— Так, шмат хто кажа, што мае вершы сумныя! Але я іх такімі ніколі не лічыла, хутчэй, змрочнымі. Мабыць, тэксты пакідаюць такое ўражанне, бо жаданне пісаць з’яўляецца акурат не ў самыя радасныя моманты. Да таго ж мяне натхняюць даволі змрочныя музычныя напрамкі, а калі адбываецца спляценне музыкі і літаратуры, для мяне гэта самае клёвае, што можа адбыцца. Прайшло даволі шмат часу з выхаду першага зборніка «Падслуханае сценамі шматпавярховак», цяпер я гляджу на яго трохі іранічна. (Задуменна ўсміхаецца.) Мо і паспяшалася тады, некаторыя вершы гучаць надта па-максімалісцку. Цяпер вучуся знаходзіць натхненне і ў шчаслівым. У другім зборніку — «Пяць стадый прыняцця Яны Н.», — які выйшаў напрыканцы лета, ёсць раздзел «Прыняцце». Я ўсё ж паспрабавала стварыць канцэпцыю заспакаення. Ну, гэта было як невялікае апраўданне перад тымі, хто занадта негатыўна ставіўся да майго стылю: «Чаму сумна ўвесь час?» Ну што зрабіць, калі з большага натхняе змрочнае? Але цяпер трошкі змяніла свой погляд: прымаю — і шчаслівая.
— Хм, будзе шчаслівы зборнік?
— Не ведаю. (Усміхаецца.) У тым і справа, што зборнікі мной ніяк не плануюцца. Гэта былі вельмі спантанныя рашэнні: або зараз, або ніколі. І я проста падбірала пад кніжку тое, што ёсць, і прыдумвала канцэпт. Пакуль што складана сказаць, бо і матэрыялу няма для шчаслівага зборніка. Але ў далёкай перспектыве — цалкам верагодна, можа, нават у гэтай уяўнай кнізе будуць не толькі вершы.
— Першы зборнік з’явіўся, калі вам было 15. У такім узросце падлеткі звычайна думаюць, чым бы заняцца ў жыцці, а ў вас ужо зборнік. Як?
— Зноў жа, гэта было вельмі спантанна — хачу і ўсё. Я абсалютна не ведала, што ўяўляе сабой выданне кнігі. Заўсёды вельмі любіла чытаць. І на той момант я ўжо некалькі гадоў адкрывала для сябе сучасную беларускую літаратуру. Выпадкова натрапіла на пару зборнікаў Змітра Вішнёва і Віктара Жыбуля. Для мяне гэта было «ваў»! Я дастаткова добра ведала, што адбываецца ў беларускай літаратуры (не толькі вайна і вёска!), бо чатыры гады запар ездзіла на алімпіяду па беларускай мове і літаратуры. Гэты досвед дапамог не толькі пашырыць веды, але і стаўся падмуркам для захаплення нашай літаратурай. Плюс спрыяльнае асяроддзе ў сям’і. На ноч мне, напрыклад, чыталі Арлова. (Усміхаецца.)
— О, то ў вас прагрэсіўная сям’я!
— У гэтым сэнсе — вельмі. Мяне надта ўразілі творы ўдзельнікаў руху «Бум-Бам-Літ». Стала зразумела, што і мне можна не баяцца ствараць і эксперыментаваць. Я працягвала пісаць вершы і хадзіць па сучасныя кніжкі ў краму «Галіяфаў». І вось у нейкі момант мне падалося, што я хачу зрабіць кніжку, хоць у выдавецкай справе не разумела нічога. Я проста хацела сабраць усе мае творы, стварыць кніжку для сябе, сваякоў ды сяброў. Не на продаж! Адзінае, што прыйшло на розум — звярнуцца да «Галіяфаў». Памятала, што на сайце было напісана: «Па пытаннях выдавецтва звяртацца на пошту Змітра Вішнёва». У мяне адразу думка: «О божа, няўжо мне давядзецца яму пісаць, я ж чытала яго кнігі! Ён, можна сказаць, адкрыў мне свет сучаснай беларускай літаратуры». Я нарэшце вырашылася, перш-наперш, вядома, спытала, ці ёсць узроставыя абмежаванні. Зміцер вельмі хутка адказаў, што, маўляў, узрост не важны, толькі якасць. Я даслала рукапіс, і дзесьці праз пару гадзін ён мне патэлефанаваў: «Ой, ведаеце, я здзіўлены! Вершы зусім нават і не кепскія!» Пачаў задаваць працоўныя пытанні кшталту «які тыраж хочаце» і г. д. А я нічога не ведаю! Мне дазволілі выбраць самой, хто мае быць рэдактарам зборніка. Я была неверагодна ўсцешаная, што згадзіўся Віктар Жыбуль! Вопыт выдання кнігі быў вельмі карысны, я зразумела, як працуе гэты механізм. А пра ўзрост… Не ведаю, шчыра кажучы, не звяртала на яго ўвагу. Але было смешна, што першапачаткова хацелі паставіць узроставае абмежаванне на зборнік 16+. Але палічылі, што гэта будзе недарэчна, калі аўтару 15 (смяецца), паставілі 12+. Другі зборнік стаў для мяне прынцыповым. Хаця б таму, што замацаваўся вобраз «дзяўчынка, якая выдала зборнік у 15 гадоў», паўсюль толькі так і гучала. І мне гэта зусім надакучыла.
