Джэймс Бонд? Сяргей Пясэцкі — беларускі шпіён, кантрабандыст, пісьменнік. Ён менш вядомы ў свеце, але ні ў чым не саступае ангельскаму герою. Пра тое, што адбывалася ў Ракаве ў 20-я гады, мы ўжо пісалі ў першай частцы. Гэта быў рэпартаж, а зараз – расказ пра героя, пабудаваны на цытатых яго кніг…
Пясэцкі нарадзіўся ў 1901 годзе ў Ляхавічах. Вучыўся кепска, але шмат чытаў. Са школьнай лавы Сяргей адразу трапіў на лаву турэмную: паспрачаўся з настаўнікам і ў якасці аргумента дастаў пісталет. Пасля турмы апынуўся ў Маскве, а ў 1918 вярнуўся ў Беларусь ворагам усяго савецкага і бальшавіцкага. У 1921, пасля дэмабілізацыі, пераехаў у Ракаў, дзе абраў кар’еру кантрабандыста і шпіёна, працаваў на польскую і ангельскую выведкі. Пачаў часта наведваць турмы з абодвух бакоў мяжы. Шмат зарабляў і шмат прапіваў: жанчыны, карты, алкаголь, какаін…
За гэта ў 1926 годзе Пясэцкага звольнілі з выведкі. Тады ж узмацнілі кантроль на савецкай мяжы — і экс-шпіён застаўся без грошай. Некалькі разбойных нападаў, забойства — і пагроза смяротнага пакарання. Далі 15 гадоў. Сядзеў у самай суровай польскай турме — “Святым крыжы”. Там і напісаў раман “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” — пра ракаўскі перыяд жыцця.
— Расейцы, — сказаў Грушэўскі, — вельмі няўклюдныя. Нават маючы магчымасць прыватнай ініцыятывы, здзейснілі няшмат. А між тым культуру ўзвышалі народы з моцна развітай ініцыятывай. Ангелец, немец, француз умеюць працаваць з самазабыццём, напружваючы ўвесь розум, усе сілы, укладваючы ў працу інтэлект, фантазію і палкасць. Чаму? Бо стварылі тую любімую працу, былі ёй замест бацькоў родных, творцамі, чакалі ад яе плёну, які самі здабывалі і якім яны маглі б дзяліцца з кім пажадаюць. Уяві сабе цяпер таго ж ангельца, каб яго схапіць за карак і прымусіць да неадпаведнай працы, якую (што праўда) можна выконваць толькі некалькі гадзін дзённа, і за выкананне даць яму карыта, лахманы на спіну і бярлог. Ці гэта не заб’е яго здольнасці, энергію, сілы і жаданні? Ці не ўчыніць з яго гэткага ж самага гультая, якіх тут мільёны, якіх трэба заганяць на працу пагрозай голаду і пакаранняў, лозунгамі і мітынгамі?..
Восень.
Золата вісіць на дрэвах. Золата лунае ў паветры. Золата шапоча пад нагамі. Навокал мора золата.
Крочым па залатых кілімах. І гэты сезон, калі глухія восеньскія ночы надоўга атуляюць зямлю, таксама называецца “залатым”.
Граніца кіпіць жыццём. Партыя за партыяй, ноч у ноч перамытнікі ідуць за граніцу. Яны працуюць шалёна. Ім ледзьве хапае часу на прапіванне заробленых грошай. Амаль не бачым дзённага святла, бо ўдзень спім пасля доўгай працоўнай ночы.
“Блукаю адзін па лясах, палях, лугах. Крочу начамі па паграніччы. Самотная і таямнічая цішыня палёў і лясоў навучыла мяне многаму. Навучыла мяне лепей разумець людзей, нават тых, якіх не бачу, нават тых, якія адышлі… Адзінота навучыла мяне думаць і любіць… Таму люблю лес — як рысь, як воўк. Люблю зброю — як найлепшага сябра, і надзвычай люблю ноч: самую надзейную маю каханку. Кожную новую ноч я сустракаю радасна, з захапленнем… Калі ночы цёмныя, калі неба ахутваецца хмаркамі, тады я вешаю на грудзі компас і, кіруючыся жывым, ласкавым святлом стрэлкі, бадзяюся па паграніччы.
