Не навіна, што ад вайсковай агрэсіі Расіі супраць Украіны церпіць шмат беларусаў. Кагосьці вайна за адну ноч пераўтварыла з турыста ў бежанца, хтосьці толькі пачаў абжывацца на другой радзіме пасля падзеяў 2020 года ў Беларусі, каб у адно імгненне зноўку апынуцца ў сур’ёзнай небяспецы.
Вядомая беларуская паэтка Іна Снарская жыве ва Украіне некалькі дзясяткаў гадоў, з’яўляецца сябрам адразу двух саюзаў пісьменнікаў, украінскага і зліквідаванага сёлета беларускага. Яе аповед не толькі пра змены ў побыце звычайных украінцаў, якія адбыліся з прыходам расійскіх войскаў, але і пра тыя змены, якія зараз адбываюцца ў стасунках паміж беларускім і ўкраінскім народамі.
Прадчуванне трагедыі
З чаго пачаць? Можа, з прадчування трагедыі, якая прыйшла — не спыталася. Яшчэ да паведамленняў амерыканскай і брытанскай выведкі пра верагоднасць вераломнага нападу Расіі мне сталі сніцца сны пра вайну… 7 сакавіка — мой дзень народзінаў, і родныя традыцыйна дарылі мне падарожжа ў якую-небудзь цёплую краіну, Егіпет або Турцыю.
«А што калі будзе вайна?» — задавала я трывожнае пытанне сыну і мужу, а яны адказвалі, што гэта бязглуздзіца, што гэтага ніколі не здарыцца. Нават 23 лютага казалі, што я панікёрка. Усю ноч з 23 на 24 лютага я не магла стуліць павекаў, задрамала толькі пад самы ранак. І неўзабаве прачнулася ад таго, што ў пакой увайшоў муж і дужа сумна паглядзеў на мяне. «Вайна?» — «Так. Бамбілі Кіеў, Харкаў, Адэсу…» За вакном загучала паветраная трывога, як шалёныя лёталі па дарозе аўтамабілі. Муж паехаў запраўляцца, а я засталася сядзець каля чатырохгадовага ўнука, які якраз на гэтую ноч застаўся ў нас. Не наважвалася яго будзіць, толькі малілася…
На змену жаху прыйшло вострае жаданне перамагчы
Першыя тры дні былі суцэльным шокам і жахам, мы не адліпалі ад тэлевізара, глядзелі хроніку падзей. Усе ўкраінскія тэлеканалы аб’ядналіся і бесперапынна транслявалі навіны. У горадзе людзі ў паніцы бегалі па крамах ды аптэках, скупляючы ўсё што патрэбна і што не патрэбна. З паліцаў пазнікалі хлеб, крупы, кансервы... Рэгулярна гучала паветраная трывога, у краіне аб’явілі вайсковае становішча, і калі муж пайшоў у ваенкамат, каб запісацца ў тэрытарыяльную абарону, там ужо была вялізная чарга з жадаючых бараніць сваю краіну, вобласць, горад. На змену жаху прыйшла лютасць, вострае жаданне адпомсціць ворагу, перамагчы, вытрываць. Думаю, падобнае адчувала не толькі я. Забыліся ўсе спрэчкі, непаразуменні. Уся Украіна паўстала і ператварылася ў суцэльны Майдан. А оркі ўсё бамбілі і абстрэльвалі расійскамоўны, талерантны да Расіі Харкаў, руйнавалі Марыупаль. Тады шмат хто «стаў відушчым». Ніводзін украінскі горад, мястэчка, вёска не сустрэлі ворага хлебам-соллю. Простыя людзі закідвалі варожыя танкі кактэйлямі Молатава ці, як тут іх жартам называюць, бандэраўскімі смузі, а ў захопленым Херсоне людзі пад дуламі аўтаматаў выходзілі на плошчы і вуліцы з жоўта-блакітнымі сцягамі. Пра шматлікія выпадкі неверагоднага гераізму можна прачытаць у інтэрнэце, усё гэта чыстая праўда…
Кожны нешта робіць для перамогі
Ці было мне страшна, калі пачалася вайна? Вядома, я ж жывы чалавек. Першая думка была пераехаць у вёску, дзе ў нас лецішча, але ўсё ж мы вырашылі застацца ў горадзе, трымацца ўсім разам. Эвакуацыя за кардон не разглядалася наогул, хоць і была такая магчымасць. Сёння кожны з маіх родных нешта робіць для сваёй краіны і перамогі.
Як растлумачыць чатырохгадоваму хлопчыку, што адбываецца зараз
«Обійми мене...», малюнак Вольгі Якубоўскай
Больш за ўсё вымотвае паветраная трывога. Калі яна заспявае ў горадзе, хаваемся ў паркінгах, падвалах супермаркетаў, бамбасховішчах, каму як пашанцуе. Раней з першымі гукамі сірэны мы, як былі дома, адразу беглі ў падвал, а цяпер проста сядаем на падлогу ў калідоры, дзе няма вокнаў, за дзве сцяны ад вуліцы. Падчас паветранай трывогі я заўсёды з жахам думаю: кудысьці паляцела смерць…
Найбольш хвалююся за ўнука. Як растлумачыць чатырохгадоваму хлопчыку, што адбываецца зараз, чаму мы хаваемся ў падвале? Як яму расказаць пра вайну? Сын кажа: «Добра, што наш Макарчык яшчэ маленькі, спадзяюся, ён не запомніць тое, што адбываецца цяпер».
Макар рашуча, апантана водзіць сінім фламастарам па аркушы, крэсліць вертыкальныя лініі, закручвае ў спіралі. Пытаюся: «Што ты малюеш?» — «Вайну». І раптам пытаецца ў мяне: «Буся, а чаму калі гучыць сірэна, гэта азначае небяспеку?»
Паветраная трывога часта бывае ўначы, але сын і нявестка не бягуць у падвал, каб не спужаць Макарчыка, хаваюцца ў калідоры. У шафе малому пасцялілі матрасік, дзе ён часта засынае, не дачакаўшыся адбою трывогі… Увечары завешваем вокны спецыяльнай чорнай тканінай для светламаскіроўкі. Святлом карыстаемся мінімальна.
Новыя звычкі і маленькія радасці
З’явілася некалькі новых звычак, сярод іх ранішняя і вячэрняя. Цяпер мой ранак пачынаецца не з кавы, а з прагляду навінаў. Дзякуй Богу, у нас ёсць інтэрнэт, чытаю ў тэлефоне, што адбылося за суткі. А ўвечары тэлефаную знаёмым і сябрам з Харкава і Кіева, дзе ад першага дня ідуць баявыя дзеянні. Да траюраднай сястры з Марыупаля за тры тыдні так і не змагла дазваніцца, можа, яе ўжо няма сярод жывых, але супакойваю сябе тым, што яна магла выехаць з Украіны, таму сувязі і няма… Вельмі турбуе доля знаёмых з Харкава. У паэта Андрэя Касцінскага ўшчэнт зруйнавалі кватэру ў шматпавярховым будынку, дачка яго цудам уратавалася, бо падчас абстрэлу засталася начаваць у кагосьці са знаёмых… Старшыня праўлення Харкаўскага гарадскога нацыянальна-культурнага аб’яднання «Сябры» Васіль Астаповіч нікуды не выехаў, застаўся ў сваёй кватэры, хаця той раён, дзе ён жыве, увесь час абстрэльваюць. Кажа: «Гэта мой дом, куды мне бегчы? Гэта наша зямля!» Ён не раз выказваў сваю пазіцыю ў «Фэйсбуку», звяртаўся да беларусаў, даваў інтэрв’ю…
Сярод звычак, якія з’явіліся ў гэты цяжкі час — нічога не планаваць наперад, радавацца кожнаму пражытаму дню, кожнай ночы, якая прайшла без паветранай трывогі. Маленькія радасці — кава, кветка на падаконні, сустрэча з унукам, усмешкі дзяцей, размова з сябрамі... Вялікае шчасце жыць і бачыць твары родных, дарагіх людзей…
Сорамна за тых беларусаў, якія маўчаць
Украінцы заўсёды добра ставіліся да беларусаў, лічылі іх сваімі братамі. Я ва Украіне жыву ўжо больш за трыццаць гадоў і за гэты час ніколі не адчула нават мінімальнага ўціску, негатыўных ці паблажлівых да сябе адносін. Я самастойна вывучыла ўкраінскую мову, не таму, што мяне нехта змушаў, а таму што сама гэтага хацела. Такім чынам, натуральна ўлілася ва ўкраінскую культуру, уваходжу ў Спілку пісьменнікаў Украіны, таксама была сябрам у Саюзе беларускіх пісьменнікаў.
