• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • Афіша
10.06.2022 | Грамадства

Ірына Шушкевіч: «Калі муж зразумеў, што сілы яго пакідаюць, казаў мне вельмі шмат прыгожых слоў...»

Крыху больш за месяц прайшло з таго часу, як не стала першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. Яго жонка распавяла «Народнай Волі» пра жыццё з мужам у горы і радасці, успомніла маладыя гады і апошнія дні Станіслава Станіслававіча.


photo_2022-06-10_11-26-30.jpg

...Мы гутарым з Ірынай Кузьмінічнай у кабінеце Станіслава Шушкевіча. Тут усё, як і раней, на сваім месцы — працоўны стол з камп’ютарам, кнігі на стале і ў шафе, фотаздымкі на сценах.

— Нічога не хачу тут мяняць, вельмі цяжка гэта зрабіць, — прызнаецца суразмоўца. — Няхай усё застаецца, як было.

Ірына Кузьмінічна пачынае з успамінаў. Са сваім будучым мужам яна пазнаёмілася ва ўніверсітэце.

— Я была студэнткай, а Станіслаў Станіслававіч у нас выкладаў. Ён быў вельмі добрым выкладчыкам і надзвычай цікавым чалавекам. Лекцыі былі заўсёды захапляльнымі, студэнты хадзілі да яго з задавальненнем.

І ён заўсёды быў на першых ролях у кампаніі. Аднакурснікі ўспаміналі, што «калі недзе нешта адбывалася, то наперадзе быў Стасік».

Як жартаваў акадэмік Салавухін, кафедру ядзернай фізікі і мірнага выкарыстання атамнай энергіі трэба была назваць інакш — «Кафедрай ядзернай фізікі і мірнага выкарыстання энергіі Шушкевіча».

— А чацвёрку вам, круглай выдатніцы, за што будучы муж паставіў?

— Так, у мяне ў залікоўцы былі толькі выдатныя адзнакі, а тут прыходжу здаваць «Асновы радыёэлектронікі», і мне Станіслаў Станіслававіч ставіць чацвёрку. Пры гэтым прадмет, як мне падаецца, я ведала цудоўна.

Я знаходзіла такому факту толькі адно тлумачэнне: такім чынам выкладчык хацеў, каб я на яго звярнула ўвагу. І мне на самай справе стала цікава: за што мне гэта? Пасля гэтай чацвёркі я ж нават павышаную стыпендыю не атрымлівала пэўны час.

— Пакрыўдзіліся тады на выкладчыка?

— Скажам так: ён дабіўся маёй увагі да яго. Але не больш за тое, бо ніякіх заляцанняў, пакуль я была студэнткай, з боку Станіслава Шушкевіча асабліва не назіралася. Хаця дыпломную працу пісала менавіта ў яго.

Памятаю, дыпломы мы атрымлівалі пад самы Новы год. Быў выпускны вечар, і туды мы запрасілі некалькіх выкладчыкаў. Прыйшлі двое — Шушкевіч і Салаў.

Пасядзелі ў рэстаране, а калі вечар падыходзіў да заканчэння, Станіслаў Станіслававіч раптам паклікаў усю кампанію да сябе на кватэру працягнуць вечарыну. І ўсе адправіліся ў яго кватэру ва ўніверсітэцкім доме на Адоеўскага. У яго кватэры было чыста, акуратна, ён мог усё сам прыгатаваць. Мы тады папілі кавы і гарбаты і разышліся. Вось пасля гэтага вечара Станіслаў Шушкевіч і пачаў да мяне заляцацца.

— Галантны быў кавалер?

— Заляцаўся прыгожа! Мы з ім шмат гулялі ў выхадныя, заходзілі ў сталовыя, кафэ, рэстараны. І, што самае цікавае, і мне, і Станіславу больш за ўся спадабалася сталовая ў Лагойску, куды неяк заехалі. Там было ўсё так смачна, чыста, прыгожа, лепш, чым у рэстаране.

Кветкі таксама дарыў, хаця, шчыра кажучы, не зусім разумеў, навошта яны жанчыне. А праз паўгода пасля той навагодняй вечарыны мы ажаніліся. Гэта адбылося 31 ліпеня 1976 года.

— На колькі муж быў старэйшы за вас?

— Мне, калі жаніліся, было 23, Станіслаў быў на 18 гадоў старэйшы.

— Не бянтэжыла такая розніца ва ўзросце?

