Ілля Ясінскі: «Куды б ты ні йшоў — важным застаецца ісці да сябе»

Былы акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі распавёў «Салідарнасці» пра «Карчму 1863», шлях да беларускасці па-за межамі краіны, тэатральнае жыццё і спосабы выйсця з дэпрэсняку.


Illia Jasinski
Фота: Наша Ніва

Напачатку 2023 года Ілля Ясінскі разам з паплечнікамі адкрыў у Вільні «Карчму 1863». Не толькі як бар, але і як месца прыцягнення беларусаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў і ўсіх тых, каго прываблівае наша супольная гісторыя і нацыянальныя кухні. Неўзабаве ўстанове споўніцца два гады.

Дзея першая, карчомная

— Віншаваць пакуль, канешне, зарана, — гаворыць Ілля. — Справы ідуць, як бы гэта лепш сказаць, калдобінамі — бываюць розныя моманты: і больш удалыя, і вельмі-вельмі цяжкія, калі наогул мы ставiлi перад сабой пытанне, ці працягваць працу карчмы далей.

Праблемы, з якімі мы сутыкнуліся,таксама яшчэ не завершаныя, пакуль што выплочваем усякія даўгі i крэдыты.

Але, безумоўна, ёсць тое, што атрымалася i атрымлiваецца: гэта стварыць прастору, напоўнiць пэўнай атмасферай месца. I гэтая змястоўная частка каштоўнасцяў, якія мы штодня траслюем, пакуль перавешвае i перамагае фiнансавыя i паперавыя калдобiны.

— Але пагроза закрыцця, знікнення «Карчмы» з віленскай мапы — яна-то знікла?

— Адназначна сказаць нельга, пакуль хістаемся. Калі працаваць самастойна, без персаналу, то як быццам усё добра, наўскiдку значна стабiльней i спакайней.

Але мы ад пачатку вырашылі, што хочам не вузка глядзець на «Карчму». Таму важным было мець каманду, каб не толькі стаяць на бары і калі-некалі падмяняць іншым супрацоўнікам, але і займацца іншымі справамі: ствараць тэматычныя iмпрэзы, гастрафэсты, абнаўляць сезоннае меню, спеўны ход, лекцыi i гэтак далей.

— Не так даўно мы гутарылі з Аляксандрам Кныровічам, які мяркуе: установа грамадскага харчавання з нацыянальнай кухняй — гэта наогул не пра бізнес, хутчэй, пра брэнд, пра культуру. Згодны з ім?

— Так, згодны. Але гэта сталася, мяркую, шмат у чым з-за таго, што бізнесу ў Беларусі проста не давалі развівацца. Калі з 1994 года мы пайшлі б іншым шляхам, то сёння было б значна больш нацыянальных бізнесаў, і тэатр у нас быў бы прыбытковы, і можна было б жыць не толькі датацыямі: былі б і прыватная тэатры, і праектныя. І ў такіх варунках, мяркую, нацыянальная ежа, нацыянальныя кухні маглі б таксама стаць бізнесам.

«Karčma 1863»

«Karčma 1863»
Фота www.1863.lt і з інстаграма «Карчмы 1863»

Мы бачым гісторыю ва Украіне з нацыянальным бізнесам: яго падтрымліваюць, і ён становіцца цікавым, модным, маладзёвым, але і ў сталых людзей таксама запатрабаваным, ёсць свая ніша, свой спецыфічны культурны складнік, які ўсiм можа быць цікавым.

Думаю, праблема ў тым, што мы развіваліся насуперак, а не дзякуючы. I не толькi ў пытаннях нацыянальнай кухнi.

— У эміграцыі, у прынцыпе, тое самае. Адкуль узяць сілы на развіццё бізнесу, калі то паўстаюць хвалі з «літвінізмам», то вандалы, то абураныя суседзі, якім у прынцыпе любая ўстанова грамадскага харчавання пад бокам не трэба?

— Яно так. Але ўсё ж, я думаю, вельмі добра, што адбыўся сыход з Беларусі ініцыятыўных, смелых людзей. Так, зараз яны сутыкаюцца з вялікімі колькасцямі цяжкасцяў у розных краінах, і нават ходзіць жарт, што ІТ шукае супрацоўнікаў з адной галоўнай умовай — без дэпрэсіі, «у рэсурсе».

Але разам з тым, перажываючы цяжкасці эміграцыі, мы ўсе сутыкаемся з пытаннем, якое гучыць ужо шмат год: а хто я, хто мы такія, адкуль ідзем і куды?

Гэтыя пытанні лунаюць у нашай культурнай прасторы, і людзі, мне здаецца, у такіх досыць жорсткіх умовах не толькі загартоўваюцца, яны рана ці позна павінны прыйсці да беларускасці.

Пераехаў ты, скажам, у Гішпанію. Ці хочаш ты стаць гішпанцам — ці нават там цябе цягне да лясоў, рэк, песень, арнаментаў, чагосьці свайго, аўтэнтычнага? То бок, на маю думку, вонкавыя цяжкасці і выпрабаванні прывядуць усё ж беларусаў да беларускасці, і тады ўжо будзе ўнутраная патрэба гэтым ганарыцца, развіваць, прымнажаць.

Бо куды б ты ні йшоў, важным застаецца ісці да сябе, да сваiх каранёў.

— А вы, уся каманда «Карчмы», адчуваеце ўжо цяпер гэтую беларускасць, падтрымку супольнасці?

— Гэта ёсць, але больш індывідуальна выяўлена. Мы заўважаем людзей, якія прыходзяць — сем’і ці асобныя беларусы. Супольнасці таксама ёсць, але, мабыць, зараз не час, каб яны былі вельмі вялікія — пакуль што гэта аб’яднанні аднадумцаў, нешматлюдныя, больш утульныя. Але паглядзім: думаю, усё наперадзе.

Гледзячы зараз на тое, якія людзі да нас прыходзяць, якія водгукі яны пакiдаюць пра нашу працу — ужо ёсць адчуванне, што яны ўспрымаюць «Карчму» такім «сваім» месцам, куды можна прывесці сяброў і замежнікаў. І гэта нам вельмі падабаецца.

То бок, гэта пазіцыя не тое каб маё, нікому не аддам («мая карова, і возера маё, і ўсё тут маё»), а «маё-наша» — для беларусаў і пра беларусаў.

— А дарэчы, хто зараз прыходзіць — збольшага беларусы, ці турысты, месцічы, а мо, «агентура»?

— Дарэчы, «агентуры» ўсё меней і меней — можа, перацягваюцца на наш бок? Каб нехта сядзеў і запісваў, хто заходзіць у «Карчму», наогул не было. На пачатку, калі толькі адкрываліся, заўважалі дзіўных персанажаў, — але іх, як і маргіналаў, якія прыходзілі і спрабавалі зацеяць сварку, былі адзінкі.

Канешне, ёсць пастаянныя госці — іх не пераважная большасць, але ёсць, гэта вельмі радуе. Летам было шмат турыстаў. Мы спрабавалі, каб больш палякаў да нас даехалі, і здаецца, гэта атрымалася: пра «Карчму» расказваюць у Польшчы, і людзі прыязджаюць адмыслова па «наводках» сяброў, такое сарафаннае радыё — самая каштоўная рэклама.

А ёсць і літоўцы, якія перыядычна зазіраюць да нас. Усе афіцыянты беларусы, але адзiн з iх сам вучыў літоўскую мову, тут скончыў школу, здаў іспыты — і калі прыходзяць госці, то ў прыемным шоку пытаюцца, дзе ў Літве ён нарадзіўся. I калi ён абслугоўвае, то лiтоўцы не вераць, што можна самастойна вывучыць мову амаль на ўзроўні носьбіта.

Дзея другая, культурніцкая

— Наколькі я ведаю, «Карчма» — гэта не толькі пра ежу, тут перыядычна адбываецца нейкі варушняк. Вось толькі-толькі вы ўдзельнічалі ў гастрафэсце «Свае», днямі адбыўся Спеўны сход з дударамі і песнямі...

— Сапраўды, з 6 па 15 снежня ішоў гастрафэст «Свае» — гэта шыкоўная ідэя, я лічу. Якраз тыя ініцыятыўныя беларусы, пра якіх мы раней згадвалі, спрабуюць такім чынам таксама нас аб’яднаць, і за гэта шчыры дзякуй.

У нашым меню ў гэтыя дні былі наліснікі, торт «Напалеон» і кава «Як у Цэнтральным». Хто так настальгуе па Цэнтральным? Насамрэч, гэта такая фішачка, адсылка да прыцягальнага месца: амаль усе, хто быў у Менску, калі-некалі ды заходзілі ў «Цэнтральны», а можа, і стаялі за стойкамі ў «акварыуме». Я ў студэнцтве таксама шмат часу там бавіў, калі трэба было схавацца ад холаду.

Так што гэта настальгія не па канкрэтна каве ў «Цэнтральным», з яйкам і каньяком, а хутчэй, па самаадчуванні кожнага з нас i нас разам. Такі смачны набор настальгіі, падмацаваны прыемнымі эмоцыямі i нiбыта агульнымi ўспамiнамi. Таму гастрафэст скончыўся, а каву з яйкам і брэндзі мы пакінулі ў меню.

«Karčma 1863»

А некалькі дзён таму зладзілі першы «Спеўны сход» з Сержуком Доўгушавым. Для аматараў фальклору і этнаграфіі гэта вельмі вядомы чалавек, для тых, хто не ведае гэту сферу, скажу так: дзякуючы яму фальклорная музыка, спевы выходзяць у масавую культуру. Гэта і зборнікі традыцыйных песень, і аднаўленне строяў, інструментаў, і мужчынскі хор, і збор спеўных сходаў з тымі, хто хоча пачуць, як спявалі даўней, і сам далучыцца.

Далей плануем недзе раз на месяц таксама збірацца — калі будзе атрымлівацца ў Сяржука па занятасці, то з ім, калі не, то іншым складам. Таму ўсе, каго гэтая тэма цікавіць, сачыце за анонсамі ў нашых сацсетках і далучайцеся. У сацсетках анансавалі і новае зімовае меню (калі што, сярод прапаноў ёсць і аліўе, але ў аўтарскай перапрацоўцы).

Гэтак сама, дарэчы, можна і трэба далучыцца да ўпрыгожвання карчомнай ялінкі: яна стаіць на ніжнім паверсе і кожны ахвотны можа прынесці на яе нейкую цацку — будзем удзячныя і мы, і госці, якія любяць рабіць з гэтай ялінкай атмасферныя фота.

«Karčma 1863»

А яшчэ ў інстаграме ёсць Калядны адвент-марафон, таксама створаны беларусамі Вільні. Яны напісалі нам, запрасілі паўдзельнічаць — усімі рукамі i нагамі мы «за» ўсялякае пашырэнне нашай культуры, і вельмі прыемна быць у шаноўнай кампаніі беларускіх культурніцкіх, адукацыйных і творчых суполак.

— Ілля, вы з такім імпэтам пра ўсё гэта распавядаеце, што бярэ шчырая зайздрасць: адкуль вы яго, гэты імпэт і сілы, бераце, нават у тых абставінах, калі рукі апускаюцца?

— Насамрэч быў час, адразу як я апынуўся ў Літве, — нястрымнае жаданне нешта рабіць, пастаянна рухацца, было адчуванне, што я раблю ўсё яшчэ мала, недастаткова. Я набіраў спраў, хапаўся за ўсё, што мог — але чалавечы арганізм не бясконцы, і ў пэўны момант стала зразумела, што проста не хапае фізічных сіл.

