Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв’ю пасля свайго вызвалення вясной 2023 года. У берлінскай студыі яны распавялі пра тое, ці цяжка адаптавацца пасля зняволення, якія рэчы ў першую чаргу прывезлі з Беларусі і ці трэба гандлявацца, каб вызваліць палітвязняў. Hrodna.life паглядзеў інтэрв’ю і абраў самыя цікавыя моманты.
Надзея і Уладзімір Калач. Фота: facebook.com/Irdorath.by
Надзею і Уладзіміра Калачоў, лідараў фэнтэзі-фолк гурта Irdorath, 14 снежня 2021 года асудзілі на два гады калоніі. Іх абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт.342 КК «Aрганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» за музычныя выступы на маршах пратэсту ў Мінску. З улікам часу, праведзенага ў СІЗА, тэрмін зняволення склаў 1,5 года. Уладзімір і Надзея — муж і жонка, гродзенцы. Абодва музыкі былі прызнаныя палітвязнямі. Музыкі Пётр Марчанка, Юлія Марчанка і Антон Шніп з гурта Irdorath таксама былі асуджаныя на 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму.
Уладзімір адбываў пакаранне ў віцебскай калоніі, Надзея ў жаночай калоніі ў Гомелі. Да гэтага музыкі правялі дзесяць сутак у Акрэсціна і больш чым паўгода ў Валадарцы (СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску).
Надзея і Уладзімір Калач. Скрыншот відэа DW Беларусь
Пасля вызвалення музыкі сустрэліся на нейтральнай тэрыторыі. «Калі мы сустрэліся з ёй першы раз, 21-га чысла [красавіка 2023 года — Hrodna.life], узялі дуды і пайшлі граць на возера. Мы проста абняліся з усімі, усім сказалі, — «Прывітанне». Надзея пытаецца, я яе сустракаў з дудой, яна пытаецца, — «Дзе мая». Я даю ёй інструмент, мы проста сыходзім на возера граць. Правяраць, ці памятаем мы старую праграму. І ўсе справы. А потым селі на траве і пачалі спяваць адзін аднаму песні з турмы», — распавёў Уладзімір.
«Мы першы час не маглі тэлефанаваць нават уласнай сям’і. Мы нават размаўляць нармальна не маглі. Мы да гэтага часу не можам размаўляць з многімі нашымі сябрамі і гэтак далей. Нам, каб зрабіць пост у Instagram або ў TikTok, трэба пра гэта думаць тыдзень. Маральна збірацца з сіламі і гэтак далей».
Адаптацыя да свабоды не адбылася, але адбываецца, кажуць музыкі. Калі музыкі з’ехалі з Беларусі, Уладзімір адчуваў, «што можа проста ўсё» і «адчуваў сябе самым жывым чалавекам на свеце», але гэта прайшло.
«І калі першыя ў мяне сесіі былі з псіхолагам, я не разумеў, навошта мне гэта трэба. Таму што, блін, я магу дыхаць, я магу шпацыраваць, абдымаць дрэвы, я не ведаю, граць музыку, тусавацца з іншымі людзьмі і ўсе справы».
На думку Уладзіміра і Надзеі, заключэнне — нечалавечыя ўмовы і нечалавечая мука, калі людзей выдзіраюць з уласнага жыцця.
Надзея і Уладзімір Калач. Скрыншот відэа DW Беларусь
«Акрэсціна — гэта пекла на зямлі. Валадарка — у цябе няма паветра, няма сонца больш, чым паўгода там. Ты проста дзіця падзямелля пасля гэтага. Гомельскае СІЗА — у тую ж катку. Калонія — гэта рабская праца. Бясконцая рабская праца. І вось гэтыя вось усе прафілактычныя гутаркі і спробы перавыхаваць чалавека, у якога першапачаткова маральная ўстаноўка — гэта эмпатыя, суперажыванне, непрыманне несправядлівасці і непрыманне гвалту ўзброенага над няўзброеным, моцнага над слабым, які мае ўладу над простым смяротным», — распавялі музыкі.
На думку музыкаў, каб выратаваць палітвязняў і чалавечыя жыцці, трэба ісці на ўсё.
«Кожны раз, калі я выпадкова натыкалася на дыскусіі беларускага грамадства аб тым, ці варта ратаваць палітвязняў, альбо не варта гандлявацца з рэжымам, мне станавілася проста блага, таму што, калі гэтае пытанне наогул стаіць, значыць, мы нічому не навучыліся. Ні адна ідэя не варта чалавечага жыцця і свабоды. Калі можна накіраваць свае сілы не на абмеркаванне гэтага, а на выратаванне людзей, спрабаваць ціснуць, спрабаваць гандляваць, спрабаваць дамаўляцца, рабіць усё што заўгодна, людзям дрэнна, — мяркуе Надзея. — Людзі там не тое, што пакутуюць. Людзі губляюць сябе, людзі губляюць здароўе, людзі губляюць жыццё. Так, мы не можам цяпер узяць і нешта такое прыдумаць, каб усё атрымалася. Але трэба спрабаваць, і трэба толькі на гэта марнаваць сілы, выратаваць людзей, а не абмяркоўваць ідэю. Калі ідэя ўсё яшчэ будзе вышэй чалавечага жыцця і свабоды, значыць, мы вельмі далёка яшчэ. Вельмі далёка».
Надзея Калач. Скрыншот відэа DW Беларусь
Калі б Надзея магла прымаць нейкую пастанову, то яна прапанавала б Аляксандру Лукашэнку зняць усе санкцыі ў абмен на зняволеных.
«Усё? што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці. Гандлявацца, абменьвацца на іншых людзей, любыя грошы».
Сябра Уладзіміра з суседняга атрада зрабіў з адходаў вытворчасці — пластыкавых трубак — флейту. У яго атрымалася вынесці яе з прамзоны і перадаць музыканту.
«У мяне была магчымасць яшчэ граць дзе-нідзе, пару разоў. Але некалькі гукаў я выдаў. І перад тым, як вызваліцца, я ўжо адкрыта дастаў яе і падбіраў там Bella ciao. Гэта наша з Надзеяй мелодыйка, можна сказаць», — сказаў Уладзімір.
Уладзімір Калач. Скрыншот відэа DW Беларусь
«Мы заўсёды жартуем, што калі нам давялося вымушана і хутка пакінуць Беларусь, мы ўзялі з сабой самае неабходнае. І ў першым пачку самага неабходнага былі гэтыя трэскі і чарапы, якія мы знайшлі ў Налібоках, таму што яны нам важныя», — сказалі музыкі.
Надзея Калач. Скрыншот відэа DW Беларусь
Гэта іх сувязь з Беларуссю, кажуць музыкі. У другую чаргу яны ўзялі інструменты, а «нейкія рэчы тыпу адзення мы перавезлі ўжо вельмі-вельмі позна, таму што гэта ўсё роўна».
Зараз музыкі жывуць, рэпеціруюць і рыхтуюцца да сезона фестываляў у Берліне.
«Мне здаецца, мы свабоднымі па-сапраўднаму станем тады, калі мы будзем стаяць на сцэне са сваім праектам, са сваёй музыкай і нарэшце дзяліцца, натхняць, радаваць, выклікаць эмоцыі», — сказаў Уладзімір.
Сярод самых галоўных дасягненняў музыка называе тое, што «за трыццаць гадоў не стаў скотам. Не быў бы скотам».