Усё больш сярод маладога пакалення людзей, што дзеля добрага заробку кідаюць усе свае мары і ўпадабанні, бягуць працаваць чарговым кодарам ці тэсціроўшчыкам у мясцовы аазіс стабільнасці — ІТ. Але ці толькі ім можа жыць Беларусь і куды падзецца тым, хто таксама хоча нармальнага жыцця і пры гэтым працаваць ў іншай, але ўпадабанай сферы?
Айцішнікі — ратаўнікі і героі Беларусі. Айцішнікі спрыяюць развіццю горада, бо дзеля іх наляпілі кавярняў і дарагіх крамаў. Zara як люкс-брэнд. Адкрываеш навіны — як кінуць усё і пайсці тэсціроўшчыкам? У метро паўсюль рэклама айці-курсаў. Сябры і равеснікі ўсё часцей кажуць, што трэба ісці ў ІТ. Але... Што рабіць астатнім? Ці нармальна, што ў краіне далі дыхаць фактычна толькі адной сферы, куды ўсе ідуць не дзеля мары і развіцця, а толькі каб атрымаць лепшыя грошы? Паказчык развіцця ці проста містыфікацыя ўзроўню жыцця?
Апошнім часам складваецца ўражанне, што Беларусь — сапраўды нейкая ІТ-краіна, дзе жывуць адны кодары, а астатнія існуюць выключна дзеля іх абслугоўвання. Чаму? Ну, па-першае, разыходжанне сярэдняга заробку аднаго сектара ў параўнанні з усімі астатнімі. Па-другое, цэнавы парог уваходжання ў большасць забаўляльных і таварных устаноў краіны. Ці можа дазволіць сабе доктар ці настаўнік паабедаць на Рэвалюцыйнай, а на выходных добра так пагуляць на Зыбіцкай? Нешта я вельмі сумняваюся. Па-трэцяе, татальнае медыйнае захапленне і падштурхоўванне ўсіх, хто яшчэ не паспеў увайсці ў шэрагі дзяржаваабранай касты, зрабіць гэта як мага хутчэй. Чаму дзяржавай? Ды таму, што гэта амаль адзіная сфера, у якой шмат грошай, мала падаткаў і асабліва не чапаюць. То бок чытары беларускай рэчаіснасці, а мадэратараў няма. І па-чацвёртае, гэта асабліва заўважна ў сеціве, дзе з пэўнай перыядычнасцю штампуюцца гісторыі, як яшчэ адзін беларус пайшоў і ІТ і яго жыццё стала шыкоўным і прыгожым. Нават калі потым сыдзе, але ж дзе грошы ўзяў? Адказ відавочны.
Ды што тут казаць, нават самі яе прадстаўнікі часам моцна хварэюць на сіндром сваёй абранасці.
Нават мой сябра дзяцінства, які працуе ў ІТ (мушу сказаць, што рэдкі выпадак, калі чалавек сапраўды пайшоў туды праз мару), пастаянна мне намякае, маўляў, чаму я ўсё яшчэ не пабег у якую кантору працаваць. І ведаеце, у цяжкія моманты я нават сам аб гэтым задумваўся, але злавіў сябе на думцы: калі так усе пакідаюць свае ўлюбёныя заняткі жыцця і збягуць у гэты Эдэм, то што ўвогуле застанецца? Ці цікавіцца большасць гэтых фірмаў тым, што адбываецца ў нашым агульным доме? Ці спрабуюць яны неяк паўплываць на яго паляпшэнне? Я не заўважаю, толькі бачу ўпэўненасць у некаторых, што халяўныя курсы ІТ — гэта сацыяльны праект, а не простая пераборка соцень кадраў, каб абраць найлепшыя.
І вось узнікае пытанне: куды падзецца астатнім? Шмат маіх сяброў, задзейнічаных у іншых сферах, ужо далі адказ: яны за мяжой. Нехта ўжо пакуецца, але на сённяшні дзень павестка дня наступная: ці ты айцішнік, ці гэць з краіны! Хтосьці нават паглядзіць на нас, аматараў сваіх спраў, са здзіўленнем — няўжо нехта трымаецца за нешта іншае, калі можна стаць чарговым шараговым супрацоўнікам аўтсорс-канторкі, якая штампуе танныя замовы на замежжа? Уявіце сабе, хтосьці хоча зарабляць іншым, больш блізкім сабе, а не там, дзе амаль штучна стварылі ўмовы.
Пры гэтым увесь ІТ сектар займае ну вельмі малую частку ВУП краіны, а большасць нашых суседзяў нашмат больш развітыя ў гэтай сферы, чым Беларусь. Пакуль тыя ж польскія студыі паціху захопліваюць рынак гульнявой індустрыі, а камп’ютарны Геральт абвешчаны самым вядомым палякам планеты, Беларусь дагэтуль жыве аднымі танкамі, якія і поўнасцю беларускімі не назавеш. Колькасць стартапаў за год у меншым Ізраілі ў разы большая, чым у нас за ўвесь час. І напрошваецца пытанне — можа, гэта таму, што ў гэтых краінах паціху развіваюцца ўсе сферы, а не толькі адна? Можа, таму, што там нашмат больш людзей ідзе працаваць у ІТ дзеля ідэй і інавацый, а не дзеля кавалку хлеба? Можа, там проста больш матывацыі?
Вось і атрымліваецца, што адзін сектар багаты, але забіты тымі, хто хоча выжыць, а астатнія паціху з’язджаюць, бо магчымасцяў для развіцця тут няма. Калі так працягнецца далей, крэатыву і новых ідэй краіне будзе зусім не хапаць, што ўжо вельмі моцна адчуваецца.
“Дык што рабіць?” — спытаеце вы. Не ствараць сабе куміра і разам змагацца за роўныя ўмовы гульні, каб кожны ў гэтай краіне меў магчымасці для росту і якаснага жыцця. Каб кожны змог быць на сваім месцы.
Лаймас Сакалоў