Адчуваньне дэжавю для альбомаў J:Морс – справа звыклая. Аднак паміж дэжавю і самапаўторам ёсьць малазаўважная мяжа, якую Пугач тонка адчувае, дзякуючы чаму яго творы не выглядаюць самапаўторамі.
“Воздух” – першы альбом гурта за пяць гадоў, але няма адчуваньня паўзы, бо ў адрозьненьне, скажам, ад “Рахіса” ці Вінсэнта, у якіх была такая ж адлегласьць паміж рэлізамі, J:Морс нікуды не зьнікаў з экранаў радараў, нагадваючы пра сябе сынгламі, кліпамі ды канцэртамі. Музыкі за сьпінаю франтмэна зьмяняюцца, аўдыторыя абнаўляецца, а Пугач піша ўсё тыя ж простыя і прадказальныя песьні, трошачкі навязьлівыя, мілыя і душэўныя. У гэтым пляне каманда нагадвае расейскі гурт “Браво”, які трымаецца свайго стылю і выглядае годна, хоць там ня толькі інструмэнталісты зьмяняюцца, але і вакалісты, а пяецца пра адно і тое ж аднымі і тымі ж словамі.
Што адразу заўважаецца па праслухоўваньні – грунтоўная праца над гучаньнем. Па музыцы гэта, можа, і ня самы вынаходлівы альбом гурта, але дакладна найбольш рупліва запісаны. І яўных гітоў на дыску ня менш, чым на самых удалых альбомах каманды “Апрель” і “Монтевидео”. Толькі што Пугач тут не выкарыстоўвае слоў з кампутарнага слэнгу, і гэта толькі на карысьць (затое ёсьць іншыя паэтычныя знаходкі, на якіх спатыкаесься, напрыклад, пра “злые, как Аль-Каида, лица”, і “мир забытый и родной, как Малежик”). Шкада, што на гэтым альбоме гурт цалкам адмовіўся ад беларускай мовы, якая дадавала смаку ранейшым працам. Найбольш тут чапляюць “Солярис”, “Не край”, “Асфальт” і акустычная вэрсія “Гренландии”. Вельмі талкова зроблена загалоўны трэк, толькі што перасьледуе адчуваньне, нібы гэта нявыдадзены саўндтрэк да фільму “Вышэй за неба”, у чым, уласна, падмацоўвае і сам відэашэраг з новага фільму “Ро і Дж”.
Зрэшты, адчуваньне дэжавю для альбомаў J:Морс – справа звыклая. Аднак паміж дэжавю і самапаўторам існуе малазаўважная мяжа, якую Пугач тонка адчувае, дзякуючы чаму яго творы маюць такую аўру аддалена знаёмага, недзе нібы чутага/прымроенага, але пры гэтым не выглядаюць на самапаўторы, штампаваныя па адным лякале. Гэтае сугучча з самім сабою тут ёсьць прыкметаю стылю, таму ягоным сьпевам пра “реальную любовь”, “жарче, чем солнце и выше, чем небо” ды “пряничный домик” даеш веры.
“Воздух” – не выбітны, а проста харошы музычны альбом, якіх у Беларусі выходзіць зусім ня шмат.
Ідэя: 8
Выкананьне: 9
Тэксты: 8
Запіс: 10
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін