Абмеркаванні Навальнага, «залатога ёршыка» і расійскіх пратэстаў носяць выразна эмацыйную афарбоўку. А ў дадатак наклаліся на сітуацыю ў нашай краіне, што дазваляе праводзіць паралелі. Але давайце паспрабуем паразважаць без эмоцыяў. Выдыхнем — і пачнём.
«Бесы», адвакат з Рэчыцы і мяжа пад Смаленскам
У 1871 у Пецярбургу праходзіў гучны працэс над «нячаеўцамі», чый неўміручы вобраз Дастаеўскі ўвасобіў у «Бесах». Адвакатам у рэвалюцыянераў быў наш зямляк, ураджэнец Рэчыцы Уладзімір Спасовіч. Адзін з найвядомейшых расійскіх юрыстаў той эпохі. Пражыць жыццё і зрабіць кар’еру Спасовічу выпала ў Расіі, але ментальна ён жыў у катэгорыях колішняй РП і, больш агульна, Еўропы.
Дык вось, сэнс фінальнай прамовы Спасовіча быў такі: калі малады паляк паўстае супраць царызму, ён мае бачанне будучыні, скіраванай у мінулае. Бо паляк бачыць свой край у мінулым як еўрапейскую, дэмакратычную дзяржаву, дзе працуюць законы. Калі ж супраць улады паўстае малады расійскі інтэлігент, то ён не мае ніякага бачання, не бачыць ні слаўнага мінулага, ні светлага заўтра.
Чаму? Бо Расія была і будзе імперыяй. І калі той уяўны інтэлігент, апісаны Спасовічам, азіраецца назад, то бачыць мангольскіх ханаў, апрычніну, «утро стрелецкой казни», папоў з кашай у барадзе і г.д. Атрымліваецца «зламаны праз калена чалавек», які вымушаны ўвесь час задавацца пытаннем: «Тварь я дрожащая или право имею?» Для еўрапейца такога пытання не стаіць. Бо ён нараджаецца з наборам неад’емных правоў.
І ў гэтым прынцыповая розніца. І ў гэтым сэнс той мяжы, якая некалі праходзіла пад Смаленскам. Мяжа — не пра слупы і заставы, нават не пра этнічнасць, гаворкі і рэлігію. Мяжа адчувалася ва ўсім, а найперш у бачанні сябе ў свеце і свету ў сабе. Па адзін бок ты маеш шанец здабыць сваё «я» і пражыць жыццё як хочаш, па іншы — вымушаны быць вінцікам, шайбачкай, малекулай вялікага арганізма.
Heartland
У свеце, асабліва 100-200 гадоў таму, было багата імперыяў. Але Расія заўжды была асаблівай, падобнай толькі на саму сябе. Памятаеце развагі бацькаў геапалітыкі пра вечную барацьбу ільва ды кіта, зямлі і мора? Тысячы гадоў, маўляў, яны могуць змагацца, але ніхто не пераможа. Бо кожнаму свой кавалак улады і тэрыторыі.
З тых жа інтэлектуальных падвалінаў і тэрмін heartland — «сэрца зямлі». Кавалак сушы, валодаючы якім, ты валодаеш усёй Еўразіяй. Адзін амерыканскі адмірал і геапалітык больш за 100 гадоў таму першым выкарыстаў гэты тэрмін акурат адносна Расіі. Цікава, што тады яшчэ не было вядома пра ільвіную долю прыродных багаццяў імперыі, а галоўным яе рэсурсам было насельніцтва.
Учора насельніцтва, сёння газ і нафта, заўтра — тэрыторыя. Нават калі нафта цалкам абваліцца, у расійцаў застанецца агромністая тэрыторыя: выхады да мора, шляхі, прасторы. Задумайцеся пры нагодзе, якія грошы атрымлівае Масква толькі ад авіяпералётаў над сваёй тэрыторыяй. А з якога-небудзь Лондана ў Сінгапур па-іншаму ты і не трапіш. Задумайцеся пра паўночны гандлёвы шлях, пра Балтыку і Чорнае мора, пра Арктыку, на якую Расія таксама можа прэтэндаваць...
Да чаго гэта? А да таго, што heartland — мегаважнае месца для Еўразіі і ўсяго свету. Да таго, што наіўна лічыць, што, маўляў, вось-вось Расія паваліцца на бок, як стары ачковы сарцір, праз курсы нафты ці санкцыі. Да таго, што ў расійца — ліберала, камуніста або імперца — заўжды ў падкорцы сядзіць разуменне велічы сваёй імперыі.
Калі ў Расіі нешта змянялася, то найперш армія і флот
Расійцы крыўдзяцца, калі іх радзіму называюць «бензакалонкай». А ёсць больш трапнае вызначэнне, здаецца, Маркса ці Энгельса: «Расія — гэта азіяцкая краіна з еўрапейскай арміяй». Карацей, армія, у якой ёсць бензакалонка — так больш трапна.
Можна смяяцца з сённяшніх казакоў з капустай на вусах, з паразаў у Крымскай ці Руска-японскай вайне, але Расія традыцыйна мела эфектыўную армію. І ўвесь час імкнулася яе ўдасканальваць на аснове еўрапейскіх прыкладаў. Усе гэтыя «палкі новага строю», стральцы, артылерыя — падгледжаныя ў Еўропе інавацыі, пакладзеныя на таталітарную ардынскую аснову.
