У мінскім Парку Чалюскінцаў прайшоў трэці па ліку Грунвальдскі фестываль. Фолькавыя і рокавыя гурты выйшлі на сцэну, каб ушанаваць слаўную дату ў беларускай гісторыі – перамогу пад Грунвальдам. Была яшчэ адна прыемная нагода: у межах фэсту гурт “Рокаш” прадстаўляў свой новы альбом “Запалі агонь”.
TESTAMENTUM TERRAE
Гэтым разам Грунвальдскі фэст праходзіў у новым месцы – на адкрытай танцпляцоўцы Парка Чалюскінцаў. Гэта невялічкая тэрыторыя, агароджаная чырвона-зялёным металічным плотам. Праўда, хапала ахвочых паслухаць музыку і пры гэтым не плаціць грошы за квіток. З пару дзясяткаў чалавек размясціліся непадалёк на ўзвышэнні, прызначаным для скейтбардыстаў.
Вёў імпрэзу адзін з арганізатараў фестывалю Лявон Казакоў, музыка гурта “Рокаш”, якія ў гэты вечар прадстаўлялі свой новы альбом “Запалі агонь”. Таму калегі-музыкі віншавалі са сцэны не толькі з 601-й гадавінай слаўнай перамогі, але і з гэтай прыемнай падзеяй.
ROKASH
“Хто зразумее тэкст, таму рэспект”, – заявіла вакалістка гурта Unia, што выступаў крыху ва ўсечаным складзе. У адну са сваіх песняў, апрацоўку народнага спеву “Калядо”, яны схітрыліся ўставіць пройгрыш з “Billie Jean” Майкла Джэксана. Unia па гучанні моцна нагадвала даволі папулярны калісьці гурт Postscriptum. Дыскі гэтай каманды, дарэчы, якраз разыгравалі на конкурсах у гэты вечар. Сярод прысутных разыгрывалі таксама рарытэты – аўдыёкасеты “Старога Ольсы”.
ROSY
Перад выступам гурта Testamentum Terrae гледачоў папрасілі зрабіць крок назад, каб вызваліць пляцоўку для ансамбля танцаў “Гістарыён”. Разам з музыкамі яны, як і было абяцана, паказалі, што ёсць сярэднявечны драйвам, і павучылі ахвочых танчыць. “Гэта беларускі рок XVIII стагоддзя”, – так прадставіў адзін з твораў Юрась Панкевіч. Музыкаў і танцораў узялі ў шчыльнае кола і актыўна падтрымлівалі. Потым папрасілі яшчэ адступіць – “каб не трапіць пад шалёны меч”: на пляцоўцы з’явіліся рыцары. “Слава нашым продкам!” – развіталіся Testamentum Terrae пад шквал апладысментаў.
Пасля іх на сцэну ступіў P.L.A.N., які падрыхтаваў сэт з песняў “пра мужыкоў-ваяроў”, як заявіў лідар каманды Андрэй Плясанаў. Найперш ён вырашыў выканаць “Песню случчака”.
КАШЛАТЫ ВОХ
Адно з адкрыццяў “Грунвальдскага фэсту – 2011” – “Росы”, у прынцыпе, гурт немалады, але не вельмі вядомы як для мінскай публікі. Каманда са Стоўбцаў грае блюз-рок з фольк-матывамі. Яны ў сваёй “Аршанскай песні” згадалі пра яшчэ адну слынную перамогу ў беларускай гісторыі.
ОМУТ
Галоўнай жа падзеяй імпрэзы стала прэзентацыя новага альбома гурта “Рокаш”, які музыкі рыхтавалі доўгія тры гады. Самі ўдзельнікі каманды называюць плытку “Запалі агонь” “шматпакутнай”. Пэўна, што пасля гэтага канцэрту прыхільнікаў у “Рокаша” паболее, настолькі зачараваў усіх вакал Паліны Дулінец і тэксты Лявона Казакова.
Мікалай Дубавіцкі, фота Аляксандра Ждановіча