. Горвата ствараюць уражанне, што аўтар вырашыў амаль слова ў слова перапісаць “Радыё Прудок”, крыху перасыпаўшы старыя жарты метарэфлексіямі, якія моцна не ўплываюць ні на стыль, ні на глыбіню аповеду.
Завязка прыблізна такая: у тэатры ставяць п’есу Андрусіка Іванавіча, той не проста ўдзельнічае ў рэпетыцыях, але і выходзіць на сцэну ў ролі самога сябе. З гэтага трайнога тулупу аўтар, часам удала, рэфлексуе.
На гэтым адрэзку, які магістральна апісвае тэатр, па-ранейшаму добра глядзяцца ўстаўныя гісторыі з Прудка. Калі б сп. Горват працягнуў у такім стылі далей і напісаў “Прэм’еру” гэтаксама як напісаў першую кнігу… у такім выпадку кнігу можна было б раіць яго фанатам і абыякавым да Горвата чытачам. Аднак неўзабаве тэкст незваротна змяняецца. Зерне гэтага змянення было закапанае аўтарам ужо на першых старонках, дзе герой спрабуе аналізаваць сябе.
Пасля ж завязкі, у той момант, калі мы вось-вось чакаем прэм’еры, складваецца ўражанне, што аўтар сам сябе пераканаў, што са стылю “Прудка…” трэба “вырасці”, зрабіцца “сапраўдным” пісьменнікам і напісаць “сапраўдную” кнігу ў выглядзе хай сабе не рамана, але хаця б аповесці. Так у кнізе з’яўляецца “сюжэт” і знікае дух “Радыё…”. Найперш цярпіць стыль: ад пазнавальнай гутаркі прудкоўцаў з рэдкімі лірычнымі адступленнямі ён перасоўваецца ці то да мадэрновай плыні свядомасці ці то да сухой мовы рэалізму.
Як той казаў, кожны вялікі пісьменнік шырэйшы за мастацкую плынь, у якой ён працаваў, але праўда і супрацьлеглае: кожны няўдалы твор належыць невядома якой плыні і ўяўляе з сябе мутнае варыва.
Таму нават цяжка патлумачыць, што адбываецца ў кнізе далей. Вось Горват мусіў пайсці на сустрэчу ў ягоны гонар, але вось замест гэтага трапіў на хаўтуры і нават паспеў узяць там чарку. Вось яго хваляць адны крытыкі, а вось ужо лае адзін-адзіны карэспандэнт раёнкі.
Пераказваць гэта настолькі ж бессэнсоўна, наколькі бессэнсоўна спрабаваць зразумець гэты тэкст, у той час як зразумець трэба прычыны яго ўзнікнення.
Ёсць у беларускай літаратуры творы, напісаныя з любові да Радзімы, ёсць творы, напісаныя з любові да жанчыны, самога сябе або нават з невыноснага жадання выпіць.
Прычыны ж стварэння “Прэм’еры” лірычны герой апісвае шчыра і з непасрэднай простасцю: ён не ведае ні што сказаць чытачу, ні навошта гэта рабіць.
Само па сабе гэта і не блага, і не добра. З адсутнасці прычыны і прадмету выказвання народжана нямала твораў сусветнага ўзроўню. Узяць, да прыкладу, “Чужаніцу” Камю. Аднак ёсць невялікая розніца: экзістэнцыялісты глыбока аналізавалі саму гэтую адсутнасць і ўжо на фоне гэтага аналізу і пераасэнсавання стваралі мастацтва.
У дваццаць першым стагоддзі мала сказаць “я не ведаю, пра што і як сказаць”. Гэтая нямогласць, адкрытасць жыцця ў само сябе мусяць быць прааналізаваныя і па-мастацку пададзеныя.
Таму што б ні адбывалася далей (а далей у тэксце сп. Горвата адбываецца шмат чаго) — нішто з гэтага не кранае і не прымушае суперажываць героям. Вось спектакль вырашана зняць з працы, і выглядае, што ён ужо і не выйдзе, вось лірычны герой напіваецца ў Берліне, вось праз плынь свядомасці едзе ў Італію, а за ёю ў Парыж.
