У 2020-м Піт Паўлаў граў «Тры чарапахі» проста перад АМАПам, а сёння вучыць беларусаў самім браць у рукі гітару. Харызматычны гітарыст N.R.M. у эміграцыі не растварыўся ў настальгіі па старой беларускай рок-сцэне: ён стварыў школу «Граем», паказвае, як граць беларускія песні, збірае беларускую музычную тэрміналогію і пераконвае, што музыка — ніякі не дар для абраных. «Усе людзі мусяць граць і спяваць. Прынамсі, беларусы», — кажа Паўлаў. «Штодзень» паразмаўляў з музыкам пра тое, навошта беларусам свае песні, свае гітарысты і ўласная музычная мова.
Піт Паўлаў у 2020-м. Фота: facebook.com/PitPaulau/
— Раскажыце, калі ласка, пра праект «Як граць гэтую песню»? Калі з’явілася ідэя?
— Усё пачалося ў 2020-м годзе, калі за музыку пачалі арыштоўваць. Я пачаў ствараць такую ініцыятыву «Як граць гэтую песню». Зрабіў некалькі відэаінструкцыяў і выкладаў іх праз інтэрнэт. Спачатку я зрабіў інструкцыю на «Тры чарапахі», потым на «Муры», потым на «Перамен» на расейскай мове, бо гэта былі, я лічу, галоўныя песні пратэсту.
Піт Паўлаў. Фота: vk.com/petepaff
Тады, на хвалі пратэстаў, я пачаў здымаць шмат відэа. Нешта паспеў, нешта не. Я спрабаваў запрашаць да сябе найвядомейшых нашых беларускіх музыкаў, каб яны паказвалі, як граць іх вядомыя песні ў спрошчаным варыянце, каб кожны мог падхапіць. Тады гэта выклікала неверагодны рэзананс, неверагодную падтрымку, людзі задавалі пытанні, глядзелі, звярталіся да мяне.
— А калі ў вас з’явіліся вучні? І як пабудаваны навучальны працэс?
— Усё жыццё ў мяне былі вучні. Проста людзі звярталіся да мяне, прыходзілі. Яны дзеляцца на тры катэгорыі. Першая катэгорыя — дзеці: «Навучыце граць дзіцёнка з нуля». Другая катэгорыя: «Пакажы, як граць вось гэтую песню, менавіта вось гэтую песню N.R.M., вось гэтае сола, як ты граеш нейкую віртуозную складаную рэч». І трэцяя катэгорыя — гэта майстар-класы. То бок ёсць людзі, якія ўжо добра граюць, умеюць многае, але я бачу, што там можна нейкія вузкія месцы пашырыць, што можна лёгка ў некалькі ўрокаў чалавека на іншы ўзровень перавесці.
У мяне з’явілася мая ўласная методыка, нідзе не падгледжаная. Я пачынаю з дзецьмі, каб ужо праз два-тры ўрокі чалавек мог граць дзве-тры песні, каб у яго з’явіўся рэпертуар і прага граць далей нават без мяне. Мы пачынаем адразу ад спявання і грання песень.
Я цяпер жыву ў Варшаве, даю ўрокі афлайн: проста людзі запісваюцца і прыходзяць да мяне. Яно не вельмі танна для нашых людзей, якія ў «пераходным» становішчы, можа, і не танна. Але і не дорага па варшаўскіх мерках.
Ёсць таксама анлайн-урокі. У мяне досыць добра ўжо арганізаваны гук, добра чуваць, вельмі добрая камера. То бок на тым баку я вельмі добра магу тлумачыць, паказваць, усё чутна, усё бачна.
І ёсць яшчэ трэцяя форма, зараз я актыўна яе напаўняю. У мяне ёсць Patreon. Я туды выкладаю метадалагічныя матэрыялы ў выглядзе электронных табулатураў, PDF. Гэта тое, па чым я сам вучыўся калісьці, песні развучваў, мае ўласныя аўтарскія апісанні, якія выглядаюць часам нават як літаратура.
