Распавядаем пра некалькі вядомых прыкладаў культавай дахрысціянскай скульптуры і іх сакрэты на budzma.by.
Старажытныя стоды дзе-нідзе ў свеце сталі славутасцямі і пазнавальнымі сімваламі, якія заўважна прысутнічаюць у сучаснай культурнай прасторы і нават у пэўнай ступені з’яўляюцца часткай лакальных ідэнтычнасцяў. Для прыкладу згадаем каменныя выявы на востраве Пасхі, «Венеры» каменнага веку, каменныя галовы альмекаў ды іншыя. Акрамя гэтых сусветнавядомых яшчэ ёсць ідалы, адметныя для пэўнай краіны ці рэгіёна, якія звычайна з’яўляюцца візітоўкай сваёй мясцовасці і добра вядомыя тамтэйшым жыхарам. Напрыклад, такім сімвалам у польскім Ольштыне стаў даўні каменны прускі стод.
А што з падобнага можна прыгадаць у Беларусі? Было б добра тут зрабіць паўзу, каб крыху падумаць, адказаць на гэтае пытанне і ўжо чытаць далей. Напэўна, хтосьці згадае Шклоўскі ідал. Сапраўды, адметны помнік даўніны, аднак ёсць адчуванне, што знакамітым ён стаў з прычыны сучаснага каляпалітычнага фальклору. А калі не ён, то што яшчэ? І вось тут нехта зможа прыгадаць выгляд, але зусім не ўспомніць назвы ідалаў, якіх калісьці можна было пабачыць на старонках падручнікаў па гісторыі. Дый нават сёння іх нярэдка друкуюць у папулярных выданнях як узоры тутэйшай дахрысціянскай скульптуры. Напрыклад, іх можна ўбачыць у вядомай ілюстраванай кнізе «Краіна Беларусь» Уладзіміра Арлова. Вось менавіта пра гэтыя стоды мы і пагаворым. А што самае цікавае — яны альбо зусім не ідалы, альбо зусім не тутэйшыя. Вось такі склаўся парадокс з нашымі сімваламі паганскай мінуўшчыны.
Найперш можна ўспомніць так званы Невельскі ідал. Менавіта ён часта прысутнічае ў розных выданнях. Адпаведна, па ім і мяркуюць пра тутэйшую культавую дахрысціянскую скульптуру, яе стылістыку і мастацкія якасці. Ідал быў знойдзены ў ліпені 1874 г. падчас пасадкі дрэва ў Невельскім павеце. Месца знаходкі дакладна не вядомае. Апублікаваў звесткі пра ідала гісторык Адам Кіркор у 1882 г. у трэцім томе кнігі «Живописная Россия», у частцы «Белорусское Полесье». Паводле апісання, скульптура была невялікая, вышынёй каля 23 см. Яе адметнасцю з’яўляецца наяўнасць двух твараў, якія глядзець уперад і назад. На гэтай падставе нават сцвярджаюць, што для продкаў беларусаў было характэрным шанаванне шматгаловых багоў. Між іншым, ёсць яшчэ звесткі, што ідалы, якія паходзяць з в. Млыны Камянецкага раёна і былога маёнтка Багуслаўцы ў Пружанскім раёне, маюць тры твары. Аднак малюнкі з выявамі гэтых стодаў не могуць пацвердзіць іх трохгаловасць, бо зробленыя няякасна і паказваюць скульптуры толькі з аднаго боку. Таму спраўдзіць немагчыма, ці сапраўды яны былі з трыма тварамі.
Малюнак Невельскага стода ў кнізе «Краіна Беларусь»
Невельскі ідал мае таксама выразна акрэсленыя плечы, шыю, рукі; прасочваецца вопратка, цалкам упрыгожаная арнаментальнымі лініямі. Увогуле, выява мае даволі экзатычны выгляд. З улікам сённяшніх ведаў пра выяўленчыя рысы ідалаў, знойдзеных у Беларусі, можна дакладна сцвярджаць, што Невельскі ідал стылістычна не адпавядае не толькі іншым стодам, але і ўвогуле тутэйшым старажытным мастацкім творам.
Выява Невельскага ідала ў кнізе «Живописная Россия» (1882 г.)
Адам Кіркор не паведамляў, з якога матэрыялу быў зроблены стод. Скульптура гэтая на пэўны час знікла. Вядома, што ў 1874 г. ідал быў у Гарадоцкага іспраўніка Бурмейсцера, а фотаздымак ідала захоўваўся ў музеі Ягелонскага ўніверсітэта. Наступны раз пра скульптуру стала вядома праз 14 гадоў. У траўні 1888 г. гісторык Аляксандр Семянтоўскі ўбачыў гэты ідал у калекцыі археолага Міхаіла Кусцінскага. Высветлілася, што стод быў зроблены з гіпсу і пафарбаваны жоўтым лакам. Невельскі ідал аказаўся падробкай. І пра гэта было вядома яшчэ ў ХІХ стагоддзі! Але нягледзячы на тое, што было высветлена пра фальсіфікат, яго выява ў наступныя гады раз за разам трапляла на старонкі падручнікаў, навукова-папулярных і нават навуковых выданняў. Мы чарговым разам сутыкаемся з тым, што пра дахрысціянскую культуру і міфалогію ў грамадстве мяркуюць па рознага кшталту містыфікацыях, а не па аўтэнтычных узорах.
Наступная скульптура, якую адразу залічылі да ідалаў, таксама стала хрэстаматыйнай, аднак гэты выпадак больш складаны і цікавы. Адразу скажам, што і гэтая знаходка насамрэч не адносіцца да беларускай культуры, але, у адрозненне ад Невельскага ідала, тут мы маем дачыненне з сапраўдным гістарычным артэфактам, хоць і вельмі рэдкім. Сёння ён захоўваецца ў Нацыянальным музеі Літвы ў Вільні. Пра гэты стод таксама ўпершыню напісаў Адам Кіркор у тым жа выданні, што і пра Невельскі ідал. Даследчык сцвярджаў, што гэта выява Пяркунаса. Такая атрыбуцыя сустракаецца ў літоўскіх выданнях, гэтак жа скульптура падпісаная ў музеі нават сёння. У сваю чаргу, у беларускіх публікацыях знаходка фігуруе як ідал Пяруна. Сапраўды, тут лёгка пазнаецца Грымотнік у выглядзе старога з барадой і вусамі, які сядзіць і трымае ў правай руцэ грамавыя стрэлы, а ў левай ёсць адтуліна, у якую, на думку Адама Кіркора, калісьці быў усталяваны каменны молат. Боства мае выгляд велічны, грозны і засяроджаны. Скульптура бронзавая, па памерах маленькая, вышынёй каля 13 см. Праз верх галавы і праз усю фігуру ідзе невялікая скразная круглая адтуліна, прызначэнне якой дагэтуль не зразумелае. Магчыма, так зрабілі, каб дзесьці фігуру можна было надзейна замацаваць.
Выява Пяркунаса з Кярнавы з кнізе «Живописная Россия» (1882 г.)
Статуэтка была знойдзеная ў ХІХ ст. недалёка ад замчышча ў Кярнаве, адным з цэнтраў гістарычнай Літвы. Месца гэтае рамантычна суадносяць з сакральным месцам: на беразе Вяллі, дзе, паводле летапісаў ВКЛ, быў святы гай і стаялі стоды. Здавалася б, усё лагічна, але сумненні выказаў археолаг Уладзіслаў Даркевіч, які меркаваў, што гэта не ідал, а частка вялікага кандэлябра, які можа паходзіць з майстэрні Хільдэсхайма ў Ніжняй Саксоніі. Знаходку нібыта можна датаваць ХІІІ ст. На яго думку, фігура мужчыны з’яўляецца перайманнем антычных сюжэтаў. У Кярнаве рэч магла аказацца ў выніку паходаў у нямецкія землі ў якасці трафея. І такое меркаванне таксама трапляе ў літаратуру, хаця, як выявілася, яно памылковае. Рэч у тым, што Хільдэсхаймская купель, аналаг, які прыводзіў археолаг, выглядае зусім не падобнай да кярнаўскага «Пяркунаса». Аднак здагадка Уладзіслава Даркевіча аб тым, што статуэтка магла быць падсвечнікам, можа быць слушнай.
Статуэтка Пяркунаса з Кярнавы
Канчаткова ад гэтай версіі стала магчымым адмовіцца, калі адшукаўся прамы адпаведнік — гала-рымская статуэтка кельцкага бога навальніцы Тараніса, якая датуецца ІІ—ІІІ ст. Тараніс, як і Пяркунас і Пярун, каранямі паходзіць з агульнага пантэона індаеўрапейцаў. У пэўнай ступені правамоцна лічыць кярнаўскую знаходку выявай Пяркунаса, бо не выключна, што, трапіўшы да балтаў-паганцаў, кельцкі Грымотнік успрымаўся як свой. Назіранне Даркевіча пра падабенства з антычнымі сюжэтамі спраўдзілася, бо стваральнік скульптуры Тараніса за прыклад браў Юпітэра.
Такім чынам, знаходка з Кярнавы можа лічыцца сапраўднай, а не падробкай. Гэта сапраўды выява бога навальніцы. Імаверна, рэч выкарыстоўвалася ў якасці падсвечніка (абрадавы падсвечнік), які таксама ўспрымаўся як ідал. Аднак засталіся і пытанні. Як артэфакт антычных часоў трапіў у Літву? Тут версій можа быць шмат: у выніку гандлю; як вайсковы трафей; згубленая ў пазнейшыя часы рэч з нечай калекцыі. Акрамя таго, не варта адмаўляць імавернасць мясцовага паходжання кярнаўскай статуэткі. У параўнанні са сваім аналагам літоўская знаходка выглядае больш проста і мае некаторыя стылістычныя адрозненні, але ўсе асноўныя дэталі супадаюць. Хтосьці ўбачыў і скапіраваў замежны вобраз, але з улікам узроўню ўласнага майстэрства.
Статуэтка кельцкага бога навальніцы Тараніса
Нягледзячы на сапраўднасць статуэткі і яе прыналежнасць да паганскай спадчыны, яна ўсё ж не адлюстроўвае непасрэдна традыцыю нашых продкаў, а з’яўляецца прыкладам гістарычных міжкультурных кантактаў. Можа яшчэ ўзнікнуць пытанне: як згаданыя ў артыкуле ідалы сталі лічыцца беларускімі? Тут трэба шукаць карані якраз у першай публікацыі, дзе яны апісваюцца. Нагадаю, што гэта быў том з серыі «Живописная Россия», частка якой мае назву «Белорусское Полесье». Адпаведна, звесткі, якія ўтрымліваюцца ў гэтым выданні, адразу без крытычных разбораў залічваліся да беларускай традыцыі і гісторыі. Прынамсі з гэтымі ідаламі адбылося менавіта так.
budzma.by