Крысціна Дробыш: «Тое, што мяне не забіла, пашкадуе, што яно мяне не забіла»

18.01.2022 Тэатр Асоба

У жніўні 2020 года Крысціна Дробыш разам з іншымі акцёрамі Купалаўскага тэатра звольнілася з працы. Але, нягледзячы на афіцыйную паперу, працягвае заставацца Купалаўцам і развіваць новы фармат анлайн-спектакляў.

Пагаварылі з Крысцінай пра яе праект па агучванні беларускіх кніг, выхаванне дзяцей беларускімі казкамі, паразважалі пра месца тэатра ў сапраўднай і будучай Беларусі і проста пра тое, як прымусіць сябе падняцца з ложка раніцай.


269970878_2433894576741263_4529526491376797701_n.jpg

— Крысціна, распавядзіце, калі ласка, чым зараз займаюцца Купалаўцы і якія ў вас планы?

— Я была, ёсць і буду заставацца Купалаўцам у першую чаргу — гэта першапачатковае і заўсёды будзе мець перавагу. Мы працягваем дзейнасць, мы рыхтуем праекты. У снежні ў нас былі дзве даволі гучныя прэм’еры — мы далі аўдыяверсію найэпічнейшага твора Джорджа Оруэла «1984», а на Каляды паказалі RADZIVA PRUDOK Андруся Горвата. Гэта не зусім той Прудок, які гледачы бачылі ў тэатры, гэта адаптаваная відэаверсія. Але людзі чакалі і прасілі аб гэтым, і для нас было вялікім гонарам зрабіць. Мы сабралі каманду і працавалі з усіх сіл, каб 25 снежня даць прэм’еру.

У нас запланаваныя і далейшыя праекты. Нягледзячы на тое, як і дзе мы знаходзімся, пра гэта мы не можам казаць, але наша значная колькасць гледачоў знаходзіцца ў Беларусі і зараз галоўная пляцоўка — наш YouTube-канал. Дзякуючы гледачам ён з’явіўся і існуе. Таму мы будем рабіць усё, каб тэатр існаваў далей у анлайн-рэжыме і доступ да яго быў ва ўсіх людзей, якія хочуць нас паглядзець. Беларусы ў Беларусі — гэта перш за ўсё.

— Як вам увогуле працаваць у новым анлайн-рэжыме?

— Канечне, добра, калі ёсць нейкія выступы афлайн. Крута, калі ёсць трэніроўка і жывы кантакт з гледачом. Але анлайн-фармат застаецца пераважным, і мы будзем яго развіваць далей. Па сутнасці зараз гэта адзіны спосаб кантактаваць з беларусамі ў Беларусі. У любым выпадку ў гэтым няма вялікай трагедыі: у нас ёсць кантакт, ёсць спосаб гэты кантакт падтрымліваць і, мабыць, гэта добры шанц развіць анлайн-гісторыю ў нешта якаснае. Калі няма іншых варыянтаў, трэба браць тое, што ёсць і развіваць гэта. Не можаш супрацьстаяць — дык узначаль! Першы ў Беларусі анлайн-тэатр, чаму не? Неблагая перспектыва.

82335339_3086234581400622_4447791960492605440_n.jpg

— Што вам гэта дае?

— Я спрабую аналізаваць сваё жыццё пачынаючы са жніўня 2020 года. Канечне, гэтыя падзеі не толькі ўскалыхнулі жыццё, яны яго перавярнулі. Забралі маё жыццё і пусцілі яго ў вольны шлях. Як бы балюча гэта ні было, як бы гэта ні было складана — гэта дало мне шмат моцных шанцаў. Я гэта вельмі ясна адчула. Не заўсёды былі сілы за гэтыя шанцы ўзяцца, але нешта ўнутры заўсёды казала: «Давай, давай, давай! Гэта цябе ўратуе, гэта цябе выцягне!». Можна сядзець і гараваць, але трэба шукаць працу. Калі ты не можаш шукаць працу, то трэба гэтую працу сабе стварыць. Менавіта так у мяне пачалі нараджацца нейкія праекты, а потым пачалі з’яўляцца цікавыя прапановы, у якіх ты становішся не проста выканаўцам, а суаўтарам.

Таму як бы гэта ўсё страшна ні было, гэта тое, што зрабіла мяне моцнай. Гэта тая сітуацыя, дзе я зразумела, што я мацней, чым я думала да гэтага.

117117440_3228386580590869_7183860323316826489_n.jpg

— Думаю, што шмат беларусаў адкрылі гэта ў сабе ў апошнія гады.