— У другім зборніку вы нават змянілі псеўданім Янка Каліноўскі на сапраўднае імя. Псеўданім Каліноўскі — таксама рыса максімалізму, пра які вы казалі вышэй, прага супрацьстаяння свету?
— Мне падаецца, для ўсіх падлеткаў беларускай накіраванасці Кастусь Каліноўскі — найвялікшы герой. Наогул, гэтае прозвішча задумвалася як фэйкавае для старонкі ў сацсетках, а не як псеўданім. Таксама вельмі падабалася, калі мяне называлі Янка, неяк вельмі па-беларуску. Гэтыя фактары сумясціліся, і атрымаўся Янка Каліноўкі. Потым на той старонцы ў сацсетках я пачала друкаваць вершы, і імя замацавалася. Тады чамусьці здавалася, што маё прозвішча не вельмі падыходзіць для беларускамоўнай паэткі. А мне хацелася пазіцыянаваць сябе ў творчасці менавіта па-беларуску. Праўда, потым надакучыла, што мяне ўспрымаюць толькі як Янку. І я вырашыла, што прыйшоў час вярнуцца да сапраўднага імені. Зноў пачалося з таго, што я перайменавалася ў сацыяльных сетках. (Усміхаецца.)
— Калі я ўпершыню пачула ваш псеўданім, у мяне адразу ўзнікла пытанне: чаму ён мужчынскі? Здаецца, прайшоў час, калі жанчыны вымушаны былі падпісвацца мужчынскімі імёнамі.
— Хацелася б, можа, даць глыбокае тлумачэнне. Але… Напэўна, я не магла змяніць такое легендарнае прозвішча. Таму што Каліноўская — гэта ўжо не Кастусь Каліноўскі. У нас на патоку ёсць дзяўчына Яна Каліноўская. І гэта было вельмі смешна, таму што думалі, што я — гэта яна. Паблыталі крыху.
— У вас, дарэчы, шмат спасылак на імёны і ў вершах.
— Большасць імёнаў — з музычных гуртоў. Я таксама баялася, каб гэта не ператварылася ў стэрэатып. Але вельмі люблю Joy Division. Постпанкаўскі гурт 80-х з Манчэстэра. Менавіта з іх пачала слухаць альтэрнатыўную музыку. Таму, натуральна, шмат спасылак на Joy Division, The Doors і Джыма Морысана. Ды на некаторых літаратараў: Лаўкрафта, Кафку, Рэмарка і г. д. Карацей, на ўсё, што натхняе і супадае па настроі, што хочацца пераасэнсаваць праз прызму ўласнага вопыту ў вершах.
— А адкуль любоў да такой музыкі, не самай папулярнай сярод падлеткаў?
— Ой, не ведаю. Мабыць, альтэрнатыўную музыку я люблю праз бацькоў. А першы гурт, на канцэрт якога патрапіла, — Krama. Бацькі ўзялі з сабой у клуб «Гудвін», мне было гадоў сем. Ну, і ў машыне заўсёды гралі Krama, NRM і г. д. А яшчэ мая мама — найвялікшы фанат гурта Nirvana, большы за мяне і за ўсіх падлеткаў. А бацьку вельмі падабаецца Metallika. Перыяды жыцця ў мяне асацыююцца з тым, што я слухала: метал, панк — класічны англійскі і нават рускі. Не кажу пра «Гражданскую оборону», якую дагэтуль люблю, а пра зусім панкаўскія гурты. (Неапазнавальныя знакі рукамі.) Пасля слухала пост-панк, і тады я зразумела, што гэты жанр мне найбольш блізкі па настроі. Універсітэцкая выкладчыца англійскай часта расказвала, як яна ў студэнцкія гады была готам і слухала гатычную музыку. Я акунулася і ў гэтую плынь! Апошнім часам слухаю блэк-метал, у прыватнасці нарвежскі гурт Burzum. Цудоўныя песні з адсылкамі да скандынаўскай міфалогіі.
— А я яшчэ пытала, чаму пішаце змрочныя вершы… Як вы спасцігалі ўпершыню ўсе гэтыя тэхнічныя тонкасці выдання першага зборніка: фінансаванне, афармленне і г. д.?
— Калі казаць пра фінансавы бок, большую частку аплаціла выдавецтва, астатняе — бацькі. Адпаведна падзяліўся і тыраж. Асноўнай для мяне была рэдактура, з Віктарам Жыбулем працавалася выдатна. Вокладкай для першага зборніка стаў фотаздымак, які зрабіла мая маці ў віцебскай галерэі сучасных мастацтваў. Мне падалося, што будзе сімвалічна выкарыстаць гэты фотаздымак. Таму назва падбіралася хутчэй пад вокладку. Першапачатковая была «Дыскатэка пры святле манітора». Яна ўсім падабалася, але пад вокладку не падыходзіла. Новую назву таксама прыдумалі з мамай, проста едучы дахаты ў машыне. У рэшце рэшт атрымалася «Падслуханае сценамі шматпавярховак». Усё склалася даволі гладка.
— А вокладка для зборніка «Пяць стадый прыняцця Яны Н.»?
— Другая вокладка — фотаздымак маёй сяброўкі. Летам зладзілі з ёй фотасет, я прыцягнула люстэрка з хаты. У другім зборніку атрымалася наадварот: спачатку была назва, а потым вокладка. У мяне яшчэ была думка папрасіць намаляваць вокладку Адама Глобуса, у мяне з ім даволі добрыя адносіны, бо я ўжо тры гады займаюся ў ягонай школе «Літара». Але элементарна пасаромелася. Зразумела, што гэта было б за грошы, але не хацела заўчасна раскрываць, што рыхтую кніжку. Таму фотаздымак.
— А раскажыце пра школу!
— Ой! (Усміхаецца.) Гэта, напэўна, самае добрае, што са мной адбываецца ў літаратурным плане. У нашай сям’і імя Адама Глобуса заўсёды было на слыху. З дзяцінства памятаю велічэзную кнігу са зборам ягоных твораў, а на вокладцы — партрэт з чорным капелюшом. Аднойчы бацька скідвае спасылку: «Адам Глобус набірае школу крэатыўнага пісьма». Я не магла не паспрабаваць. Яшчэ напачатку заняткаў зразумела, што Глобус зусім не такі, якім яго часта падаюць у медыя. Напэўна, самы эрудзіраваны чалавек з усіх, каго я сустракала. У школе мы працавалі з нестандартнымі літаратурнымі формамі. У прыватнасці, звярталіся да японскай літаратуры і спрабавалі адаптаваць тыя формы пад нашыя. Абмяркоўвалі, рабілі заўвагі, хвалілі, выбіралі найлепшыя тэксты. Прыемна, калі цябе хваляць, гэта мяне яшчэ больш натхняе. У выніку я стала адным з самых адданых фанатаў Адама Глобуса. (смяецца.) Сёлета мне максімальна камфортна ў школе, бо я ўжо стары вучань. Нашыя ўрокі — суцэльнае харчаванне для розуму. Асабіста я дзякуючы школе стала нашмат смялейшай, упэўненай.
— Дарэчы, як Адам Глобус адгукнуўся наконт другога зборніка?
— Канкрэтна нічога не казаў, але я бачыла, што змяшчаў яго у спісе на прэмію «Залатая літара». Вершы мы неяк не абмяркоўвалі. Апошнім часам ствараецца ўражанне, што мне камфортней працаваць не з вершамі, а з кароткімі празаічнымі формамі. Напрыклад, нядаўна разглядалі ў «Літары» старажытнаіндыйскую літаратуру. У індыйскай паэтыцы тэксты раздзялілі на дзесяць аспектаў, сярод якіх — каханне-эротыка, спачуванне, смех-іронія, спакой, які вядзе да адрачэння ад свету і інш. Кожны з вучняў узяў сабе эмоцыю і павінен быў напісаць тэкст так, каб чытачы яе адчувалі. А раней абмяркоўвалі сюррэалізм, і мы трэба было прыдумаць і апісаць адпаведны вобраз. Вельмі цікава працаваць з такімі рэчамі.
