Стала вядомае імя адной з пераможцаў прэміі імя Алеся Адамовіча

Навінка прэстыжнай літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча: паколькі рэпрэсіі, эміграцыя і вайна раскідалі творцаў па розных кутках Еўропы, то з улікам асабістых абставін лаўрэатаў і лагістыкі прозвішчы дваіх пераможцаў будуць названыя ў двух розных гарадах, піша Беларускі ПЭН.


Якія слаўныя імёны! А іх кнігі?!

Alieś Adamovič
Алесь Адамовіч. Фота Яўгена Коктыша

Прэмія імя Алеся Адамовіча, мэта якой — ушанаванне памяці выбітнага беларуса і вызначэнне найлепшага публіцыстычнага твора года, заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і масмедыя. Якраз праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча. Старшынём журы прэміі першапачаткова быў Васіль Быкаў.

З 2018 года прэмія падтрымліваецца набеліяткай Святланай Алексіевіч.

3 верасня 1995 года першымі лаўрэатамі сталі адразу шасцёра! Далей журы было ўжо не такім шчодрым: з даступнай на старонцы прэміі інфармацыі вынікае, што ў 2021 лаўры дасталіся траім, а яшчэ пяць разоў перамагалі двое. У тым ліку і летась.

Сярод сарака ўганараваных у розныя гады асоб — літаратары Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Дзмітрый Строцаў; інтэлектуалы, лідары думак Вольга Шпарага, Валянцін Акудовіч, Сяргей Дубавец, Сяргей Шупа; журналісты Павел Шарамет, Віталь Тарас, Аляксандр Тамковіч, Анатоль Казловіч, Аляксандр Лукашук, Віталь Цыганкоў...

Асабліва хочацца вылучыць трох майстроў слова, чыя творчасць была высока ацэнена журы і каго ўлады Беларусі ўтрымліваюць цяпер за кратамі са страху перад іх гучнымі грамадзянскімі галасамі: гэта палітвязні Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец і Максім Знак.

Ягоная галоўная асаблівасць — бясстрашнасць. Слова, думкі, жыцця

Адна з  мэтаў прэміі — ушанаванне асобы, імя якой яна носіць. Вельмі пасуе тут звярнуцца да згадак жыццяпісца беларускіх літаратурных геніяў Сяргея Шапрана. Сярод іншага і таму, што ён — таксама лаўрэат, за кніжку пра творчасць Васіля Быкава, з ініцыятывы якога і паўстала некалі прэмія.

Alieś Adamovič z Vasiliom BykavymАлесь Адамовіч з Васілём Быкавым. Фота Яўгена Коктыша

Не так шмат у гісторыі выпадкаў яркай шматгадовай дружбы паміж літаратарамі-глыбамі. На такім фоне ўражвае апублікаванае Сяргеем ліставанне двух нашых геніяў — столькі ў тых радках шчырага, чалавечага... Не станем згадваць пра агульнавядомыя, класічныя творы Адамовіча. Згадаем колькі радкоў-эмоцый і фактаў, пра якія большасць нічога не ведае.

Вось што, напрыклад, піша Васіль Быкаў:

«Пасля чытання тваіх старонак мне мае ўласныя здаюцца насценгазетай... Не смей і думаць нават, што табе чагосьці не хапае — у цябе ўдосталь усяго. Ты — сумленны глыбокі мысляр, ты — выдатны мастак. МАСТАК, ты чуеш гэта? Хіба гэтага мала для аднаго чалавека ў наша бяздумнае меркантыльнае стагоддзе? І ўсім гэтым адзначаны ўсе твае творы — павер, з боку гэта выдатна відаць. Няхай яны, м. б., не ў традыцыях беларускай прозы, ну і што ж? Затое цалкам у традыцыях сучаснай сусветнай прозы, і на еўрапейскім узроўні».

А вось прызнанне Алеся Адамовіча:

«Апошнім часам у нас з Быкавым адносіны дабраты, нават ласкі адзін да аднаго такія, што думаеш: абодва пастарэлі і пачалі цаніць галоўнае і адкідваць усё, што замінала бачыць, што нас вельмі мала, так неабходных адзін аднаму».

Невыпадкова менавіта Адамовічу Быкаў упершыню ў 1985-м ва ўсіх падрабязнасцях распавёў пад дыктафон пра свой пакручасты лёс. Апублікаваная праз шэсць гадоў гутарка неўзабаве падштурхнула апошняга да напісання славутай «Доўгай дарогі дадому».

Alieś Adamovič z Vasiliom Bykavym
Алесь Адамовіч з Васілём Быкавым. Фота Яўгена Коктыша

Расійскі крытык Лазар Лазараў успаміны пра Адамовіча назваў «Без страху і папроку»: «Усмешка — часам іранічная, а значна часцей сарамлівая, дзявочы румянец на шчоках, ветлівасць і далікатнасць — на тых, хто ўпершыню сутыкаўся з ім, Адамовіч рабіў уражанне чалавека мяккага, памяркоўнага. Такім ён і быў. Але я не ведаў чалавека больш цвёрдага і няўступчывага ў прынцыповых пытаннях. І больш бясстрашнага. Мне здаецца, бясстрашнасць наогул была галоўнай уласцівасцю ягонай асобы».

Калі ў Маскве да 70-годдзя Твардоўскага рыхтаваўся вечар памяці, удава, спадарыня Марыя, пажадала, каб даклад зрабіў Алесь Адамовіч, а не Міхаіл Дудзін, як вырашыла пісьменніцкае начальства. «Ён добры паэт, — сказала яна. — Але яму ўсё адно, на якім вечары выступаць. Пра каго заўгодна...»

А вось Адамовіч, як і яго пажыццёвыя сябры-пісьменнікі, быў чалавекам іншага складу — салдатам. Не — ваяром праўды.

Па той бок пакут: пабачыць і не памерці

Праўдзівасці і таленту заўсёды ставала ўсім аўтарам і кніжкам, намінаваным на прэмію Алеся Адамовіча — як жа інакш?

Абедзве лаўрэаткі звярнуліся ў сваіх творах да тэмы рэпрэсій і вайны. Пішуць пра адно — надзённае, моцы якому дадае іх уласны, рэальны, а не мастацкі досвед, аднак тая аўтабіяграфічнасць у кожнай — свая. Яднае іх хіба кранальная шчырасць.

Гонар назваць імя пераможцы ў Берліне дастаўся Святлане Алексіевіч. Фармулёўка журы наступная:

«За перапрацоўку асабістых і сацыяльна-палітычных траўм, за шматлікасць досведу і змяшчэнне Беларусі ў розныя кантэксты прэміяй імя Алеся Адамовіча ганаруецца аўтарка кнігі «Я танцую» Віка Біран».

Sviatlana Alieksijevič i Vika Biran
Святлана Алексіевіч і Віка Біран

У Вікі Біран — свой неардынарны, кідкі стыль. Дынаміка, рэзкасць, кантраснасць бытапісання, якой вельмі пасуе сучасны слэнг маладой аўтаркі і нават «тая яшчэ» лексіка.

Віка Біран, «Я танцую»:

«З аднаго боку, беларускі кантэкст — гэта тое, на чым пабудаваная значная частка маёй ідэнтычнасці. Гэта тое, што я разумею, за чым сачу, дзе працягваю ментальна знаходзіцца. Гэта практыка, а не тэорыя салідарнасці, таму што людзі працягваюць сядзець у турмах, губляць працы, бегчы спехам па лясах, і на іх месцы лёгка магла б апынуцца я, калі б была крыху менш удачлівай. І наўрад ці мне было б прыемна сядзець у турме і не атрымліваць лістоў, таму што людзі знадворку жывуць, выбачайце, сваё клёвае берлінскае жыццё і разбіраюцца з падаткамі, рамантычнымі адносінамі і ўніверскімі курсамі».

Там, дзе выхаваная гадамі самарэдагавання дысцыпліна абавязкова б прыпыніла сталага літаратара, Віку, наадварот, нясе. Яна не стрымлівае ўласнай эмацыйнасці — і ты пачынаеш паступова захапляцца гэтым, прымаеш перажыванні гераіні як свае ўласныя.

«Мне не выціснуць гэтай «беларускасці» з сябе нават у мульці-кульці Берліне. Дый не хочацца мне яе выціскаць. Яна, вядома, не ёсць мой галоўны гонар, але яна і не прышч. І зразумела, што гэта не пра краіну, але пра набор нейкіх пазнавальных досведаў. Я не прасіла беларускага пашпарта пры нараджэнні, дакладна гэтак жа, як і не абірала колер сваёй скуры, ці мову, на якой гавораць мае бацькі. Гэта ўсё латарэя, выпадковы набор акалічнасцяў, з якімі можна па рознаму абыходзіцца, але хацелася б абыходзіцца так, каб не было сорамна за свае выбары».

Vika Biran
Лаўрэатка прэміі Адамовіча Віка Біран

А на завяршэнне — перспектыўная дэталь з гістарычнага агляду: прэмія Алеся Адамовіча папярэднічае прэміі імя Ежы Гедройця за найлепшую кнігу беларускай прозы.

Дык вось, у 2016-м Зміцер Бартосік, а ў 2023-м Ганна Кандрацюк рабіліся, так бы мовіць, двайнымі пераможцамі.

Праз восем гадоў мы зноў бачым у доўгім гедройцеўскім лісце старога знаёмага Змітра Бартосіка і дзвюх сёлетніх адамовіцкіх лаўрэатак.