Інфармацыйна-турысцкі цэнтр «Мінск» падпісаў дамову аб стварэнні брэнду сталіцы з брытанскай кампаніяй INSTID. Дырэктар па даследаваннях INSTID Наташа Гранд кажа: «Для INSTID праца над брэндам Мінска — важны і знакавы праект. Мы бачым яго як стварэнне гарадскога брэнду, які набудзе сусветную вядомасць і стане класікай тэрытарыяльнага брэндынгу».
Каб даведацца, ці не баіцца брытанскі INSTID расчараваць беларусаў, і якую ролю ў стварэнні брэнду адыграюць айчынныя легендарныя персанажы і меркаванне саміх беларусаў, мы звязаліся з Наташай.
— Наташа, добры дзень! Дазвольце перш за ўсё павіншаваць Вас з перамогай у конкурсе!
— Добры дзень! Вялікі дзякуй!
— У першую чаргу ў межах праекту мусяць з’явіцца лагатып і фірмовы стыль. Раскажыце, калі ласка, пра метадалогію выпрацоўкі лагатыпу.
— Мы ўпэўненыя, што брэнд Мінска павінен быць перш за ўсё брэндам саміх людзей. Менавіта таму мы плануем грунтоўнае даследаванне і правядзенне адкрытых публічных дыскусій. Нам цікава паслухаць ідэі саміх мінчукоў, зразумець, што іх яднае і падкрэслівае іх унікальнасць.
Толькі калі мы зразумеем светапогляд мінчукоў, мы зможам увасобіць яго ў лагатыпе. Ідэя горада можа быць данесеная толькі яго жыхарамі, нашая задача — зразумець яе і ўвасобіць у сімвалах.
— У 2012 годзе ў Беларусі тэма нацыянальнага брэндынгу актуалізавалася, адной з тэндэнцый стаў зварот да персанажаў беларускага эпасу — міфічных і напаўміфічных. Як вам бачацца перспектывы такіх герояў у фармаванні нацыянальнага брэндынгу?
— Мне падаецца, нацыянальныя персанажы і героі актыўна абмяркоўваюцца ў грамадстве з часу вяртання незалежнасці ў 1991 годзе. Бачна, што ў беларусаў моцнае імкненне да сваіх каранёў. Зразумела, героі кшталту Усяслава Чарадзея ці Скарыны папулярныя сёння таму, што ўвасабляюць паводзіны і рысы характару, уласцівыя беларусам. Трэба зразумець, з чым атаясамліваецца, напрыклад, Скарына: з імкненнем да навук і адукацыі, з прагай да падарожжаў, з патрыятызмам? І выкарыстоўваць персанажаў свядома.
У дачыненні да Мінска мне падаецца больш карыснай праца з героямі сённяшняга дня, што называецца, opinion leaders, пазнавальнымі і ўплывовымі людзьмі, чые меркаванні цікавыя і важныя іншым. Мы спадзяемся, яны падтрымаюць наш праект.
— Беларусь мае прызнаных майстроў візуальных мастацтваў — Цэслер, Анемпадыстаў, Андрэеў, Вашкевіч. Якое месца ў распрацоўцы брэнду сталіцы Беларусі будзе аддадзенае айчыннай экспертнай супольнасці?
— Да беларускіх экспертаў будзем звяртацца і ўжо звяртаемся. Імёнаў я пакуль не магу назваць, але менавіта ад беларускіх мастакоў, пісьменнікаў і дызайнераў мы чакаем ўкладу ў разуменне таго, што такое Мінск. Мы нават плануем правесці нараду для гэтай мэты.
— У Беларусі ёсць досвед супрацы з ангельскімі функцыянерамі ў галіне PR. Вы не баіцеся паўтарыць іх шлях і расчараваць беларусаў?
— Мы працуем па-іншаму, і ў нас розныя мэты, таму тут параўнанне я лічу не зусім карэктным. Ранейшае ўзаемадзеянне ставіла мэтай падвышэнне пазнавальнасці Беларусі на міжнароднай арэне, на гэта працавалі толькі еўрапейцы без беларусаў. У нас прынцыпова іншыя мэты і метады працы.
Галоўнае ў тым, што такі праект з’яўляецца ў Беларусі ўпершыню — адкрыты праект па фармаванні брэнду сталіцы, у якім зможа ўзяць удзел кожны грамадзянін краіны.
Беларусы, як вядома, — нацыя містычная. Каб даведацца, ці мог бы стаць нацыянальным сімвалам беларускі брат (сястра?) шатландскай Нэсі, мы звярнуліся да Аляксандра Гранда, кіраўніка інстытута INSTID і (!) выпускніка Прэсвітэрыянскага ўніверсітэта (Універсітэта Шатландскай царквы).
— Сімвалам краіны можа быць што заўгодна, галоўнае каб за гэтым пайшлі людзі і сімвал іх сапраўды аб’ядноўваў. Шатландская Нэсі з часам трансфармавалася з сімвала агульначалавечай архетыпічнай ідэі ў поп-сімвал. Але ў любым выпадку не стаў бы называць яе сімвалам усёй нацыі. Калі капаць глыбей, у феномене Нэсі можна адшукаць карані язычніцтва, кельцкай культуры, якая, дарэчы, дагэтуль жывая ў Шатландыі. Што да «беларускай Нэсі», то я пакуль не настолькі знаёмы з беларускай міфалогіяй, каб кампетэнтна прывесці нейкі аналаг. Думаю, для сучаснай Беларусі, дзе дагэтуль праяўляюцца язычніцкія карані, наяўнасць такіх сімвалаў магчымая.
Персанажы такога кшталту цяпер папулярныя ў Расіі ў пэўных мясцовасцях — радзіма Калабка, кікімары, Дзеда Мароза. Толькі трэба разумець, што сімвалы працуюць на ўзроўні ідэі, якую яны выказваюць. Таму калі сімвал не выказвае па-сапраўднаму нацыянальную ідэю, якая яднае ўсіх, ён будзе працаваць на пэўным узроўні, але не ў маштабах дзяржавы.
Новая грамадская кампанія пачынае актыўную фазу ўжо з восені. За яе навінамі і культурным жыццём Беларусі сачыце на сайце budzma.org і ў нашых суполках Facebook i Ўкантакце.
Прэс-рэліз праекту на сайце Інстытута INSTID
Персанальны сайт Наталлі Гранд
Алесь Плотка