Мая школа мае назву «Граем». Зараз гэта слова ўсе спрабуюць выкарыстаць, але я карыстаюся словам «Граем» ужо, напэўна, 15 год, як я назваў яе. Па-беларуску «Граем», а лацінкай пішацца праз H: «H» вялікая, «raj» маленькімі, а потым «Em», «E» як акорд, «Em» — мі мінор. «HrajEm» атрымліваецца лацінкай.
Калі я займаюся з вучнем індывідуальна, я выбудоўваю кожны раз для яго. Я не проста кажу: «Зрабі гэта, гэта, гэта, я праверу». Не, кожны раз мы вылучаем нешта канкрэтнае, што, па-першае, пасуе для гэтага чалавека і для гэтага вучня, а па-другое, што яму самому вельмі падабаецца. Вельмі істотным з’яўляецца, каб была матывацыя зайграць менавіта тое, тое запаветнае, тое, што ўнутры жаданнем сядзіць, а не тое, што настаўнік лічыць мэтазгодным.

А яшчэ адзін праект, які я зараз распачаў, я распачаў ад сябе, але я хачу, каб гэта быў адкрыты праект. Я складаю зборнік беларускіх музычных тэрмінаў, бо ў нас за гэтыя гады склалася пэўная колькасць музычнай тэрміналогіі, якая адрозная ад расейскай, бо ў нас ёсць свае ўласныя назвы для ўсяго.
Напрыклад: куплет, прыпеў, дадатковы спеў, драмс — гэта бубны, талеркі. Для ўсяго ёсць нашыя словы альбо агульныя словы з Еўропай.
Важна, што беларуская гітарная школа знаходзіцца на неверагодна высокім узроўні ў былым Савецкім Саюзе. То бок увесь былы СССР разам не даў столькі гітарыстаў вышэйшага ўзроўню, як адна Беларусь.
Магчыма, самым вядомым беларускім гітарыстам з’яўляецца, можа, Уладзімір Ткачэнка з «Песняроў» і Піт Паўлаў. Такое ўражанне ў мяне. Можа, яшчэ Сяргей Трухановіч з «Крамы». А іншыя імёны вельмі для мяне знакавыя, іх ніхто не ведае. Лёня Вярэніч, Аркадзь Юшын, Сяргей Анцішын — гэта геніі гітары. Гэтых людзей ніхто не ведае, а хацелася б даць ім голас.
Гэта людзі, якія, можна казаць, стварылі савецкую гітарную школу, паўплывалі на яе моцна, бо яны пачыналі практычна ад нуля.
З колькаснай перавагай расейскай культуры змагацца можна адным спосабам: паспрабаваць прыцягнуць увагу сваіх, бо якасць матэрыялаў часам вельмі высокая.
— А як людзі ўвогуле рэагуюць на гэтыя ініцыятывы, ці ёсць зацікаўленасць?
— Зацікаўленасць не проста ёсць. Няма адбою! Адзінае, што ёсць, — такі комплекс: «А, гэта ж Піт Паўлаў, ён, напэўна, нам недасяжны, ён недасяжны, таму што ён жа такая зорка». Вось гэта людзі не вераць, і гэта перашкаджае.
І ёсць яшчэ адзін слой: людзі не вераць, што яно можа быць такім простым, бо вось гэтая савецкая адукацыя музычная, яна ўсю сваю моц паклала на тое, каб давесці да звычайнага чалавека, што гэта не ўсім дадзена, што гэта дадзена нейкім небажыхарам. Што граць, спяваць, пісаць музыку — гэта не для ўсіх.
«Не, гэта ж трэба мець талент...» Я таксама веру ў талент, але я талентам называю зусім іншы ўзровень. А вось базавы ўзровень, першы ўзровень, уваход — для гэтага не трэба талент. Гэта як навучыцца машыну вадзіць.
Урокі музыкі і малявання былі, але былі фармальныя. Самыя неістотныя прадметы былі маляванне і музыка, а я лічу, што гэта база. 20–30 беларускіх песень трэба навучыцца граць і спяваць, каб гэта было кодам.
Я лічу, што спяваць мусяць усе людзі. І што гэта трэба зрабіць часткай проста школьнай адукацыі, любой адукацыі, мастацкай. На самым базавым узроўні ахоп павінен быць 100%.
Усе людзі мусяць граць і спяваць, усе, колькі іх ёсць. Прынамсі, беларусы.