«ІнБелКульт 2.0» — так называецца новая беларуская культурніцкая ініцыятыва, што пачала працу ў Варшаве. Зрэшты, сціпла называць яе ініцыятывай ужо сёння, бадай, не выпадае. Сябры арганізацыі маюць амбітны праект развіцця цэлай інстытуцыі па прамоцыі беларускай культуры ў замежжы. Пра задумкі і планы, мары і перашкоды, грошы і цікавасць публікі — наша гутарка з адной са стваральніц «ІнБелКульта 2.0», дырыжоркай Concordia Chor Галінай Казіміроўскай.
Галіна Казіміроўская
— Відавочна, што «ІнБелКульт 2.0» ужо сваёй назвай паказвае на пераемнасць з іншай ініцыятывай амбітных беларусаў — Інбелкультам. У чым палягае гэтае наследаванне?
— Так, відавочна, мы натхніліся Інбелкультам — той арганізацыяй, што паўстала 100 гадоў таму на папялішчы беларускасці, і якая зрабіла неверагодна шмат. Абʼяднала яскравых асобаў, якім балела за Беларусь, у якіх гарэлі сэрцы супольнай справай і якія за кароткі час здолелі закласці добры падмурак для развіцця беларускай адукацыі і навукі. Для мяне той Інбелкульт па значнасці, маштабе намнога вышэйшы, чым наш сённяшні, але мы сябе так называем, бо напраўду робім новую спробу аднавіць беларускасць.
Мы ў падобнай сітуацыі: адкрытай вайны нібыта няма, але як сціркай беларускасць сціраецца з гэтага свету: звальненні, ціск, арышты, забарона на прафесію, чорныя спісы. Нібыта нас і не было, а культуры не існуе.
Мы сёння робім спробу аднавіць найперш дух той інстытуцыі, што паўстала 100 гадоў таму, бо тут таксама сабраліся людзі, якім баліць, якім не ўсё роўна. І мы сябе адчуваем нашчадкамі пачынальнікаў, а таксама тымі, хто нясе адказнасць за будучыню. Мы менавіта тут і цяпер адказваем за тое, як будзе існаваць ці не існаваць беларуская культура ў будучыні.
Гэтым праектам мы абʼядналі творчыя сілы беларусаў у эміграцыі. Стварылі сурʼёзную структуру, каб можна было ладзіць сістэмныя, значныя справы. І падаецца, што такое абʼяднанне мусіць пайсці толькі на карысць справе развіцця беларушчыны. Маем задумкі, якія будуць звязаныя з рэалізацыяй культурніцкіх праектаў у розных сферах: адукацыі, кнігавыдання, музыкі.
Падчас адкрыцця «ІнБелКульта 2.0» выступае Concordia Chor
— Інбелкульт ствараўся 100 гадоў таму як надзвычай маштабная арганізацыя з дзяржаўным размахам. Ці хопіць у вас сіл, рэсурсаў, часу, каб сапраўды ўвасобіць такі грандыёзны праект напоўніцу?
— У нас няма дзяржаўнага рэсурсу, і нават не можам сказаць, ці будзе ён калісьці. Таму відавочна не ствараем такую ж арганізацыю, як 100 гадоў таму. Сярод нас няма такіх глыбаў, як Купала, Некрашэвіч, Тарашкевіч, Ігнатоўскі, якія ў свой час шмат сілаў паклалі на той праект. Што тычыцца часу: пасля перамогі, калі мы вернемся на беларускую зямлю, то Інбелкульт застанецца тут, у Польшчы, але задачы будуць перад ім стаяць іншыя.
Так, многія краіны ствараюць спецыяльныя інстытуцыі для прасоўвання ўласнай культуры за мяжой. Гэта такія месцы, куды можна прыйсці, каб вывучаць мову краіны, знаёміцца з культурай і народам. У нас жа не выклікаюць пытанняў Інстытут імя Гётэ, Шведскі, Польскі Інстытуты, Асяродак гішпанскай культуры імя Сервантэса і Італьянскі — імя Дантэ, што паспяхова працуюць у розных краінах свету. Але Беларускага інстытута пакуль няма, і справай яго стварэння мусіла б займацца дзяржава, каб прасоўваць сваю культуру. Але ж, на жаль, беларуская дзяржава такім не займаецца.
— А польская? Паколькі «ІнБелКульт 2.0» заснаваны ў Польшчы і пры спрыянні польскіх уладаў, то лагічна думаць, што цікавасць з іх боку ёсць.
— Інстытуцыя, якую мы стварылі на базе фонду «Вольнага хору», — гэта першы крок па шляху да прамоцыі беларускасці. За час у эміграцыі хор вырас, абʼяднаўшы вакол сябе іншыя праекты, і ператварыўся ў фундацыю. Цяпер мы зноў расцем і прасоўваем сваю тэму ў польскіх уладных структурах, каб паўстала беларуская дзяржаўная інстытуцыя, але на польскай глебе. Іншага спосабу няма. Польшча таксама зацікаўленая ў гэтай справе. Беларусь для палякаў — краіна-суседка, пра якую тут мала ведаюць, справа будаўніцтва інстытута дапаможа пабачыць нашы агульныя кропкі, адрозненні, спазнаць беларускі край. Польскія ўлады разумеюць вартасць культуры, што гэта не проста пра душэўны рэлакс, гэта ключ да волі, філасофіі, нацыянальнай ідэі. Чаму ў Беларусі такі ціск на людзей культуры? Беларускія ўлады таксама ў нейкай ступені разумеюць моц, якой валодае песня, карціна, скульптура. Культура нясе ў сабе пасыл для будаўніцтва дэмакратычнага грамадства.
Польшча зацікаўленая ў тым, каб мець у вобразе Беларусі нармальнага суседа, развітага, вольнага. Таму палякі ўжо цяпер вельмі спрыяюць тым працэсам, што мы тут будуем. Гэта не толькі жэст міласэрнасці да беларусаў, але і будаванне мастоў.
— А чаму вы самі не спыніліся на прыступцы хору і фундацыі? Відавочна, што і на тым этапе вам як кіраўніку працы і заняткаў хапала, а тут — яшчэ больш.
— Мы можам тут сядзець і чакаць лепшых часоў. І, прызнаюся, я так і планавала рабіць, калі прыехала ў Варшаву. Але праз паўгода зразумела, што так жыць немагчыма, я не магу нічога не планаваць, не хачу жыць з аглядкай на стан здароўя нейкага вусатага дзеда. Таму вырашыла дзейнічаць так, як дзейнічала б, калі б Беларусь была вольная. Што б я хацела змяніць? Якія праекты зладзіць? Канечне, у паўнавартасным абʼёме не магу іх рэалізаваць, але ж нешта можна. І гэта тыя праекты, якія я забяру з сабою ў Беларусь, калі надарыцца такая магчымасць.
Напрыклад, мы ствараем Мастацкую школу імя М. Равенскага. У нас ёсць настаўнікі, дзеці, свядомыя бацькі, то сёння і тут можна пабудаваць школу мары, такую, як нам бы хацелася. Што тычыцца інстытута, то цяпер ён працуе перадусім на падтрымку і захаванне беларускай культуры ва ўмовах эміграцыі і сярод беларусаў у Беларусі. Але калі мы пераможам, то не будзем забіраць яго з Польшчы: сам інстытут будзе тут патрэбны, проста яго задача крыху зменіцца. Тады ён будзе не захоўваць, а паказваць, папулярызаваць здабыткі беларускай культуры. У любым выпадку ў Польшчы беларуская пляцоўка, дзе можна набыць кнігу, дыск, пачуць беларускую мову, патрэбная. Спадзяюся, што іншыя краіны таксама падхопяць такую ідэю, і інстытуты будуць расці ў еўрапейскіх гарадах як грыбы.
Куратар Беларускай дзіцячай школы мастацтваў імя Міколы Равенскага Таццяна Галуза
—У Варшаве ўжо ёсць: Беларускі Дом, Беларускі Моладзевы хаб, Цэнтр Беларускай Салідарнасці, Рэзідэнцыя «Дом творцаў», Варшаўскі Вольны аркестр, дзіцячая музычная школа, хутка зʼявіцца Музей Вольнай Беларусі. Якое месца ў гэтай сетцы беларускіх устаноў польскай сталіцы будзе займаць «ІнБелКульт 2.0»?