— Так, я ўпэўнена, што гэта так.

Дзіўна, але гэта цудоўнае адкрыццё, калі раптам ты разумееш, што чаму б і не. І ты перастаеш баяцца гэтых новых пачынанняў, бо а што табе губляць? Ты ўжо ўсё згубіла... Не атрымаецца, дык не атрымаецца, каму ты зробіш дрэнна?

Таму ты можаш быць у стане, калі ўранку ты аддзіраеш сябе ад ложка, прымушаеш падняцца, каб хоць штосьці зрабіць, каб прывесці сябе ў нейкі парадак і ісці. І так адзін дзень, другі, трэці. І на пяты ўжо становіцца лягчэй. Гэта надае сілы, ты разумееш, што ніфіга: тое, што мяне не забіла, пашкадуе, што яно мяне не забіла.

43336520_1867121020036940_3581704581119213568_n.jpg

— Пасля падзей у Беларусі вы былі вымушаныя выехаць за мяжу. Як праходзіць адаптацыя?

— Зараз я чалавек-чамадан: мой дом там, дзе я кіну свой заплечнік. Таму ў мяне няма нейкага сталага месца жыхарства, і нават страшна казаць гэтыя словы... Але мяне ратуе дарога. Ад пераездаў з месца на месца мне лягчэй. Я закідваю сябе бясконцай колькасцю працы з усіх бакоў. Так мне прасцей не думаць пра тое, што адбылося. Не адказваць сабе на пытанні: калі я вярнуся дадому, калі гэта скончыцца.

Я думаю, што працэс адаптацыі ў мяне яшчэ наперадзе, пакуль я на стадыі адмаўлення. У мяне працагалізм выйшаў галоўным спосабам ратавання, і я думаю, што я не адзіная такая. Я сустракала шмат людзей, якія паводзяць сябе так жа. Увогуле ёсць дзве групы: першыя пачынаюць працаваць як праклятыя, а другія сыходзяць у жорсткую дэпрэсію. Гэта, канечне, жудасна. Гэта немагчыма апісаць словамі, і як з гэтага вылазіць на простых чалавечых рэсурсах — я не разумею.

— Я так разумею, у вас зараз ёсць нейкія праекты, праз якія вы сябе выратоўваеце. Распавядзіце, калі ласка, пра іх.

— Адзін з самых вялікіх праектаў — гэта агучка беларускіх кніг «Кніжны воз». Я мела дачыненне да агучкі шмат гадоў: агучвала кіно, камп’ютарныя гульні, рэкламу — усё, што гаварыла. Мой голас асабліва ніхто не пазнае, і гэта цудоўна, бо я за тое, каб голас агучкі быў без нейкай прывязкі да чалавека, каб гэта заставаўся голас персанажа.

269681830_23849280480950605_8409624614011582456_n.jpg

І вось неяк на мяне выйшаў чалавек, які сказаў, што ў яго ёсць магчымасць агучваць кнігі па-беларуску, але ён не ведае як. А я наадварот — ведала як, але магчымасці не было. У мяне была каманда, якая магла гэта крута зрабіць. Мы сустрэліся, абмеркавалі, як гэта можна зрабіць, і зрабілі.

Я была першым голасам, села і сама са сваім сябрам гукарэжысёрам запісала першую кніжку. Потым была другая, і так памаленечку мы зразумелі, што можам яшчэ каго-небудзь запрасіць. Так з’явіліся новыя галасы, новыя кампазітары, і на дадзены момант у праекце задзейнічана з дзясятак чалавек.

Калі на пачатку мінулага года ў нас было агучана толькі тры кніжкі, то зараз іх больш за 20. І ў хуткім часе мы выпусцім яшчэ некалькі.

270196063_1312570035881544_9063654293313822042_n.jpg

— Што гэта за кніжкі, як вы іх выбіралі?

— Па-першае, гэта кніжкі на беларускай мове. Я за тое, каб гучала беларуская мова. Яна бывае рознай. Калі мы бярэм больш старэйшыя пераклады, напрыклад з 1970-х — 1980-х гадоў, гэта трошкі іншая мова, але яна таксама частка гісторыі. Часцей за ўсё мы выбіраем беларускіх аўтараў. Добрая іх частка — сучасныя аўтары. Я столькі разоў чула, што цяпер ніхто не піша, і ў мяне заўсёды было гэта: «Гэй, стоп! Можа, вы проста не ведаеце?!». Гэта насамрэч не так распаўсюджана, але сучасныя аўтары ёсць. І наш праект — гэта адзін са спосабаў прасоўваць беларускую мову.

— На сайце прадстаўлена толькі дзіцячая літаратура, ці вы плануеце працаваць таксама над кнігамі для дарослых?

— Вось якраз хутка мы плануем запусціць дарослую версію «Кніжнага воза». І асноўнымі там застануцца таксама беларускія аўтары, беларуская мова, беларускія перакладчыкі. Пра перакладчыкаў хочацца гаварыць, хочацца паказваць, што яны ёсць. Бо яны робяць велізарную працу, перакладаючы даволі складаныя творы. Яны цудоўна робяць сваю працу, падыходзяць да яе творча.

43322949_1867712336644475_4296302515432980480_n.jpg

— Вы агучваеце творы толькі самі ці дадаяце на сайт агучку іншых аўтараў?

— У апошні час да нас ужо самі прыходзяць аўтары і перакладчыкі. Для мяне гэта вельмі вялікая радасць, бо складана, калі ты гуляеш у адны вароты. Хочацца нейкага кантакту. І калі прыходзяць аўтары — гэта цудоўна. Прычым бывае, што прыходзяць ужо з запісанымі матэрыяламі, так, напрыклад, у нас з’явіліся «Хронікі Нарніі». Так мы сталі ўжо не проста сайтам, які запісвае сваё, але размяшчае і запісы іншых аўтараў. Можна сказаць — мы сталі платформай. Для мяне гэта ўпэўнены рух наперад.

— Цікава, якую адваротную сувязь вы атрымліваеце, людзям падабаецца ваш праект?

— Нядаўна мне напісала настаўніца беларускай мовы ў школе і сказала, што да «Кніжнага воза» ёй вельмі не хапала падобнага кантэнту. У такія моманты я вельмі выразна разумею, навошта мы гэта робім. Людзям гэта патрэбна.

Таксама мы плануем адкрыць данаты па жаданні, каб людзі маглі нас падтрымаць. Нехта можа думаць, што запісаць твор гэта проста — сеў і чытай. Але гэта вялізная праца цэлай каманды, і на гэта траціцца шмат часу і высілкаў. Таму было б класна, калі б людзі маглі падтрымліваць нашу працу.

— У вас ёсць шасцігадовы сын, яму падабаецца слухаць беларускія кнігі?

— Канечне! І самае дзіўнае, што нават ён не пазнае мой голас. Я спытала: «Ты разумееш, хто гэта чытае?» І ён адказаў, што не. Але, як я ўжо казала, для мяне гэта добра. Бо я сама заўсёды, калі гляджу кіно, ведаю, хто каго агучвае, і я нічога не магу з сабой зрабіць. Я бачу, як там стаіць акцёр і перакладае. Я ведаю, як ён гэта робіць і не магу нармалёва глядзець фільм, ужо сяджу і аналізую. Таму я не хачу, каб у людзей была карцінка, як Крысціна Дробыш сядзіць і чытае.

У сына ёсць любімыя казкі, ён іх пераказвае, мы слухаем нешта перад сном. Спачатку мне здавалася, што ён там можа разумець, у паўсядзённым жыцці я размаўляю з ім на рускай мове, асяроддзе таксама было рускамоўным. Але я тлумачыла нейкія словы, дома гралі беларускія песні, я перакладала цяжкія словы на рускую, і зараз яму хоць і складана нешта бывае, але ён разумее.

— Чаму ўвогуле важна гадаваць дзяцей на беларускіх казках?

— Для мяне гэта нейкі культурны код. Бо ў цяперашняй сітуацыі, калі ўсё, што звязана з беларускай мовай і з Беларуссю ў яе нацыянальным разуменні, знішчаецца, у кім яшчэ гэта захаваць? Ты можаш скласці сабе нейкі чамаданчык, куды складзеш усё беларускае, але які ў гэтым сэнс, калі не будзе людзей, якія змогуць потым гэта патлумачыць?

Для мяне гэта перадача сваіх каранёў. Нават калі гэтага ўсяго не застанецца, я хачу, каб мой сын вырас і сказаў, што ў дзяцінстве ён слухаў беларускія песні і казкі. Каб недзе на падкорцы гэта засталося. І каб у іншых дзяцей гэта таксама было.

