Помнік пісьменніку Змітраку Бядулю адкрыюць на Усходніх могілках Мінска

3 лістапада 2025 года на Усходніх могілках у Мінску адбудзецца цырымонія адкрыцця надмагільнага манумента знакамітаму беларускаму пісьменніку і грамадскаму дзеячу Змітраку Бядулю, піша Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

Zmitrok Biadulia

Мерапрыемства прымеркавана да Дня памяці класіка. Пачатак — а 12-й гадзіне.

Змітрок Бядуля (сапр. Самуіл Яфімавіч Плаўнік) нарадзіўся 23 красавіка 1886 г. у в. Пасадзец Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Гэта адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, паэт, празаік, публіцыст і перакладчык, творчасць якога зрабіла значны ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры і літаратурнай мовы.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 3 лістапада 1941 года, жыццёвы шлях 55-гадовага Змітрака Бядулі трагічна абарваўся ў эвакуацыі каля г. Уральск (Казахстан), дзе быў ён пахаваны на гарадскіх могілках.

У лютым 2020 года адбылася эксгумацыя парэшткаў класіка, яны былі дастаўлены самалётам з Казахстана ў Беларусь. 3 лістапада 2020 года прах пісьменніка перапахавалі на Усходніх могілках у Мінску. Грамадзянскае развітанне адбывалася ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Беларуская хатка», у доме, дзе Змітрок Бядуля жыў і працаваў з 1914 па 1918 гады.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры выступіў ініцыятарам дабрачыннага збору сродкаў на стварэнне надмагільнага манумента пісьменніка. У акцыі «Зробім разам» добраахвотна ўзялі ўдзел дзяржаўныя прадпрыемствы, прафсаюзныя арганізацыі, грамадскія аб’яднанні, музейныя ўстановы. Свае ўнёскі на дабрачынны рахунак зрабілі сотні неабыякавых беларусаў. Адначасова Літаратурным музеем была разгорнута актыўная дзейнасць па правядзенні дабрачынных экскурсій і мерапрыемстваў.

У выніку праведзенай працы ўдалося сабраць палову неабходнай сумы на стварэнне помніка. Астатняя частка фінансавання была выдзелена з дзяржаўнага бюджэту. Дзякуючы намаганням аўтарскага калектыву — скульптара С. Л. Гумілеўскага і архітэктара В. І. Каракі — быў створаны помнік, які стаў важнай культурнай падзеяй і сімвалам ушанавання гістарычнай памяці.

Ушанаваць памяць Змітрака Бядулі збяруцца літаратары, дзеячы культуры, нашчадкі, дабрачынцы і прыхільнікі яго творчага таленту.