«Я зразумеў, што ўсё, канец». Стваральнік «Бульбамуві» вырашыў «пахаваць» фэст

Адзін са старэйшых фестываляў беларускага кіно «Бульбамуві» афіцыйна спыніў дзейнасць. Пра гэта арт-менеджар і кінематаграфіст Януш Гаўрылюк распавёў у прыватнай размове Еўрарадыё яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка, але папрасіў пачакаць з навіной да 1 лістапада, каб падрыхтавацца да «пахавання» культавага фестывалю.

Распавядаем падрабязнасці сумнай падзеі для беларускай незалежнай культуры.

Januš Haŭryliuk
Януш Гаўрылюк падчас здымак / Януш Гаўрылюк (асабісты фотаархіў)

«Бегаць за імі і прасіць ужо не хацелася»

Кінафестываль «Бульбамуві» шмат год арганізоўваўся «партызанскім» чынам — без грошай і на энтузіязме яго стваральнікаў. Аднаўленне дзейнасці падзеі ў 2021 адбылося праз падтрымку дзяржаўных інстытуцый Польшчы. Але праз чатыры гады і яна выпарылася.

«Нагодай [закрыцця] сталі паводзіны «Фільматэкі» [дзяржустанова Польшчы, якая захоўвае і папулярызуе аўдывізуальную спадчыну, — Еўрарадыё] з якой я апошнім часам супольна арганізоўваў фестываль. Я пабачыў, што яны ўжо не гараць да справы беларускага кіно», — тлумачыць сітуацыю Гаўрылюк.

Рашэнне зачыніць фестываль суразмоўца прыняў самастойна, з адчуваннем палёгкі на душы.

«Я на пачатку верасня 2025 падрыхтаваў праграму фестывалю фармат «мінімум» (у траўні 2025 у мяне быў эскіз праграмы «максімум») які можна было вельмі лёгка зрабіць, але тады «Фільматэка» ужо мне не адказала. Тады я зразумеў, што ўсё, канец. Бегаць за імі і прасіць ужо не хацелася.

Маю быць шчырым — мне стала тады лёгка. Я зноў перастаў быць выратавальнікам беларускага кіно і стаў свабодным чалавекам. Ужо мне не трэба пераймацца хернёй кшталту, што зноў нейкі эстонскі фестываль прыязджае ў Варшаву на два тыдні перад «Бульбамуві» і паказвае беларускае кіно. Альбо тым што няма новых беларускіх фільмаў. Што фільмы з Беларусі не магу паказваць, бо людзі баяцца.

Цяпер тэма фестывалю канчаткова закрытая, але ў жыцці ўсё можа яшчэ здарыцца, таму варта жыць...».

Але «Бульбамуві» ціха не знікне з мапы беларускіх культурных падзей. Адбудзецца сапраўднае кінематаграфічнае пахаванне фестывалю.

«Калі коратка, гэта будзе паказ двух добрых новых беларускіх фільмаў, а таксама дыскусія без анестэзіі пра стан беларускага кіно. Карыстаючыся нагодай, запрашаю ўсіх на нашае мерапрыемства. Падрабязнасці на нашым сайце і ў сацсетках».

Hliedačy «Buĺbamuvi»Гледачы юбілейнага Х кінафестывалю «Бульбамуві», кінатэатр «Ілюзіён», Варшава, лістапад 2024 года / Marcin Oliva Soto

Вызваліўшыся ад «Бульбамуві» Гаўрылюк вярнуўся да сваёй улюбёнай справы — здымак кіно.

«Я ў канцы года вярнуўся да сваіх дакументальных праектаў — «Апошні сабака» і «Лёнік» — пра Падляшша, маю малую бацькаўшчыну. А натхняе мяне віно. Планую ў наступным годзе закласці вінаграднік у сваёй вёсцы на Падляшшы і вырабляць віно», — распавядае суразмоўца.

Фестываль беларускага кіно «Бульбамуві» паўстаў у 2011 годзе ў Варшаве. Акрамя Януша Гаўрылюка, ля яго вытокаў стаялі рэжысёр Андрэй Кудзіненка і культуролаг Максім Жбанкоў.

Падзея стала мастом для дзвюх краін, знакомячы палякаў з творамі беларускіх незалежных аўтараў і рэжысёраў, працуючых на «Беларусьфільме». У 2015 годзе падзея адбылася адначасова ў Мінску і Варшаве, а ў 2016 — выключна ў Мінску.

Пасля гэтага адбыўся першы перарыў, які цягнуўся да 2021 года. Тады Гаўрылюк зноў пачаў праводзіць фестываль у Варшаве, рэагуючы так на гвалтоўную змену Мінкультам Беларусі дырэкцыі кінафестывалю «Лістапад» і жадаючы падтрымаць кінематаграфістаў, трапіўшых у эміграцыю і рэпрэсіі на радзіме.