«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповяд пойдзе пра Іцхака Шаміра.
І.Шамір (сапраўднае прозвішча Езерніцкі) — дзяржаўны і палітычны дзеяч Дзяржавы Ізраіль.
Іцхак Шамір нарадзіўся ў мястэчку Ружаны Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскі раён Брэсцкай вобласці). Пасля заканчэння яўрэйскай школы ў Беластоку паступіў на юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, дзе стаў актыўным удзельнікам маладзёжнай сіянісцкай арганізацыі «Бейтар».
У 1935 годзе кінуў вучобу, нелегальна пераехаў у Палесціну і паступіў у Яўрэйскі ўніверсітэт у Іерусаліме. У 1937 годзе ўступіў ў ваенную арганізацыю «Іргун цвай леумі», якая вяла актыўную барацьбу супраць брытанскага мандата на кіраванне Палесцінай. Аднак у 1940 годзе выйшаў з гэтай арганізацыі, паколькі лічыў яе «надта памяркоўнай», і ўступіў у тэрарыстычную арганізацыю «Барацьбіты за свабоду Ізраіля», больш вядомую як «група Штэрна». Браў актыўны ўдзел у многіх тэрарыстычных акцыях, накіраваных супраць прадстаўнікоў брытанскіх улад.
Плакат брытанскай паліцыі ў Палестыне, які прапануе ўзнагароду за захоп членаў «банды Штерна» (Лэхі). Іцхак Езярніцкі (Шамір) намаляваны ў цэнтры плаката
У 1941 годзе І.Шамір быў арыштаваны, але яму ўдалося ўцячы пад выглядам равіна. У 1942 годзе пасля смерці А.Штэрна Іцхак Шамір правёў рэарганізацыю «Барацьбітоў за свабоду Ізраіля» і стаў яе кіраўніком. У 1946 годзе быў ізноў арыштаваны, але і цяпер яму ўдалося ўцячы ў Эрытрэю, адтуль у суседнюю французскую калонію Джыбуці і потым у Францыю, дзе ён папрасіў палітычнага прытулку.
Вярнуўся ў Палесціну пасля абвяшчэння яўрэйскай дзяржавы ў 1948 годзе. Зноў стаў кіраўніком «Барацьбітоў за свабоду Ізраіля». У 1955 годзе І.Шамір быў прыняты на работу ў сакрэтную спецслужбу Ізраіля «Масад», дзе даслужыўся да намесніка кіраўніка. У 1965 годзе пакінуў шэрагі «Масада» і на працягу пяці гадоў займаўся прадпрымальніцтвам.
У 1970 годзе ўступіў у партыю «Херут». Ён уваходзіў у склад выканкама, а ў 1975-м стаў старшынёй партыі. Членства ў «Херуце» дало яму магчымасць стаць дэпутатам кнесета (парламента), а ў 1977-м — яго спікерам. У сакавіку 1980 года І.Шамір быў прызначаны міністрам замежных спраў ва ўрадзе М.Бегіна, а пасля адстаўкі апошняга ў кастрычніку 1983 года стаў прэм’ер-міністрам Ізраіля. На выбарах 1984 года саступіў пасаду Ш.Перэсу, але па дамоўленасці аб ратацыі ва ўрадзе нацыянальнага адзінства ў кастрычніку 1986 года зноў заняў пасаду прэм’ер-міністра.
І.Шамір працягваў пачаты курс на збліжэнне з ЗША, спрыяў прагрэсу ў адносінах з СССР (абмен консульскімі дэлегацыямі), палесцінцам прапанаваў «форму абмежаванай аўтаноміі».
У снежні 1988 года ў Ізраілі адбыліся выбары ў кнесет 12-га склікання. Пасля працяглых кааліцыйных перамоў быў сфарміраваны новы ўрад нацыянальнага адзінства, які ўзначаліў І.Шамір. Але ў 1990 годзе ўрад атрымаў вотум недаверу. Пасля трохмесячных перамоў быў сфарміраваны новы ўрад Ізраіля пад кіраўніцтвам І.Шаміра, паўнамоцтвы якога скончыліся ў 1992 годзе.
Шамір ў снежні 2007 года
У 1993-м наведаў сваю радзіму — г.Ружаны, дзе на яўрэйскіх могілках пахаваны яго родзічы. Маці і дзве сястры І.Шаміра сталі ахвярамі Халакоста ў гады Другой сусветнай вайны.