Аляксей Гайдукевіч распавядае на budzma.by, што такое "junk food" і чаму экспансія шкоднай ежы ў Беларусі можа прывесці да павелічэння захворванняў у дзяцей і падлеткаў.
Ахова здароўя з боку дзяржавы і клопат аб развіцці асобы прапісаныя ў Канстытуцыі Беларусі і з'яўляюцца абавязковымі для ўлады.
Гэта прадугледжвае не толькі аказанне медычнай дапамогі, напрыклад, але і яшчэ шмат мерапрыемстваў, звязаных з вялікай колькасцю інструментаў, дэлегаваных уладам для рэгуляцыі эвалюцыі грамадства і асобаў як яго складнікаў.
Безумоўна, дзяржаўныя структуры маюць зацікаўленасць у росце эканомікі, што заключаецца ў павелічэнні вытворчасці, інвестыцый у гаспадарку, а таксама спажывання.
Менавіта таму на паліцах крамаў мы маем такі вялікі выбар прадуктаў, а ўсюды паўстаюць шматлікія пункты продажу хуткага харчавання. Камерсанты зацікаўленыя ў атрыманні хуткіх прыбыткаў, таму імкнуцца знізіць выдаткі на вытворчасць прадукцыі ў межах дзейных нормаў заканадаўства. Беларусь — не выключэнне з правілаў. Так адбываецца па ўсім свеце.
Асобная група грамадства — няпоўнагадовыя
Але досвед заходніх краін і даследаванні навукоўцаў вымушаюць звярнуць увагу на шкоднае харчаванне. Пра якое чуваць усё часцей.
Забарона рэкламы шкоднага харчавання па ТБ і на рэкламных пляцоўках на вуліцах у Брытаніі толькі ўпэўнівае, што такога кшталту ежа нясе прамую пагрозу здароўю. Таму брытанцы і асобныя еўрапейскія краіны намагаюцца абмежаваць прысутнасць рэкламы, забараняюць размяшчаць пункты харчавання паблізу навучальных устаноў, паркаў, спартыўных пляцовак.
Асобныя палітыкі і навукоўцы патрабуюць пазначаць у пунктах хуткага харчавання і крамах шкодныя прадукты адмысловымі налепкамі, як гэта робяць на тытунёвых вырабах.
На жаль, пра падобныя захады ў Беларусі не чуваць.
Такім чынам, можна падумаць, што навукоўцы, палітыкі, дзяржаўныя структуры разумеюць шкоднасць асобных відаў харчавання. Але ў адрозненне ад тытунёвых і алкагольных вырабаў, недастаткова інфармуюць грамадзян аб магчымых наступствах для здароўя.
Асобная група грамадства — гэта няпоўнагадовыя. Якія праз недахоп досведу і інфармацыі могуць атрымаць найбольшую шкоду для арганізму, што адаб'ецца і на іх далейшым дарослым жыцці.
Дзеці — самая неабароненая група, калі казаць пра ўжыванне небяспечнай ежы.
Супраць “смеццевай” ежы
Улады некаторых краін знаходзяцца за крок да таго, каб абмежаваць продаж шкоднай ежы няпоўнагадовым. Адзінае, што спыняе, — неабходнасць прызнаць мінулыя памылкі і магчымае зніжэнне прыбыткаў для кампаній, якія за шмат гадоў ператварыліся ў міжнародныя карпарацыі з моцнымі інструментамі ўздзеяння на палітыкаў.
Заходнія ўлады і зацікаўленыя няўрадавыя арганізацыі такім чынам дэманструюць, што адукацыйныя праграмы альбо недастаткова эфектыўныя, альбо не здольныя ў поўнай меры супрацьстаяць агрэсіўнаму маркетынгу кампаній вытворцаў “смеццевай” ежы (junk food — распаўсюджаны тэрмін для такога кшталту харчавання ў СМІ).
Такія інфармацыйна-адукацыйныя захады працуюць даўно. Прадстаўнікі грамадскай супольнасці стала прапануюць зніжаць узрост пачатку адмысловых заняткаў у школах. Аўстралійскія актывісты адзначаюць неабходнасць пачынаць выкладаць “культуру харчавання” з 11 гадоў (ад 2 гадзін на тыдзень).
У прапанаванай для аўстралійскіх школ праграме падкрэсліваецца яе неабходнасць як дадатку да дзейных праграм па прафілактыцы праблем з псіхічным здароўем школьнікаў.
Еўрапейцы адзначаюць катастрафічны рост дзіцячых захворванняў, звязаных з ужываннем смеццевай ежы, на поўдні кантынента.
Галоўная прычына, на думку экспертаў, — агрэсіўная нерэгуляваная экспансія кампаній —аператараў пунктаў хуткага харчавання. Што адрознівае краіны рэгіёна ад поўначы Еўрасаюза.
Бяздзеянне парушае правы няпоўнагадовых
Інфармацыі пра рэалізацыю адмысловых праграм па “культуры харчавання” для дзяцей у Беларусі няшмат. Тым больш бракуе інфармацыі пра ўдзел у іх рэалізацыі некамерцыйных устаноў, як гэта адбываецца ў заходніх краінах.
Міністэрства аховы здароўя сумесна з Мінадукацыі прыступіла да рэалізацыі праграмы еўрапейскай арганізацыі Schools for Health у 840 школах, але акцэнтаў на харчовую бяспеку пакуль не бачна.
Правы ў першую чаргу, калі казаць пра правы дзяцей і моладзі, можна парушаць не толькі нейкімі дзеяннямі, але і бяздзеяннем.
Нельга дапусціць, што дзяржаўныя службоўцы, медыкі, навукоўцы не ведаюць пра праблему. Прычыны могуць быць рознымі, але гэта не адмяняе факта — парушэння правоў няпоўнагадовых як найбольш уразлівай групы ў грамадстве.
Здаецца, адзіны варыянт абараніць беларускіх дзяцей ад наступстваў ужывання шкоднага харчавання — гэта апеляцыя з боку бацькоўскіх арганізацый і недзяржаўнага сектару да парушэння правоў няпоўнагадовых, у тым ліку ўладамі. Бяздзеянне сёння — гэта трагічныя наступствы для здароўя грамадзян заўтра, у першую чаргу для самых маладых.
Пераглядаць харчовыя нормы і патрабаванні да вытворцаў у Беларусі неабходна ўжо цяпер. Інакш экспансія junk food абавязкова прывядзе да павелічэння захворванняў і, адпаведна, будзе патрабаваць большых выдаткаў на медыцынскае абслугоўванне, знізіць эфектыўнасць эканамічна актыўных удзельнікаў грамадства.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!