Кацярына Сарокіна: “Паспрабую па-беларуску”

sarokinafota

– Беларускай я сябе ўсвядоміла гэтым летам, пасля наведвання Прагі, дзе пабачыла сваіх знаёмых. Яны колькі гадоў жывуць за мяжой, але мова іх зносінаў – беларуская. Сорамна было б, прыехаўшы з Мінску, звяртацца да іх па-расійску. “Як вы размаўляеце, Каця?” – запыталіся ў мяне. “Паспрабую па-беларуску”, – адказала я. І ў мяне атрымалася. Напэўна, прынеслі карысць школьныя заняткі, дзе мы прымусова вывучалі родную мову, але не зусім разумелі, навошта.

Усё лета прайшло пад сцягам беларускамоўнасці, гэтаму спрыялі новыя знаёмствы і мерапрыемствы. Напрыклад, беларуская моладзь збіраецца ў Мінску на так званым “карчы”, невялічкай палянцы каля Нацыянальнай бібліятэкі, ды танчыць пад дуду. Таксама мяне ўразіла, што падчас беларуска-шведскай літаратурнай вечарыны шведскі амбасадар звяртаўся да прысутных… па-беларуску!

Сур’ёзнае выпрабаванне – размаўляць на роднай мове ўвесь час. Пакрыху да гэтага прызвычайваю бацькоў і ўжо чую ад іх: “Добрай раніцы, дачушка!” Сябры ставяцца даволі лаяльна, часам намагаюцца адказваць па-беларуску, часам просяць прабачэння, што ўжываюць расійскую. Ва універсітэце размаўляю на расійскай, бо мая будучая прафесія – юрыст – іншага не прадугледжвае. Адзіны закон, які я сустрэла ў беларускамоўным варыянце, – Канстытуцыя. Што датычыць мінакоў на вуліцы ды прадаўцоў у крамах, то рэагуюць яны часам неадэкватна, добра, калі проста здзіўлена агледзяць, а часам могуць і абразіць. Ну і цьфу ім пад ногі, як кажуць у Адэсе.

Ёсць такі жарт: “Вы так прыгожа размаўляеце па-беларуску, а навошта?”

Дзеля сябе. Бо тады адчуваю сваю прыналежнасць да Бацькаўшчыны.

Кацярына Сарокіна, студэнтка БДУ, Мінск

Аб праекце “Як я стаў беларусам”