* * *
Па беламу – трава,
Па чорнаму – няволя.
Галосіць удава
Савою ў чыстым полі.
Па чорнаму – снягі
Пярыну сцеляць душам,
Дзе волаты ляглі,
Там і сірот задушаць.
А пушчы хараство
Спяліць птушыны вырай.
Лятучае яство
Успомніць сны пра крылы.
Успомніць даўніх дзён
Жывую таямніцу:
Хто ў вышыні анёл,
Той на зямлі – крыніца.
А прашчур скажа нам:
«Не буді яко черві...»
І херувім, як храм,
Асвяціць шлях вячэрні.
Вершы і малую прозу пішу па-беларуску і па-ўкраінску. Дваццаць гадоў я працавала на ўкраінскім дзяржаўным тэлебачанні, рабіла перадачы і дакументальныя фільмы на культурніцкую тэматыку. Быў цыкл перадач і пра Беларусь, беларускую культуру. Гэтыя тэленарысы заўсёды карысталіся папулярнасцю, як сярод беларусаў, так і сярод украінцаў… Мне страшэнна балюча, што Рэспубліка Беларусь падтрымлівае Расію ў гэтай вайне. Мне сорамна за тых беларусаў, якія маўчаць, заплюшчваюць вочы на тое, што адбываецца. Добра разумею, чаму так, але кожнаму ўкраінцу не раскажаш пра шматлікія рэпрэсіі ў Беларусі, пра эміграцыю патрыятычных сіл і шмат што яшчэ. Тут ведаюць адно: пуцінскія орды забіваюць сыноў і дачок Украіны, бамбяць нават радзільныя дамы, тэатры, музеі. Ці былі бандэраўцамі нованароджаныя дзеці Марыупаля або манашкі Святагорскага манастыра? Як такое можна дараваць? Як можна падтрымліваць і апраўдваць вайну?.. Але, спадзяюся, большасць украінцаў ведаюць: шмат беларусаў ваюе на ўкраінскім баку, яны змагаюцца за свабоду Украіны, бо не жадаюць жыць у канцлагеры. Гэтыя свядомыя беларусы стануць супрацьвагой, «выкупяць» сорам нацыі… У гэтыя дні я перажываю і асабістую драму: адзін мой брат жыве ў Маскве, другі ў Мінску, ніводзін з іх не піша, не цікавіцца, не хоча ведаць праўду... Але я ім дарую. Хай жывуць шчасліва… калі змогуць.
Мае беларускія сябры і знаёмыя — гэта пераважна патрыятычнае, нацыянальна свядомае асяроддзе, і, вядома ж, гэтыя людзі негатыўна ставяцца да вайны, развязанай пуцінскай Расіяй, маральна яны на баку Украіны. Таму мае адносіны да іх не зменяцца. Тыя, хто падтрымлівае вайну або маўчыць… Што ж, гэта іх выбар… я проста выкрэсліваю такіх беларусаў са свайго жыцця. Няхай жывуць без мяне…
Пасля гэтай вайны свет стане іншым
Ужо два з паловай гады я не была ў Беларусі. Вядома ж, сумую па родных мясцінах, сябрах, знаёмых. Радні ў Беларусі амаль не засталося. Не ведаю цяпер, калі прыеду і ці змагу. У Крыму я не была з часу анексіі, хоць раней адпычывала там амаль кожнае лета. Магчыма, тое самае будзе і з Беларуссю, калі ў краіне не зменіцца ўлада.
Але галоўнае зараз выжыць, вытрываць, перамагчы. Пасля нашай перамогі, спадзяюся, і ў Беларусі нешта зменіцца да лепшага. Пасля гэтай вайны свет стане іншым.
Слава Украіне! Жыве Беларусь!
Іна Снарская