І апошнія стануць першымі

У рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org Лявон Вольскі піша пра новы ўчастак фронту вайны Расеі супраць Украіны. Участак не ва Ўкраіне. Украіна здзіўляе, але і беларусы, піша калумніст, не вычарпалі здольнасць здзіўляць.


Liavon Voĺski
Лявон Вольскі

Вось як яно ўсё нечакана павярнулася — яшчэ ўчора ты беспакарана сыпаў ракеты на ўкраінскія дзіцячыя лякарні, а сёньня ўжо крычыш пра падступны (без абвяшчэньня вайны, вы чуеце?!) напад на Курскую вобласьць. Бадзёрыя чачэнскія камандзіры паехалі адбіваць захопленыя тэрыторыі, але чамусьці нічога не адбілі. Замест ахматаўцаў-пераможцаў мы ўбачылі відэа з палоннымі каўкаскімі ваярамі, якія нешта няўцямнае тлумачылі і выглядалі няўпэўненымі і спалоханымі. 

Трэба аддаць належнае ўкраінскаму камандаваньню — такога павароту ніхто не чакаў! Усе звыкла лічылі, што вайна расьцягнецца на гады, і расейцы будуць павольна адціскаць вёску за вёскай, мястэчка за мястэчкам, аж пакуль не падпішуць мірнае пагадненьне, якое замацуе за імі гэтыя адціснутыя тэрыторыі. Потым надыдзе кароткі мір, падчас якога расейцы падзьбяруць сілы, напрадукуюць ды накупляюць шмат ракетаў і дронаў і, пасьвяжэлыя, кінуцца на новыя заваёвы. А ўвесь цывілізаваны сьвет будзе выражаць глыбокую занепакоенасьць, пакуль ня дойдзе чарга і да яго.

Ужо не аднойчы я чуў меркаваньні, што, маўляў, Украіна тут ня мае шанцаў — у Расеі ўсяго болей — і тэхнікі, і людзей. І на вайне расейцы звыкла не шкадуюць ні таго, ні іншага — ані старых савецкіх танкаў ды БТРаў, ані мабілізаваных жаўнераў, якія пайшлі ваяваць ад безвыйсьцёвасьці (а што рабіць, крэдыты ж аддаваць трэба неяк было!). І таму, маўляў, гэтую арду перамагчы немагчыма. А тут раптам Зяленскі кпліва гаворыць пра Пуціна: «З «Курску» пачаў, Курскам і скончыць». Прыгожа, нічога ня скажаш!

А які крык падняўся ў расейскіх сацыяльных сетках! Як можна, руйнуюцца будынкі, гінуць і застаюцца без жытла мірныя жыхары! І жывёлы, хатнія жывёлы, іх не забралі з сабою ўцекачы з акупаванай зоны! Што будзе зь імі?! Гэта крычаць тыя, хто ўпарта не заўважаў зруйнаваных жылых дамоў і тысячных ахвяраў на тэрыторыі Украіны, хто заводзіў песьню пра пастановачныя здымкі з Бучы і цынічна называў крывавую вайну сухой абрэвіятурай «СВА». 

Maliunak Liavona Voĺskaha Малюнак Лявона Вольскага

А што калі так здарыцца і ў нашым выпадку? Вось усе прызвычаіліся да цяперашняга status quo — у Беларусі ўсе нармальныя людзі запалоханыя, запрэсынгаваныя ўладай і ейнымі расьпярэзанымі тантон-макутамі, схаваліся, не адсьвечваюць, ня пішуць камэнтары, ня ставяць падабайкі, не данацяць, размаўляюць напаўголасу і па-расейску, не надзяюць чырвона-белыя рэчы — можна стаміцца ад пераліку таго, чаго нельга рабіць нармальнаму чалавеку ў Беларусі. Але так ёсьць, і шмат хто да гэтага прызвычаіўся. Бо да ўсяго можна прызвычаіцца. І да жыцьця ва ўмовах акупацыі — таксама. Нехта прызвычаіўся да акупацыі, а нехта да эміграцыі. Да здымных кватэраў, моўных курсаў, валтузьні ў справах легалізацыі, спэцыфічнае замежнае мэдыцыны, сплаты падаткаў і ўсяго таго, з чым на радзіме ты папросту не сутыкаўся, ня меў у гэтым патрэбы. Напачатку гэта было нязвыкла і выклікала неспакой, а цяпер — прызвычаіліся. 

Як калісьці прызвычаіліся да спэцыфічнага беларускага жыцьця да 9 жніўня 2020-га (так, нядаўна мы адзначылі чацьвертыя ўгодкі тых падзеяў). Тады, каб збольшага камфортна жыць у Беларусі, трэба было таксама паставіць сабе шэраг абмежаваньняў — у першую чаргу, ня «лезьці ў палітыку». А ў Беларусі вось ужо трыццаць гадоў «палітыкай» называюць усё, што йдзе ў разрэз з пакручастай лініяй кіраўніцтва. Гэта і сацыяльная актыўнасьць, і грамадзянская пазыцыя, і крытычнае мысьленьне. І вось ад усяго гэтага неабходна было адмовіцца, і нават гэтая адмова не да канца гарантавала табе спакойнае й камфортнае існаваньне — бо «сілавікоў» шмат, і ты ўсё адно мог патрапіць у поле іхнага зроку, напрыклад, па эканамічных пытаньнях. 

Да гэтага прызвычаіліся і думалі, што так будзе доўга — цывілізаваны сьвет урэшце прызнаў беларускую ўладу легітымнай, нават «неўязныя сьпісы» анулявалі і ўсе санкцыі зьнялі. І шчодра абдарылі гэтую ўладу эўрапейскімі ды амэрыканскімі грантамі — на дарогі, на памежную інфраструктуру, на гарадзкое ўпарадкаваньне... І тут раптам здараюцца жнівеньскія падзеі 2020-га, якіх, па праўдзе, ніхто не чакаў. Усё пайшло не паводле сцэнару, напалохала ўладу і прымусіла яе паказаць свой сапраўдны твар. Гэты страшны твар, у сваю чаргу, напалохаў цывілізаваны сьвет, і зноўку зьявіліся сьпісы і іншыя санкцыі.

Тады мы паказалі сьвету, што беларусы здольныя зьдзіўляць. Рабіць нечаканае. І я ўпэўнены, гэтая здольнасьць яшчэ не вычарпаная. Хай усе прызвычаіліся да пэўнага панурага сцэнару, але ў нейкі момант (ён абавязкова прыходзіць, гэты момант!) усё зьмяняецца, і бурная плынь прабівае сабе іншае рэчышча. 

І зазьзяе новае неба над новай краінай.

І апошнія стануць першымі.