Гісторыя зрабілася ў той час усеагульным захапленнем. Але сярод процьмы аматараў старажытнасцяў вылучаліся людзі, якія сваёй дзейнасцю здолелі зрабіць мінуўшчыну больш вядомай і зразумелай для сваіх сучаснікаў. Адным з такіх людзей быў Ігнат Даніловіч. Даследчык гісторыі Вялікага княства Літоўскага нарадзіўся 30 ліпеня (10 жніўня) 1787 года ў сям’і уніяцкага святара Мікалая Даніловіча і Даміцэлі з Міхневічаў. Вёска Вялікія Грынявічы, дзе жылі Даніловічы, знаходзілася ля Бельска (цяпер у Польшчы) і па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай першапачаткова трапіла ў склад Прусіі.
Ігнат Даніловіч. З міласцю да гісторыі
Першая палова ХІХ стагоддзя ў еўрапейскай грамадскай свядомасці была часам панавання рамантызму, што надаваў асаблівую ўвагу мінуўшчыне, у якой рамантыкі шукалі прыклады гераічнага жыцця. Многіх з былой Рэчы Паспалітай старадаўнія часы вабілі яшчэ і таму, што ў іх бачыўся росквіт дзяржавы, якая ў канцы папярэдняга стагоддзя была знішчана.
Зрэшты, прускае падданства (а з 1807 года — расійскае) мала адбілася на паўсядзённым жыцці сям’і Даніловічаў. Адно падчас навучання ў Беластоцкай гімназіі Даніловіч вывучыў нямецкую мову, што дазволіла яму ў сталым веку пісаць гістарычныя працы і на ёй. Большае значэнне для маладога Ігната мела іншая мова, якая тады яшчэ не мела нават назвы, але шырока выкарыстоўвалася не толькі ў гутарцы, але і падчас казанняў ва уніяцкай царкве. Сам Даніловіч пасля назаве яе «польска-рускай», аднак была гэта беларуская мова, хоць для роднага Даніловічу Падляшша і са значным дамешкам украінскіх і польскіх словаў. Веданне беларускай мовы спатрэбіцца Даніловічу для вывучэння гісторыі ВКЛ.
Але ўсё гэта здарыцца пазней, а пакуль у 1804 годзе Даніловіч, каб плаціць за вучобу малодшага брата, працуе хатнім настаўнікам. Ужо ў маладосці працавітасць і талент Даніловіча былі заўважаны: яго поспехі адзначаны школьнымі ўзнагародамі, а рэктар Ломжынскай школы Чарнецкі прызначыў яго настаўнікам.
Зацікаўленасці маладога настаўніка спачатку палягалі ў сферы юрыспрудэнцыі. Таму ў 1810 годзе ён паступае на факультэт маральна-палітычных навук Віленскага універсітэта. У Вільні бліскучыя здольнасці Даніловіча праявіліся ў поўнай меры. Ужо ў 1811 годзе ён стаў магістрам права. Вайна 1812 года прымусіла Даніловіча часова прыпыніць навуковую дзейнасць. Ён пераехаў у Беласток, бліжэй да сваёй малой радзімы, і пачаў працаваць сакратаром пры французскім губернатары. Такім чынам, у адрозненні ад свайго сябра Міхаіла Баброўскага, Даніловіч паўдзельнічаў у падзеях 1812 года і выразна акрэсліў сябе прыхільнікам аднаўлення Рэчы Паспалітай.
Пасля вайны Даніловіч вярнуўся ў Вільню, дзе пачаў выкладаць ва універсітэце мясцовае права. Ягоная навуковая кар’ера правазнаўцы развівалася паступова і дасягнула піку ў 1823 годзе, калі ён стаў прафесарам кафедры мясцовага права Віленскага універсітэта.
Правазнаўства па-ранейшаму цікавіла Даніловіча, але яшчэ з сярэдзіны 10-х гадоў ён адчуў большую цікавасць да гісторыі права, чым да практычнай юрыспрудэнцыі. Безумоўна, паўплывала на такі выбар эпоха рамантызму, якая зрабіла папулярным зварот да мінуўшчыны. Уплыў на Даніловіча мелі і яго сябры Ігнат Алдакоўскі і Яхім Лялевель, якія таксама ў гэты час звярнуліся да гісторыі права Польшчы і ВКЛ. Але ў адрозненні ад паляка Лялевеля Даніловіч і Алдакоўскі цікавіліся старажытнасцямі ВКЛ. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла, мабыць, іх паходжанне: абодва нарадзіліся на тэрыторыі былога Вялікага княства. Сын уніяцкага святара, Даніловіч добра чытаў на старабеларускай мове, ягоныя вучні, многія з якіх былі таксама уніятамі, прывозілі яму з летніх вакацыяў стосы старабеларускіх манускрыптаў і друкаваных кніг.
У 1817–1819 гадах Даніловіч здзейсніў навуковае падарожжа, падчас якога працаваў у бібліятэках і архівах Варшавы, Пецярбурга, Масквы. Тады ж ён зрабіў сваё першае вялікае навуковае адкрыццё. У бібліятэцы канцлера Румянцава, вядомага мецэната і збіральніка старажытнасцяў, які між іншым дапамагаў беларускім навукоўцам Зарыяну Даленга-Хадакоўскаму і Івану Грыгаровічу, Даніловіч знайшоў збор законаў Казіміра Ягелончыка. Гэты помнік права XV стагоддзя лічыўся згубленым у сваім першапачатковым варыянце, а ў збор Румянцава трапіў з аднаго з расійскіх манастыроў, дзе быў названы «Судзебнікам Казіміра 1468 года». Даніловіч прапаноўваў назву «Статут Казіміра», але прыжылося найменне «Судзебнік».
У пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя Даніловіч ужо займаецца гісторыяй права ВКЛ стала. Разам з Алдакоўскім і Лялевелем ён рыхтуе да выдання Статуты ВКЛ, збор каралеўскіх і вялікакняскіх прывілеяў, уваходзіць у камісію, якая працуе над кодэксам мясцовых законаў былога ВКЛ.
У 1822 годзе з вялікага падарожжа па Еўропе вяртаецца сябар Даніловіча па Віленскім універсітэце Міхаіл Баброўскі. Інтарэсы старых знаёмых супадалі. Абодва займаліся пошукам гістарычных крыніц часоў ВКЛ. Баброўскі паведаміў Даніловічу, што ў Супрасльскім манастыры знаходзіцца вялікая калекцыя старажытных тэкстаў. Даніловіч у гэты час вышукваў (як сам пісаў, «з немалымі цяжкасцямі») паасобнікі Статутаў. Відаць, ён спадзяваўся натрапіць на Статут і ў Супраслі. Але тут Даніловіча і Баброўскага чакала знаходка зусім іншага характару. Яны адшукалі спіс беларуска-літоўскага летапісу. Даніловіч ацаніў вартасць знаходкі. Ён пісаў, што знайшоў летапіс «дагэтуль нікому не вядомы». У гэтым ён меў рацыю, а сваёй знаходкай Даніловіч і Баброўскі паклалі пачатак даследаванню беларуска-літоўскага летапісання. Даніловіч правёў энергічную працу па прачытанню старажытнабеларускага тэксту і публікацыі яго лацінкай. Наш герой з апорай на знойдзены рукапіс рашуча выступіў супраць досыць распаўсюджанага ў пачатку ХІХ стагоддзя меркавання, што ў ВКЛ уласнага летапісання не вялося ці, прынамсі, што ўсе летапісы з ВКЛ згублены.
Але, як і ў выпадку з яго сябрамі Баброўскім і Лялевелем, навуковая праца Даніловіча ў Вільні была перарваная. А адбылося гэта так. Сярод студэнтаў Даніловіча было шмат дзеячаў таемных таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Сам Даніловіч, дзякуючы бліскучаму таленту лектара і навукоўца, быў вельмі папулярны сярод навучэнцаў. Пры гэтым ён не ўтойваў свайго замілавання гісторыяй ВКЛ. А калі ў 1824 годзе расійскія ўлады раскрылі дзейнасць таемных таварыстваў, Даніловіч, як і шэраг іншых выкладчыкаў, быў зняты з пасады. Яму, згодна з царскім загадам, было забаронена жыць на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Даніловіч прасіў пра літасць, у яго падтрымку выступілі многія навукоўцы, у тым ліку асабліва актыўна Іван Лабойка, які высока цаніў гістарычныя і правазнаўчыя працы Даніловіча. Але марна. Даніловіч мусіў пакінуць Вільню. Усё сваё жыццё ён будзе марыць вярнуцца, шукаць магчымасці для пераезду ў старажытную сталіцу ВКЛ, але забарону на вяртанне ў Вільню так і не здымуць. А ў 1824 годзе ягоны ад’езд выклікаў усеагульны смутак сярод выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта.
Дзякуючы звароту Лабойкі да міністра адукацыі Шышкова, з Даніловічам абышліся даволі літасціва. Ён стаў выкладчыкам, а пасля дэканам факультэта ў Харкаўскім універсітэце, дзе працягваў актыўную навуковую дзейнасць. Як пісаў Яхім Лялевель, «Ігнат Даніловіч, выгнаны з Вільні, не быў страчаны для навукі, не пакінуў заняткаў Статутамі». У Харкаве ён запомніўся студэнтам бліскучымі лекцыямі.
