Андрэй Мельнікаў на budzma.by піша пра беларускага пісьменніка і літаратуразнаўцу Івана Навуменку, якому 16 лютага споўнілася б 95 гадоў.
Іван Навуменка стаў апошнім, 17-м, у спісе народных пісьменнікаў Беларусі. Дзякуючы, імаверна, больш свайму адміністрацыйнаму, чым літаратурнаму таленту.
Ды, што немалаважна, асобай ён быў моцнай, цэльнай і вернай беларушчыне. Вернымі беларушчыне пад уплывам Івана Навуменкі сталі і засталіся і яго ўласныя дзеці, і многія яго студэнты – можа, і невялікі, але свядомы народ з беларусаў і беларусак.
Як і першы ўганараваны званнем народнага пісьменніка Беларусі за прозу літаратар, Міхасць Лынькоў, Іван Навуменка паходзіў са шматдзетнай сям’і чыгуначнікаў. Толькі, падобна, не захапляўся ні паравозамі, ні Андрэямі Летунамі… А можа, не хацеў паўтарацца ў тым, што смачна замацаваў у літаратуры старэйшы таварыш.
Нарадзіўся Іван Якаўлевіч 16 лютага 1925 года ў Васілевічах – невялічкім чыгуначным вузле, адкуль паходзіць і трагічна зніклы ў 1999-м самы харызматычны і рамантычны міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка.
З дзяцінства палюбіў лес. Успамінаў, што калі ў 1933-м прыйшоў голад, менавіта лес дапамагаў грыбамі ды ягадамі, у лесе можна было дзесь і дзялянку бульбы пасадзіць. З дзяцінства і праз усё жыццё Іван Навуменка быў зацятым грыбніком, што перадалося і яго сыну Паўлу.
Іванаў дзед Піліп доўга заставаўся аднаасобнікам, меў каня. Паскакаць на тым кані – з найлепшых згадак Іванавага дзяцінства.
Шмат радасці прыносілі кнігі. Сярэднюю школу наш герой скончыў ужо ў 1941-м – раней за свой узрост і з добрым веданнем нямецкай мовы. А пасля прыйшлі вайна і немцы.
Іван Навуменка. Фота – narbel.bsu.by
Гэтыя радкі з верша Юліі Друнінай Іван Якаўлевіч цытаваў часта.
Калі казаць утрыравана, то ў творах Навуменкі жыццё пачынаецца з вайны. Вайна ў яго не проста водападзел, яна ў яго пачатак сур’ёзнай размовы. Пры тым яго літаратура, бадай, заўсёды ўлічвала генеральную лінію. Хоць, можа, і з ёй супадала.
Іван Навуменка. Верагодна, 1945-46 гады. Фота – lit-bel.org
Творца аказаўся тыповым палескім хлопцам з тыповым жыццём на акупаванай тэрыторыі. Трапіў у падпольную групу. Група «За Радзіму» трымала сувязь з Калінкавіцкім партызанскім атрадам, выконвала партызанскія даручэнні. З сакавіка 1943-га Іван быў у складзе спецразведгрупы, пазней разам з часткамі Чырвонай Арміі вызваляў родныя Васілевічы.
Затым ён стаў тыповым тутэйшым прызыўніком, якога па вызваленні «з партызанамі, якія трапілі ў Чырвоную Армію нават не пераабмундзіраваўшыся, і ў перашытых нямецкіх фрэнчах, у ватоўках, бурках іх кінулі штурмаваць нямецкія вышыні паперадзе рэгулярнай арміі. Гэта было пад Парычамі. І добра, калі ў той час выжыў кожны дзясяты…»
Пасля яго прадказальна адправілі ваяваць у нетыповыя для беларусаў умовы (пад Ленінград, затым – ва ўкраінскія стэпы), у якіх ён выжыў. Двойчы быў паранены. На Карэльскім перашыйку атрымаў кантузію. Паранены асколкам у шыю, страціў магчымасць адчуваць пахі.
