Снежань толькі пачаўся, а гэта значыць, што Каляды з Новым годам ужо зусім блізка! Зрабілі падборку цікавых калядных мерапрыемстваў для дзяцей і дарослых, якія нон-стопам будуць адбывацца ў снежні 2019-га і студзені 2020 года. Глядзіце, выбірайце, што найбольш вас цікавіць, і святкуйце па-беларуску!
Нацыянальны гістарычны музей запрашае на выставу «Музей ёлачных цацак», якая адкрываецца 6 снежня і будзе працаваць да 20 студзеня.
На выставе будуць экспанавацца навагоднія цацкі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі, аналагаў якім няма ні ў адным еўрапейскім музеі. Сярод іх — рарытэтныя экспанаты: дакладная копія цацкі, падараванай Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ і занесенай у Кнігу рэкордаў Гінеса, велізарны шкляны шар з Венскага балю і многае іншае.
Падрабязней глядзіце тут.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае дзетак і іх бацькоў даведацца, як святкуюцца сапраўдныя беларускія Каляды і Новы год! Адмысловае свята «Прыехала Каляда на белым вазочку» будзе адбывацца ў музеі з 16 снежня па 17 студзеня.
«Разам прыгадаем абрады і звычаі нашых продкаў, даведаемся, хто такія калядоўшчыкі і што яны рабілі падчас калядных святаў, якія песні спявалі, якія танцы танчылі, у якія гульні гулялі. Вядучыя разам з дзецьмі створаць сваіх калядоўшчыкаў, а касцюмы дазволяць адчуць сябе сапраўднымі ўдзельнікамі калядных імпрэз», — запэўніваюць арганізатары.
Падрабязней пра свята глядзіце тут.
«Арт Сядзіба» падрыхтавала выдатны падарунак на зімовыя святы для дзетак ад 3 гадоў — музычныя беларускамоўныя праграмы «Калядныя ялінкі», якія будуць праходзіць з 22 снежня па 7 студзеня ў кавярні «Грай»:
22.12 — Праграма “Прыехала Каляда!”. Казачніца Ларыса Рыжкова і гурт «Калыханка», музыкі-калядоўшчыкі з гурта Vuraj
25.12 — Еўрапейскія калядныя песні па-беларуску. Алесь Чумакоў (гуслі) і Таццяна Ячная (спевы)
28.12 — «Чароўныя калядкі» са студыяй «Варгін»
29.12 — Каляды з гуртом Harmonic style Project
6.01 — «Калядная батлейка» з тэтрам-студыяй «Варгін»
7.01 — праграма «Прыехала Каляда!». Казачніца Ларыса Рыжкова і гурт «Калыханка», музыкі-калядоўшчыкі з гурта Vuraj
Пачынацца ўсе ялінкі будуць а 12-й.
Падрабязней глядзіце тут.
«Арт Сядзіба» запрашае 18 снежня ў клуб «Brugge» на святочны фэст «Новы Новы Год», каб разам адзначыць свой восьмы дзень народзінаў.
«Новы Новы год» — гэта свежая беларуская музыка, рэфлексія старога года, планы на новы год і падарункі. Падчас імпрэзы будзе запачаткаваная ўласная прэмія «Арт Сядзібы».
Уваход вольны! Пачатак а 19-й.
Падрабязней глядзіце тут.
Штогадовае шоў «Калядны фэст» традыцыйна пройдзе ў клубе «Re:Public» 25 снежня. Канцэрт будзе прысвечаны гурту «Стары Ольса», які сёлета святкуе сваё 20-годдзе. Акрамя ўласна «Ольсаў» на сцэну выйдуць калектывы, у якіх граюць сённяшнія або былыя ўдзельнікі гурта. Пачатак у 17:30.
Падрабязней глядзіце тут.
Гурт «МУТНАЕВОКА» запрашае на калядную ялінку для дарослых, якая адбудзецца 25 снежня ў кавярні «Грай».
«Незвычайная праграма, навагодні настрой, смачнюхі, лісты Дзеду Марозу і не толькі чакаюць цябе на нашым канцэрце!» — абяцаюць арганізатары.
Падрабязней глядзіце тут.
2 студзеня ў Маладзёжным тэатры эстрады гледачы зноў пабачаць герояў з музычных казак пра літару «Ў», якія былі створаныя беларускім кампазітарам, сцэнарыстам і прадзюсарам Раманам Арловым.
Але гэтым разам вас чакае новая, феміністычная, версія казкі «Як літара “Ў” Каляды ратавала», якая спадабаецца не толькі дзеткам, але і дарослым! Пачатак а 15-й.
Падрабязней пра казку глядзіце тут.
Болей цікавых мерапрыемстваў, якія адбываюцца кожны дзень, шукайце ў нашай афішы.
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!