У гісторыі апошніх некалькіх стагоддзяў вядомы не адзін дзясятак выпадкаў, калі актыўная частка грамадства была вымушаная эміграваць з краіны пад ціскам палітычных рэпрэсіяў. Беларусы не першыя, хто зведаў роспач і невядомасць будучыні, уціску мовы і культуры тытульнай нацыі ў атмасферы расколатасці грамадства і ў эмігранцкай супольнасці.
Першая аналогія, якая прыгадваецца ў гэтай сувязі — ірландцы. Прыклад больш маштабны і па значна большай колькасці вымушаных перасяленцаў, і па ўплыве ірландскай культуры (у шырокім сэнсе гэтага слова) на ўвесь свет, які стаў магчымым з-за «вялікага сыходу» ХІХ ст. са Смарагдавай выспы ў ЗША і Аўстралію.
Але вельмі падобным з’яўляецца і прыблізна аднолькавая колькасць насельніцтва ў Ірландыі і Беларусі на момант масавай эміграцыі, а таксама маральна-псіхалагічны стан грамадства ўнутры краіны і ў асяродках за яе межамі.
Так, сапраўды, ірландцы, што беглі са сваёй краіны пад ціскам ангельцаў, пасля некалькіх няўдалых паўстанняў, ад голаду, з-за якога загінула прыблізна 20% насельніцтва, як і беларусы сёння, мелі няшмат нагодаў, каб ганарыцца сваім паходжаннем. Дзякуючы частцы ірландскіх элітаў, што стагоддзямі супрацоўнічалі з ангельцамі, мова тытульнай нацыі — гэльская — заняпала настолькі, што сярод эмігрантаў толькі траціна яе разумела. Кнігавыдавецтва амаль адсутнічала, культура лічылася варварскай, сялянскай. Для дзесяцімільённага народа гэта быў амаль вырак. Здавалася, што раскіданыя па ўсім свеце ірландцы мелі паступова асімілявацца, а на радзіме канчаткова страціць сваю ідэнтычнасць.
Помнік ахвярам Вялікага голаду ў сярэдзіне ХІХ ст.
Якім жа чынам ірландцы здолелі не толькі захаваць сваю культуру на эміграцыі, але і распаўсюдзіць яе ў якасці масавых трэндаў па ўсім свеце? За кошт чаго ўзнялі нацыянальны гонар настолькі, што нашчадкі тых, хто бег са Смарагдавай выспы без кавалка хлеба, не ведаючы мовы продкаў, з гонарам дэкларуюць сваё паходжанне (у ЗША і Аўстраліі гэтая лічба сягае 40 млн)?
Мафія і царква
Нягледзячы на тое, што ў ХІХ ст. ЗША, куды імкнулася большасць ірландцаў, не была цалкам англамоўнай краінай (у сённяшнім разуменні), эмігрантам з Ірландыі было прасцей зліцца з мясцовым насельніцтвам, чым, напрыклад, нямецкім перасяленцам. Бо абсалютная большасць ужо ў Ірландыі былі двухмоўнымі.
Але нягледзячы на гэта ірландскія супольнасці працяглы час захоўвалі сваю герметычнасць, як і большасць іншых этнічных грамадаў у ЗША. Хаця ірландцам было далёка да немцаў.
Бо ў адрозненне ад ірландцаў перасяленцы з Нямеччыны ядналіся не толькі вакол рэлігійных суполак ці па эканамічных інтарэсах: у ЗША да Першай сусветнай вайны магутна развівалася адукацыя на нямецкай мове. На пачатку ХХ ст. каля 20% школаў у Амерыцы былі нямецкамоўнымі, выдаваліся тысячы газетаў, працавалі дзясяткі радыястанцый.
Цікава, што ў выніку пра ўплыў нямецкай культуры за акіянам нам менш вядома, чым, напрыклад, кубінскай. І справа не толькі ў ціску на нямецкамоўную супольнасць ЗША з боку ўладаў у выніку дзвюх сусветных войнаў.
У параўнанні з больш-менш паслухмянымі і працавітымі немцамі ірландцы ў першую чаргу здабылі дрэнную славу ў ХІХ ст. у ЗША. Першыя хвалі перасяленцаў, а асабліва ўцекачы ад голаду ў сярэдзіне стагоддзя, сяліліся ў асноўным у гарадах на ўсходзе краіны. Нягледзячы на невялікі адсотак ірландскага насельніцтва ў рэгіёне, менавіта ірландскія крымінальныя групы ў тыя часы былі на першых старонках газетаў Нью-Ёрка, Філадэльфіі і Бостана. Па некаторых звестках, да паловы затрыманняў і арыштаў паліцыяй былі звязаны з дзейнасцю ірландскага этнічнага крыміналу.
