Ініцыятыва MALDZIS выкупіла кнігу “Вялікае майстэрства артылерыі” Казіміра Семяновіча

27.08.2025 Культура

Ініцыятыва MALDZIS выкупіла франкамоўнае выданне «Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая» («Artis Magnae Artilleriae pars prima») Казіміра Семяновіча, надрукаванае ў Амстэрдаме ў 1651-ым годзе. Гэтая праца, напісаная рукою беларуса, — помнік навуковай і вайскова-тэхнічнай літаратуры сусветнага значэння, паведамляецца на сайце ініцыятывы.

maldzis-vialikaha-mastactva-artylieryi-01.jpgКніга «Вялікае майстэрства артылерыі». Фота: Ірына Арахоўская

Упершыню кніга «Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая» выйшла ў свет у Амстэрдаме ў знакамітым выдавецтве Яна Янсана (Johannes Janssonius) у 1650-ым годзе на лацінскай мове.

maldzis-vialikaha-mastactva-artylieryi-02.jpgКніга «Вялікае майстэрства артылерыі». Фота: Ірына Арахоўская

Набытае Maldzis выданне з’яўляецца французскім перакладам, які быў надрукаваны ў 1651-ым годзе яшчэ пры жыцці Семяновіча ў тым жа галандскім выдавецтве, што і лацінскі першадрук. У кнізе — 22 гравюры, якія ўтрымліваюць больш за 200 малюнкаў і схем, зробленых галандскім гравёрам Якабам ван Мёрсам паводле эскізаў аўтара.

maldzis-vialikaha-mastactva-artylieryi-03.jpgКніга «Вялікае майстэрства артылерыі». Фота: Ірына Арахоўская

Асаблівасцю набытага старадрука з’яўляецца прадмова, напісаная Казімірам Семяновічам менавіта для франкамоўнага выдання. Гэта апошняе дакументальнае сведчанне жыцця нашага славутага суайчынніка — Семяновіч памёр у 1651-ым годзе ў нявысветленых дагэтуль абставінах.

maldzis-vialikaha-mastactva-artylieryi-04.jpgКніга «Вялікае майстэрства артылерыі». Фота: Ірына Арахоўская

Кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS:

«Кніга „Вялікае майстэрства артылерыі“ пісалася як падручнік для артылерыстаў і піратэхнікаў і здабыла славу самай грунтоўнай і аўтарытэтнай працы ў сваёй галіне ў Еўропе. Нягледзячы на захапленне артылерыяй і ракетамі, Казімір Семяновіч прытрымліваўся гуманістычнага светапогляду: лічыў войны найвялікшым няшчасцем для чалавецтва».

Кніга была набытая на аўкцыёне на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Паўла Данэйкі, Івана Шылы і мецэнатаў, якія пажадалі застацца непублічнымі.

У будучыні кніга будзе перададзеная ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання ў Беларусь яна будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за мяжой. Старадрук можна будзе пабачыць на Фестывалі Мальдзіса, які пройдзе 7-га верасня ў Варшаве.

maldzis-vialikaha-mastactva-artylieryi-05.jpg

maldzis-vialikaha-mastactva-artylieryi-04.jpgКніга «Вялікае майстэрства артылерыі». Фота: Ірына Арахоўская

Кажа Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы MALDZIS:

«Казіміра Семяновіча можна аднесці да самых эрудаваных людзей свайго часу. Гэта зорка першай велічыні на небасхіле беларускай нацыянальнай навукі. Ягоныя даследаванні і чарцяжы, надрукаваныя ў „Вялікім майстэрстве артылерыі“, шмат у чым апярэдзілі час на стагоддзі. Яны ляглі ў аснову сучаснага касмічнага ракетабудавання і ў чымсьці застаюцца актуальнымі нават да сёння».

Пра Казіміра Семяновіча і гісторыю стварэння «Вялікага майстэрства артылерыі»

Казімір Семяновіч, вайсковы інжынер і артылерыст Вялікага Княства Літоўскага. У прадмове да набытага Maldzis французскага выдання ён падпісаўся як літоўскі рыцар, генерал-лейтэнант артылерыі ў Каралеўстве Польскім.

Паводле беларускіх гісторыкаў, Казімір Семяновіч нарадзіўся блізу 1600-га года каля Дуброўна ў Віцебскім ваяводстве. Ён паходзіў з роду дробных князёў Семяновічаў.

Як пісаў сам Семяновіч, ён цікавіўся артылерыяй з дзяцінства і вывучаў матэматыку, механіку, гідраўліку, архітэктуру, оптыку, тактыку, каб павялічыць свае веды.

Удзельнічаў у войнах Рэчы Паспалітай з Масковіяй і з татарамі. Кароль Уладзіслаў Ваза накіраваў яго ў Галандыю для паглыблення ведаў. Пасля вяртання ў 1647-ым годзе Семяновіч быў прызначаны інжынерам артылерыі, а затым — намеснікам галоўнага камандзіра артылерыі Рэчы Паспалітай.

У 1649-ым годзе зноў выехаў у Галандыю, дзе завяршыў напісанне першай часткі «Вялікага майстэрства артылерыі», якую выдаў у 1650-ым годзе. Кніга была перавыдадзеная па-французску ў 1651-ым годзе, па-польску ў 1663-ім, па-нямецку ў 1676-ым, па-англійску ў 1729-ым, а пазней — на галандскай, дацкай ды іншых мовах.

Мэту выдання сваёй кнігі аўтар акрэслівае гэтак:

«...Выданнем гэтае працы я хацеў бы зрабіць паслугу маёй Радзіме і маім суайчыннікам, якія заўсёды выяўлялі вялікую схільнасць да гэтай навукі і якія цанілі яе болей, чым іншыя галіны вайсковай навукі».

Змест кнігі надзвычай багаты. У ёй цытуюцца больш за 200 старажытных і сучасных аўтараў — ад матэматыкаў да класікаў грэцкай і рымскай літаратуры. Семяновіч упершыню прапанаваў шматступеньчатыя ракеты, прыдумаў своеасаблівую ракетную сістэму залпавага агню і вынайшаў крыло трохвугольнай формы, без якога немагчыма ўявіць сучасны звышгукавы знішчальнік.

Казімір Семяновіч рыхтаваў і другую частку кнігі, пра што паведаміў у прадмове да першай часткі лацінамоўнага выдання. Аднак яна не ўбачыла свет, а рукапіс лічыцца згубленым. У пачатку XX стагоддзя ў польскім друку былі згадкі пра тое, што рукапіс Семяновіча бачылі ў бібліятэцы Артылерыйскага музея ў Пецярбургу.

Лёс Казіміра Семяновіча і ягоная кніга яднаюць Беларусь з Польшчай, Літвой і Нідэрландамі.