Каго крывічы хавалі ў курганах, а каго – спальвалі?

11.08.2017 Гісторыя

Ля возера Наўры на Мядзельшчыне сёлета больш за месяц працавалі археолагі, раскопваючы курганы крывічоў. Падобна, што вынікі даследаванняў ставяць больш пытанняў, чым адказаў. Адно з галоўных: чаму 1000 гадоў таму крывічы хавалі сваіх супляменнікаў прынцыпова рознымі спосабамі?

Экспедыцыя пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Мікалая Плавінскага атрымалася сапраўды маштабнай. Агулам праз яе за больш як месяц прайшло каля 120 удзельнікаў – студэнтаў гістфака БДУ і валанцёраў Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Курганны могільнік Наўры – досыць добра вядомы ў навуцы помнік. Упершыню ён быў апісаны напрыканцы ХІХ ст. Фёдарам Пакроўскім. Пасля даследаванні праводзіліся экспедыцыяй Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя ў 1934 годзе. У 1987-м тут капалі такія даследчыкі, як Валянцін Рабцэвіч і Аляксандр Плавінскі.

З 2012-га і да сёння яго даследуе Мікалай Плавінскі. Мікалай Аляксандравіч падзяліўся сваімі ўражаннямі і тэорыямі адносна крывіцкіх пахаванняў ды людзей, якія жылі на беразе Наўраў амаль 1000 гадоў таму.

Мікалай Плавінскі

Мікалай Плавінскі

Што гэта за помнік?

Насамрэч Наўры – гэта цэлы археалагічны комплекс, сукупнасць помнікаў. Асноўная курганная група складаецца прыкладна са 120 курганаў, з якіх на сёння ў суме раскапана 50 насыпаў. Гэта крывіцкі могільнік па абраду інгумацыі, то бок трупапалажэння. Прасцей кажучы, сельскія пахаванні, дзе хавалі сваіх памерлых некалькі абшчынаў. Цяпер яго датуюць ХІ – сяр. ХІІ стст.

Вядомая і іншая курганная група тут жа, якая складаецца з 13 курганных насыпаў, але яна не даследавалася ніколі. Акурат сёлета яе і пачалі капаць. Атрымалася, што гэтыя насыпы больш старажытныя, другой паловы Х – першай паловы ХІ стст., і змяшчаюць яны пахаванні па абрадзе крэмацыі. Самае цікавае, што сёлета былі выяўленыя і іншыя пахаванні – некурганныя, без насыпаў, якія месціліся побач з курганамі.

Адно з раскапаных пахаванняў

Што за некурганныя пахаванні?

Незвычайнасць такіх пахаванняў у тым, што парэшткі ляжаць фактычна на паверхні зямлі, а не пад зямлёй, але пры гэтым не маюць над сабой землянога насыпу, які б утвараў курган. На Мядзельшчыне такое выяўлена ўпершыню. Іх знайшлі выпадкова, бо вызначыць такое пахаванне амаль немагчыма. Хутчэй за ўсё, гэты не даследаваны пакуль тып пахавання ўяўляў сабой драўляныя альбо берасцяныя канструкцыі над зямлёй, у якіх месціліся спаленыя парэшткі памерлых.

Дакладна сказаць што гэта было, пакуль немагчыма, аднавіць імаверныя драўляныя  канструкцыі над магіламі – тым больш. Цікава, што ў летапісах згадваюцца таямнічыя “слупы пры дарогах”, у якіх нібыта хавалі сваіх памерлых славяне. Магчыма, у нашым выпадку мела месца нешта падобнае.

Найцікавейшая сёлетняя навуковая выснова тычыцца таго, што ў Наўрах адначасна побач жылі розныя групы насельніцтва, якія хавалі ў суседніх курганных групах, але мелі цалкам розны пахавальны абрад. Адны прытрымліваліся абраду крэмацыі, іншыя – абраду інгумацыі.

Працоўныя моманты (1)

Хрысціянскі след

Натуральна, што ў з’яўленні абраду інгумацыі прасочваецца хрысціянскі след. Варта разумець, што на нашых землях хрысціянства распаўсюджвалася найперш сярод эліты, а пасля ўжо транслявалася ў іншыя слаі насельніцтва. Таму ў далёкіх лясных кутках, напрыклад, на памежнай з Літвой Мядзельшчыне, пераход да інгумацыі быў не столькі рэлігійным актам, колькі пытаннем прэстыжу, маўляў, мы хаваем нябожчыка ў зямлю – мы малайцы!

У асноўнай курганнай групе ў адным з пахаванняў быў знойдзены крыжык ХІІ ст. Ягоны носьбіт, імаверна, меў больш-менш пэўныя ўяўленні пра хрысціянства. Знойдзеныя таксама ўпрыгожанні з язычніцкай семантыкай, напрыклад, змяінымі галовамі, але ці ўкладалі іх уладальнікі ў гэта рэлігійны сэнс альбо насілі як біжутэрыю – невядома. Хрысціянізацыя рэгіёна, імаверна, была вельмі доўгім і марудным працэсам.

Працоўныя моманты (4)

Што за людзі тут жылі?

З дакладнасцю сказаць цяжка, бо раннесярэднявечнае паселішча дагэтуль не знойдзенае, ёсць толькі матэрыялы могільніка. Вядома, што этнічна гэта былі крывічы, а сама тэрыторыя адносілася да Полацкага княства. На жаль, пра Наўры няма пісьмовых крыніц таго часу, а той жа Мядзел згадваецца адно ў 1325 годзе і тое, як замак, які належыць да ВКЛ.

Асноўны могільнік дае дастаткова багаты інвентар, а ў дадатак кожны мужчына і нават падлетак пахаваны з сякерай (адзін яшчэ і з дзідай). Такія арсеналы могуць сведчыць, напрыклад, аб тым, што мясцовыя мужчыны ўдзельнічалі ў зборы даніны, а магчыма, і ў ваенных дзеяннях. Не будзем забывацца, што на той час вясковае насельніцтва было яшчэ асабіста свабодным, таму ўдзельнічала ў войнах полацкіх князёў.

Працоўныя моманты (2)

Колькі тут жыло людзей і чым яны займаліся?

Ёсць схемы, паводле якіх можна рабіць прыблізныя падлікі, улічваючы колькасць пахаванняў. Але каб усё працавала, патрэбнае яшчэ і паселішча, якое археолагі пакуль так і не выявілі. Паселішча і яго канкрэтныя межы дазволіла б больш сказаць і пра гаспадарку, і пра штодзённасць тубыльцаў 800-1000 гадоў таму. З гэтай прычыны невядома нават, ці ўсе гэтыя магілы адносяцца да адной вёскі.

Ужо пачатая праца па аналізе металаў, знойдзеных у Наўрах. Гэта дапаможа не толькі ўдакладніць узрост пахаванняў, але і адрозніць імпартныя прадметы ад мясцовых. Разам з літоўскімі калегамі археолагі ладзяць эксперымент у галіне палеабатанічных аналізаў, што дазволіць казаць пра культуры, якія вырошчвалі тубыльцы. Вынікаў даследаванняў пакуль няма, варта пачакаць.

Працоўныя моманты (3)

З чым адпраўлялі нябожчыка ў замагільны свет?

Ляпны і кругавы посуд знаходзіцца амаль у кожным пахаванні. Жаночыя ўпрыгожванні складаюцца з пацерак, бранзалету, скроневых кольцаў, фібулаў. Калі гаворка пра мужчыну – гэта бранзалеты, фібулы, сякеры, часам крэсіваў, спражак ці накладак на пояс. Варта разумець, што калі раскопваеш пахаванне па абрадзе крэмацыі, то вынікам будуць адно драбнюткія перапаленыя косткі ды моцна пашкоджаныя агнём упрыгожанні.

У плане рэчаў могільнік даволі шараговы, але каб рэканструяваць побыт пэўнага часу, варта вывучаць не толькі яскравыя і багатыя пахаванні, грабніцы Тутанхамона ці Тамерлана, але і помнікі таго ж сельскага насельніцтва.

Бранзалет з галавой цмока

Бранзалет з галавой цмока

Археолагі не першыя…

На жаль, большасць курганоў у Беларусі парабаваныя: адных казак і легендаў пра пошукі скарбаў у курганах у нас безліч. Яшчэ пачынальнікі нашай археалогіі Кіркор, Тышкевіч і Семянтоўскі пішуць, што яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. шмат курганоў былі пакапанымі. Таксама атрымалася ў Наўрах: абсалютная большасць курганоў мае яміну зверху, над якой ўжо прасела зямля. Часам можна нават датаваць, калі рабавалі пахаванне: сёлета ў яміне рабаўніка была знойдзеная капейка СССР 1940 года.

Зрэшты, рабаванне ў даўнейшыя часы было ўсё ж не фатальным: людзі маглі раскапаць, глянуць, што золата няма, ды плюнуць, прыкапаць назад. Калі ж “чорныя археолагі” сёння мэтанакіравана капаюць курганы з мэтай здабычы артэфактаў і іх продажу – гэта нашмат больш крытычна.

Імаверна, сёлетні археалагічны сезон у Наўрах далёка не апошні. Навукоўцам і валанцёрам яшчэ давядзецца шукаць раннесярэднявечнае паселішча, дакопваць курганы і грунтовыя магілы, мыць, кансерваваць ды вывучаць знаходкі.

Працоўныя моманты (5)

Галоўнае – апярэдзіць чорных капальнікаў, каб спадчына продкаў не сышла ў нябыт, асеўшы ў прыватных зборах у найлепшым выпадку ў Беларусі, у найгоршым – у Польшчы, Літве альбо Расіі.

Алесь Кіркевіч