27-га красавіка адразу тры героі рубрыкі “Байцоўскі ген” меліся правесці значныя міжнародныя двубоі.
Чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў вярнуўся ў легендарны турнір К-1, дзе змагаўся за выхад у фінальную частку. Двубой з літоўцам Вайдасам Валанчусам праходзіў у віленскай “Сіменс-Арэне”. Віталь накаўтаваў суперніка ў другім раўндзе каленам у галаву.
На двубой беларус выйшаў пад музычны мікс, які складаўся з песні гурта “Тройца” і біта расійскага рэпера Рэма Дзігі ― Віталёва прыяцеля.
Фінальная частка мусіць распачацца ўвосень і транслявацца на ўсю планету. Гуркова часта крытыкуюць за выступы па правілах К-1, некаторыя эксперты мяркуюць, што гэты стыль для беларуса нязручны (нельга біць локцем і дужацца ў клінчы).
― Але я звычайна не адмаўляюся ад добрых баёў, і мне няважна, хто супернік. Мне хочацца выступаць, ― адказвае на гэта Віталь. ― Я дайшоў да таго, што важны не вынік, а сама дзея, прыклад. Важная ― філасофія.
***
Паралельна з Гурковым кікбаксёр Павел Турук, які вызначыўся падтрымкай беларускай мовы на сваёй спартовай амуніцыі, змагаўся з украінцам Алегам Шамшавым. Двубой праходзіў у мінскім Палацы спорту ў межах турніру “Накаўт-шоў”.
Турук у сваёй звычайнай манеры перамог суперніка па пунктах. Зараз Павел чакае чарговых прапановаў наконт прафесійных двубояў. Ён здабыў чацвёртую перамогу запар.
***
У гэты ж вечар чэмпіён свету па муай-тай Дзмітрый Валент мусіў сустрэцца ў Кітаі з першым нумарам сусветных рэйтынгаў канадцам Сайманам Маркусам. Увесь байцоўскі свет нецярпліва чакаў гэтай значнай падзеі. Прыхільнікі муай-тай выраблялі дзясяткі саматужных афішаў, прысвечаных сустрэчы беларуса і канадца.
― Мы ўжо пакавалі валізы, як патэлефанавалі з Кітая і паведамілі, што бой з-за прыродных катаклізмаў пераносіцца на тыдзень, ― тлумачыць Дзмітрый Валент. ― Сітуацыя звязаная са зрухамі зямной кары. Зараз выязджаю ў аэрапорт і вылятаю ў Кітай. Двубой глядзіце трэцяга траўня.