— Ведаеце, я заўсёды звяртала мала ўвагі на нейкія знешнія прыкметы. Для мяне галоўнае, каб з чалавекам было цікава і каб ён быў чэсны, справядлівы, мужны.

— А як бацькі паставіліся да вашага выбару?

— Мы з мамай былі па жыцці фактычна сяброўкамі. І калі яна даведалася, за каго я збіраюся выйсці замуж, то сказала: «Калі так хочаш, то я перашкаджаць не буду. Гэта твой лёс». А тата яшчэ больш проста адрэагаваў: «Калі вы з маці так вырашылі, значыць, усё робіце правільна».

Дарэчы, мая мама — з Яраслаўскай вобласці, тата — кубанскі казак, пасля быў ваенным. У 1957 годзе сям’я пераехала ў Мінск.

— Станіслава Станіслававіча пазнаёмілі з бацькамі да вяселля?

— Да вяселля не атрымалася, бо летам тата і мама паехалі адпачываць у санаторый. А ўвогуле вяселле ў нас праходзіла у некалькі этапаў — то адны прыйдуць павіншаваць, то другія... Як кажуць, святочныя мерапрыемствы зацягнуліся.

Але ў выніку бацькі адобрылі мой выбар, Станіслаў умеў зрабіць уражанне. Таму ён спадабаўся не толькі маім бацькам, але і сябрам бацькоў.

— Нічога не казалі, што дачка выходзіць замуж за мужчыну, які ўжо быў жанаты і мае дзіця?

— Не, размовы на гэты конт нават не заводзілі. На момант нашай жаніцьбы Станіслаў Станіслававіч быў ужо даволі даўно разведзены з першай жонкай, хаця я адразу сказала будучаму мужу: «Я не збіраюся нікому пераходзіць дарогу». Ён адказаў: «Ты нікому яе і не будзеш пераходзіць. У нас з табой — свая дарога».

— Мядовы месяц як праводзілі?

— У мужа да верасня быў адпачынак, таму ў жніўні спачатку паехалі ў Нясвіж. Замак — цудоўны, але, памятаю, было вельмі холадна. А я вельмі не люблю холад, таму сказала: «Станіслаў, мне патрэбна нешта цёплае».

А ў мяне была сяброўка, якая працавала ў суседняй лабараторыі, у яе блізкія жылі ў Сочы. І яна прапанавала: «Там знойдзецца для вас пакой, можаце прыязджаць». І ўсё было проста цудоўна! У нас быў на самай справе свой пакой з асобным выхадам, да мора — рукою дастаць.

Там быў цудоўны сабака, якога кармілі ўсе, хто прыязджаў туды. Нам затым гаспадыня выгаворвала: «Не карміце больш сабаку! Ён пасля вашых прысмакаў мой суп даядаць не хоча».

— Пра папаўненне адразу пасля вяселля не задумваліся?

— Не думалі пра гэта, а сын увогуле нарадзіўся толькі праз восем гадоў пасля жаніцьбы. Я разумела, што для таго, каб нараджаць дзіця, трэба, каб у цябе быў час на яго дагляд і выхаванне. Не разумела тых, хто нараджаў, а затым кідаў малога на бацькоў.

І калі зразумела, што гатова займацца дзіцем, то нарадзіла. А гаспадыняй я, дарэчы, была нядрэннай — мама мяне ў свой час навучыла і гатаваць, і шыць, і вязаць. Для дамашняга жыцця я была гатова. Хаця часу на ўсё не хапала. Але і муж дапамагаў. Прынамсі, ён таксама добра гатаваў.

— І якія былі фірмовыя блюды ў Станіслава Станіслававіча?

— Ён вельмі добра квасіў капусту і любіў рабіць бігас — тушаную квашаную капусту з мясам.

Таксама Станіслаў любіў смажыць яечню з салам, хаця асабіста я сала не люблю.

— Быў задаволены, калі нарадзіўся сын?

— Не тое слова! Сустракаў на машыне, з кветкамі. А я яму адразу сказала: «Цудоўна, што прыехаў. Бяры малога на рукі, а я саджуся за руль».

У мяне, дарэчы, з дзяцінства любоў да аўтамабіляў. Калі мы жылі ў Маскве, да нас прыязджала вялікая машына, і мама неяк у мяне спыталася: «Кім хочаш быць, калі вырасцеш?» І я адказала: «Буду вадзіцелем вось такой вялікай машыны».

