Тэатральная прадзюсарская ініцыятыва Inexkult запрашае беларускія тэатральныя калектывы і праекты да ўдзелу ў Другім фестывалі беларускага тэатра ў Варшаве INEX FEST.
Inexkult — прадзюсарская ініцыятыва, якая аб’ядноўвае беларускіх і польскіх спецыялістаў у галіне менеджменту выканальніцкага мастацтва, PR і дызайну. Яна стварае ўмовы для творчай рэалізацыі і ўстойлівага развіцця праектаў незалежнай беларускай культуры.
Леташні фестываль INEX FEST доўжыўся ўсё лета. Больш за 3 тысячы гледачоў змаглі пабачыць выбітныя творы беларускага тэатра.
Спектакль па раману Альгерда Бахарэвіча «Плошча Перамогі». Мікалай Стонька ў ролі Лёксы Шпуля, Зоя Белахвосцік у ролі маці. Фота: Аляксандр Валодзін, budzma.org
Сёлета, дзякуючы падтрымцы ад Міністэрства Замежных Справаў Польшы і плённай працы каманды, INEXKULT рыхтуецца да правядзення Другога фестывалю беларускага тэатра ў Варшаве. Гэтым разам фестываль распачнецца ў маі і працягнецца да канца года.
«Мы хочам паказаць беларускі тэатр ва ўсіх яго відах і формах, таму чакаем заяўкі ад беларускіх камандаў і творцаў розных тэатральных дысцыплін,» — зазначылі арганізатары.
Фестываль пройдзе ў Варшаве, але ініцыятыву цікавяць і праекты з іншых гарадоў і краін — гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з новай аўдыторыяй.
Заяўку на ўдзел можна падаць да 10 мая праз форму па спасылцы.