Самая старажытная мураваная пабудова, якая захавалася ў Магілёве, – рэшткі касцёла Святога Казіміра ці так званага Фарнага касцёла, што месціцца па вуліцы Болдзіна, 3. Яго сцены былі ўзведзеныя напачатку XVII стагоддзя. Магілёўскі гісторык Ігар Пушкін упэўнены, што будынак яшчэ можна аднавіць і вярнуць той выгляд, які ён меў калісьці.
Мурам Фарнага касцёла ў Магілеве ўжо чатыры стагоддзі. Як гэтая безліч гадоў адбілася на выглядзе будынку?
У кожным горадзе ёсць свае “фішкі”, ёсць нейкі артыфакт, ёсць нейкія знакавыя мясціны і будынкі. На сённяшні дзень мы можам сказаць, што ў горадзе Магілёве з тых мураваных пабудоў, якія захаваліся, самая старажытная – рэшткі так званага Фарнага касцёла альбо касцёла Святога Казіміра. Яго пабудова адносіцца да пачатку XVII стагоддзя – 1604-1610 гады. Праўда, сам аўтэнтычны касцёл у поўным аб’ёме не захаваўся, бо ў 1820-х гадах ён быў крыху перабудаваны. Але тым не менш, сярод іншых старадаўніх будынкаў ён самы старажытны. Нам магілёўцам неабходна захаваць самую старажытную мураваную пабудову.
Наколькі цікава гісторыя Фарнага касцёла?
Унікальная рэч – калісьці месца пад пабудову рыма-каталіцкага касцёла даў даволі заможны магілёвец, які быў па веравызнанню праваслаўным.
Грошы на будову таксама давалі розныя фундатары, у тым ліку будучы кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III Ваза, які быў і каралём Швецыі. Таму можна сказаць, што спрычыніліся да пабудовы гэтага будынку не толькі мясцовыя магнаты і мясцовыя жыхары, але нават каранаваныя асобы, якія звязаныя з гісторыяй Беларусі, Рэчы Паспалітай і Швецыі.
Акрамя таго, што гэта найстаражытнейшы мураваны будынак у Магілёве, чым яшчэ ён можа быць цікавы, калі да яго дойдуць рукі сапраўдных рэстаўратараў?
На сённяшні дзень яго каштоўнасць ў тым, што ў яго архітэктуры можна знайсці першапачатковыя элементы, зробленыя пры пабудове храма. Плюс ён быў перабудаваны ў стылі класіцызму. Таму мы сёння маем магчымасць аднавіць пабудову пачатку XVII стагоддзя, але так як касцёл выглядаў у ХІХ стагоддзі пасля сваёй пэўнай рэканструкцыі. Аднавіць стыль эпохі барока, на маю думку, будзе ўжо нерэальна і немагчыма.
Можна весці размову аб тым, каб вярнуць будынак вернікам, але можа гэта заўчасна. Не зусім будзе зручна для вернікаў карыстацца гэтым будынкам. Ён належыць іншай установе – Белтэлекаму і знаходзіцца на яго тэрыторыі. Да і сёння не хопіць сродкаў у абшчыны.
Цалкам рэальна, каб Белтэлекам зрабіў рэстаўрацыю і аднавіў яго вонкавы выгляд. Каб мы, калі прыводзілі турыстычныя групы, маглі пабачыць не нейкую стаянку для аўтамабіляў, не нейкія сметнікі і занядбаны будынак, а прыгожую пабудову, які нагадвае сваім вонкавым выглядам вядомыя фатаздымкі Фарнага касцёлу ХІХ стагоддзя.
На сённяшні дзень трэба зрабіць наступнае – абнавіць вонкавы выгляд, пакінуць гэты будынак на балансе таго прадпрыемства, на якім ён зараз знаходзіцца, і гэта будзе аб’ект турыстычнага плана.
Пакуль ніхто рэстаўрацыю, рэканструкцыю і даследаванні Фарнага касцёла не праводзіў. І я не думаю, што нехта ўскрываў тое, што там захавалася пад слоем фарбы. Можа захаваліся і нейкія рэшты фрэсак. Ніхто, я ўпэўнены, не праводзіў спецыяльнае археалагічнае даследаванне тэрыторыі побач з ім. А мы ведаем, што пад ім былі вялізарныя скляпенні. Было б вельмі цікава вывучыць іх. Гэта таксама магло б стаць прывабным месцам для тых асобаў, якія будуць прыязджаць у наш горад.
Ці пагражае сёння нешта тым рэштам Фарнага касцёла, якімі ўладарыць Белтэлекам?
Я назіраю за будынкам гадоў 20. Ён у такім стане ўсё стаіць. Будынак накрыты дахам. Ён выкарыстоўваецца. У такім стане ён можа прастаяць доўга. Ён, у прынцыпе, не разбураецца. На сённяшні момант мы можам сказаць аб тым, што пагроза фізічнага знішчэння будынка пакуль адсутнічае.
Я не ведаю планаў Белтэлекама. Але тым не менш, гэты будынак ахоўваецца дзяржавай, там вісіць ахоўная дошка. І ён можа дачакацца лепшых часоў.
Гутарыў Уладзімір Лапцэвіч, НАШ Магілёў
Тэгі: Магілёў