Добрая нямецкая мова, яшчэ больш адшліфаваная ў акупацыю, прывяла яго ў шэрагі франтавой разведкі. «Разам з іншымі салдатамі поўзаў па нейтральнай паласе, накідваў свой кабель на нямецкі — слухалі нямецкія размовы». Так атрымалася падслухаць размову немцаў пра падрыў вадасховішча. Падрыў прадухілілі, і Іван стаў кавалерам Ордэна Чырвонай зоркі.
У дваццацігадовым узросце будучы класік атрымаў званне старшыны і рэкамендацыю ў кампартыю.
Дэмабілізацыя для яго прыйшла ў снежні 1945-га.
Але і праз дзесяцігоддзі пасля, па словах сына Паўла «праз усё дзяцінства прайшоў успамін, што бацька ўночы крычаў: «Страляй! Бяжы!» Вайна яму снілася».
Іван Навуменка — старшына Савецкай Арміі. Германія, 1945 год. Фота – narbel.bsu.by
У першыя пасляваенныя гады Мазыр быў абласным цэнтрам. У тагачасную Палескую вобласць уваходзілі і родныя Навуменку Васілевічы.
З Іванавага класа з вайны вярнуліся чацвёра, адзін з іх – без рукі. Васілевічы сталі іншымі. І Іван Навуменка імкнуўся вярнуць іх аблічча ці не ва ўсіх сваіх мастацкіх творах…
«Да вайны Васілевічы былі мястэчкам вясёлым, з моладдзю, з танцамі вечарам на драўляных мастах. А пасля вайны — як пагост».
Навуменка пачаў працаваць карэспандэнтам абласной газеты «Бальшавік Палесся», завочна паступіў вучыцца на філалагічны факультэт БДУ.
Здольны добрасумленны хлопец пайшоў па жыццёвых прыступках някідка, але надзейна. Завочна скончыў ўніверсітэт, гэтак жа завочна паступіў у аспірантуру пры ім, у 1951-м атрымаў месца карэспандэнта ў галоўнай беларускамоўнай партыйнай газеце рэспублікі «Звязда».
Вокладка часопіса «Маладосць» №5, 1957 год
Калі напачатку 1953-га быў утвораны часопіс «Маладосць», Навуменку прызначылі ў ім загадваць аддзелам прозы. Пры адсутнасці ўласных кніжак і літаратурных публікацый. Літаратурны старт у прозе пачаўся для будучага «народнага» з пасады начальніка над маладой прозай.
Ён вучыўся пісаць літаратурна, чытаючы тых, хто дасылаў свае творы ў «Маладосць». У 1954-м скончыў аспірантуру, у 1955-м дэбютаваў у «Маладосці» (№6) з першымі ўласнымі апавяданнямі («Эх, махорачка», «Сідар і Гараська»). У 1957-м выйшла першая кніжка навуменкаўскай прозы – «Сямнаццатай вясной». І яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР.
Вокладка кнігі «Сямнаццатай вясной». Фота – ay.by
Улетку 1957-га пачалася шматмесячная эпапея ў «Маладосці» першай аповесці Васіля Быкава «Апошні баец». Як сведчыў пасля Быкаў, «пэўна, яе прачытаў там не адзін Навуменка… бо некаторыя мае дэталі і думкі я чытаю зараз у іншых аўтараў». У выніку «Апошні баец» выйшаў у дваццаці трох нумарах газеты «Чырвоная змена» вясной 1958-га.
У другой палове 1958-га «Маладосць» напаткалі кардынальныя змены. Быў зняты з пасады яе першы галоўны рэдактар, былы камандзір штрафнога батальёна Аляксей Кулакоўскі, а Івана Навуменку вызвалілі з яго аддзела таксама.
Па сканчэнні ў 1954-м аспірантуры пры БДУ Навуменка 19 гадоў аддаў выкладчыцкай дзейнасці ў гэтым універсітэце. Прайшоў ступені ад старшага выкладчыка да прафесара, доктара навук і загадчыка кафедры беларускай літаратуры.