Тады ўзяў адпачынак, адклаў усе магчымыя справы, крыху перазагрузіўся. І зараз спрабую не цягнуць усё на свеце, а ўкладаць свае сілы ў тое, што атрымоўваецца.

А што падзараджае цяпер... Не ведаю нават, як пра гэта распавесці.

Illia JasinskiФота з сацсетак Іллі Ясінскага

— Нешта настолькі «экстрэмісцкае»?

— Ды не тое каб. Проста такая штука, якую цяжка патлумачыць. Прынцып квантавай суперпазіцыі: калі мы знаходзімся ў квантавай нявызначанасці, зыходзячы з таго, як мяняюцца абставіны, мы таксама можам змяняцца і мяняць сваю дзейнасць. То бок, не перці як танк па прамой, а ў кожны момант быць падрыхтаваным да змены стратэгіі і тактыкі.

І я зараз, хоць не разумею да канца тэорыю — фізікі кажуць, што яны і самі не разумеюць цалкам, — тым не менш, лаўлю пэўную інфармацыю з розных абласцей ведаў і спрабую прымяняць яе да сваёй рэальнасці. Карацей, штука цікавая, займальная i якая дае сiлы, натхненне.

Дзея трэцяя, (амаль) чыста тэатральная

— Летась у вас было вельмі насычанае тэатральнае жыццё: удзел у пастаноўках «Радзіва Прудок», «Ціхары», гастролі па Еўропе і нават па Аўстраліі. Як з гэтым сёлета?

— Пакуль на паўзе. Акцёры, мне здаецца, крыху выдыхнулі і запаволіліся таксама. Але гэта была шыкоўная хваля, якая дазволіла ўсвядоміць прынамсі мне, што і тут, у эміграцыі, тэатр існуе, і можа быць нават больш буйны, чым у Беларусі. Гэта ўражвае і натхняе: дзверы насамрэч адчыненыя, свет цікавіцца рознымі культурамі, у тым ліку беларускай.

І летась сапраўды быў вялікі праект «Сабакі Еўропы» з гастролямі па ўсім свеце — нешта неверагоднае. Драматургічная аснова проста шыкоўная, і час, у які мы выйшлі — праз тыдзень ці два пасля пачатку паслямаштабнай вайны — падавалася б, як можна было гэта прадбачыць?!

Альгерд Бахарэвіч, калі вы гэта прачытаеце — калі ласка, напішыце што-небудзь жыццясцвярджальнае, я ведаю, што пра гэта шмат хто кажа, і гэта ўсё збываецца!..

Калі вяртацца да тэатральных пастановак — стары праект па кнізе Андруся Горвата «Радзіва Прудок» як быццам атрымаў новае жыццё. Частка акцёраў, занятых у спектаклю, засталася ў Беларусі, таму тут мы ўвялі нашых калег: Алега Гарбуза, Ігара Шугалеева, потым Максім Шышко ды Павел Гарадніцкі з намі гралі, і атрымалася цікавая новая версія старога спектаклю.

«Ціхароў» мы гралі, можа, больш дваццаці разоў — нармальна так для эмігранцкага тэатра. Было б добра працягнуць, але цяжкасць у тым, што ва ўсіх розныя працы, і трэба неяк усіх сабраць, каб супала па часе — прынамсі шукаем вакенца ў лютым, каб паказаць спектакль яшчэ раз.

Scena sa spiektakliu «Hetamy» pavodlie Andrusia Horvata («Radziva Prudok»)
Сцэна са спектаклю «Гэтамы» паводле Андруся Горвата («Радзіва Прудок»). Мінск, 2019. Архіўнае фота

Na premjery spiektakliu «Cichary» ŭ Viĺni, 2023
На прэм’еры спектаклю «Ціхары» ў Вільні, 2023. Фота: Daria Bernstein / DW

А на юбілей Аляксандра Філіпенкі (расійскі актор Аляксандр Філіпенка, які вымушана пакінуў РФ з-за сваёй антываеннай пазіцыі, у спектаклі «Ціхары» паводле сатырычнай драмы беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі сыграў урача, што лячыў былога прэзідэнта — С.), на яго 80-годдзе, мы рабілі на вялікай сцэне чытку п’есы «Гаага» пра ваенных злачынцаў ад Пуціна да звычайнага салдата.

Так што і спрычыніліся да юбілею цудоўнага артыста, і закінулі вуду на магчыма будучы спектакль — спадзяёмся, можа атрымацца што-небудзь цікавае.

— Акцёрскі лёс можа быць вельмі нечаканы. Анатоль Кот з выдатнай адмоўнай харызмай вечна граў усякіх злодзеяў, а Наталля Эйсмант шмат год грае прэс-сакратарку Лукашэнкі, Генадзь Давыдзька мог бы застацца ў памяці як Вітаўт, але загуляўся ў палітыку, Руслан Чарнецкі вось проста зараз асвойвае ролю міністра.

Магчыма, ёсць і ў вас нейкая пакуль няспраўджаная роля, якую вельмі хацелася б сыграць?

— Гадоў сем-дзесяць таму я думаў пра тое, што ў галаве назбіралася столькі розных цікавых ведаў, якімі хочацца падзяліцца — і прымяраўся, а ці мог бы выкладаць у школе? Як бы гэта было, калі б мне задавалі пытанне, чаму трава зялёная і адкуль бярэцца вецер?

Фантазіраваў, як гэта можа рэалізавацца, але меркаваў, што такое амаль неверагодна, ну як гэта, я кіну тэатр. Але ж праходзіць некалькі год, 2020-ы, ад’езд з Беларусі — і тут у Вільні адкрываюць прыватную школу Стэмбрыдж. А я акурат думаў аб тым, што майму сыну было б класна не ў дзяржаўнай школе. І неяк усё склалася, цяпер я працую ў Стэмбрыджу, і гэта адначасова і выклік, і роля, якую яшчэ толькі засвойваю.

Але таксама я марыў і пра нейкі свой бар, месца для беларусаў — і вось яно таксама рэалізоўваецца. Гэта, дарэчы, таксама пра квантавы свет, дзе назіральнік стварае рэальнасць.

Трэба абжыць з гэтым пэўны час, бо і адна, і другая справа ідуць і развіваюцца, ёсць ідэі па іх развіцці, і яны яшчэ не скончыліся. Таму пакуль з новымі жаданнямі пачакаю.

— Ці сочыце за тэатральнымі падзеямі ў Беларусі? На тое, што адбываецца з РТБД, фізічна балюча глядзець.

— Так, але я, пэўна, збольшага ўжо гэта перажыў.

Illia ŭ roli Biskupa Jana (pastanoŭka «Karjera doktara Raŭsa», Minsk, 2017 hod)
Ілля ў ролі Біскупа Яна (пастаноўка «Кар’ера доктара Раўса», Мінск, 2017 год). Фота з архіваў РТБД

Scena sa spiektakliu «Mudramier», Minsk, 2019 hod
Сцэна са спектаклю «Мудрамер», Мінск, 2019 год. Фота з архіваў РТБД

Ужо калі я сыходзіў, было відавочна, што жыцця тэатру не дадуць. І адсюль вельмі добра гэта бачна, нават не разумееш, на што людзі ўнутры краіны спадзяюцца. Магчыма, унутры ты спрабуеш крыху зашорыцца, схавацца ад рэчаіснасці і прыдумаць сабе, што будзе не так, як яно ідзе, а штосьці гэткае здарыцца.

Яно, напэўна, правільна — надзея павінна быць. Але я ўжо той развал, які адбывацца, у думках перажыў, таму зараз не так моцна перажываю. На жаль, гэта было заканамерна.

Дзея заключная, але не апошняя

— Не магу не задаць гэтае пытанне, улічваючы, што вы працуеце настаўнікам у школе. У Беларусі ў сістэме адукацыі, асабліва сярэдняй, большасць педагогаў — жанчыны, а мужчыны-чыноўнікі толькі гавораць прамовы пра «важнасць выхавання».

Пажыўшы ў гэтай скуры, вы сталі лепш разумець настаўнікаў, важнасць іх працы? Можа быць, змяніліся стасункі з уласнымі дзецьмі?

— Класнае пытанне, дзякуй за яго. Бо так і ёсць. Першае — існаванне настаўнікаў-мужчын і ўплыў мужчын на выхаванне, развіццё і хлопчыкаў, і дзяўчат. Зараз я адчуваю, якая гэта вялікая роля і наколькі важна, каб у педагагічным калектыве былі мужчыны — і не толькі фізрукі.

Вельмі крута, што ў Стэмбрыджу ёсць мужчыны-педагогі. І я часам фантазірую, якой стане школа ў Беларусі — на маю думку, гендарны баланс у ёй мусіць быць вялікай часткай, якой трэба надаваць увагу.

Увогуле, прафесія настаўніка вельмі адрозніваецца ад таго, як пра яе расказваюць у педуніверсітэтах 60-70-гадовыя выкладчыкі. Гэта больш жывая і больш творчая субстанцыя, і паколькі хуткасць нашага часу каласальная, а цяперашняе пакаленне дзяцей — зусім іншае, чым былі мы і нашыя бацькі, падыходы да навучання мусяць змяняцца. Трэба, што называецца, трымаць руку на пульсе.

Галоўнае, на мой погляд, не ў тым, чаму ты вучыш, а як i дзе гэтым карыстацца ў рэальным жыццi. Неабходна жаданне знаходзіць новае, вучыцца яму, не баяцца цяжкасцяў, а разглядаць іх, як цікавую прыгоду і магчымасць.

Мне цікава назіраць за іншымі педагогамі і праз гэта выбіраць іншыя патэрны паводзінаў. Часам адчуваю, што ў мяне ўскіпае калі-некалі з-за паводзінаў дзяцей, але — бачу прыклады, як можна адрэагаваць на гэта, вучуся гэтаму таксама.

І чым далей, тым болей разумею, што педагогіка — справа доўгая. Не трэба жадаць і чакаць імгненнага выніку. Але вынікам можа быць і сам працэс, важна таксама i пра гэта памятаць. І калі ты гэта прымаеш і проста рухаешся наперад — вынікі могуць быць шыкоўныя.

Што да сваіх дзяцей, я таксама бачу, як яны змяняюцца, калі не заціснутыя ў рамкі. У школе адчуваецца свабода, у адрозненне ад беларускіх школ. І ў ідэале хацелася б, каб са мной дзеці паводзілі сябе гэтак жа, як без мяне.

— Калі зазірнуць у будучыню: ці хацелася б, каб дзеці вярнуліся ў Беларусь?

— Мне — канешне, хацелася б. Другая рэч — як яны вырашаць самі, бо гэта хоць і маленькія яшчэ, але асобныя людзі, са сваім жыццём. Са свайго боку я зраблю ўсё, каб яны хацелі вярнуцца, бо якой будзе Беларусь будучыні, таксама залежыць ад нашых дзяцей.

Пакуль што гэта адна ў іх з асноўных мараў, але яны, як i я, разумеюць, што зараз зрабіць гэтага не могуць. Але, з іншага боку, тут адкрыты, шырокі свет, вельмі многа розных магчымасцяў і ініцыятыў, у тым ліку і каб прасоўваць беларускую культуру. І гэта адзін з добрых шляхоў выйсця з эмігранцкага дэпрэсняку.