— Калі сын нарадзіўся, Станіславу Станіслававічу было 50 гадоў. У некаторых у такім узросце ўжо ўнукі ёсць...

— Як ужо казала, ён быў вельмі энергічны чалавек, таму яго хапала на ўсё — і на працу, і на дзіця. Кафедра Станіслава Шушкевіча была на другім паверсе, а адна з лабараторый знаходзілася на восьмым. Дык ён бегаў туды-сюды па некалькі разоў на дзень.

Што ж датычыцца сына, то, трэба сказаць, ён нас шкадаваў — спаў па раскладзе і асабліва не турбаваў. Ён быў вельмі спакойны хлопчык.

Дарэчы, Стас нарадзіўся ў 1984 годзе, але калі праз два гады здарыўся Чарнобыль, то я малога яшчэ год трымала дома, бо не была ўпэўнена, што дзяцей у дзіцячым садку будуць карміць чыстым мясам. А тое мяса, што я купляла дадому, заўсёды правярала спектрометрам і была ўпэўнена, што яно нармальнае.

— Калі Станіслаў Станіслававіч стаў старшынёй Вярхоўнага Савета, напэўна, менш часу засталося для сям’і?

— Ён заўсёды шмат часу аддаваў працы, нават калі працаваў ва ўніверсітэце на кафедры. І мне падаецца, што самы лепшы час і для яго, і для сям’і быў менавіта перыяд працы на кафедры. Гэта быў самы цёплы і самы душэўны час!

А затым, калі пачалася палітыка, усё гэта некуды знікла. Прыходзіў дадому позна, разлічваць на яго ўжо было нельга. Калі падчас працы на кафедры мы на выхадныя ездзілі будаваць лецішча, то затым ужо і часу не было. Хаця Станіслаў любіў будаваць, яму гэта падабалася.

photo_2022-06-10_11-26-30 (2).jpg

— Ці далёка лецішча ад Мінска?

— Не так і далёка, у Дзяржынскім раёне. Лецішча мы атрымалі ад універсітэта — 4 соткі зямлі.

І дом муж будаваў сам. Спачатку купілі зруб, але так ім і не скарысталіся. Лецішча было пабудавана па ўласным праекце Станіслава Станіслававіча, які, дарэчы, многім спадабаўся. Усё было зроблена вельмі кампактна і зручна. Хаця, калі мужу ўжо было складана рухацца, то на другі паверх дома мы нават і не заходзілі.

— Станіслава Шушкевіча затым знялі з пасады старшыні Вярхоўнага Савета за быццам бы скрадзены кілаграм цвікоў для гэтага лецішча...

— У мяне нават слоў не было, каб выказаць эмоцыі, калі даведалася пра гэта. Настолькі абсурдная была сітуацыя.

Станіслаў Станіслававіч адчуваў, што ў яго застаецца мала часу на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета, а хацелася зрабіць больш, па меншай меры каб не сарваўся візіт Клінтана ў Беларусь. Усё гэта каштавала шмат нерваў.

Муж вельмі перажываў, і я бачыла, што гэта адбіваецца на яго здароўі. А яго здароўе было для мяне на першым месцы. І таму, калі яго адхілілі ад пасады, стала менш адказнасці, Станіслаў зрабіўся больш спакойны. І я супакоілася, бо бачыла, што палітыка яго да дабра не давядзе, і ўжо пачала хвалявацца.

— Калі муж быў на высокай пасадзе, да вас дадому нейкія ганаровыя госці наведваліся?

— Усе тыя ганаровыя госці, што прыязджалі, жылі ва ўрадавай рэзідэнцыі, і, калі патрэбна была мая прысутнасць, то я таксама ехала на прыём.

Калі ў Мінск прыязджалі з візітам Біл Клінтан з жонкай, то мы разам хадзілі ў Тэатр оперы і балеты, там таксама быў прыём.

— Быў у вас асаблівы гардэроб для такіх сустрэч?

— Былі сукенкі, якія некалі я сама сабе пашыла, але часцей заходзіла ў Дом моды, дзе брала адзенне напракат альбо яго купляла. Тады гэты Дом моды ўзначальвала Любоў Васільеўна Манулік, яна мне дапамагала ў выбары.

Хаця я ніколі не рабіла культ з адзення. Гэтак жа як і Станіслаў. Здаралася, прыходзіў дадому і казаў: «О, ды ў цябе новая сукенка!» А я яму: «Гэтай сукенцы ўжо тры гады, а ты толькі зараз заўважыў».

Памятаю таксама: Клінтан прылятаў у суботу, а ў пятніцу вечарам мне тэлефануе Станіслаў Станіслававіч і кажа: «Слухай, мне ж, напэўна, для сустрэчы з Клінтанам трэба нейкае новае паліто купіць». Адказваю: «А чаму ты мне пра гэта толькі ў сем вечара ў пятніцу кажаш? Чаму не ў дванаццаць ночы?»

У рэшце рэшт махнуў ён рукой на новае паліто і апрануў тое, у якім хадзіў увесь час.

— Ці змянілася ваша жыццё пасля адстаўкі Станіслава Станіслававіча з пасады старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі?

— Пасля гэтага больш за ўсё мяне ўзрадавала і натхніла, што ўсе нашы сябры, якіх мы лічылі сябрамі, засталіся з намі. Усе нас падтрымлівалі як маглі, і ў гэтым плане ніякага расчаравання не было. Аказалася, што ў нас мора сапраўдных сябраў!

З’явіўся вольны час, Станіслаў паехаў на лецішча, я таксама туды прыязджала.

Натуральна, паступала шмат запрашэнняў чытаць лекцыі з многіх краін свету. Муж нават з гумараў казаў: «Калі б не было адстаўкі, то мы ніколі не паглядзелі б свет так, як зараз».

А былі мы і ў Амерыцы, і ў Карэі, і ў Мексіцы... Раней мне заўсёды падабалася прыязджаць у Сочы, бо там была цёплая вада. Але калі зайшла ў ваду ў Мексіцы, то гэта было як цёплае малако! Нас туды пастаянна запрашаў сябра Станіслава Станіслававіча, і некалькі гадоў запар мы там сустракалі Новы год. Мексіканскія сябры, натуральна, усё аплачвалі — і пералёт, і пражыванне.

photo_2022-06-10_11-26-31.jpg

— Падчас падарожжаў любілі нешта прывезці з іншых краін сабе на памяць?

— Шчыра кажучы, і я, і Станіслаў Станіслававіч не вельмі вялікія аматары шопінгу, хаця нейкія сувеніры набывалі. З Мексікі я прывезла прыгожую мексіканскую блузку, таксама з усіх паездак прывозілі ў якасці сувеніру кубачкі.

— У адным з апошніх інтэрв’ю Станіслаў Станіслававіч сказаў літаральна наступнае: «Я здзіўлены, што жонка Ірына мяне так доўга цярпіць». Няўжо ў яго быў такі складаны характар?

— Напэўна, у кожнага чалавека ёсць не вельмі лёгкія для навакольных рысы характару. Але мы абсалютна давяралі адзін аднаму. Муж разумеў, што я ніколі не здраджу яму і не кіну. Я ведала, што ён таксама ніколі мяне не падмане.

А сястра Станіслава неяк сказала: «У жыцці столькі ўсялякіх рэальна складаных праблем, дык няўжо варта псаваць адзін аднаму нервы па дробязях?»

Так, Станіслаў Станіслававіч быў эмацыйным чалавекам, нецярплівым. Я думаю, што ён і памёр так хутка, таму што ў жыцці быў такім энергічным. Хаця столькі хвароб, колькі апошнім часам было ў яго, і ворагу не пажадаеш.

— Калі ў яго пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем?

— Напэўна, у 2012 годзе, пасля смерці сястры. Так атрымалася, што Станіслаў доўгі час не разумеў, што ў яго хворае сэрца. Не разумела гэтага і я.

Калі муж пачаў пацець, то я падумала, што гэта нейкія праблемы з лёгкімі. Станіслаў наогул знаходзіў адгаворку: «Гэта таму, што ў мяне рубашкі не «хэбэшныя».

І мы амаль год нічога не разумелі. А калі нарэшце зразумелі, што маюцца сур’ёзныя праблемы з сэрцам, было ўжо позна. Калі б звярнуліся да ўрачоў адразу, то можна было б вылечыцца метадам электрашоку.

З часам давялося прымаць прэпараты, якія развадкоўваюць кроў, каб не было тромбаў, затым — паставіць стэнт і карыстацца кардыястымулятарам. У мужа было сардэчнае захворванне — брадыкардыя — замаруджанае сэрцабіцце. Даходзіла нават да 40 удараў за хвіліну.