Я не ведаю, што будзе далей, ніхто не ведае. Але калі ёсць магчымасць захаваць, то я пачынаю з сябе, са свайго дзіцёнка. Я не буду яго гвалціць беларускай мовай, каб гэта было абавязкам. Таму я хачу, каб гэта было на ўзроўні цікавых казак і песень. Каб быць беларусам не было нейкай павіннасцю.

Я не хачу казаць, што я паставіла сабе мэту займацца адукацыяй дзяцей, але ў мяне ёсць сваё і я адказваю за сваё. І калі нават у мяне будзе толькі адзін слухач — мой сын, я буду працягваць гэта рабіць.

А калі кожны будзе адказны за сваіх дзяцей, то мы шмат чаго зможам зрабіць. Усё вельмі проста — трэба пачаць з сябе.

— А ваша дзяцінства звязана з беларускай мовай?

— У маім дзяцінстве было досыць беларускіх кніг, але яны ўсе былі такія цяжкія. Усё, што было на беларускай мове, у мяне асацыявалася з чымсьці змрочным. Школьная праграма беларускай літаратуры — цяжкі матэрыял, не для дзяцей. Ты ўвогуле яшчэ не здольны яго зразумець. Таму беларуская мова заўсёды была шэрага колеру, хаця ў мяне была цудоўная настаўніца.

Таму мне хочацца стварыць пазітыўны погляд на беларускую літаратуру. І зараз з’явілася безліч цікавых дзіцячых кніг, цудоўныя мастакі іх афармляюць, я сама заліпаю ў гэтыя кніжкі. Гэта адно задавальненне. Мне вельмі шкада, што гэта адбываецца не так масава. Я разумею чаму, але хацелася б змяніць гэтыя шэра-карычневыя колеры ў сваёй галаве і не даць гэтых асацыяцый свайму дзіцёнку.

— Ці ёсць яшчэ праекты, пра якія вам хацелася б расказаць?

— Пакуль я не магу казаць пра свае іншыя праекты, але ёсць яшчэ адзін важны праект, пра які варта расказаць і які б мне вельмі хацелася падтрымаць. Ёсць цікавая і рэдкая аповесць Алены Церашковай «За летам Ідзе зіма», якая прысвячаецца ўсім падлеткам, апаленым 2020 годам. Дзецям, якія зведалі знікненне бацькоў, ціск у школах і ВНУ, жах хапуноў і перастрэлак на мірных вуліцах. Гэта гісторыя не прымае нічый бок, яна не займаецца маралітэ, не расказвае, што там дрэнныя, а там добрыя. Гэта кніга, якая накіравана на тое, каб ты паразважаў, каб ты зазірнуў глыбей. Толькі чыстая логіка.

235579838_2317438678386854_1380021679840661537_n.jpg

І зараз у Facebook адкрыты збор сродкаў, каб зрабіць аўдыяверсію гэтай кнігі. Праект можна падтрымаць на любую суму, і менавіта для мяне гэта вельмі каштоўны праект, таму што гэта тое, што павінна з’яўляцца. З цягам часу мозг пачне выкідваць нейкія моманты з тых падзей, каб проста абараніцца. У мяне ўжо бываюць моманты, калі я дзякую сабе, што я пісала з самага пачатку дзённік у Facebook, бо мой мозг ужо пачынае выкідваць самыя траўматычныя моманты. Я разумею, як працуе гэты механізм, таму я за тое, каб гэта запісваць, каб памяць аб гэтых падзеях захавалася такой, якая яна ёсць.

— Давайце яшчэ крыху паразважаем пра тое, што адбываецца ў Беларусі ў культурным плане і куды нас гэта можа прывесці?

— Я скажу вельмі шчыра, бо гэта пытанне, якое мне набалела. Я буду казаць за тэатр, бо гэта сфера, у якой я жыву. І вось тэатральны рух, які пачаўся ў пачатку жніўня, здаваўся мне моцным і магутным. Для мяне было вельмі нечакана, што паўстаў тэатр. Але тое, што пачало адбывацца потым, прывяло да нейкага, мабыць, расчаравання. Я разумею, што ў людзей могуць быць розныя абставіны, ёсць розныя прычыны, чаму яны могуць нешта рабіць ці не могуць. Кожны дзень у Беларусі на той момант быў нейкі шалёны выбар, які шмат каштаваў. Для кожнага чалавека. Я гэта разумею. Але калі людзі масава вяртаюцца на працу і пачынаюць ігнараваць рэчаіснасць...

Гэтыя людзі білі ў грудзі з запалам у сэрцы, крычалі. А потым я гляджу, што ў іх усё як бы добра. Яны выпускаюць прэм’еры, хтосьці казаў, што мы дарма сышлі, што маглі б застацца ў тэатры і рабіць прэм’еры з нейкім падпольным сэнсам. Мы ніколі не рабілі з падпольным сэнсам, мы заўсёды казалі так, як яно ёсць. Мы былі адзіным тэатрам, дзе ішоў «Пан Тадэвуш». А гэта гісторыя пра знішчэнне беларускай шляхты ў XIX стагоддзі падчас вайны з Напалеонам. У нас быў спектакль «Дзве душы» пра рэпрэсаваных беларусаў у 1930-я гады. Таму мы ў гэтым рэжыме існавалі заўсёды, і вяртацца ў тэатр, каб зноў пра штосьці намякаць... Гэта ўжо было, і гэта нічога не змяніла.

Мне складана гэта зразумець. Хата ж не з краю, хата — у чарзе. Гэта страшна, таму што гэта жывыя людзі. У тэатры працуюць людзі, для якіх тэатр — гэта ўсё. Немагчыма проста так працаваць за такія маленькія грошы, гэта не праца, гэта ўжо тваё жыццё. Таму гэта вельмі самаадданыя, тонкія, складаныя людзі. У акадэміі (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў — рэдакцыя ББ) казалі, што нармальных людзей тут няма.

І я не хачу нікога абразіць, але калі ты бачыш, што засталося ад беларускага тэатра... На мой погляд, беларускі тэатр як з’ява на дадзены момант амаль мёртвы.

217409166_2292878444176211_8124587698642898540_n.jpg

— А якім вы бачыце тэатр у вольнай Беларусі?

— Вольны тэатр у Беларусі — гэта вялізная праца па яго будаванні нанова. Уся тая сістэма супрацоўніцтва дзяржаўных органаў з тэатрам, і ў прынцыпе як пабудавана жыццё тэатра знутры — гэта больш не мае сэнсу і не мае шанцаў на жыццё. Таму я за тое, каб мы самі, акцёры, зразумелі, што нам трэба дабівацца таго, каб у нас быў голас. Мы не проста выканаўцы роляў, мы не проста тыя, хто завучвае тэкст. Мне здаецца, што зараз усе ўжо зразумелі, што без акцёра няма тэатра. Таму трэба ўсвядоміць, што мы — тая сіла, якая рухае тэатр.

Тэатр у новай Беларусі — гэта тое, што нам яшчэ прыйдзецца адбудаваць. Мы будзем сварыцца, мы будзем дамаўляцца, мы будзем крыўдзіцца — для тэатра гэта нармальна, бо мы ўсё вельмі тонкія натуры. Не пакрыўдзіўся — і дзень прайшоў дарма (смяецца). Але мы мусім яго пабудаваць. Ніхто не абяцаў, што гэта будзе лёгка і што мы дажывем да таго часу, калі зможам пабачыць вынікі гэтай працы. Але пачаць хтосьці павінен, і я гатова гэта зрабіць. І я ўжо гэта раблю.

Я ўсвядоміла той факт, што пасля перамогі не наступіць адразу светлая будучыня, дзе адразу расцвітуць кветкі і ўсё такое. Што нас чакае яшчэ другі сезон гэтага эпічнага серыялу — я гэта разумею. І ведаю, што шмат людзей — не. Яны чакаюць нейкага цудоўнага фіналу, дзе ўсе жылі доўга і шчасліва. Гэтага не будзе.

43649874_1379983482132383_7296258165765570560_n.jpg

— Ці ёсць у вас ужо нейкія ідэі, што можна будзе зрабіць?

— Я маю нейкія думкі наконт таго, як мусіць выглядаць акцёрская адукацыя, як было б лепш наладзіць працэс. Я пра гэта думаю ўвесь час і стараюся гэтыя думкі складаць, каб штосьці прапанаваць. Я за канкрэтныя прапановы.

Цяпер дзякуючы вопыту я валодаю тымі ведамі, якім не вучаць у акадэміі, таму я б магла гэтаму навучыць. І тады, мабыць, кніжкі па-беларуску агучвалі б не пяць чалавек, а 50. І кожны дзясяты мог бы стварыць свой праект з нейкай унікальнай ідэяй. Колькі тады было б выбару беларускага кантэнту, і гэта было б цудоўна!

Паслухайце, як Крысціна Дробыш чытае казку Надзеі Ясмінскай "Сподачак для Цмока"

Таццяна Валошка, budzma.org

Фота з асабістага архіву Крысціны Дробыш