— У нас такое вялікае поле! Калі я пабачу, што ўсе пытанні вырашаныя, усе мастакі, музыкі маюць працу, а дзеці маюць магчымасць вывучаць беларускую культуру, я выдыхну і падзякую Богу! Дзякуй усім, хто займаецца беларускай культурай тут, бо тут развіваецца шмат напраўду вартых праектаў. І паміж намі няма канкурэнцыі, няма спробаў кагосьці падпарадкаваць. У Варшаве працуе 21 недзяржаўны інстытут: кнігі, Пілецкага, Міцкевіча, і сярод іх няма галоўнага, яны ўсе розныя і ўсе патрэбныя. І пакуль яны патрэбныя — хай будуюцца, працуюць і развіваюцца. Мы будуем свой не насуперак, не супраць, а проста таму, што я бачу ў ім патрэбу.
Вакол мяне шмат дзеячаў культуры, якія зараз разгубленыя, не маюць магчымасці працаваць па спецыяльнасці. Разам з тым усе гэтыя ўстановы ў Варшаве пакуль не могуць забяспечыць культурнай працай усіх нашых творцаў. Для мяне гэта асабістая праблема, бо я сюды прыехала з калектывам прафесійных музыкаў, і некаторым з іх і сёння даводзіцца працаваць прыбіральшчыкамі, прадаўцамі. Атрымліваецца двайная страта: чалавек губляе сябе як прафесіянала ў культуры, і беларуская культура губляе падрыхтаванага спецыяліста. Калі такія страты становяцца тэндэнцыяй, калі я бачу, што 50 выдатных прафесіяналаў пакутуюць праз неўладкаванасць, то мне за гэта вельмі баліць.
Раз я магу паспрыяць зменам у нашай галіне, то лічу сябе за гэта адказнай. Калі ёсць магчымасць збудаваць прафесійны аркестр, я буду пачынаць і прыкладаць для гэтага намаганні. Спыніцца, не рабіць можна заўсёды, а сядзець і чакаць спрыяння — не пра мяне.
У той жа час, беларусам усе нашыя праекты могуць быць не так і патрэбныя. Публікі тут не так і шмат, яны не могуць разаравацца, трапіць ва ўсе месцы. Але мы падкрэсліваем: мы адкрытыя для ўсіх, усім прапануем наша майстэрства і свой вопыт. Палякі да нас яшчэ не прыходзяць, але ўкраінцы ўжо завітваюць.
У нашых выкладчыкаў вельмі высокі ўзровень, не хочацца яго губляць. Калі мы сёння страцім гэтых спецылістаў, то ў будучыні ў нас паўстане новае пытанне: хто іх заменіць? Нам і так будзе няпроста ў той умоўнай Новай Беларусі, але з недахопам спецыялістаў будзе яшчэ горш.
— Ці будзе тое, што ствараецца ў Польшчы, хай сабе і ў сценах «ІнБелКульта 2.0», напраўду беларускай культурай? Вакол нас палякі, у Беларусь многія паехаць не могуць, каб натхніцца і знайсці для сябе новыя сэнсы. Ці не стане той культурніцкі прадукт адарваным ад рэальнай Беларусі?
— Што такое беларуская культура ў нашым выпадку? Гэта наша выканальніцкае майстэрства. Яно — у асаблівасцях адукацыі, практыкі як харавога дырыжора, настаўніка. Гэта не значыць, што мы выконваем толькі беларускую музыку, бо мова гэтых твораў можа быць рознай, але я хачу несці творчасць беларускіх кампазітараў, адкрываць іх творчасць свету. Я вырасла ў Мінску ў харавой сямʼі, выхоўвалася на традыцыях рускай культуры, але сама здолела стварыць беларускі хор, які цягам 15 гадоў выконваў творы менавіта беларускіх кампазітараў.
Я лічу, што ў мяне ёсць стрыжань, які і надалей дазволіць захоўваць гэтую беларускасць і несці яе ў свет. Я не з ліку тых беларусаў, хто прачнуўся ў 2020-м. Для мяне беларускасць перадусім і, каб натхніцца, не абавязкова ехаць у Беларусь. У мяне ёсць свой багаж, досвед, які ў мяне ніхто не забярэ, ёсць беларускія кнігі, ёсць беларускамоўныя сябры, і калі мне трэба спрычыніцца да беларушчыны, я размаўляю з Уладзімірам Някляевым, Лявонам Вольскім.
Цэлае асяроддзе стварылася тут, у Варшаве, дзе мы можам адно аднаго мацаваць. У Мінску я не мела столькі беларускага жыцця, колькі яго маю тут. Расчараванне, спадзяюся, не наступіць, бо гэта маё ўсё жыццё. На беларускай гісторыі, ідэі пабудавана мая прафесійная дзейнасць. Наўрад ці буду рабіць нешта іншае, апроч беларускай музыкі.
— Вы ўжо адзначалі, што беларускіх устаноў у Варшаве адкрываецца многа, і можа здарыцца так, што хутка прапанова беларускага культурніцкага поля перавысіць попыт. Як можна пашыраць колькасць публікі?
— Нам перадусім варта палюбіць саміх сябе, ганарыцца сабой і не пераставаць пра сябе казаць. І потым нас палюбяць іншыя. Не думаю, што палякі да нас адразу прыйдуць. Але тут можа дапамагчы «сарафаннае радыё», і наш прафесіяналізм стане менавіта тым фактарам, што яго «ўключыць». Так, калі ёсць класная школа, выдатны настаўнік, то варта рабіць стаўку менавіта на майстэрства, а не на нацыянальнасць. Я не веру ў сацсеткі і рэкламу, лічу, што мая праца будзе казаць сама за сябе. На сёння ў нас ужо ёсць вучні, тыя, хто бачыць патрэбу ў нашых паслугах. Мы, беларусы, звыкліся працаваць, вучыцца ў розных умовах, не так і важна, хай гэта будзе сутарэнне ці нейкі дворык. А палякам істотны камфорт, уладкаванасць, запланаванасць. Магчыма, калі мы самі вырасцем і станем сурʼёзным цэнтрам, то да нас прыйдуць.
— Адкуль столькі грошай на гэты праект? Відавочна, што гэта досыць вялікая праца з вялікім бюджэтам.
— Мы заснавалі фундацыю, каб самастойна шукаць фінансаванне для нашых праектаў. Для польскіх дамоў культуры, цэнтраў звычайная справа падаваць заяўкі на гранты і самім шукаць грошы. Яны на розных праграмах здабываюць сродкі, і мы ідзем па такім жа шляху. А пакуль — музычная школа існуе з падтрымкі беларускіх бізнесоўцаў, памяшканне — у Старамейскім доме культуры — Польшча прадаставіла бясплатна. Хор і акцёрская студыя для дзяцей бясплатныя, мы знайшлі фундатараў, што дапамагаюць з заробкамі для настаўнікаў. Некаторыя заняткі аплочваюць самі вучні. Групавыя студыі мы прынцыпова зрабілі бясплатнымі, каб прыйсці сюды была магчымасць у кожнай сямʼі. Беларусам тут няпроста выжываць, і на ўсе гурткі не запішашся, асабліва маючы некалькі дзяцей. Для дзяцей пабываць на рэпетыцыі хору, тэатральнай студыі — вялікае шчасце. Калі мы іх збіраем разам, яны знаёмяцца, размаўляюць па-беларуску, то гэта вялікая справа. Для нас важна таксама не страціць увагу падлеткаў, бо з імі вельмі складана працаваць, таму ствараем шэраг студый — фота, кіно, мультыплікацыі, куды маглі б хадзіць менавіта тынэйджары.
— Хто яшчэ ўваходзіць у «Інбелкульт 2.0»? Хто актыўна ўключаны ў яго працу ўжо сёння?
— Назаву толькі некаторых сяброў і партнёраў, з кім працуем ужо сёння. Гэта дырэктарка Інстытута Пілецкага ў Берліне Ханна Радзеёўска, якая ладзіць шмат праектаў у Берліне і тут, у Варшаве. Аліна Коўшык, журналістка і сузаснавальніца Цэнтра Беларускай Салідарнасці. З намі сімфанічны дырыжор Іван Касцяхін, які быў звольнены з Опернага тэатра ў Мінску, з ім будзем ствараць беларускую капэлу. Святлана Зелянкоўская будзе адраджаць гурт «Госьціца». З намі знаны фатограф Андрэй Лянкевіч, «Купалаўцы» Крысціна Дробыш і Алег Гарбуз... Тут сабралася выдатная каманда, якая, я ўпэўненая, здолее зрабіць шмат важнага.
Дырэктарка Інстытута Пілецкага ў Берліне Ханна Радзеёўска, Галіна Казіміроўская, журналістка і сузаснавальніца Цэнтра Беларускай Салідарнасці Аліна Коўшык
— Іх так многа, што я нават не ведаю, як здолець усё паспець! Хочам адкрыць новыя гурткі для дарослых: курсы гісторыі беларускай музычнай літаратуры і заняткі акцёрскім майстэрствам. Плануем зладзіць некалькі летніх інтэнсіваў для дарослых і дзяцей, дзе будзем выкладаць вакал, інстурмент, сальфеджыа, акцёрскія эцюды, дзе можна будзе і развіваць майстэрства, і пазнаёміць людзей паміж сабой. У Польшчы такіх праектаў хапае, але беларусам, якія вымушаныя былі сюды пераехаць, псіхалагічна не так і проста пайсці на заняткі ў цалкам чужы асяродак. Беларусы цягнуцца адно да аднаго. Таму там, дзе свае, больш верагодна, час пойдзе на карысць. Нас запрасілі на польскі фестываль Манюшкі, дзе пакажам яго і як нашага, беларускага, кампазітара. Таксама ўвосень паедзем на Бетховен-фэст у Бон, дзе раней ніколі не было беларускага хору.
Івэнтаў вельмі многа, шмат і планаў таго, што будзем ладзіць стала, рабіць стала, калі ў гэтым будзе патрэба.
Я б хацела дабрацца да тых беларусаў, хто яшчэ не прачнуўся, хто лянуецца нешта новае зрабіць. І не ідзе гаворка пра тое, што буду нешта навязваць. Лічу, варта паказаць, што і гэтая грань рэчаіснасці існуе. Як з кнігай: пакуль не пачнеш чытаць, то не зразумееш, наколькі яна цікавая.
Актрыса Святлана Зелянкоўская ў «ІнБелКульт 2.0» будзе адраджаць гурт «Госьціца»
— Чаму беларусам штораз, кожнаму пакаленню, трэба раскрываць у сабе беларускасць? Вось і вы кажаце пра тое, што трэба, каб беларусы прачнуліся.
— Гэта наш праклён, нібыта мы завіслі, як у камп’ютарнай гульні, на ўзроўні 100 гадоў таму. За што змагаліся нашы пачынальнікі ў пачатку ХХ ст.? Людзьмі звацца. І за гэтае стагоддзе нічога не змянілася. Хочацца ўжо проста будаваць, нармальна жыць і развівацца, але даводзіцца змагацца за сябе, за сваю беларускасць. Мо, калі мы справімся, то будзем вельмі такім класным краем, а цяпер проста трэба прайсці гэтае выпрабаванне?
Трэба выпрацоўваць ген самастойнасці, змагання за сябе і сваю культуру. 2020 год даў надзею, што нешта можа здарыцца, так, мы цярплівыя, інтэлігентныя, тонкія, але і агеньчык у нас усё ж ёсць.
Нават разумеючы нашу павольнасць, чаканне нейкага штуршка звонку, я вельмі люблю беларусаў.
Чытайце яшчэ: Кіраўнік хору «Унія»: «Я ўпэўнены, што наш хор будзе спяваць у сваёй краіне»
Марына Весялуха, budzma.org
Фота: Яўген Канаплёў-Лейдзік