Артыкул гісторыка Змітра Моніча да 240-годдзя з дня нараджэння Яна Дамеля (1780–1840).
Жаданы госць культурных імпрэз сталічнай Вільні і губернскага Мінска, вядомы партрэтыст і майстар гістарычнага жанру, стваральнік аўтарскіх алтарных палотнаў і копій сусветных шэдэўраў, сімвал сваёй эпохі і неад’емная частка яе мастацтва – Ян Дамель.
Аўтапартрэт, 1828(?). Палатно, алей. Нацыянальны музей у Варшаве
Нягледзячы на вялікую папулярнасць і запатрабаванасць сярод сваіх сучаснікаў, цяпер Дамель забыты, звесткі з яго біяграфіі згубіліся, і гэта стала прычынай узнікнення шматлікіх міфаў і легенд вакол яго асобы. А далей час і забыццё зрабілі сваю справу: тое, што яшчэ ўчора было неправеранай гіпотэзай, сёння ўспрымаецца як факт і пашыраецца сярод даследчыкаў і аматараў беларускага мастацтва ХІХ стагоддзя. Юбілей майстра стаў выдатнай нагодай для руйнавання міфаў і вяртання імя Яна Дамеля на пачэснае месца ў гісторыі Мінска.
Дакладная дата і месца нараджэння мастака невядомыя, у адным з дакументаў, што сёння захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, сам Дамель піша пра сябе наступнае:
“Нарадзіўся ў Курляндыі, мой айцец быў гандляром, жыў у Курляндыі ў двары Беркер, а потым пераехаў у Жмудзь і жыў у Жагорах, дзе таксама і памёр. Хадзіў да школы ў Мітаве, з Мітавы выехаў у 1797 годзе ў Жмудзь, быў там гувернёрам на працягу аднаго года ў пана Бурневіча, пісара гродскага. Адтуль прыбыў у Вільню ў 1799 годзе, пачаў хадзіць ва ўніверсітэт, пасля некалькіх курсаў і здадзеных іспытах атрымаў ступень магістра вольных мастацтваў, потым быў настаўнікам у гімназіі”.
На жаль, і гэтыя ўласнаручна напісаныя радкі не прасвятляюць абставіны нараджэння майстра. Менавіта таму ў разнастайных даведніках і публікацыях малой радзімай Дамеля памылкова пазначаюць горад Мітава (сучасная Елгава, Латвія), дзе Ян наведваў школу. Годам нараджэння традыцыйна лічыцца 1780-ы, але і гэта на сённяшні дзень не пацверджана дакументальна. Метрыка аб нараджэнні не выяўлена, а ў штогадовых спісах вучняў Віленскага ўніверсітэта падаюцца разрозненыя даныя адносна ўзросту мастака: зыходзячы з іх можна меркаваць, што мастак мог нарадзіцца ў 1777, 1778, 1779 і 1781, а паводле дзясятага тома французскага ўніверсальнага біяграфічнага слоўніка, выдадзенага яшчэ пры жыцці Дамеля, і -- у 1790-м.
Пра сям’ю мастака мы ведаем яшчэ менш, чым пра абставіны яго нараджэння. Акрамя таго, што бацька быў гандляром, вядома яго імя – Ян. У першым пажыццёвым біяграфічным апісанні, якое надрукаваў мастак Адам Шэмеш у 1842 годзе ў часопісе “Athenaeum” адзначана, што бацькі Дамеля былі шляхецкага паходжання, дзед быў палкоўнікам саксонскіх войскаў. Гэтыя звесткі пазней былі скажона пададзены ў слоўніку мастакоў Эдварда Раставецкага, дзе палкоўнікам быў названы ўжо бацька творцы, далей гэтая памылка паўтаралася ў папулярных і навуковых выданнях ХХ і ХХІ стагоддзя. Трэба таксама адзначыць, што падчас гучнай судовай справы (гаворка пра яе будзе ніжэй) прадстаўнікі беларускай шляхты звярталіся з хадайніцтвам аб перадачы Яна Дамеля ім на парукі і ў сваіх прашэннях пазначалі яго шляхецкае саслоўнае становішча. Менавіта адзнака аб шляхецтве ў афіцыйных зваротах да дзяржаўных уладаў дазваляе нам сёння меркаваць аб высокім паходжанні Дамеля, нягледзячы на тое, што не захаваліся адпаведныя дакументы.
Вышэйзгаданы Адам Шэмеш, сябра Яна Дамеля, у сваіх успамінах напісаў наступнае:“…акалічнасці яго нараджэння, выхавання, успаміны яго маладосці і нават пазнейшых гадоў нікому не вядомыя”.
Да слоў чалавека, які асабіста ведаў мастака і быў яго сябрам, мы нічога больш дадаць не можам, за выключэннем аднаго моманту – імя майстра. У шматлікіх выданнях і публікацыях як ХХ стагоддзя, так і апошняга дзесяцігоддзя аўтары пазначаюць падвойнае імя: Ян Крыштаф Дамель. Хутчэй за ўсё, блытаніна з імёнамі з’явілася таму, што ў адзін час у Віленскім універсітэце курс малюнка вывучалі Ян Дамель і Крыштаф Дамель, два розныя чалавекі. Шматлікія ўніверсітэцкія дакументы, дзе паралельна ў адным часе асобна згадваюцца і Ян Дамель, і Крыштаф Дамель, дазваляюць з упэўненасцю казаць: гэта абсалютна розныя асобы. Некаторыя мастацтвазнаўцы мяркуюць, што Крыштаф Дамель – гэта брат Яна. Такім чынам, да цьмяных звестак пра сям’ю і дзяцінства мастака можна дадаць гіпотэзу аб наяўнасці брата. Што цікава, Крыштаф Дамель жыў таксама на тэрыторыі Беларусі, у выданні “Ondyna Druskienickich źródeł” у спісе адпачывальнікаў на мінеральных водах у чэрвені 1845 года пазначаны Крыштаф Дамель з жонкай, жыхар Брэсцкага павета, і гэта неабвержнае пацвярджэнне таго, што Ян і Крыштаф -- розныя людзі, бо наш мастак памёр у 1840 годзе, але пра тое ніжэй.
Фармаванне Дамеля як мастака адбывалася падчас вучобы на факультэце літаратуры і вольных мастацтваў Віленскага ўніверсітэта, куды ён паступіў у 1799 годзе. Ён наведваў курс малюнка і жывапісу Францішка Смуглевіча, Яна Рустэма і Юзафа Саўндэрса. Сам працэс навучання можна рэканструяваць па ўспамінах студэнтаў і архіўных звестках. Так, асноўная ўвага надзялялася капіраванню гравюр і злепкаў класічнага мастацтва, пленэры былі даволі рэдкімі. Лекцыі па жывапісе працягласцю паўтары гадзіны адбываліся тры разы на тыдзень (вёў іх прафесар Смуглевіч), а па малюнку – два разы на тыдзень (чытаў ад’юнкт Рустэм), кожная паўтары гадзіны.
У 1809 годзе пасля заканчэння ўніверсітэта і здачы адпаведных іспытаў Ян Дамель атрымаў ступень магістра вольных мастацтваў і пачаў выкладаць у віленскай гімназіі. Прыналежнасць гімназіі да Віленскага ўніверсітэта, а таксама прафесійныя і сяброўскія кантакты з прафесурай паспрыялі таму, што пасля смерці мастака з падачы Адама Шэмеша доўгі час Дамелю памылкова прыпісвалі званне ад’юнкта пры кафедры жывапісу прафесара Рустэма. Гэтая блытаніна была канчаткова развеяная пры вывучэнні фармулярных спісаў універсітэта: імя Дамеля сярод ад’юнктаў не пазначанае.
Падчас навучання ва ўніверсітэце Ян Дамель знаёміцца з Ігнатам Цэйзікам, таксама студэнтам, слухачом курсаў хіміі, агульнай гісторыі, французскай мовы і малявання. Нягледзячы на высокае майстэрства ў малюнку, Цэйзік не атрымаў вучонай ступені і пасля стварэння сям’і ўсе свае намаганні накіраваў на вядзенне ўласнай гаспадаркі. Атрымаўшы ў арэнднае карыстанне маёнтак Старынны, Ігнат Цэйзік разам з сям’ёй пераязджае ў Слуцкі павет і працягвае падтрымліваць сувязь з Дамелем, які застаўся ў Вільні, праз ліставанне. Сяброўства з Цэйзікам і іх прыяцельская перапіска 1811–1814 гадоў сталі ракавымі для Дамеля.
Адыход французскага войска праз Вільню ў 1812 годзе, 1845–1875. Папера, літаграфія. Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве.