На супрацьлеглай чашы вагаў была рэлігійнасць ірландцаў. Рост колькасці каталіцкіх грамадаў у ЗША звязваюць менавіта з масавым перасяленнем ірландцаў у краіну. У момант, калі ангельцы ўвесь час ціснулі на касцёл у Ірландыі, павялічыўшы ўплывы англіканскай канфесіі, менавіта каталіцтва было адной з тых інстытуцыяў, вакол якой гуртаваліся ірландцы на радзіме і за яе межамі.
Святары і ўплывовыя камерсанты ірландскага паходжання спрычыніліся да стварэння ў ЗША і Аўстраліі значнай колькасць каталіцкіх каледжаў і ўніверсітэтаў, якія і сёння ўваходзяць у рэйтынгі найлепшых установаў гэтых краінаў.
Напрыклад, вядомы Універсітэт Божай Маці (University of Notre Dame) у Індыяне, які ўваходзіць у 20 найлепшых вышэйшых устаноў у ЗША, падкрэслівае свае карані на эмблеме сваіх спартовых секцыяў:
Такое спалучэнне супрацьлегласцяў уласцівае ірландцам. Крыміналу з касцёлам, імя Божай маці з вулічным ірландскім хуліганам.
Мілітарныя арганізацыі, спорт і моўныя курсы
Іншымі пунктамі, дзе маглі спалучацца часам супрацьлеглыя плыні ў ірландскай супольнасці — былі і застаюцца зараз так званыя сацыяльныя клубы, ці «клубы грамадаў». Традыцыя арганізацыі падобных установаў з’явілася ў Вялікабрытаніі і калоніях у ХІХ ст.
Клубы з’яўляюцца пунктам прыцягнення для ўсіх слаёў грамадства. Гэта і мясцовая бібліятэка, паб, спартовыя пляцоўкі з футбольным полем. Фінансаванне адбываецца за кошт дабрачыннасці, складак мясцовых жыхароў.
Ірландцы прывезлі традыцыю стварэння такіх клубаў з радзімы ў ЗША. За акіянам яны набылі асаблівы сэнс — дазвалялі падтрымліваць сувязі паміж землякамі, з’яўляліся пунктамі распаўсюду ірландскай ідэнтычнасці, гуртавання патрыётаў. Падобныя арганізацыі былі распаўсюджаныя таксама і сярод нямецкамоўных перасяленцаў. Галоўным чынам спартовыя, рэлігійнага характару. У іх распаўсюджвалася шмат нямецкамоўных выданняў, друкаваных у ЗША.
Але ірландцы мелі нашмат большы спектр дзейнасці ў сваіх сацыяльных клубах. У іх у тым ліку адбывалася рэкрутацыя добраахвотнікаў на барацьбу з Брытанскай імперыяй, якая вялася ўзброенымі аддзеламі Braithreachas na bhFinini (Братэрства змагароў) на тэрыторыі Канады ў 1866 г.
Убачыўшы, як развіваюць кнігавыдавецтва нямецкія арганізацыі, ірландскія перасяленцы ўключыліся ў Гэльскае адраджэнне, якое нягледзячы на супрацьстаянне яму брытанскіх уладаў адбывалася ў Ірландыі. Для другога-трэцяга пакаленняў амерыканскіх ірландцаў запыт на «вяртанне да каранёў» быў вельмі актуальным. А новыя перасяленцы бадай што ўпершыню сутыкнуліся з праявай імкнення да захавання нацыянальнай ідэнтычнасці менавіта дзякуючы нямецкаму прыкладу.
Толькі ў Нью-Ёрку ў 1873 годзе дзейнічала каля 8 ірландскіх клубаў, дзе дзеці і дарослыя вывучалі ірландскую мову, там распаўсюджвалася літаратура, дзейнічалі секцыі па нацыянальных камандных відах спорту. Эмісары з Ірландыі, якія ладзілі туры з мэтай збору сродкаў на адраджэнскую дзейнасць на радзіме, здзіўляліся асартыменту выданняў і ўплыву працы Cumann Carad na Gaeilge (амерыканскай філалагічнай кельцкай арганізацыі) на шараговых эмігрантаў.