Нарэшце, мы б убачылі нязвыклую постаць… чалавека, які самотна перамервае пагранічча і пераходзіць мяжу… Найчасцей ідзе самымі небяспечнымі дарогамі. Крочыць з рэвальверамі ў руках, з гранатамі за пасам, з кінжалам на баку. Гэта шпіён… Стары, загартаваны, цудам ацалелы ў дзясятках сутычак, рашучы, нібы д’ябал, да шаленства смелы пірат граніцы. Перамытнікі і стражнікі, агенты ўсіх падраздзяленняў выведкі і контрвыведкі, сяляне — усе баяцца яго… Злавіць перамытніка — запаветная мара! Але ўзбіцца на такую сатану — найстрашнейшая справа!
Так, натужлівая і небяспечная прафесія перамытніка! Аднак адчуваў, што кінуць яе мне было б цяжка. Прыцягвала яна, як какаін…
Вабілі нашы таямнічыя начныя падарожжы. Прыцягвала нервовая напружанасць, гульня са смерцю і небяспекай. Я люблю вяртанні з далёкіх цяжкіх вандровак. А пасля — гарэлка, песні, гармонік, вясёлыя твары хлопцаў і дзяўчат… якія кахаюць нас не за нашыя грошы, а за смеласць, адвагу, весялосць, разгульнасць і пагарду да грошай… Мы нічога не чытаем. Палітыкай увогуле не цікавімся. Ужо некалькі месяцаў не бачыў газет. Усе нашы думкі віруюць каля адной тэмы — граніцы. А пачуцці — каля некалькіх іншых, у залежнасці ад густу і тэмпераменту: гарэлка, музыка, песні, гульні ў карты, жанчыны.
Падняўся, прыслухаўся і з рэвальверамі ў руках, з пальцамі на спусках, штохвіліны гатовы да бою, павольны і бязгучны, як здань, рушыў наперад… Слізгаў праз камлі, пні, хмызняк, лаўжы, канавы, нізіны, ручаіны, рэчкі… Быў увесь засяроджаны зрокава, слыхам, нават нюхам, бо ўночы інстынкт самазахавання абвастрае пачуцці надзвычай. Ішоў, адчуваючы ў сабе моц тытана. Гатовы быў выклікаць на паядынак любую сілу. Ноч, маці бедакоў і злачынцаў, была яго магутным хаўруснікам.
Мясцовасць невядомая. Вакол небяспека. Трэба мець дасканала функцыянуючы арганізм добрага пяхотніка, звычку да таго ладу жыцця і яшчэ нешта, што могуць зразумець людзі, якія любяць слухаць пошум лесу ўначы, якія любяць чар вялікіх агнёў — аддаленых, можа, на некалькі дзясяткаў крокаў, а мо і на некалькі кіламетраў — і той дзіўны, няўлоўны настрой, які ахоплівае людзей, што любяць глядзець у вочы змроку і таямніцы. Можа, тыя пачуцці мае воўк, калі пад покрывам начы мкне да невядомых мэтаў. Можа быць, меў яго калісьці і чалавек…
Мы дабраліся да гразкага берага рачулкі, парослага чаротам. Вылезлі з вады. У гэты ж момант адбылося нешта незвычайнае. Тут жа спераду ляснуў стрэл, і я адчуў, як хтосьці зваліўся на мяне. Удар быў настолькі неспадзяваны і моцны, што я паляцеў на зямлю і скаціўся з берага ў ваду. Мяне прыдушыла цяжкая ношка. Хтосьці бег рэчышчам, распырскваючы ваду. Вакол грымелі стрэлы і разносіліся ўсхваляваныя галасы. Заслонены абрывістым берагам, я сядзеў у гразкім глеі.
Праз некалькі хвілін навокал мяне запанавала цішыня: стрэлы і крыкі аддаліліся ўлева. Тады я паціху вылез з вады на бераг і пасунуўся ў процілеглым напрамку, далей ад граніцы.
“Сярод іх могуць быць добрыя людзі, а вымушаны мяне даганяць, страляць па мне і па іншых, бо я — вораг, — думаў Забава. — А хто зрабіў нас ворагамі?… Усюды бяссэнсіца. Прырода гэткая багатая, цудоўная, а мы як сабакі. Грыземся праз аб’едкі ці самі не ведаючы праз што”.
З намі таксама здарылася бяда. Ішлі з таварам за граніцу групай у дзесяць чалавек. На мяжы нас пагналі. Мы пачалі блытаць сляды, кружляць. Ззаду грымелі стрэлы. Несліся ў поўнай цемры, інстынктыўна адшукваючы шлях і рэагуючы на шоргат крокаў, каб не пагубляцца. Ужо былі за кіламетр ад граніцы, аднак стрэлы гучалі без перапынку. Гэта была ўзмоцненая засада. Раптоўна я пачуў, як нехта войкнуў. Потым спатыкнуўся аб чалавека, які сядзеў на зямлі. Пераскочыў праз яго.
