Якія ёсць эфектыўныя стратэгіі ў канкурэнтнай барацьбе з цэнтрамі распаўсюду прапаганды? Як прасоўваць беларускамоўны кантэнт? Што рабіць дзеля пералому сітуацыі з панаваннем прапаганды ў Facebook, Google? Які досвед прасоўвання свайго кантэнту маюць краіны з падобнымі да беларусаў праблемамі?
У беларускім сегменце інтэрнэту ўжо каторы раз актуалізавалася тэма неабходнасці ўплыву на міжнародныя карпарацыі, якія фактычна манапольна кантралююць распаўсюд інфармацыі ў прасторы сусветнага сеціва.
Калі яшчэ 4-5 гадоў таму да Meta, Google і інш. спарадычна звярталіся некаторыя актывісты з Беларусі, сёння на кампаніі-гіганты намагаюцца ціснуць актыўныя колы з апошняй хвалі беларускіх эмігрантаў. Атрымалася нават далучыць да зваротаў наконт неабходнасці спрыяння пашырэнню беларускамоўнага кантэнту еўрапейскіх чыноўнікаў: Еўракамісія заклікала Google, Meta і іншыя кампаніі бігтэха дапамагчы беларускім медыя ў выгнанні прасоўваць іх матэрыялы.
Гэта ўжо не кволы збор подпісаў пад петыцыяй сярод нешматлікіх прыхільнікаў пашырэння беларускай мовы ў інтэрнэце.
Святлана Ціханоўская на сустрэчы з віцэ-прэзідэнткай «Google» Анэтэ Крэбэр-Рыль. Давос, Швейцарыя. 18 студзеня 2024 года. Наступная сустрэча запланавана на 16-18 лютага ў межах Мюнхенскага форуму бяспекі. Фота: Telegram Святланы Ціханоўскай
Але як паказвае практыка, такія спробы ўплыву на лідараў рынку наўрад ці спрацуюць. І справа тут нават не ў «асаблівай» беларускай сітуацыі. Хутчэй прычына ў грашовым пытанні. А таксама ў рэакцыянісцкіх дзеяннях з боку беларускіх актывістаў. Якія не асабліва пераймаліся, пакуль алгарытмы карпарацый павольна рэагавалі на змену лакалізацыі большасці беларускіх СМІ.
З часам гэтая змена пачала ўплываць на прысутнасць старонак незалежных СМІ ў пошукавай выдачы ці прыярытэтных паказах у сацыяльных сетках. Прапагандысцкія рэсурсы такім чынам часткова адваявалі месца ў сваіх канкурэнтаў.
Відавочна, што сённяшняя хваля прэтэнзій да Meta і Google абумоўлена значнымі абмежаваннямі для распаўсюду беларускамоўнага кантэнту на тэрыторыі Беларусі. Што з боку кампаній выглядае цалкам лагічна, бо кампаніі ў першую чаргу зважаюць на статыстыку, а адпаведна на эканамічны чыннік.
Расійскамоўны кантэнт на тэрыторыі Беларусі здаўна мае нашмат большы попыт за беларускамоўны. Можна сказаць, што беларускамоўнае папросту тоне ў расійшчыне, якая паглынае Беларусь і з боку РФ, і з боку расійскамоўных стваральнікаў кантэнту з Беларусі.
За ўсе мінулыя гады ў «самай ІТ-краіне сярод іншых ІТ-краінаў» не быў распрацаваны канкурэнт, напрыклад, вядомай расійскай сістэме бухгалтарскага ўліку. Распрацоўшчыкі праграмы своечасова падладжваліся пад змены эканамічнага і падатковага заканадаўства ва ўсіх краінах былога СССР. Вось толькі моўныя законы яны не бралі да ўвагі.
І тым не менш захапілі амаль цалкам рынак праграмнага забеспячэння ў сваім сегменце. Акрамя «ўтрымання ў «рускім міры»» народаў былога СССР, гэта нясе і практычную пагрозу бяспецы. Не дарма рознага кшталту эксперты па электроннай бяспецы папярэджвалі, што ўсім вядомы «Бітрыкс» можа перадаваць інфармацыю спецслужбам РФ.
Інфармацыйная вайна — не менш істотная
Прапагандысцкія колы ў Беларусі, добра разумеючы характар спажывання інтэрнэт-прадукцыі беларусамі, граматна скарысталіся гэтай акалічнасцю. І дзякуючы не заўжды чыстым метадам (фабрыкі ботаў, накруткі наведвальнікаў, атакі на рэсурсы канкурэнтаў, банальнае блакаванне і г. д.) здолелі пераламіць становішча ў сеціве на сваю карысць.
За два апошнія гады цалкам быў пераломлены трэнд у Google Навінах і Facebook. Калі не займацца адмыслова пошукам, а давяраць выключна сфармаваным Google і Facebook трэндам, на гэтых сэрвісах натрапіць на публікацыі некантраляваных з Мінска рэсурсаў сёння амаль немагчыма.
Трэба аддаць належнае і адзначыць, што рэжымныя спецыялісты па прасоўванні кантэнту граматна выкарысталі некаторыя асаблівасці працы інтэрнэт-гігантаў па распаўсюдзе навінаў, публікацыяў — згодна з лакалізацыяй і запытамі. І гэтым апярэдзілі канкурэнтаў, у тым ліку карыстаючыся не толькі белымі (чыстымі) інструментамі.
Але абапіраліся яны не толькі на тэхнічныя перавагі. Не сакрэт, што прапагандысцкі апарат выкарыстоўвае не толькі інфармацыю аб працы алгарытмаў інтэрнэт-гігантаў, але і такую ўласцівасць большасці чалавецтва, якую можна назваць лянотай розуму. Што палягае ў нежаданні мысліць на перспектыву, рэфлексаваць і самаўдасканальвацца. Зрэшты, нежаданне шукаць інфармацыю.
Большасць розумаў грамадзянаў абірае існаванне ў выдуманым свеце і перакананні саміх сябе ў слушнасці такога парадку, калі будучыня бачыцца нібыта ў ценях мінулага, зразумелага, здзейсненага. У адрозненне ад рэальнасці, у якой падзеі непрадказальныя.
Менавіта да гэтай ментальнай багны і апелююць прапагандысты. Паразітуюць на хлуслівых пачуццях «настальгіі па мінулым», жаданнях быць датычным да «агульназразумелай мовы» і г. д.
А ў выніку значная колькасць жыхароў Беларусі добраахвотна абірае жыццё ў палоне збудаваных у РФ культурніцка-гістарычных хімераў.
Вайна — гэта выклік для кожнага
Выклікам для нашага грамадства і кожнага беларуса сёння ёсць фармаванне ўласнага ўяўлення, пабудаванага на інавацыйным мысленні, накіраваным у будучыню.
Можна заўважыць, што сёння паўтараецца гісторыя апошніх пары дзясяткаў год. Калі актывістам беларусізацыі не хапіла маштабнасці мыслення, дзеля разумення стратэгіі. Таму ў асноўным уся праца была засяроджана на культурніцкіх, агульнаграмадскіх і палітычных тэмах. Са спарадычнымі, хутчэй бессістэмнымі дзеяннямі.
Час прадэманстраваў, што ў рэальнасці ўзгаданыя кірункі ўплыву на масы не выглядаюць прыярытэтнымі для большасці жыхароў Беларусі.
Сапраўды, на сённяшні час падобна, што вынікам вялікай часткі працы актывістаў стала канчатковае афармленне беларускай мовы (і адпаведна ўсяго нацыянальнага кантэксту) у якасці гістарычна-фальклорнай цікавосткі. Не больш.
Калі досвед суседніх краінаў неаднаразова дэманстраваў, што падыход да супрацьстаяння ўплывам расійшчыны можа праяўляцца ў самых розных, самых непрадказальных формах. Нават у такой паспяховай у сэнсе захавання ідэнтычнасці краіне, як Літва, з дамінаваннем расійскай маскультуры змагаліся і змагаюцца, у тым ліку, не заўжды легальнымі метадамі. Прыгадваецца, як літоўскія спевакі і гурты масава перапявалі папсовыя расійскія музычныя хіты на літоўскай мове. І адбывалася гэта не толькі ў 1990-я. Яшчэ і 5-10 год таму сустракаліся падобныя прыклады. Пры гэтым ні пра якія аўтарскія правы нават не ішлося. Галоўнай мэтай было літаральна хваляй не заўжды якаснага кантэнту заглушыць прыблізна такі ж па якасці расійскамоўны.
Пералом сітуацыі любымі сродкамі
Для выбудовы патэнцыйна паспяховай стратэгіі па прасоўванні беларускамоўнага кантэнту і паступовага выціскання канкурэнтаў з інфармацыйнага поля Беларусі, ужо цяпер мела б сэнс стварыць тэхнічны цэнтр і пабудаваць стратэгію на падставе адрозных ад мінулых падыходаў да развіцця беларускамоўнага сегменту інтэрнэту.
Неабходна разуменне таго, што інфармацыйная вайна ёсць такім жа сур’ёзным мерапрыемствам, як і канвенцыйная. Таму для пачатку працы варта было б выявіць усе адміністрацыйныя, стратэгічныя і іншыя памылкі, дапушчаныя раней рознымі структурамі, якія займаліся распрацоўкай і распаўсюдам беларускамоўнага кантэнту. Памылкі і станоўчыя вынікі варта сістэматызаваць і сабраць статыстыку, датычную ахопаў аўдыторыі, водгуку на ранейшыя захады ў інфармацыйнай сферы. Для выяўлення магчымых станоўчых стратэгій, якія былі неэфектыўнымі не з-за сваёй памылковасці, а напрыклад, з-за дрэннага адміністравання працэсаў.
Таксама важна разумець культурна-моўніцкую рэальнасць, якая пануе ў галовах большасці жыхароў Беларусі і эмігрантаў. І таму ставіць дасяжныя мэты, без выбудовы «ружовых замкаў». Грамадзяне Беларусі не пачнуць раптам спажываць больш беларускамоўнага кантэнту. За іхныя розумы неабходна змагацца.
На падствае мінулага досведу, мела б сэнс зрабіць стаўку на агрэсіўныя стратэгіі ў канкурэнтнай барацьбе з афіцыйнымі цэнтрамі распаўсюду кантэнту.
І не варта палохацца такой пастаноўкі пытання. Бо ў інтэрнэт-сфера ёсць менавіта агрэсіўнаю. І перамагаюць у змаганні не толькі самыя крэатыўныя, цікавыя і яскравыя. Але ў тым ліку і тыя, хто выкарыстоўвае шэрыя і чорныя метады, як у пошукавым прасоўванні, так і ў распаўсюдзе недакладнай інфармацыі пра канкурэнтаў, стварэнні старонак-клонаў, фермаў троляў, атак з генерацыяй масавых запытаў да сервераў і г. д.
Безумоўна, не зважаючы на тое, што прапагандысты ўжо даўно перайшлі ўсе межы і парушаюць нават свае ж законы ў тым ліку і ў інтэрнэце, дзейнічаць неабходна карэктна, але не заўжды трымацца маральных правілаў і некаторых неафіцыйных звычаяў барацьбы ў інфармацыйнай плашчыні.
Калі ёсць матываваная каманда, якая мае неабходныя інструменты, часам нават ламаць і атакаваць сайты канкурэнтаў няма неабходнасці. Дастаткова знаходзіцца ў шэрай зоне. Вось прыклад некаторых эфектыўных метадаў, якія сёння выкарыстоўваюць у інтэрнэце:
— масавая падпіска на канкурэнтныя акаўнты ў сацсетках, што часам прыводзіць да іх блакавання з-за падазрэнняў пра накрутку падпісак,
— граматная і паэтапная накрутка праглядаў беларускамоўных ролікаў на відэаплатформах, сацыяльных сетках, сайтах,
— масавыя скаргі ботаў на акаўнты канкурэнтаў у сацсетках,
— стварэнне суполак/старонак/сайтаў клонаў з падобным дызайнам, але з іншым кантэнтам,
— аўтаматызацыя працэсаў па стварэнні старонак/сайтаў — выкарыстанне кантэнту канкурэнтаў з аўтаматычнай генерацыяй (ці нават наўпроставым перакладам) тэкставай часткі (напрыклад, кланаванне шматлікіх старонак у Facebook з архіўнымі і сённяшнімі фота гарадоў).
Падобным чынам сёння дзейнічаюць вельмі блізкія ў моўным сэнсе да беларусаў чарнагорцы і баснякі. Гэтыя народы маюць крыху адрозныя ад нашай моўнай праблемы. Але таксама вядуць вайну за пералом у інтэрнэт-трэндах. І не хаваюць намераў зменшыць уплыў на інфармацыйную сферу сербскага і харвацкага кантэнту.
Беларускім інтэрнэт-энтузіястам не варта разлічваць выключна на адозвы дэпутатаў Еўрапарламенту да Google, але і самім дзейнічаць. Напэўна, у тым ліку з ужываннем не заўжды «белых» метадаў.
Найбольш эфектыўны і рызыкоўны метад
Сёння расійскамоўны кантэнт у асноўным будуецца на перайначванні заходніх трэндаў і пірацкіх перакладах заходняга кіно і серыялаў. Апошні элемент не ёсць нават «шэрым», але «чорным» метадам. Напэўна, таму найбольш эфектыўны. Да таго ж ён патрабуе шмат рэсурсаў.
Адной з відавочна пераможных стратэгіяў па прасоўванні беларускамоўнага кантэнту можа быць канкурэнцыя з расійцамі менавіта на гэтым напрамку. Гэта патрабуе вялікіх высілкаў і рэсурсаў, можа выклікаць неадназначнае стаўленне з боку праваўласнікаў і ўвогуле Захаду. Але калі браць пад увагу неабходнасць захавання і распаўсюду беларускай мовы, метад можа выглядаць асабліва неабходным і слушным.
Відавочна, што стаўка на такі метад (а таксама ўзгаданыя вышэй) не толькі ўзніме спажыванне беларускамоўнага кантэнту, але і значна паўплывае на алгарытмы інтэрнэт-гігантаў.
Назіранне за прасоўваннем пірацкіх расійскіх парталаў дазваляе казаць, што нават Google не заўжды адэкватна і своечасова рэагуе на распаўсюд прадукцыі з парушэннем аўтарскіх правоў. Магчымыя блакіроўкі сайтаў і кантэнту варта разглядаць у якасці неабходных ахвяраў падчас вайны.
Яны неабходныя для пералому трэндаў. Таксама як петыцыі і заявы палітыкаў рознага ўзроўню.
А. Г., budzma.org
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Чытайце яшчэ: Таццяна Астроўская: «Важна ўсведамляць, што супраціў — гэта не акт, а працэс, і ён можа быць працяглым па часе»