Менавіта ў гэты перыяд канчаткова сфармавалася традыцыя правядзення парадаў на дзень Св. Патрыка. Сам канцэпт парадаў таксама быў падгледжаны ірландцамі ў амерыканскіх немцаў, якія ладзілі ў ХІХ ст. маштабныя фестывалі.
У месцах са значнай колькасцю насельніцтва ірландскага паходжання сталі папулярнымі надпісы на ірландскай мове на шыльдах крамаў, бараў.
Адзін з эмігрантаў, які трапіў у Нью-Ёрк пад канец ХІХ ст., так апісваў дзейнасць тагачасных ірландскіх арганізацыяў:
«Многія актывісты лічылі, што валоданне старажытнай і цывілізаванай мовай павысіць статус ірландцаў у іх уласных вачах і ў вачах іншых імігрантаў... 250 00 гледачоў падчас параду ў дзень Св. Патрыка ўбачылі банэры на ірландскай: «Tir agus Teanga!» (Краіна і мова!) Tir Gan Teanga, Tir Gan Anam (Краіна без мовы — гэта краіна без душы)...»
Чаму трэба павучыцца ў ірландцаў
Ірландцы ў ЗША здолелі разумна мадэрнізаваць галоўную ідэю брытанскіх сацыяльных клубаў, галоўная задумка яких — аб’яднанне людзей з розных слаёў у мясцовыя супольнасці праз сумяшчэнне культурніцкага, спартовага і грамадска-палітычнага аспектаў. Фактычна падхапіць ініцыятыву рэлігійных супольнасцяў, якія пачалі ў ХІХ ст. страчваць свае мінулыя падобныя функцыі.
Ірландскія грамады ў ЗША дадалі да гэтага сацыяльнага кактэйлю яшчэ і задачу па захаванні і адраджэнні сваёй культуры. Якая дзякуючы імпэту актывістаў заваявала не толькі сэрцы грамадзянаў ЗША з ірландскімі каранямі, але і трапляла ў масавую культуру. Менавіта з падкрэсліваннем ірландскага складніку. Дзякуючы шматлікім нашчадкам эмігрантаў, выхаваных у атмасферы павагі да традыцыйнай культуры продкаў, якія працавалі ў кінакампаніях, СМІ, установах вышэйшай адукацыі і г. д., па ўсёй планеце адзначаюць Хэлоўін, п’юць піва на дзень Св. Патрыка ў ірландскіх пабах і захапляюцца культурнымі здабыткамі ірландскай нацыі.
У Бостане на матчы нацыянальных відаў спорту прыходзяць дзясяткі тысячаў гледачоў
Такім чынам, ірландцы здолелі не толькі паўплываць на гарманічнае развіццё некалькіх пакаленняў эмігрантаў, але і рэалізаваць падсвядомае памкненне любога (асабліва нешматлікага) народа прадэманстраваць на ўвесь свет дасягненні культуры, зрабіць унёсак у агульны гістарычны набытак чалавецтва.
На жаль, пасля атрымання незалежнасці Ірландыяй пасля Другой сусветнай вайны палітыкі не былі настолькі ж рашучымі, як эмігранцкія актывісты. Пытанне адраджэння ірландскай мовы не атрымала дастатковай падтрымкі дзяржавы. І нягледзячы на значны ўнёсак амерыканскіх ірландцаў у рух «гэльскага абуджэння», мова Смарагдавай выспы ва ўмовах «справядлівай канкурэнцыі» з ангельскай не здолела адваяваць былыя пазіцыі на радзіме. Не кажучы ўжо пра дыяспару. Так, ірландская — адна з нешматлікіх, літаратуру на якой вывучаюць у Гарвардскім універсітэце. У буйных гарадах ЗША працуюць моўныя курсы. Але пакуль што ірландская па-ранейшаму застаецца фальклорнай цікавосткай. Як у Ірландыі, так і за яе межамі.
Чаму варта павучыцца ў ірландскай эміграцыі, дык гэта прыцягненню абсалютна ўсіх слаёў супольнасці да сацыяльнай актыўнасці і разнастайнасці кірункаў дзейнасці — ад рэлігіі, мілітарных арганізацыяў, спорту да фальклору, мовазнаўства, літаратуры.
А.Г., budzma.org