Кагосьці ніколі не спынялі супрацоўнікі службы аховы метрапалітэна і міліцыянты, а нехта ўжо мае багаты досвед гэткіх праверак. Невялікае сацыяльнае даследаванне паказала, што самымі “прывабнымі” для міліцыянтаў з’яўляюцца мужчыны 20-35 гадоў з барадой, цёмнымі акулярамі і ў шапцы ці капелюшы. А каб дагледзелі жанчыну – ёй трэба пастарацца!
Некаторыя асаблівасці дагляду ёсць на станцыях у розных пунктах горада. Так, на Аўтазаводзе часцей правяраюць мужчын з сумкамі, у Малінаўцы – моладзь з заплечнікамі, а на Плошчы Леніна з боку вакзала правяраюць усіх. Міліцыянты мінімальна ветлівыя, а кліенты метро амаль не задаюць пытанні.
Для невялікага эксперыменту для budzma.by на кожнай станцыі я лічыла 33 чалавекі (+1 на вакзале), каб скласці ўяўленне пра выгляд людзей, якія часцей астатніх трапляюць у будку з рэнтгенам.
Такім чынам. Паводле наяўнасці барады: барадачы – 58, голеныя – 42. Паводле віду багажу: барсетка – 1, валізкі – 12, пакеты – 17, спартовыя сумкі – 19, заплечнікі – 51; цёмныя акуляры: былі – 57, не было – 43. Паводле полу: жанчыны – 1, мужчыны – 99.
Такі відавочны шавінізм паспрыяў правесці дадатковы эксперымент: я з турыстычным заплечнікам на 35 літраў спусцілася ў Малінаўку, Плошчу Леніна, Кастрычніцкую, Парк Чалюскінцаў, Пралетарскую і Магілёўскую. Ні на адной станцыі міліцыянты не звярнулі на мяне ўвагу (толькі забаранілі фоткаць у метро). То бок пакуль даглядаюць пакеты і барсеткі ў мужчын, жанчына можа занесці ў метро хоць БелАЗ!
Чаму мяне ніхто не спыніў, я спытала ў аднаго з міліцыянтаў. Ён патлумачыў, што ў іх няма канкрэтнай устаноўкі, на каго звяртаць увагу, як няма і даведзенай колькасці абавязкова дагляданых людзей. Таму за змену ў 12 гадзін кожны вартавы парадку сам вырашае, хто з наведнікаў метро выклікае падазрэнне. “Калі ідзе такі мужчына ў цёмных акулярах, а на галаву капялюш надзеў, то яго, вядома, варта дагледзець. Ці калі капюшон насунуў – таксама”, – прызнаўся мой суразмоўца. Ён адзначыў, што на мяне не звярнуў бы ўвагі, калі б я не палезла да яго з пытаннямі. І запрасіў мяне ў будку.
ДЛЯ ДАВЕДКІ: Калі мужчына-міліцыянт просіць жанчыну паказаць яе ўласныя рэчы, то жанчына можа дазволіць ці забараніць дагляд. У першым выпадку аднолькавасць полу ўдзельнікаў дагляду неабавязковая. У другім варыянце міліцыянер мае права адвесці жанчыну ў спецыяльны пакой, дзе будзе двое панятых, адзін з якіх павінен быць жанчынай – яна і мае права агледзець уласныя рэчы міначкі.
У адукацыйна-прымусовай манеры міліцыянт пусціў па транспарцёры заплечнік, не ўразіўся складзеным там адзеннем і адправіў мяне праз рамку металашукальніка. За тры праходы праз яе мне давялося выкласці ўсё з кішэняў, зняць кеды з металічнымі заклёпкамі і шлюбны пярсцёнак – толькі тады гэта халерная рамка перастала візгатаць.
Міліцыянт распавёў, што неяк вядомую спявачку не пусцілі ў самалёт праз тое, што на яе пазногцях быў лак з металічнымі элементамі, але ў нас ён такога манікюру ў жанчын не бачыў. Сам ён паненак даглядае рэдка, бо наогул не лічыць іх здольнымі на нейкія супрацьпраўныя дзеянні. Ці давялося калі знаходзіць у рэчах пасажыраў нешта надзвычайнае, міліцыянт адказаў, што не, але ў патрэбнасці праверак не сумняваецца.
Так што калі вас пякельна змучылі праверкі ў метро, паспрабуйце адмовіцца ад заплечнікаў, здымайце цёмныя акуляры пры ўваходзе і галіце бараду. А калі вы не дзядзька, то проста не чапляйцеся да міліцыянтаў.
Ці былі ў вас цікавыя выпадкі падчас дагляду ў метро? Пішыце ў каментарах.
Марыя Грыц для budzma.by