Чаму габрэі ці не больш падтрымліваюць беларускую культуру, чым самі беларусы? Што рабіць, каб зацікавіць беларусаў сваім? Колькі моваў павінна быць у Новай Беларусі? Дзе шукаць нацыянальную ідэю? Сваімі думкамі на гэты конт падзялілася ў эфіры «Еўрарадыё» этна-спявачка, выкладчыца, рэжысёрка Ірэна Катвіцкая.
Ірэна Катвіцкая
Ірэна Катвіцкая чатыры гады жыве ў Ізраілі. Цікава, што сярод габрэяў шмат тых, хто цікавіцца і прасоўвае беларускую культуру. Напрыклад, Якаў Браўдэ, які сорак гадоў таму з’ехаў у Ізраіль з Віцебшчыны, працягвае пісаць вершы па-беларуску, а таксама арганізаваў фестываль Марка Шагала — міжнародны фестываль беларускай культуры. Дык чаму габрэі ці не больш падтрымліваюць беларускую культуру, чым самі беларусы, цікавіцца ў госці Зміцер Лукашук.
«Для габрэяў Беларусь — гэта ўтульная краіна.»
Справа ў памяці, адказвае Ірэна. Акром супольнага гістарычнага мінулага, як, напрыклад, дапамога падчас Другой сусветнай вайны, габрэі маюць традыцыю прывозіць сваіх дзяцей у краіну свайго нараджэння, «краіну ісхода». Такім чынам, нарадзіўшыся ўжо ў Ізраілі, яны ўсё адно назапашваюць і беларускую культуру, цікавяцца ёй як часткай сваёй, бо гэта важна. Дык чаму гэта не важна для беларусаў?
«Я думаю, для часткі беларусаў гэта важна. Частцы беларусаў гэта не тое што не важна, а нават яны гэта не любяць вельмі агрэсіўна. І ёсць такая вялікая-вялікая частка беларусаў, якіх ты можаш схіліць ці ў адзін бок, ці ў другі.»
Ірэна прыводзіць прыклад: стварыўшы дзіцячы фальклорны гурт, ёй удалося зацікавіць не толькі дзяцей, але і іх бацькоў і родзічаў. Дзякуючы сувязі са сваім, з беларускім фальклорам, яны разумеюць, што гэта іх традыцыя.
«Калі ты спяваеш на беларускай мове — то ўсё, ты беларус.»
Такім чынам атрымліваецца, што для працы з вялікай часткай беларусаў, «з якой можна нешта рабіць», не стае апантаных людзей — настаўнікаў, мастакоў, тэатралаў.
«Ёсць больш усвядомлены выбар, а ёсць такі, калі ты дзіцёнак і ты папросту ў гэтай краіне. Вось калі ты дзіцёнак, тады павінныя быць гэтыя структуры, цёткі, дзядзькі, якія з табой размаўляюць ці навучаюць цябе спевам, ці танцам, ці нечаму такому. І гэтыя настаўнікі павінныя быць абаяльныя. Дзіцёнак павінен хацець з табой працаваць. Ён павінен бегчы да цябе з усіх ног.»
Спявачка згадвае і сваё дзяцінства:
«Мне было трыныццаць-чатырнаццаць. Гэта быў першы мітынг на стадыёне «Дынама», Беларускі народны фронт. Маці мяне ўзяла за руку і сказала: «Вазьмі сшытак, вазьмі аловак. Ідзём на стадыён, зараз будзе тварыцца гісторыя. Усё, што бачыш, — запісвай.»
Згадваючы мінулае, Ірэна апавядае гісторыю сваёй навуковай кіраўніцы, для якой у адзін момант мова стала сімвалам абранай пазіцыі: «І вось пачаўся суд. І я гляджу: усе, хто займае маю пазіцыю, размаўляе на беларускай мове. А тыя ўсе — яны кажуць на рускай.»
«Беларуская мова заўсёды была маркерам «свой» — «чужы»,» — падсумоўвае госця.
«Я б казала пра гэта. Што як сетка, як грыбніца, а не нейкая вертыкаль. Бо нацыя гэта больш вертыкальная штука. А яно такое, як сець.»«Не тое што мы асобная нацыя, а што мы — не гэці.»
«Яна зашыфраваная ў нашым гербе «Пагоня».
Праводзячы паралель са злачынствамі, якія ўчыняе на тэрыторыі Ізраіля «ХАМАС», Ірэна прыходзіць да ўсведамлення сакральнага сэнсу пагоні:
«Ісці ў пагоню — гэта ісці за тымі, каго ў цябе забралі. Дык вось гэтая «Пагоня», калі б яна заставалася з намі не на ўзроўні папросту сімвала, то гэта і было б нашай нацыянальнай ідэяй. Што за сваіх трэба ісці. За сваіх трэба стаяць, ісці. Са зброяй у руках, таму што твой вораг заўсёды моцны, не трэба яго недаацэньваць.»
«"Са зброяй у руках" — гэта адзіны выхад для нацыі, якая хоча застацца незалежнай і ўвогуле хоча застацца ў гісторыі.»
Застаецца пытанне: а як вярнуць ці займець ваяўнічасць? Госця адказвае, што мусіць застацца нешта, за што можна зачапіцца. Цягам гісторыі палякі захавалі мову, габрэі захоўвалі рэлігію, а для беларусаў такім выратаваннем можа стаць фальклор, лічыць Ірэна Катвіцкая.
Якая палітычная сістэма найбольш падыходзіць для беларусаў? На думку госці, Беларусь ніколі не вернецца да прэзідэнцкай рэспублікі.
«Можа, манархія. Было б не так дрэнна, — жартуе Ірэна. — Але я думаю, што гэта будзе прэзідэнцка-парламенцкая ці парламенцкая рэспубліка.»
«А народ не павінен ніякага даверу мець да палітыкаў. Давер можа быць толькі да сістэмы, якая працуе.»
Што да моваў і іх колькасці, госця лічыць, што беларуская мусіць быць, калі не адзінай дзяржаўнай, то прынамсі асноўнай мовай для Беларусі, як для Ізраіля, пры наяўнасці трох дзяржаўных моў, асноўнай ўсё ж з’яўляецца іўрыт.
Падводзячы вынікі размовы, Ірэна Катвіцкая адказвае на галоўнае пытанне: як, на яе думку, гучыць беларуская нацыянальная ідэя.
«Ёсць надзея, што будзе яшчэ наш шанец. І я думаю, што гэты шанец атрымаць назад сваю краіну, вярнуць яе, вярнуць сваю зямлю сабе, — трэба быць падрыхтаванымі, што гэта будзе са зброяй.»
«Барані сваё,» — падсумоўвае думку госці Зміцер Лукашук.