У 1815 годзе Мінскі гарадскі суд пачаў разгляд справы аб абвінавачванні пасэсара фальварка Старынны Слуцкага павета Ігната Цэйзіка ў вырабе фальшывых асігнацый. Падробкі былі настолькі прафесійна зробленыя, што іх не маглі адрозніць ад арыгіналу нават прафесіяналы, а пошук аўтара падробак ішоў некалькі год. Пасля арышту Цэйзіка следства правяло вобыск у маёнтку і далучыла лісты Дамеля да судовых дакументаў. Першапачаткова Дамель праходзіў па справе ў якасці сведкі, аднак падзеі пачалі разгортвацца настолькі імкліва і непрадказальна, што лісты сталі кампраматам на самога мастака. Дамеля абвінавацілі ў веданні аб вырабе падробак і непасрэдным саўдзеле праз тое, што ён дасылаў Цэйзіку вяленевую паперу, на якой той і рабіў асігнацыі. Нягледзячы на тое, што саўдзельніцтва Яна Дамеля не было даказана (мастак у гэтым не прызнаўся, а Ігнат Цэйзік яго не агаварыў), пастанова сената была жорсткай:
“…Хоть виленской Академіи рисовальный учитель и изящныхъ наукъ професоръ Іванъ Дамель, въ соучастиі къ дьланью фальшивыхъ ассигнацій не в знаніи о томъ непризнался, да и Цейзикъ Его неоговорилъ. Но какъ нанего падаетъ весьма сильное подозреніе потому, что жилъ съ Цейзиками въ тесной дружбе, и имелъ съ нимъ переписку въ весьма темныхъ и неясныхъ выраженияхъ, получилъ от Цейзика по собственному признанію для размена 1,500 рублей якобы французкихъ ассигнацій, и необъявя об оныхъ никому возвратилъ ихъ Цейзику; разговаривалъ съ нимъ о проекть дьланія фальшивыхъ ассигнацій; о чемъ такъ же никому въ свое время необъявилъ, давал Цейзику свой пашпортъ на выъздъ Заграницу, съ которымъ Цейзикъ под его Дамеля именемъ и былъ заграницею; Доставлялъ въ разные времена Цейзику веленевую бумагу, изъ которой дьланы были ассигнаціи: то посему оставя Дамеля въ силномъ подозренiи въ знанiи продьланiя Цейзиками ассигнацiи, яко человека въ обществъ опасного, къ предупрежденiю на будущее время могущихъ произойти отъ него вредныхъ последствiи, сослать въ Сибирь на поселенiе”.
Трэба адзначыць, суровасць прысуду была абумоўлена яшчэ і палітычным фактарам. Фальшывыя асігнацыі пачалі з’яўляцца ў Расійскай імперыі напярэдадні вайны 1812 года і вырабляліся французскім урадам для падрыву эканомікі суперніка, а пасля паражэння і адступлення Напалеона прыхільнікі незалежнасці Рэчы Паспалітай працягвалі выраб і распаўсюджванне падробак не столькі з мэтай нажывы, колькі для пагаршэння эканамічнага становішча імперыі. Менавіта таму Дамель быў так жорстка пакараны за недаказаны следствам саўдзел.
У 1820 годзе з губернскага цэнтра Мінска Ян Дамель адправіўся ў высылку ў Сібір. Незайздроснае становішча мастака ўскладнялася таксама і безграшоўем. Яшчэ будучы выкладчыкам віленскай гімназіі, Дамель неаднойчы пісаў Цэйзіку пра свой нялёгкі фінансавы стан (непасільныя арэндныя платы, сцюдзёная майстэрня і перыядычны голад), што вымушала яго пастаянна шукаць замоў на выраб партрэтаў і копій папулярных карцін. Няблізкі шлях да Сібіры і само пражыванне мастаку прафінансавалі масоны.
Ян Дамель уваходзіў у дзве масонскія ложы (віленская “Руплівы ліцвін” і Мінская “паўночная паходня”), ён не займаў ніякіх пасад і ў спісах значыўся як вучань або ганаровы чалец. На карысць ложы мастак служыў сваім талентам – распісваў палотны, якія аздаблялі месцы пасяджэнняў. Калі ж пачалася вышэйзгаданая судовая справа, браты-масоны Дамеля не пакінулі: былі напісаны лісты ў ложу Санкт-Пецярбурга “Астрэа” з просьбай паспрыяць у станоўчым вырашэнні працэсу, а падчас суда сабраты хадайнічалі аб яго вызваленні з-пад арышту і перадачы на парукі. Калі ж усё гэта не дапамагло і быў вынесены прысуд, кіраўніцтва Віленскай ложы “Руплівы ліцвін” звярнулася да іншых лож аб зборы ахвяраванняў на карысць няшчаснага Дамеля.
Святая Канстанцыя, каля 1825. Палатно, алей. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Падчас высылкі Ян Дамель меў магчымасць наведваць розныя гарады і мясцовасці, знаёміцца з традыцыйнай культурай тамашніх этнасаў. Падчас сваіх падарожжаў ён пісаў дзённік і рабіў шматлікія падарожныя нататкі, якія аздабляў малюнкамі краявідаў і выявамі мясцовых жыхароў. Сам дзённік і замалёўкі доўгі час захоўваліся ў калекцыі графа Канстанціна Тышкевіча ў Лагойску. На жаль, на сённяшні дзень невядомае месцазнаходжанне дзённіка, але, на шчасце, захаваліся некаторыя малюнкі, што сталі сапраўднай выяўленчай энцыклапедыяй народаў Дальняга Усходу (захоўваюцца ў музейных калекцыях Польшчы і Літвы). Талент мастака быў запатрабаваны сярод жыхароў і служачых Сібірскай губерні, Дамель ствараў афіцыйныя і сямейныя партрэты (Адам Шэмеш піша пра шматлікія партрэты ваенных і цывільных губернатараў, знакамітых чыноўнікаў і іншых асоб), а таксама алтарныя абразы для каталіцкіх (Марыя з маленькім Хрыстом для касцёла ў Томску) і пратэстанцкіх храмаў (Хрыстос з крыжам для евангелісцкага храма ў Табольску). Наяўнасць замоў з’яўлялася не толькі фінансавай падтрымкай для майстра, але і магчымасцю ўдасканалення свайго таленту і своеасаблівым служэннем, таму некаторыя палотны для храмаў ён пісаў задарма.
Прыхільнасць генерал-губернатара Сібіры Міхаіла Сперанскага паспрыяла таму, што ў 1823 годзе было задаволена прашэнне Дамеля аб памілаванні і ён змог вярнуцца на радзіму, аднак не ў сталічную Вільню, а ў губернскі Мінск. Дакладна невядома, што паўплывала на выбар месца пражывання, магчыма, былыя знаёмствы з мясцовай інтэлігенцыяй падчас працяглага судовага працэсу, а можа, нават канкрэтнае запрашэнне і прадастаўленне месца для жыхарства. Вядома, што Дамель жыў у самым цэнтры горада – на Высокім Рынку (сёння плошча Свабоды), некаторыя лічаць, што ў доме, які належаў яго сябру Юрыю Кабылінскаму, сакратару Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу (сёння плошча Свабоды, 15 – Галерэя Міхаіла Савіцкага).
З 1823 года, пасля свайго вяртання, Ян Дамель не пакідаў Мінск надоўга, за выключэннем кароткага падарожжа ў Санкт-Пецярбург у 1836-м і наведвання шляхецкіх сядзіб наваколля. Менавіта падчас мінскага перыяду найбольш раскрыўся талент майстра. Дамель стварае шматлікія партрэты мясцовай шляхты (Ашторпы, Гюнтэры, Тызенгаўзы, Ясінскія, Горваты, Кабылінскія і інш.), карціны на гістарычныя сюжэты (адыход французскага войска праз Вільню ў 1812 годзе; Павел І вызваляе Касцюшку з вязніцы; Сустрэча Яна ІІІ Сабескага з імператарам Леапольдам; смерць князя Панятоўскага і інш.) і алтарныя палотны для касцёлаў. Захаваліся ўспаміны аб тым, што ў якасці своеасаблівай майстэрні Дамель выкарыстоўваў сутарэнні касцёла імя Панны Марыі (сёння пл. Свабоды, 9). Менавіта там, у поўнай цемры, ён мог выставіць патрэбнае асвятленне і такім чынам дасягнуць неабходнай перадачы святла і ценю на палатне.
Памірае майстар 30 жніўня 1840 года, халастым, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў. Адам Шэмеш у сваіх успамінах зазначыў, што прычынай смерці стаў апаплексічны ўдар. Гэтая акалічнасць цікавая яшчэ і тым, што ў адным са сваіх лістоў да Ігната Цэйзіка ад 1811 года Дамель напісаў наступнае:“…я адчуваю сябе ўсё горш і горш і баюся сухотаў – раіўся з доктарам – суцешыў мяне бязмерна – і пасля патройнага ўзняцця і апускання броваў сказаў – Васпане, ад сухотаў ніколі не памрэш, але, пэўна, ад вадзянкі або апаплексіі…”
Маленне аб чашы, 1830-я. Палатно, алей. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Пахавалі Яна Дамеля ў крыпце яшчэ недабудаванага касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках. Па жаданні Юрыя Кабылінскага над магілай майстра ў цэнтральным алтары касцёла змясцілі абраз “Маленне аб чашы”, які сучаснікі называлі найлепшым творам Дамеля. Гэтае палатно стала своеасаблівым помнікам мастаку і замяніла яму надмагілле.
Імя Яна Дамеля сустракаецца на старонках успамінаў шляхты з Мінска і наваколляў, а таксама перыядычнага друку першай паловы ХІХ стагоддзя. Ён быў не проста часткай культурнага жыцця горада, ён стаў яго ўвасабленнем. Дамель не пакінуў пасля сябе жывапісных палотнаў або малюнкаў з выявамі Мінска, але гэта не перашкодзіла яму стаць мастаком гэтага горада. Ян Дамель нарадзіўся далёка ад Мінска, аднак зрабіў важны крок, каб парадніцца з горадам, ён яго выбраў і быў верны гэтаму выбару да канца.
Зміцер Моніч, часопіс «Мастацтва» № 6-2020