Як выкладчык ён знайшоў сваё месца. Лекцыі Навуменкі былі ідэалагічна выверанымі, але не пустымі, з элементамі рамантыкі. З іх змястоўна жывілася і «філалагічнае» пакаленне Чыгрынава ды Барадуліна, і «пасляваеннікі» пакалення Далідовіча і Янішчыц, і студэнты паслясталінскіх пакаленняў.
Іван Навуменка лічыў, што пасляваенная проза ў значнай ступені выратавала і выцягнула беларускую літаратуру, таму што вайна – гэта самыя неверагодныя сюжэты, самыя неверагодныя здарэнні. Гэта тое, калі можа адбыцца ўсё, калі чалавек выпрабоўваецца і раскрываецца ў нейкіх сваіх рысах так, як у мірным жыцці ён ніколі не раскрыецца.
Элементы рамантыкі характэрныя як для празаічных зборнікаў Навуменкі («Хлопцы-равеснікі» (1958), «Верасы на выжарынах» (1960), «Бульба» (1964), «Таполі юнацтва» (1966), «Вераніка» (1968), «Тая самая зямля» (1971), «Падарожжа ў юнацтва» (выбранае, 1972), «Замець жаўталісця» (1977), «Пераломны ўзрост» 1986), «Водгулле далёкіх вёснаў» (1989)), так і для яго літаратуразнаўчых прац: («З глыбінь жыцця: Крытычныя эцюды аб творчасці Якуба Коласа» (1960), «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967), «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас: Духоўны воблік героя» (1968), «Гуманизм и народность» (Масква, 1972), «Кніга адкрывае свет» (1978), «Из глубин народной жизни» (1981), «Якуб Колас» (1982), «Якуб Колас: Нарыс жыцця і творчасці» (1982), «Элементы міфалогіі ў паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа» (1988)).
Былі ў Івана Навуменкі і аповесці для дзяцей: «Вайна каля Цітавай копанкі» (1959), «Капитан Степь идет в разведку» (з В. Мамантавым, 1982), п’еса «Птушкі між маланак» (1982).
На сёння гэтыя рэчы выглядаюць больш помнікамі часу, чым змястоўнымі і натхняльнымі творамі, але такой была эпоха – з безданню ідэалагічна правільнай вады дзеля таго, каб данесці хоць штосьці. А штосьці больш істотнае за ваду ў творах Навуменкі дакладна ёсць…
***
Яшчэ сумяшчаючы працу ў «Маладосці» з выкладчыцкай дзейнасцю, Іван закахаўся ў студэнтку гістфака Ядзвігу Іконнікаву. Яна стала яго другой жонкай.
Ядзвіга была карэннай мінчанкай, паходзіла з нашчадкаў расійскага двараніна-вайскоўца, якога прыслалі ў Мінск у ХІХ стагоддзі. Тут Іконнікавы перайшлі ў каталіцтва і засталіся там на многія пакаленні.
Ядзвіг Іконнікава. 1952 год. Фота – narbel.bsu.by
Іван быў і застаўся праваслаўным. Але вельмі любіў наведваць цешчу-каталічку і на яе Вялікдзень, і на яе Каляды…
***
У 1973 годзе Навуменка стаў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР, у 1982-м – віцэ-прэзідэнтам АН БССР. З 1985-га па 1990-ы быў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Сягнуў звання акадэміка.
У апавяданні Васіля Быкава «Трое» (яно вядомае і як «Дваццаты») 1958 года кульмінацыйны эпізод адбываецца ля прыдарожных соснаў. Не будзем катэгарычна сцвярджаць, што Іван Навуменка чытаў тое апавяданне, але яго самыя вядомыя кнігі – раманы – аказаліся павязанымі з соснамі назвамі, парадзілі ўнутрыфілалагічныя показкі пра «тры сасны», у якіх заблукалі навуменкаўскія героі.
