У беларусаў будзе цяпер свой кніжны інстытут. Пра гэта стала вядома на канферэнцыі «Інстытут беларускай кнігі: мары аб будучыні». Мерапрыемства прайшло ў Варшаве ў каворкінгу руху «Салідарнасць». 21 студзеня на працягу сямі гадзін там абмяркоўвалі лёс беларускай кнігі і тое, як на яго можа паўплываць новая інстытуцыя. Да чаго прыйшлі — чытайце ў нашым рэпартажы.
Размовы пра стварэнне Інстытуту беларускай кнігі вяліся ў беларускім асяроддзі незалежнай культуры не адзін дзясятак гадоў. Падобныя арганізацыі існуюць у розных краінах свету. У суседняй Польшчы, напрыклад, Інстытут кнігі займаецца папулярызацыяй чытання, распаўсюдам кніг і прамоцыяй нацыянальнай літаратуры і мовы ў свеце. Цяпер падобная інстытуцыя можа з’явіцца і ў беларусаў.
Пра тое, чым магла б займацца новая арганізацыя, разважалі выдаўцы Андрэй Янушкевіч і Ігар Логвінаў. У дыскусіях, прысвечаных аўдыякнігам, сваё слова сказалі Крысціна Дробыш і Яўген Дзячэк. Кацярына Пікірэня і Наталля Русецкая разважалі пра беларускую лічбавую кнігу, а Аляксандр Чарнуха распавёў, што рабіць, калі табе адмаўляюць выдаўцы. Таксама ў канферэнцыі ўдзельнічалі Таццяна Нядбай, Павел Баркоўскі, Раіса Шостак, Лілія Ільюшына і Павел Касцюкевіч. Завяршылася сустрэча круглым сталом, да якога далучылася Аліна Коўшык.
«Гэта не альтэрнатыва выдавецтвам»
— Калі паўстала ідэя арганзіаваць канферэнцыю, мы вырашылі, што гэта павінна быць максімальна адкрытае мерапрыемства. Вельмі радасна бачыць, што так шмат людзей адгукнулася на нашую прапанову, — распачаў устаноўчае спатканне філосаф Павел Баркоўскі.
Сярод прысутных тым часам можна было заўважыць палітолага Віталя Цыганкова, паэтку Марыю Мартысевіч, музыку Ігара Банцара, гісторыка Ягора Сурскага. Аднак большасць слухачоў усё ж далучалася да сустрэчы анлайн.
Павел Баркоўскі прывёў напачатку драматычныя лічбы: толькі за апошнія 1,5 года ў Беларусі было пазбаўлена ліцэнзіі некалькі найбольш паспяховых незалежных выдавецтваў.
— Беларускае кнігавыданне вельмі рызыкуе застацца без свайго чытача. Каналы камунікацыі паміж імі штучна перарываюцца. Адпаведна, мы можам апынуцца ў сітуацыі, калі сама па сабе кніжная дзейнасць па-беларуску будзе вельмі дарагой, няўдзячнай або вельмі малазапатрабаванай.
Уласна, будучы Інстытут беларускай кнігі і зоймецца вырашэннем гэтых няпростых пытанняў.
«Але гэта не так, што хто першы ўстаў — таго і лапці», — пажартавала пісьменніца Лілія Ільюшына і падчас свайго выступлення паабяцала, што ў справе стварэння новай арганізацыі ўсё будзе вырашаць супольнасць.
— То бок, сённяшнія спікеры — не абавязкова будучая каманда Інстытута беларускай кнігі? — удакладняю на ўсялякі выпадак у старшыні беларускага ПЭНа Таццяны Нядбай.
— Пакуль што гэта цалкам валанцёрскі праект. Людзі інвестуюць свой час, досвед і веды, каб штосьці стварыць.
Таццяна Нядбай падкрэсліла, што яна не з’яўляецца арганізатарам праекта. Хутчэй — яго партнёрам і гарачай прыхільніцай.
— Але кіраўнік у Інстытута будзе?
— Мы цяпер на тым этапе, калі не хочацца прыспешваць працэс. Гэта пытанне, якое трэба вызначаць супольна.
— На вашую думку, чым магла б займацца падобная інстытуцыя?
— Ёсць шэраг рэчаў, якія не закрываюцца выдавецтвамі. Таму можа быць цэлы шэраг розных кірункаў. Напрыклад, прамоцыя беларускай кнігі за мяжой. Застаецца пытанне з прывозам беларускай кнігі, з яе распаўсюдам — як у Беларусі, так і па-за краінай. Гэта таксама можа быць прыярытэтным кірункам працы.
— Наколькі бяспечным для беларускіх аўтараў будзе супрацоўніцтва з Інстытутам беларускай кнігі, заснаваным у Варшаве?
— Нават калі б гэты інстытут знаходзіўся ў Беларусі. Рэчы, якія падтрымліваліся дзяржаўнымі чыноўнікамі — мы бачым гэта па справе Паўла Белавуса — таксама становяцца небяспечнымі. На жаль, мы не можам пераламіць гэты кантэкст, але нам вельмі б не хацелася выключаць з працэсу аўтараў, якія застаюцца ў Беларусі. Таму цалкам верагодна, што мы будзем размаўляць пра стварэнне Інстытута, але не ўбачым яго арганізатараў, бо гэта можа мець для людзей пэўныя наступствы.
«У нас няма ні дэтэктываў, ні слёзных раманаў, ні фэнтэзі»
Другая частка канферэнцыі была прысечана развіццю лічбавай кнігі ў Беларусі. Сёння электронныя выданні займаюць прыблізна траціну сусветнага кніжнага рынку. Аднак беларуская сітуацыя застаецца па-за гэтай тэндэнцыяй.
— Балючая праблема — змест. Электронная кніга — гэта стаўка на масавую літаратуру, — эмацыйна выказваўся Андрэй Янушкевіч.
— У нас няма ні дэтэктываў, ні слёзных раманаў, ні фэнтэзі. Калі на беларускай мове не будзе масавай літаратуры, электронная кніга не будзе мець папулярнасці, бо не будзе чаго купляць!
У сваю чаргу выдавец Ігар Логвінаў заўважыў, што праблема электроннай беларускай літаратуры звязана яшчэ і з яе распаўсюдам.
— Вядучыя кніжныя сервісы не могуць перайсці на абслугоўванне беларускай літаратуры. Сёння гэта асноўная прычына не вельмі высокіх продажаў. Наступны момант — навігацыя. Мы спадзяемся пераважна на сацыяльныя сеткі, якія нам штосьці прапаноўваюць.
— Магчыма, Інстытут беларускай кнігі і стане тым цэнтрам, які будзе падобную інфармацыя даваць, — выказала надзею яшчэ адна ўдзельніца дыскусіі, літаратуразнаўца Наталля Русецкая.
— Менавіта электронныя выданні пашыраюць нашыя даследчыцкія магчымасці. З часам мне ўсё больш не хапае электронных кніг. Прывяду яшчэ і такі прыклад. У нас у Любліне нараджаецца новая ініцыятыва чытацкага клуба, і мы сутыкаемся з праблемай, што людзі хочуць чытаць кнігу, але электроннай версіі няма. А купіць звычайную папяровую не так проста.
А вось пытанне аб неабходнасці стварэння новай адзінай пляцоўкі (чытай — інтэрнэт-бібліятэкі), за стварэнне якой мог бы таксама ўзяцца Інстытут беларускай кнігі, выклікала спрэчкі. Па-першае, гэта вялікія фінансавыя высілкі. Па-другое:
— Вельмі спакуслівая ідэя, — засцярог Ігар Логвінаў, — бо пляцоўка — гэта заўсёды ідэалогія. Больш за тое, няма гарантыі, што на гэтай пляцоўцы не з’явяцца экстрэмісцкія кнігі і мы зноў не будзем у мінусе ў беларускага чытача. Магчыма, выхад у тым, каб стварыць рэсурс, які зробіць адзіную навігацыю.
Тэма распаўсюду беларускай кнігі гучала і на дыскусіі «Аўдыякнігі, інфармацыйная падтрымка, доступ да кніг для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі». Былая купалаўка Крысціна Дробыш распавяла пра свой «Кніжны воз» і падзялілася праблемамі, з якімі сутыкаюцца стваральнікі праекта.
— Калі выходзіць песня, кліп, гэта адразу разлятаецца па ўсіх каналах. Калі выходзіць кніжка — яе анансуе толькі «Будзьма» і нашыя сацыяльныя сеткі. Мая прапанова — засяродзіцца на інфармацыі, на распаўсюдзе. Мы з «Кніжным возам» можам рабіць буктрэйлеры, анансаваць выхады кніжак. Гэта ж як у кіно, вельмі крута!
Чытайце па тэме: Крысціна Дробыш пра «Кніжны Воз»: «Аплікацыя стварае асацыяцыі таго, што беларуская мова — гэта можа быць весела, прыгожа, цікава, забаўляльна»
Ва ўсім свеце пісьменнікі — гэта зоркі
Чым яшчэ можа займацца Інстытут беларускай кнігі? Удзельнікі канферэнцыі падкрэслівалі: гэта будзе па-над выдавецкім працэсам. Таму ў фокусе — кансультацыі, прававая падтрымка і, канешне, прамоцыя.
— Ва ўсім свеце пісьменнікі — гэта зоркі, — падзялілася думкамі вядомая культурная дзяячка Аліна Коўшык. — Гэта сапраўдны сучасны маркетынг.
Нам трэба рабіць са сваіх пісьменнікаў зорак, якія будуць прыцягваць увагу і ў Беларусі, і за мяжой. І інстытут павінен гэтаму паспрыяць. Паспрыяць таму, каб з’яўлялася масавая літаратура, літаратура перакладная.
— Беларусь, здаецца, адзіная краіна ў Еўропе, якая інстытуцыянальна не падтрымлівае свае пераклады на іншыя мовы, — дапоўніў думку Андрэй Янушкевіч.
— Пасля выхаду на мове «Гары Потэра» мне прызнаваліся, што 15 гадоў у рукі не бралі беларускай кніжкі, бо школьная праграма адбіла ўсялякае жаданне. «А что, такое бывает?». Людзі куплялі кнігу, прачытвалі і потым вярталіся за новай беларускай кнігай. Напэўна, задача інстытута і ў тым, каб стварыць спіс кніг сусветнай літаратуры, якія мы мусім мець на беларускай мове. Гэта справа прэстыжу.
— Я б хацела дажыць да таго моманту, калі б сусветныя бестсэлеры выходзілі па-беларуску раней, чым па-расійску, — дадала Аліна Коўшык і паабяцала дапамагчы ў пошуку сродкаў на падтрымку інстытута.
— Можна разглядаць дзейнасць інстытута як суму праектаў, — выказала спадзеў на падтрымку Таццяна Нядбай. — На стала будзе працаваць некалькі чалавек, а пад праекты мы будзем пашыраць дзейнасць. То бок інстытут — гэта вельмі мабільная арганізацыя, якая будзе выконваць вялікія функцыі.
— Магчыма, тады назва «Інстытут» занадта гучная? — асцярожна заўважыў хтосьці са слухачоў.
— А мне падабаецца, — пажартаваў Андрэй Янушкевіч. — Гэта адпавядае фундаментальнасці, гэта па-беларуску! Можна нават і «Акадэмія»! А калі сур’ёзна, то я ведаю, што поспех любой арганізацыі — у кадрах і фінансах. Калі будуць вырашаныя гэтыя пытанні, усё астатняе — не істотна.
Наступныя крокі па стварэнні Інстытута беларускай кнігі — гэта падпісанне мемарандума, які з’явіцца пасля канферэнцыі. Па словах Аліны Коўшык, неўзабаве збярэцца і група, якая будзе займацца непасрэдна стварэннем арганізацыі.
— У тым, што яна патрэбная, мы сёння пераканаліся. Бо гэта не толькі прамоцыя кніжкі. Гэта выхаванне культуры чытання, гэта змена кніжнага рынку ў Беларусі. А ў перспектыве — распрацаваная інстутыцыя, якая вернецца дадому і будзе там працаваць.
Паліна Часноўская, Budzma.org