Наступны паварот у жыцці Даніловіча адбыўся ў 1830 годзе. У Пецярбургу М. Сперанскі, які займаўся кадыфікацыяй законаў Расійскай імперыі, перайшоў да стварэння зводу законаў для тэрыторыі былога ВКЛ. У камісіі Сперанскага апынуўся Францішак Малеўскі, былы філамат і вучань Даніловіча. Малеўскі не забыў свайго настаўніка і параіў Сперанскаму запрасіць такога выдатнага знаўцу права ВКЛ для працы над зводам. Так Даніловіч апынуўся ў Пецярбургу. Ягоная праца над зводам законаў цягнулася 4 гады і была прызнаная яго расійскімі калегамі «цыклапічнай». Здавалася, Даніловіча ацанілі. Падрыхтаваны ім і іншымі супрацоўнікамі «Звод мясцовых законаў заходніх губерняў» нават быў надрукаваны. Даніловіч атрымаў магчымасць працаваць ва універсітэце ў Кіеве. У гэты горад ён папрасіўся сам, бо хацеў даследаваць яго незлічоныя помнікі старажытнасці. Але ў чарговы раз расійская ўлада палічыла Даніловіча ненадзейным. Калі ў 1839 годзе ва універсітэце Кіева былі выкрыты таемныя таварыствы, Даніловіча, як і іншых прафесараў, што былі аднесеныя да палякаў, знялі з пасады.
А ў 1840 годзе высветлілася, што прапала бясплённа і яго праца над заканадаўствам «заходніх» губерняў. Расійская ўлада наогул скасавала дзейнасць Статута на тэрыторыі былога ВКЛ.
Даніловіч у той час працаваў у Маскоўскім універсітэце. Нягледзячы на слабое здароўе, ён працягваў даследаванні беларуска-літоўскага летапісання, знайшоў дзве кнігі Метрыкі ВКЛ, публікаваў працы.
Але шматразовыя вымушаныя пераезды, падазронае стаўленне да яго расійскіх улад, немагчымасць займацца толькі ўлюбёнай яму навукай выклікалі ў Даніловіча нервовае захворванне. Даніловіч вымушаны быў пакінуць працу ва універсітэце. Не маючы магчымасці вярнуцца ў Вільню, ён накіраваўся ў Кіеў, а адтуль паехаў на лячэнне ў горад Грэфенберг у Сілезіі. Там выдатны даследчык і памёр 12 жніўня 1843 года.
У тым жа 1843 годзе пабачылі свет «Кнігі пасольскія Метрыкі ВКЛ», знойдзеныя ў Маскве Даніловічам і выдадзеныя князем Абаленскім. Толькі ў 1860 годзе Ян Сідаровіч у Вільні выдаў «Скарбонку актаў». Гэта кніга была працай усяго жыцця Даніловіча. Ён пачаў збіраць выпіскі з гістарычных крыніц для ўкладання гэтага збору яшчэ з пачатку 20-х гадоў і назапашваў іх да сваёй смерці. Уявіць, якую велізарную працу зрабіў даследчык, можна, калі падлічыць колькасць гістарычных дакументаў, кароткі змест якіх перададзены ў «Скарбонцы». Такіх дакументаў 2383.
Магчыма, меў Даніловіч прамое дачыненне да ўкладання і выдання першай у ХІХ стагоддзі кнігі на беларускай мове. Гэта быў так званы «Катэхізіс» 1835 года, у якім яго ўкладальнік называе беларускую мову «польска-рускай», як і Даніловіч у сваіх працах. Зрэшты, нягледзячы на тое, што ён называў беларускую мову «польска-рускай», Даніловіч адрозніваў яе і ад польскай, і ад рускай, падкрэсліваў яе значэнне ў часы ВКЛ. Адзін з сучаснікаў Даніловіча Людвік Яноўскі так пісаў пра захапленне Даніловіча мінуўшчынай ВКЛ і мовай свайго народу: «Асабліва падабалася яму чытаць і тлумачыць старыя творы права і літоўска-рускія (беларуска-літоўскія — Я. Г.) хронікі, якіх старажытная мова ў ягоных вуснах прымала гукі народнай гаворкі, сухі спосаб выкладання рабіўся поўным яскравых і жывых фарбаў, і даўняя мінуўшчына ажывала ў цэлай сваёй старажытнай прыгажосці».
Адзін з біёграфаў Ігната Даніловіча А. Чаркас назваў яго «патрыётам-ліцвінам, грамадзянінам дзяржавы, якая даўно знікла, і чалавекам, які з міласці да помнікаў гісторыі служыў прывіду XV і XVI стагоддзяў». З такой характарыстыкай можна пагадзіцца толькі часткова. Сапраўдны патрыёт-ліцвін, Даніловіч служыў не «прывіду» даўно зніклай дзяржавы, ён аднаўляў гісторыю гэтай дзяржавы, каб народы, якія ў яе ўваходзілі, ведаючы яе слаўную гісторыю, маглі адрадзіць сваю дзяржаўнасць.