Іван Навуменка. Фота – narbel.bsu.by
Славутых навуменкаўскіх раманаў тры: «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1974). Яны ўсе пра юнацтва падчас акупацыі. Не пра ўсё там дагаворана, але ізноў жа – эпоха была такой, што іх можна было выдаць хіба што такімі.
Але ва ўсіх іх жыве настальгія. Настальгія па загінулых земляках, па загінулых равесніках, па загінулым часе яшчэ не азвярэлай ад крыві вайны маладосці…
З успамінаў сына Паўла: «Ездзілі з ім па глухіх мясцінах, па закінутых вёсачках. А яму заўсёды хацелася дзесьці стаць, папрасіцца пераначаваць, пагаварыць з вяскоўцамі, паглядзець на зоры ўначы».
Як у карцінах Шагала жыве дарагі яму Віцебск, так у прозе Навуменкі гучыць гімн яго малой радзіме… Але як Шагал не паехаў ва ўслаўлены ім горад пры сваім уганараваным прыездзе ў СССР, так і Іван Навуменка пазбягаў Васілевічаў, бываў там у сталасці вельмі рэдка, а пасля смерці бацькі – яшчэ радзей…
У 1981–1984 гг. выйшаў шасцітомнік выбраных твораў Івана Навуменкі.
Акадэмік захапляўся індаеўрапеістыкай, сабраў выдатную бібліятэку па ёй. Яму хацелася наведаць Індыю. І ў савецкі час ён туды з’ездзіў, быў вельмі задаволены. Увогуле, нямала паездзіў па свеце ў складзе савецкіх дэлегацый. Таму ў яго былі фотаздымкі, дзе ён і ў Амерыцы, і ў Парыжы, і ў Індыі на слане…
Калі напрыканцы 1991-га СССР памёр, прэзідэнт акадэміі навук Беларусі Платонаў прапанаваў Навуменку пакласці на стол партбілет. Іван Якаўлевіч адказаў: «Не вы мне яго давалі, не вы ў мяне яго і будзеце забіраць».
Іван Навуменка. 1981 год. Фота – narbel.bsu.by
У незалежнай Беларусі літаратуразнаўчыя кнігі Навуменкі «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч» (1992), «Змітрок Бядуля» (1995), «Максім Багдановіч» (1997) выглядаюць напісанымі старамодна. Акадэмік не стаў прагінацца пад павевы часу, працягваў даследаваць літаратуру, абапіраючыся на дыялектычны матэрыялізм. Для паўнаты агульнай палітры і такі разгляд мае каштоўнасць, бо ён у Навуменкі грунтоўны, стылёвы.
Іван Якаўлевіч не адчуваў пахаў, але любіў добрую кухню. Любіў наведаць кірмаш у Ракаве задоўга да таго, як гэтае мястэчка набыло свой кантрабандысцкі брэнд…
У 1995-м яму апошняму сярод беларускіх пісьменнікаў было нададзенае званне народнага. Спіс, распачаты Янкам Купалам, завяршыўся Іванам Навуменкам. Першы ў вялікую вайну загінуў, другі рушыў у свой дарослы шлях.
У апошнія гады жыцця Івана Якаўлевіча нагадалі пра сябе былыя франтавыя раненні. Пісьменнік перанёс некалькі інсультаў…
Іван Якаўлевіч Навуменка памёр 17 снежня 2006 года. Быў пахаваны на Кальварыйскіх могілках – сціпла і без ажыятажу.
Калі ў Івана Навуменкі і было славалюбства, ён, як мне бачыцца, яго перарос, не зацыкліўся на ім. Лічыў, што працаваць трэба дбайна і добрасумленна, паказваў у тым прыклад. Пазбягаў дробязнасці, імкнуўся да стабільнасці. Прагнуў дзейнічаць надзейна, грунтоўна, пакідаць пасля сябе добрую памяць.
Па вялікім рахунку, у яго тое атрымалася. Яго народнасць спрэчная, але за яе не сорамна.
Андрэй Мельнікаў, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!