Гурт N.R.M. выступіць на фестывалі “Меч Брачыслава” ў Браславе

28.04.2015 Культура

Група стане музычным госцем фестывалю сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава» і дасць паўтарагадзінны канцэрт на Замкавай гары.

NRM. Фота з сайта ultra-music.com

Сярэднявечнае свята пройдзе ў Браславе 5 чэрвеня. У гэтым годзе яго ўпрыгожыць коннае шэсце.

Як распавяла Край.бай дырэктар Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Надзея Дударонак, свой удзел у сярэднявечным фестывалі ўжо пацвердзілі дзевяць клубаў гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Расіі і Латвіі. Сярод іх: клуб «Варгенторн», «Нагльфар», «ВИР», «Железный желудь», «TRUE VARING», «Полацкі Звяз», «Белый барс», «KROMA KOLNA» і стралковы клуб «Залатая арда».

У планах у арганізатараў вярнуць у праграму свята археалагічную пляцоўку, дзе сваю кнігу «Курганныя могільнікі захаду Браслаўскага паазер’я» прадставіць археолаг Мікалай Плавінскі.

– Акрамя таго, – дадала Надзея Дударонак, – у гэтым годзе ў нас ёсць магчымасць запрасіць «Майстэрню ўражанняў». Спецыяльна да 950-годдзя Браслава акцёры паставяць «Легенду аб Браславе».

Як і планавалася, падчас фестывалю на Замкавай гары будуць працаваць рамесныя шэрагі і выстава членаў клуба народных майстроў «Ля возера». Музычным госцем свята стане гурт NRM. Музыкі, па словах суразмоўніцы, дадуць паўнавартасны паўтарагадзінны канцэрт.

Край.бай

Тэгі: