Планаваць штогадовы адпачынак, дзяліць адзін вольны месяц на ўсе неабходныя справы і паездкі – для большасці з нас гэта натуральна. А вось Сержуку Місюкевічу аднойчы стала комам праца ў офісе з яе тэрмінамі, і ён кінуў кар’еру інжынера, узяў заплечнік, і цяпер у гарах яго можна сустрэць часцей, чым у горадзе.
Сяржук мае адукацыю, далёкую ад рамантыкі падарожжаў. Але праз пэўны час ён адчуў, што першапачаткова абраны ім шлях не адпавядае ягонаму прызначэнню. Пачаў хадзіць у паходы ён яшчэ ва ўніверсітэцкія часы: “Але пасля ўніверсітэта было размеркаванне, і я пачаў працаваць інжынерам”.
У прыватнай канторы за сталом Сяржук здолеў прабыць чатыры гады. “Пачалося ўсё з таго, што на час майго адпачынку ніхто паходы не ладзіў. А мне хацелася. Таму я вырашыў арганізаваць нешта самастойна”, – кажа Сяржук.
Ягонай першай вандроўкай на чале групы турыстаў быў трэкінг па Карпатах. “Мы лазілі па горах, спявалі песні, і нейкім чынам людзі трапілі ў адзіны такі струмень”, – адзначае ён. Удзельнікі таго падарожжа казалі, што такіх эмоцый не атрымлівалі ніколі ў жыцці, бо шмат хто з іх упершыню пабачыў вартыя застаўкі на працоўны стол краявіды не на экране, а на свае вочы. У дзяўчат самыя моцныя ўражанні выклікала ідэя спаць на снезе. Дадому, дарэчы, вярнуліся ўсе і здаровыя.
Але пасля адпачынку жыццё вярнулася ў звычайную плынь.
Пэўны ўплыў на змену жыццёвага кірунку Сержука меў вядомы вандроўнік Антон Кротаў. “Упершыню я трапіў на яго лекцыю ў Мінску, калі ён прыязджаў і рэкламаваў свой дом для ўсіх у Каіры. Але ў мяне тады і думкі не ўзнікла туды паехаць. Мне падавалася, што гэта так далёка, што туды няможна паехаць. І як я туды адзін пасунуся?” – гаворыць Сяржук. А праз два гады на новай сустрэчы з Кротавым гаворка ішла пра дом у Душанбэ ў Таджыкістане.
“І тады я прымеркаваў свой адпачынак да такой вандроўкі, за паўгода набыў квіток. Я сустрэў у доме ВВП людзей, што падарожнічалі значна больш, чым раз на год цягам некалькіх тыдняў. Яны не ходзяць на працу, як звычайна, а вандруюць, камунікуюць, атрымліваюць асалоду. Гэта мне тады перакуліла сусвет”, – кажа ён.
Вяртаўся Сяржук аўтаспынам праз Узбекістан. “Мяне мясцовыя звалі застацца ў іх у якасці госця на тыдзень, а спадарожнік-аргентынец мог давесці да Аральскага мора. Але на гэта ўсё не было часу, бо трэба было вяртацца. Тады я і пачаў задумвацца, што трэба завязваць з працай, дзе я быў у пэўным сэнсе “прывязаны”, – кажа вандроўнік.
Неўзабаве Сяржук зрабіў сабе фінансавую “падушку бяспекі” і сышоў з працы.
Калі сусвет не мае межаў
Па Лікійскай сцяжыне Сяржук вадзіў некалькі груп. І ва ўсіх удзельнікаў вандроўкі былі ўнікальныя ўмовы паходу.
“Аднойчы нам належаў цэлы пляж. Мы прыйшлі да невялічкага курортнага мястэчка, а за гарой быў невялічкі пляж з крутым спускам да яго. Туды ніхто не хадзіў, і там мы палілі вогнішча, купаліся, елі розную садавіну і начавалі. Было вельмі файна”, — кажа Місюкевіч.
Гара Тахталы сваім наведвнікам паказала, як мяняецца флора ў залежнасці ад вышыні: ад буйнай расліннасці на ўзбярэжжы да камянёў і пяску на вяршыні. Яшчэ Лікійская сцяжына вядомая антычнымі руінамі, дзе можна паглядзець і палазіць па старажытных амфітэатрах і рэштках гарадоў.
І, канечне, шмат чаго залежыць ад часу вандроўкі: у траўні ўдзельнікі атрымлівалі асалоду ад квецені, а ўвосень іншая група амаль увесь час была з аскомай на зубах ад дзікага вінаграду і апельсінаў. Але краявіды захаплялі з аднолькавай моцай усіх.
“Калі я ладжу вандроўку, то хачу, каб і мне было цікава. Тады гэта спадабаецца і ўдзельнікам паходу”, — адзначае Сяржук.
У Грузію ён упершыню трапіў падчас свайго самастойнага падарожжа. “Я адразу палюбіў гэтую краіну, найперш за людзей, якія там вельмі адкрытыя і гасцінныя. І першы паход з групай я ладзіў як вылазку-разведку”.
Але грузінская гасціннасць можа быць небяспечнай для планаў, бо адмовіць грузіну ў прапанове выпіць з ім — значыць моцна абразіць чалавека. Тады першы паходны дзень пачаўся з таго, што група выйшла за мястэчка і напаткала ў полі працоўных, у якіх быў перапынак. “Яны паклікалі нас да сябе на абед. У іх ён складаўся з літра чачы і абгрызенага селядца. Мы пагадзіліся выпіць з імі адзін раз і па трошкі, але мясцовы звычай абавязваў выпіць болей. Таму далей мы ішлі значна марудней, але весялей”, — расказвае Сяржук.
У той год ён шмат вандраваў па Сванэціі (адзін з найпрыгажэйшых рэгіёнаў Грузіі) і перазнаёміўся з мясцовымі: “Адзін з маршрутоўшчыкаў Каха вазіў нас ва ўсе паходы. Такі адкрыты і вясёлы дзядзька, ён неяк зазваў нас у госці”. Тады група начавала пасярод вёскі Кахі, да іх прыйшлі мясцовыя, частавалі рознай ежай і напоямі, а пасля яшчэ зладзілі танцы пад народную музыку. А Каха ўсё сватаў за дзяўчат свайго знаёмага.
Сяржук заўжды папярэджвае, што варта браць з сабой крэм ад сонца. Хоць некаторыя разы і выпадае пахмурнае надвор’е (а часам і снег), згарэць у гарах вельмі проста.
У вандроўках Сяржук нават паспявае вывучыць пэўную колькасць неабходных выразаў на мясцовай мове. Праўда, старэйшае пакаленне ў Грузіі рускамоўнае, а маладое ведае ангельскую. Выпадае і беларускай мовай у чужых мясцінах карыстацца. “У жніўні гэтага года мы абедалі ў вёсцы Ушгулі ў Грузіі. Адна дзяўчына пачула, што мы размаўляем па-беларуску. З ёй быў хлопец, які таксама выдатна валодаў мовай, але размаўляў з акцэнтам.
Як выявілася, ён немец, які пабраўся шлюбам з беларускай і вывучыў мову, бо жонка заўсёды размаўляла па-беларуску”, — кажа Місюкевіч.
Новы маршрут гэтага года прайшоў па нацыянальным парку Ётунхейм у Нарвегіі. Гэтая краіна мае некалькі асаблівасцяў: па-першае, гэта самая дарагая краіна ў Еўропе; па-другое, там нельга разводзіць вогнішчы.
“Мы хадзілі там у аўтаномны маршрут. Не выходзілі да нейкіх вёсак ці населеных пунктаў. Праз гэта трэба было загадзя набываць ежу і несці яе на сабе”, – паведаміў Сяржук. Каб як мага больш аблегчыць вандроўнікам заплечнікі, ён адмовіўся ад кансерваў і замяніў іх сушанай рыбай, мясам і гароднінай.
Але ў Нарвегіі давялося набываць шмат газавых балонаў праз забарону на вогнішча, якую ён не парушае. Варта адзначыць, што Сяржук даволі экалагічна адказны. У яго групах нават ёсць адказны за смецце чалавек.
Вандроўкі былі для людзей з рознай падрыхтоўкай. Па нацыянальным парку хадзілі ў два маршруты. Прасцейшы — для пачаткоўцаў, хто хацеў менавіта пагуляць па гарах. А на Сцяжыну троля паехалі ўжо прасунутыя трэкеры, якія прагнулі не толькі краявідаў, але і пэўнага выпрабавання сваіх магчымасцяў.
Падрыхтоўка
Вандраваць Сержуку выпадае не толькі па замежжы, але і па беларускіх лясах-балотах. Невялікія паходы ён ладзіць для тых, хто хоча паспрабаваць свае сілы перад вялікай вандроўкай у іншую краіну.
Пакуль што Місюкевіч вадзіў групавыя паходы па Турцыі, Грузіі і Нарвегіі. Налета яго мапа папоўніцца Ісландыяй, Іспаніяй і Марока.
Зладзіць такую вандроўку — уайлдкемпінг — няпроста, бо трэба ўлічваць шмат складнікаў. Галоўнае ў выбары краіны для Сержука — прыгожая прырода: “Адкрываю Гугл, націскаю кнопку “рэльеф” і гляджу, дзе там горы”.
Удзельнікі паходу ўсе рэчы нясуць на сабе. “Мы начуем у намётах, што нясем з сабой. А гэта дазволена не ва ўсіх краінах, што таксама варта загадзя ўдакладніць”, — адзначыў Сяржук. Тут істотна разлічыць вагу заплечніка, каб чалавек не стаміўся, не кінуў трэкінгавыя дрыны і не сышоў са сцяжыны. Але і такую магчымасць арганізатар вандроўкі павінен улічыць: “Калі людзі ідуць у паход упершыню, яны могуць цалкам не ведаць сваіх фізічных магчымасцяў. То я гляджу, каб побач з абраным трэкам была нейкая цывілізацыя”.
Акрамя таго, варта паклапаціцца пра харчаванне, скласці мапу, даведацца пра мясцовасць (так, вандроўкі з Сержуком часам нагадваюць экскурсіі) і шмат чаго іншага. Але як ні рыхтуйся, усё адно бываюць нечаканыя выпадкі.
“Свой першы паход я вадзіў па Лікійскай сцяжыне — гэта самы знакаміты пешы маршрут Турцыі. Тады я назбіраў групу з сяброў і знаёмых, але не ўсе з іх разумелі, куды і нашто яны едуць. Адзін хлопец невялікага росту так сабраўся, што па памерах яго заплечнік быў амаль як ён сам. Калі яго сустракалі туркі, то называлі хлопца “жалезным чалавекам”, — расказвае Сяржук. — Іншы хлопец набыў боты за дзень да паходу і так нацёр ногі, што не мог далей ісці. Тады ён прымотваў да нагі скотчам сланцы і хадзіў так яшчэ два дні”. Тым разам з адзінаццаці чалавек маршрут прайшлі толькі трое. І Сяржук зрабіў выснову, што людзей варта рыхтаваць да вандроўкі і амаль што за іх складаць іх рэчы. Бо некаторыя ўдзельнікі бралі з сабой палову шафы з адзеннем ці вялікую колькасць касметыкі (у горы!).
Зімой Сяржук займаецца тым, што распрацоўвае маршрут, сушыць гародніну і чытае пра новую краіну. Таксама ён складае для кожнага паходу спіс рыштунку і асабістых рэчаў для ўдзельнікаў, каб пазбегнуць “жалезных людзей” у групе.
“Адна ўдзельніца паходу раней ездзіла ў альпінісцкія лагеры і ўзбіралася на вяршыні. Але ў чалавека не было думкі аб тым, што трэба мінімізаваць колькасць рэчаў у паход, бо ў лагеры яны камбінуюць рэчы і пакідаюць большую частку там. Таму ў нашай вандроўцы мы раскідвалі яе рэчы па заплечніках іншых удзельнікаў”.
Цяпер Сяржук паехаў у самастойную вандроўку. А на наступны год хоча яшчэ некалькі разоў з’ездзіць у Нарвегію, па іншых мясцінах і пачаць асвойваць новы кантынент — Афрыку.
Пра свае планы ён кажа, што пакуль не гатовы спыніць вандроўкі, жыць на адным месцы і займацца нечым іншым. Сваёй працай ён бачыць камерцыйныя паходы і іх арганізацыю.
Марыя Грыц, Budzma.by