— Але вучыцеся вы на факультэце міжнародных адносін. Чаму не на філфаку?
— Мне заўсёды была цікавая перакладчыцкая дзейнасць, на ФМА добра выкладаюць мовы. А чаму не на філфаку? Так, я скажу пра гэта! (Усміхаецца, нешта ўспомніўшы.) Канечне, у мяне былі такія думкі. Бацькі ніколі на мяне не ціснулі ў плане навучання, але тата раіў паступіць за мяжу. Калі мне было 14, вырашыла, што пайду на беларускую філалогію! Гэта быў ледзь не першы раз у жыцці, калі бацька на мяне крычаў! (Узрушана.) «Што?! І кім ты будзеш працаваць, бібліятэкарам? Гэта не твой узровень!» — вось нешта такое гучала. Не сказала б, што яго словы на мяне тады вельмі паўплывалі. Але за пару гадоў змяніліся захапленні і цікаўнасці. І калі я наступным разам думала пра філфак, то ўжо пра раманскую філалогію. Таму што мне вельмі хацелася вучыць нямецкую мову і працаваць з нямецкамоўнымі тэкстамі. А потым і ўвогуле планавала паступаць у Літву, нават здала на неабходны ўзровень англійскай. Але зразумела, што зусім не хачу з’язджаць з Мінска, я яго вельмі люблю. І тут паўстала пытанне, дзе можна вучыцца ў Мінску (ну ладна!) каб гэта было не беспантова (смяецца). Таму ФМА. На той момант вельмі стамілася ад філалагічнай сферы, бо ўвесь час была алімпіяда па беларускай мове. Праўда, спачатку хацела на міжнароднае права, ды не хапіла аднаго бала да бюджэту. Але я рада, што так атрымалася.
— Ва ўніверсітэце размаўляеце па-беларуску?
— Калісьці «Арт Сядзіба» запрашала мяне на выпуск праекта «Беларускамоўныя». І я тады шчыра прызналася, што ў жыцці карыстаюся беларускай не шмат з кім. Але дала хрэстаматыйнае абяцанне: паступлю ва ўнівер, буду размаўляць. І сапраўды спрацавала: з новым акружэннем падаваць сябе такім чынам нашмат прасцей. Выкладчыкі наогул станоўча ставяцца. Канечне, увесь матэрыял у нас па-руску, але мне няцяжка адаптаваць гэта на беларускую. Дапамагае працаваць мозгу.
— Ёсць якое-небудзь пытанне, на якое вы б хацелі адказаць, але ніхто не задае яго?
— Хм, гэта вельмі складана, гэта трэба падумаць. Вы, напэўна, задалі яго — пытанне пра музыку. Калі заўважаю, як музыка пераплятаецца з літаратурай, гэта нешта неверагоднае! Нядаўна паслухала альбом гурта «АукцЫон» «Жилец вершин», ён створаны на словы паэта-авангардыста Веліміра Хлебнікава. Мне стала так добра ад гэтай музыкі!
— А вы не думалі адаптаваць свае тэксты пад музыку?
— Я памятаю, што хтосьці мне гэта нават прапанаваў «в порядке бреда». Калі не памыляюся, гэта мог быць Фёдар Жвалеўкі з гурта «Голая манашка». Як бы гэта ні было пахвальна, але мае вершы складана пакласці на музыку. Пасля 11 класа я ездзіла на летнік, які ладзіла «Арт Сядзіба». Тады мы вельмі добра стасаваліся з Аляксеем Сапрыкіным — ён час ад часу выпускае трэкі. Хіп-хоп гэта, здаецца. Я не зусім разбіраюся ў такой музыцы, але вельмі добра стаўлюся да Аляксея. І вось падчас летніка ён запрапанаваў, каб я напісала тэкст, а ён зрабіў бы з яго музычную кампазіцыю. Але неяк усё сышло ў нябыт. Хаця час ад часу я пра гэта ўспамінаю. Так што, усё магчыма. (Усміхаецца.)
Гутарыла Ганна Варонка, часопіс «Маладосць» № 3