Калі ў сярэдзіне XVII ст. маскоўскае войска было яшчэ агрэсіўным натоўпам, не здольным на далёкія кідкі і зацяжную вайну, то ў часы Пятра гэта была ўжо армія пераможцаў. Расійцы ўжо змагаліся на тэрыторыі Саксоніі і Даніі. Пазней, за Аннай Іаанаўнай і Кацярынай, расійцы бралі Кёнігсберг і ўваходзілі ў Берлін.
Урэшце, Расія спрычынілася да заняпаду і смерці дзвюх моцных імперыяў побач — Турэччыны і Рэчы Паспалітай, ажыццявіўшы свае геапалітычныя фантазіі. Важна разумець: у расійскім выпадку армія была не прыдаткам імперыі, але яе рухавіком. Калі ў Расіі нешта змянялася, пераходзіла на новы тэхналагічны ўзровень, то гэта былі акурат армія і флот. Імперыя як адзін вялікі вайсковы лагер Пік велічы імперыі — перамога над Напалеонам, уваход у Парыж. Паводле розуму, вядома, Аляксандр І мог проста дамовіцца з Напалеонам пра падзел Еўропы. А пасля даць сялянам свабоду і абвясціць асваенне Сібіры ўжо свабоднымі людзьмі. Але гэта, вядома, паралельная рэальнасць. Усё сталася па-іншаму. Далей пайшоў ланцужок памылак, бо Мікалай І вырашыў замарозіць сітуацыю на пікавым моманце. А так не бывае. Або ты ідзеш наперад, рухаешся, або дэградуеш. Адсюль і вынікла гогалеўская Расія з «мёртвымі душамі». Сімвал імперыі таго часу: разбітая дарога, па якой коціцца кібітка, а на ўездзе ў горад стаіць чорна-белая будка, дзе сумуе вусаты аднаногі інвалід.
Армія пры гэтым заставалася адзіным мацавальным фактарам імперыі. Калі расійцы некуды прыходзілі, то адразу будавалі крэпасці. Нават вайсковы губернатар традыцыйна стаяў вышэй за цывільнага. Цывільны займаўся гаспадаркай, але круцілася ўсё вакол забеспячэння арміі. Уявіце, што імперыя існавала як адзін вялікі вайсковы лагер, дзе гарады — гэта найперш крэпасці, людзі — рэсурс, краі і прасторы — тэрыторыі, больш ці менш набліжаныя да фронту. Але гэта была ўжо стагнацыя: «аблом» у Крымскай і Руска-японскай, катастрофа Першай сусветнай. Патрэбныя былі больш глыбокія рэформы, змены, мадэрнізацыя. Стары дракон у выглядзе эліты Імперыі проста перастаў быць жыццяздольным і сучасным. Узнікла патрэба ў новым.
Сталінскі рывок: новыя формы, старыя сэнсы Вялікі рывок Расіі ў ХХ ст. звязаны, вядома, з бальшавікамі. Ідэі камунізму хораша прыжыліся ў Расіі, хоць, па вялікім рахунку, мелі мала агульнага з Марксам і еўрапейскай трактоўкай камунізму. Бальшавікі зрабілі тое, што было патрэбна імперыі: глыбокую мадэрнізацыю. Прычым фантастычнымі тэмпамі. За 25 гадоў Сталін зрабіў тое, на што еўрапейскай краіне патрэбныя былі стагоддзі. Адсюль і бязлітасныя метады. У гэтым сэнсе мадэрнізацыя Пятра з будоўляй Пецярбурга на касцях мала розніцца ад сталінскіх «строек века» накшталт Беламорканала. Імперыі быў патрэбны новы дракон — яна яго атрымала. З усімі касметычнымі спробамі бальшавікоў перакрэсліць спадчыну царызму, сутнасць засталася той самай: імперыя як армія, армія як імперыя. Калі сілавікі для іншых краінаў — гэта гонар, абаронцы, імунная сістэма, то для Расіі — гэта проста лад жыцця, сэнс і ментальнасць.
Як зрабіць кар’еру? У арміі. Чым ганарыцца? Арміяй. Што згадваць сярэдняму мужчыну з правінцыі без асаблівых здольнасцяў на кожнай п’янцы да самага скону? Гады службы ў арміі. Таму менавіта Расія і мае ваяваць бясконца, бо інакш навошта ўсё гэта?..
Дзед, які «скраў імперыю»
А зараз вернемся да Навальнага. Несумленна крытыкаваць чалавека, які знаходзіцца ў СІЗА, тым больш прагаворваць, што ж там у яго ў галаве. Чужая душа — поцемкі. Але можна прагаварыць акурат тое, што ад яго чакае імперыя. Калі хочаце — глыбінны народ, кажучы словамі Суркова.
А імперыя чакае ад яго мадэрнізацыі, пятроўскага або сталінскага рыўка наперад. Бо пуцінская Расія пачала занадта моцна нагадваць рэальнасць часоў Мікалая Першага: з «мёртвымі душамі», разбітай дарогай і інвалідам у будцы. У сітуацыю замарожанага поспеху, які далей нікуды не развіваецца.
Той жа фільм пра палац у Генеджыку кожны прачытаў па-свойму. Вы можаце бачыць у ім ліберальны пасыл пра карумпаванага аўтакрата. А іншы ўбачыць гісторыю пра дзеда, які «скраў імперыю» і прамяняў на... залаты ёршык з аквадыскатэкай.
А можа, стары дракон — і не дракон зусім, а гном, які хоча падавацца драконам, рэалізуючы свае комплексы?.. Ай-ай-ай! Тады патрэбны новы дракон. Сапраўдны. Малады. Энергічны. Каб луска адлівала золатам, а цень ад крылаў накрываў усё паўночнае паўшар’е.
Алесь Кіркевіч, budzma.by