На нядаўняй сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Вільні, што зладзіла Беларуская асацыяцыя журналістаў, Інга Пэтц, знаны нямецкі публіцыст, які «з 1994 года наведаў Беларусь незлічоную колькасць разоў», сказаў, што нашая краіна зараз сышла з інфармацыйнага парадку дня Нямеччыны. Але гэта не значыць, што рабіць нешта па прасоўванні беларускай тэмы ў еўрапейскую інфапрастору не мае сэнсу.
«Гэта, безумоўна, марафон, звышцяжкі марафон», — заўважае Інга Пэтц у размове з Budzma.org.
Інга Пэтц стала наведвае Беларусь з 1994 года. Працаваў у «Süddeutsche Zeitung», «Der Standart», быў актывістам Нямецка-беларускага таварыства. Выдавец CD «The Red Book of Belarusian Music» (2006), арганізатар беларускіх канцэртаў і вечарын у Берліне. Жанаты з беларускай Алесяй Белановіч-Пэтц, якая працуе ў Нямецкім таварыстве па вывучэнні Усходняй Еўропы. У 2006-м беларускі МЗС адмовіў Інга ў візе. «Для мяне гэта эмацыйны шок, бо я маю шмат сяброў у Беларусі. Я прывязаўся да гэтай краіны і яе людзей. Не ведаю, ці часовая гэта забарона на ўезд. Я атрымаў пашпарт поштай з прылепленай да яго цыдулкай: «Без візы». І надалей буду пісаць пра Беларусь, але рэпартажаў, відаць, нейкі час больш не будзе... Я засмучаны, бо заўжды спрабую расказваць у сваіх артыкулах пра невядомыя на Захадзе бакі Беларусі — культуру, гісторыю», — заявіў Інга Пэтц тады. Журналіст і зараз працягвае сваю місію — расказваць пра невядомую на Захадзе Беларусь.
«Dekoder» паўстаў з ініцыятывы нямецкага журналіста Марціна Кроса, і гэта сталася вынікам, можна сказаць, расчаравання тым, наколькі мала ведаюць у Нямеччыне пра рэаліі постсавецкіх краін. Падзеі ў 2014 годзе ва Украіне — Еўрамайдан — паказалі, што Германія мае патрэбу ў сур’ёзным партале, які б меў адукацыйную ролю, стаўся дыскусійнай пляцоўкай, разбіваў стэрэатыпы і інш.
Да гэтага часу існуе яшчэ і такая праблема: візія ўкраінскіх і беларускіх падзей праз прызму Масквы. Справа ў тым, што нямецкія выданні і тэлекампаніі не трымалі спецкарэспандэнтаў у Кіеве і Мінску, падзеі ў гэтых краінах аддаваліся на асвятленне карэспандэнтам тых жа «Die Welt», «Süddeutsche Zeitung», «Frankfurter Allgemeine» у Маскве. Што да Украіны, то сітуацыя ўсё ж змянілася з пачаткам вайны. У выпадку Беларусі — не.
«Глыбокага ведання пра Расію, пра грамадства, пра незалежныя СМІ ў немцаў не было. Немцы і не ведалі нічога пра ўнутраныя дыскусіі інтэлектуалаў на гэтай прасторы (...) Так з 2015 года мы дэкадуем Расію. Мы маніторым і шукаем матэрыялы ў расійскіх, а зараз і беларускіх СМІ, якія могуць быць цікавымі для нямецкага чытача. У нас ёсць прафесійныя літаратурныя перакладчыкі, якія робяць нямецкія версіі гэтых тэкстаў. Але гэтага недастаткова, каб пагрузіцца ў кантэкст. Таму была створана другая частка сайта — у калонцы справа мы размяшчаем так званыя гнозы, у якіх даем кароткія эксплейнеры. Гэткае паглыбленне ў бэкграунд, у кантэкст Беларусі ці Расіі», — распавёў Інга Пэтц.
Па беларускай тэме ёсць эксплэйнеры пра Францыска Скарыну, Святлану Ціханоўскую, Васіля Быкава .
«Вы можаце заўважыць, што ў нас мала фатаграфій і шмат тэксту. Як бы не зусім у адпаведнасці з трэндам», але, кажа Інга Пэтц, тут «Dekoder» застанецца кансерватыўным, бо аўдыторыя сайту рэгулярна наведвае яго, «а ўстойлівасць — вельмі важны паказчык».
«Гэта вялікія і складаныя па тэматыцы праекты. Мы гэта робім самі, шукаем аўтараў, робім візуалізацыю. Праца сур’ёзная — графічныя рашэнні, асаблівая вёрстка, ілюстрацыі. Навошта такія спецпраекты? Калі ў нямецкім грамадстве хоць крыху-крыху ведаюць пра Расію, то пра Беларусь такіх ведаў у прынцыпе не існуе. З 2020-га сітуацыя крыху палепшылася, але пра некаторыя нават фундаментальныя рэчы людзі ў Германіі не ведаюць, пра сітуацыю з мовай, пра вашу шматслойную гісторыю — не ў курсе. І вось гэтыя спецпраекты, яны паказваюць, што калі ты хочаш лепш разумець, што адбываецца ў Беларусі, то чытай “Dekoder”», — кажа Інга Пэтц.
Вось тут можна паглядзець, які файны атрымаўся спецпраект пра беларускую міфалогію.
«Мы запрашаем і экспертаў, напрыклад, Аляксандр Фрыдман зрабіў палітычныя агляды. І распачалі цыкл эсэ — у нас ужо былі Андрэй Хадановіч, Ціхан Чарнякевіч, Максім Жбанкоў, Святлана Курс. Гэтыя эсэ — на беларускай мове», — распавёў журналіст.
«Уплываць на стэрэатыпы — гэта працяглы працэс. “Dekoder” як праект эфектыўны, калі ён доўга існуе і працуе, эфектыўны на доўгай дыстанцыі. Калі людзі трапляюць на сайт, у іх ад пачатку паўстае шмат пытанняў, адразу з першага матэрыялу. І наша надзея ў тым, што яны будуць вяртацца за адказамі на свае пытанні. І гэта ўжо наша праца — адказы», — сказаў Інга Пэтц.
Фінансуецца «Dekoder» са сталым штатам у 9 чалавек данатамі чытачоў. «Гэта таксама выклік нашага часу, беларускім журналістам, тым больш у выгнанні, думаю, гэты выклік добра знаёмы. То-бок я не толькі кірую беларускім праектам “Dekoder”, але пошук фінансавання для тых спецпраектаў — гэта ўвесь час актуальнае пытанне», — заўважыў Інга Пэтц.
Што да шырокай цікавасці да Беларусі, то «я заўважыў, што ў 2020 годзе, калі пачаліся пратэсты, тут сапраўды людзі хацелі зразумець, што там у Беларусі адбываецца, які сацыяльна-палітычныя працэсы там праходзяць». «У 2023 годзе пра Беларусь, пра жорсткія рэпрэсіі, якія працягваліся, нямецкія СМІ, на жаль, амаль нічога не пісалі. Беларусь як тэма зноў знікла з прасторы нямецкіх СМІ. Чаму так? Гэта складана патлумачыць. Ды нават вайна ва Украіне знікла з першых старонак. Я дваццаць пяць гадоў прабіваў беларускую тэму, спрабаваў ламаць стэрэатыпы, нешта, канечне, памянялася, але гэта ўсё вельмі марудна. Ды і ў рэшце рэшт, заўважаем, што аўдыторыя стамілася ад кепскіх навін — таксама такі трэнд ёсць. І тут заходзіш на “Dekoder” — а там навіны з пекла, не ўсе, канечне, але большасць — з пекла», — распавядае Інга Пэтц.
«З іншага боку, у Германіі дагэтуль праводзіцца шмат культурных мерапрыемстваў, звязаных з Беларуссю. Нават, я б сказаў, іх усё больш і больш, нават здзіўляюся. Усё больш людзей гэтым займаецца, больш арганізацый паўстае. (...) Канечне, гэта даўгі працэс. Але пазітыўны эфект ужо ёсць. Усё не так кепска», — зазначыў журналіст.
«Dekoder» таксама ладзіць адукацыйныя праграмы для беларускіх журналістаў. Неўзабаве пачнецца ўжо чацвёрты сезон.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Фота Барыса Гарэцкага
Чытайце яшчэ:
Наталля Станкевіч: «Капялюш пісьменніцы я змяніла на капялюш псіхолага. Мая аўдыторыя ў Берліне — у асноўным украінкі і беларускі