Калі паставілі стэнт і кардыястымулятар, давялося прымаць шмат таблетак, якія адбіваліся на нырках, печані і іншых органах. Урач-кардыёлаг Станіслава Станіслававіча неяк сказала: «У вас такія ўзаемавыключальныя хваробы, што калі лячыць адно, то тым самым наносіш шкоду другому».

— Былі ж яшчэ праблемы і з нагамі...

— Неўролагі сказалі, што ў мужа полінеўрапатыя. Вось ён пройдзе дзесяць крокаў, і яму абавязкова трэба адпачыць, бо нервы слаба перадавалі сігналы мышцам. А калі чалавек дрэнна рухаецца, то гэта таксама не вельмі добра для здароўя.

Станіслаў апошнім часам моцна перажываў, бо ён жа заўсёды быў чалавекам, якому кожную хвіліну нешта трэба рабіць — кніжку пісаць, палічку прыбіваць... А калі сілы сталі пакідаць яго і ён зразумеў, што ўжо не зможа рабіць тое, што раней, пачаліся праблемы яшчэ і псіхалагічнага плана. І ён вельмі перажываў праз гэта. Падыдзе да акна, паглядзіць на вуліцу і кажа: «Ты б ведала, як хочацца за руль!»

— Але ж па кватэры ён штодзень хадзіў тры кіламетры.

— Так, ён падлічыў адлегласць ад балкона у адным пакоі да балкона ў другім і хадзіў туды-сюды тры кіламетры.

А вось пасля перанесенага напрыканцы лютага каранавіруса яму стала складаней хадзіць. А затым, калі наогул стала дрэнна, патрапіў першы раз у рэанімацыю. Пасля першай рэанімацыі яшчэ мог хадзіць з хадункамі, а пасля другой быў ужо ляжачы.

Кавід Станіслаў перажыў, але абвастрыліся ўсе хваробы, якія былі, і вось гэтага ён не перанёс. У апошнія дні ён зразумеў, што сілы яго пакідаюць, таму казаў мне вельмі шмат прыгожых слоў.

Затым у яго рэзка стаў падаць ціск, некалькі разоў я вызывала «хуткую». Першы раз урачы зрабілі ўкол, параілі паіць мужа салодкай гарбатай і з’ехалі. Не дапамагло, я зноў патэлефанавала па «103». Прыехалі з кіслародам, нейкімі чамаданамі, мяне папрасілі выйсці. Паспрабавалі мужа рэаніміраваць, але ў іх ужо нічога не атрымалася. 3 мая бліжэй да 12 ночы Станіслава Станіслававіча не стала.

— Чаму ўсё-такі першага кіраўніка незалежнай Беларусі не пахавалі на Усходніх могілках, дзе традыцыйна хаваюць вядомых у краіне людзей?

— Пытанне не да мяне, рашэнне, відаць, прымалася ў нейкіх высокіх кабінетах.

Але мужа пахавалі на Паўночных могілках, і там, трэба сказаць, кампанія не горшая, чым на Усходніх. Тым больш што побач пахавана і маці Станіслава Станіслававіча, і іншыя нашы блізкія.

Пасля пахавання я бачыла на магіле мора кветак ад звычайных людзей і разумела, што Станіславу Станіслававічу знаходзіцца тут, сярод простых людзей, больш утульна. Ён як жыў па-простаму, так і быў пахаваны. Як кажуць, не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца.

— Ірына Кузьмінічна, а ці дапамагае вам пасля смерці Станіслава Станіслававіча партыя, якую раней узначальваў ваш муж, а зараз ёй кіруе бізнесмен Сяргей Чэрачэнь?

— Так, Сяргей дапамагаў і з арганізацыяй пахавання, і зараз ён не забывае. Тэлефануе, прапаноўвае дапамогу.

— Якім быў гэты месяц без мужа для вас?

— Кожны дзень я ездзіла на могілкі, вырашала нейкія арганізацыйныя пытанні, адказвала на лісты і тэлефанаванні.

І, натуральна, складана прызвычаіцца, калі ты заходзіш у пакой, дзе звычайна быў Станіслаў Станіслававіч, а яго там няма. І ўжо не пачуеш яго голас...

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Культура Беларуская мова

Павел Севярынец за кратамі стварыў віктарыну на 330 пытанняў

Павел Севярынец стварыў хрысціянскую віктарыну. Павел складаў віктарыну каля двух год, седзячы на Валадарцы, у Магілёве...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Як адвесці вайну ад Беларусі?

Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі нашай краіны не адбываюцца ваенныя дзеянні, Беларусь, можна сказаць, апынулася...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Прайшоў год пасля затрымання эксперткі Таццяны Кузінай. Сутнасць абвінавачванняў дагэтуль невядомая

Сёння год, як у турме знаходзіцца палітолаг, даследчыца, адна з заснавальніц праекта SYMPA (Школа маладых менеджараў...

valiancina_shauchenka
Культура Грамадства

Цэнтр новых ідэй аб’яўляе набор на курс Belarus Urban Fellowship

Цэнтр новых ідэй аб’яўляе набор на Belarus Urban Fellowship 2022 Што такое Belarus Urban Fellowship? Гэта курс анлайн-навучання...

Апошнія навіны

    Культура Беларуская мова
    Павел Севярынец за кратамі стварыў віктарыну на 330 пытанняў
    Грамадства
    Як адвесці вайну ад Беларусі?
    Грамадства
    Прайшоў год пасля затрымання эксперткі Таццяны Кузінай. Сутнасць абвінавачванняў дагэтуль невядомая
    Культура Грамадства
    Цэнтр новых ідэй аб’яўляе набор на курс Belarus Urban Fellowship
    Грамадства Гісторыя
    У Крэўскім замку знайшлі тунэль XIV стагоддзя. Чым карысная гэтая знаходка?
    Грамадства Вандруем разам
    Мар­шрут па Ку­па­ла­вым краі
    Грамадства
    Актывістка Бондарава зноў вядзе вайну з кнігамі. На гэты раз — у краме «Green»
    Культура Грамадства Музыка Беларусы свету
    «Всё, что было, разделилось на до и после». Гурт «Би-2» выпусціў антываенны кліп на песню «Калыханка»
    Культура Літаратура Беларуская мова
    Бог беларускай паэзіі, які абудзіў краіну. Андрэй Хадановіч выпусціў новае відэа, прысвечанае Янку Купалу
    Спорт
    Галоўныя фаварыты Кубка Беларусі пацвердзілі свой статус
    Грамадства Гісторыя
    20 страчаных помнікаў архітэктуры Беларусі (з ілюстрацыямі!)
    Грамадства
    Звольнілі дырэктара бібліятэкі Акадэміі навук Аляксандра Грушу
    Навіны "Будзьма!" Гісторыя
    Як і чаму ўзніклі першыя дзяржавы беларусаў. 11-ы выпуск «Гісторыі за 5 хвілін»
    Культура Грамадства
    Паміж судом і «Славянскім базарам»: куды і навошта коціцца афіцыйная культура
    Культура Літаратура
    «Вялікае наша гора»

Афіша

  • 29.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Лекцыя Уладзімера Арлова «Стагоддзе змагання. Ад Агінскага да Багушэвіча» ў Варшаве

  • 29.06 — 24.07Выстава Марка Шагала ў Варшаве
  • 29.06 — 30.06Творы Руфіны Базловай на выставе «The Medium is the Message: Flags and Banners» у ЗША
  • 29.06 — 30.07Выстава «Янка Купала і Якуб Колас. Досціпы ад класікаў» у Мінску
  • 29.06 — 30.06Выстава маляванак па матывах твораў Марка Шагала ў Мінску
  • 29.06 — 14.08Фотавыстава Віталя Бутырына «Паэтыка фотаграфікі» ў Мінску
  • 29.06 — 30.06Выстава разьбяра па дрэве Барыса Васількова ў Гомелі
  • 29.06 — 10.08Спаборніцтва па спартыўным арыентаванні Street-O ў Гродне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • «Дзейнічай як ЕГУ»: студэнтка ЕГУ абвесціла сухую галадоўку ля ўваходу ва ўніверсітэт
    • «Беларускі пісьменнік Васіль Быкаў уварваўся ва Украіну ў складзе расійскага войска?..» Адкрыты ліст Уладзіміра Някляева міністру адукацыі і навукі Украіны
    • Усё можна перажыць, калі падабраць правільную песню: ТОП-5 беларускіх трэкаў ад Сяргея Башлыкевіча
    • Здзек з Васіля Быкава
    • Актывістка Бондарава зноў вядзе вайну з кнігамі. На гэты раз — у краме «Green»
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM