23 жніўня, у свой юбілейны дзень народзінаў, родны горад Лунінец у рамках кампаніі “Будзьма беларусамі!” наведала мінская пісьменніца і паэтка Аксана Спрынчан. У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя яе чарговай кнігі “Таташ Яраш, мамана Аксана і дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзіў”. Як падказвае назва, выданне адрасавана і дзецям, і іх бацькам. Гэта зборнік цікавых гісторый з жыцця адной сям’і – вядома ж, найперш сям’і Яраша Малішэўскага і Аксаны Спрынчан (чыя шасцігадовая “дачэта” Альжбэта завітала ў Лунінец разам з мамай і таксама была ўдзельніцай прэзентацыі). Мясцовыя бібліятэкары, самадзейныя літаратары і проста аматары мастацкага слова прыхільна сустрэлі як ўрыўкі з кнігі ў выкананні аўтаркі, так і яе вершы, прысвечаныя Лунінеччыне.
Сябар СБП Вадзім Жылко нагадаў аб творчых здабытках лунінецкіх літаратараў, распавёў аб кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у тым ліку пра новы праект “Краіна цмокаў”. Аўтары найбольш цікавых пытанняў атрымалі сувеніры ад “Будзьма!”.
Яшчэ адна сустрэча Аксаны Спрынчан і Вадзіма Жылко з чытачамі прайшла ў час святкавання 20-годдзя лунінецкага недзяржаўнага штотыднёвіка “Інфарм-прагулка”. Апрача іх, гасцей свята віталі галоўны рэдактар выдання Андрэй Вышынскі, кіраўнік Лунінецкай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Святлана Гарда, літаратары і краязнаўцы Сцяпан Нефідовіч. Віктар Філатаў, Васіль Туміловіч. З песнямі выступілі ансамбль “Палеская крыніца”, вакалісты Яна Самуйлік, Раіса Ільючык і Ганна Бандарэнка… Журналістам і актыўным пазаштатным аўтарам папулярнага на Лунінеччыне выдання былі ўручаны падарункі ад “Будзьма!”.
Фота Людмілы Хмялеўскай і Мікалая Ільючыка
Тэгі: Лунінец