Некаторыя ж фрагменты тэксту выглядаюць не проста няўдалымі спробамі маладога пісьменніка, але сапраўдным здзекам з чытача і ягоных чаканняў. Нібыта пачуўшы закіды крытыкаў, лірычны герой паведамляе нам, што ён вырашыў дадаць у тэкст Олю — так бы мовіць, ажывіць лінію кахання. Але праблема ў тым, што Оля так і застаецца кардонкай — элементам дэкарацыі. Яна не робіцца жывым чалавекам, ёй немагчыма суперажываць. Як немагчыма суперажываць адносінам аўтара з кардонкай. Напэўна, у інтэрнэце і пра такія адносіны можна знайсці відэа, але, здаецца, большасці людзей гэта не блізка.
Такім самым здзекам глядзіцца гісторыя першай у Прудку электрычнай прыбіральні (“ха-ха, вось вам прагрэс!”). Напісаны сухой мовай аповед без інтрыгі і гумару — часам нават хочацца разгледзець у гэтым алюзію на Джойса, але гэта было б гіганцкай нацяжкай. Леапольд Блум і Шамякін з дынамікаў — яно крыху рознае.
Так, першая кніга — яна таксама была створаная з адсутнасці прадмету і прычыны выказвання. Але ў першай кнізе лірычны герой быў пастаўлены ў позу няўдахі, і да гэтай позы быў дададзены непаўторны стыль і размовы ні пра што (але і ў “Радыё.…” не-не дый прабівалася гэтая пустата). У “Прэм’еры” змяніўся і герой і манера падачы — праз новую манеру герой не блізкі, а праз ягоны новы статус яму ўжо немагчыма прабачыць таго, што ён не ведае, пра што гаворыць.
Падарожжа аўтара па Еўропе і Беларусі, дзесьці пераказанае праз плынь свядомасці, дзесьці — праз рэалістычныя сны, — усё гэта настолькі бездапаможна напісана, што нават не хочацца лішні раз пра гэта згадваць. Каб укласці такі аб’ём інфармацыі і апісаць яго праз такія прыёмы — трэба быць майстрам узроўню Джойса, аднак у тэксце не бачна не тое што спробы ўзняцца на вышыні, але нават спробы перайсці з “пачаткоўцаў” у проста пісьменнікі.
Уцямны аповед заменены бясконцым паўтрэннем адных і тых жа фраз, “шматзначнымі” назіраннямі, пераказамі трызненняў — усё гэта пачынае раздражняць яшчэ да сярэдзіны кнігі. З рэальнасці ў тэкст пераносяцца малазначныя для аповеду дэталі, якія і блізка не ствараюць псіхалагічна верагоднай карціны.
Здаецца, адзінкавыя ўдалыя моманты ў кнізе — гісторыя пра тое, як Міша Зуй не з’еў яйка і знайшоў героя, як пахавалі мужа Марусі Зайчыкавай і, можа быць, сцэна з пачарговым сном героя і Олі, але ўсе тры — з нацяжкай, са зніжкай на балота вакол гэтых купін у тэксце.
За гэтым лесам няўдалых сказаў, абзацаў і раздзелаў не-не дый і праглядаецца галоўнае: аўтар не проста не хоча нічога казаць — ён баіцца сказаць і не можа сказаць галоўнае. Так, аўтар нам нічым і не абавязаны. Але аўтар “Прудка” даўно зліўся са сваім лірычным героем. І гэты лірычны герой — для таго, каб яго любілі і сачылі за ім далей — мусіць пачаць уздымаць заслоны. Калі ж ён так і будзе стаяць і выкрыкваць у цемру фразы, якія нічога не значаць, — нам гэта нарэшце надакучыць, і мы разыдземся.
Падводзячы рысу, можна сказаць, што “Прэм’ера” — твор пачаткоўца, вучнёўская замалёўка, ён на галаву ніжэйшы за “Радыё…” і мусіў з’явіцца перад першай кнігай. Па вялікім рахунку, аўтар, вядомы на ўзроўні Горвата, не мусіў друкаваць гэты тэкст.
Андрэй Адамовіч для budzma.by