— Хлопцы! — пачуўся голас. — Мяне падстрэлілі.
Каб не ўляцець, трэба быць хамам! Каб працаваць доўга і эфектыўна, трэба быць хамам! Адвагі, спрыту, ведаў мала. У нас трэба як найболей мець хамства! У нас толькі хамствам можна заімпанаваць людзям. У нас: чым большы чалавек, тым большы хам… Пытаюць цябе пра дакументы — тыцні нецярпліва, надзьмуты і кажы вачыма: “Ну, хутчэй, падліна!!!” Адразу падумаюць: “Гэта нейкі вялікі ананас!” Дарога вольная!
“Наша меліна вельмі небяспечная. З усіх бакоў мы акружаны ворагамі. Навокал па дарогах, па сцежках, па лясах, па палях, па лугах лазяць зялёнкі, падпольшчыкі, мытнікі, сексоты, чэкісты. А мы сядзім, нібыта ў гняздзе, у дасканала замаскіраванай меліне…”
Спадар ведае: што такое даляр?.. — сказаў, падымаючы палец угару і бліскаючы вачыма. — Даляр гэта дух чалавечы, сумленне чалавечае і найвялікшы аргумент, перад якім нішто і ніхто не выстаіць… Хіба толькі вар’ят, а нармальны чалавек заўсёды яму паддасца!…
Хлопцы забаўляліся, пілі, гналі самагонку, заляцаліся да дзяўчат. Гэта выглядала так, нібыта кожны імкнуўся як мага хутчэй прасадзіць заробленыя грошы.
Асаблівым поспехам карысталася Гінта. Наш салон быў заўсёды поўны, дзверы проста не зачыняліся. Перамытнікі купаліся ў гарэлцы… Болек Камета знаходзіўся ў сваёй стыхіі. Піў, піў, піў. Невядома калі адпачываў. Фэлік Маруда хоць падтрымліваў яму кампанію, але піў меней, увесь час заняты ежай. Антось іграў без перапынку. Камета прывёз новы, вельмі дарагі гармонік, аддаў яму ў падарунак. Вось чаму гарманіст іграў, рэзаў, сек і пілаваў на ім, як той закляты.
І без лішніх слоў я кульнуў сваю немалую чарку.
— Якое марнатраўства! — раптам выкрыкнуў былы белагвардзеец. — Такім агідным спосабам марнаваць чароўны нектар можа толькі варвар. Хіба ты не ведаеш, вар’яцкі чалавек, што гарэлачка далікатная, як дзяўчына пасля трыццаці. Яна любіць, каб з ёй разумна абыходзіліся, а не такой дозай і так па-хамску: цап-хап і ў рот клац…
Яна належыць да групы жанчын практычных, якія ніколі не прывязваюцца сэрцам, але толькі ненадоўга целам і надаўжэй — розумам… Як котка: цёпла, утульна — варкоча, спіну выгінае, хвост угару; холадна, голадна, мокра — кіпцікі атрасе, чмыхне… і adieu, Фрузю… Любіць мішуру, паставу, гучныя словы, а найперш сябе, сябе, сябе… Свае вочы, твар, валасы, вусны, усё цела, якое лічыць боскім дарам для чалавецтва. Найбольшае задавальненне для яе — знаходзіцца сярод мужчын якія абагаўляюць яе, адчуваць на сабе цяжкія, пажадлівыя, драпежныя, каламутныя ад юрлівасці пагляды самцоў.
У яе разуменні свет існуе толькі дзеля таго, каб быць фонам для яе прыгажосці, мужчыны — каб ёй захапляцца і яе прагнуць..
Калі задумацца, дык не варта жыць на свеце! Нуда, сум, шэрасць… Вакол не людзі, а чалавекі-чалавечкі — практычныя, баязлівыя, якія зубамі і кіпцюрамі трымаюцца за кавалак нэндзнага існавання, гатовыя за яго горла кожнаму перагрызці… Прыземленыя, мяшчанскія словы, пачуцці, учынкі… Анічога вялікага, узнёслага…
Якое складанае жыццё! Галава развальваецца… Хацеў бы пра ўсё пра тое прачытаць. Але калі і што?.. І навошта мне наогул нешта пазнаваць? Можа, праз тыдзень мяне закапаюць! І што тады з набытых ведаў?.. Варта вучыцца і спазнаваць тады, калі потым ёсць час усім гэтым раскашавацца, карыстацца тым або прынесці карысць іншым. А цяпер?.. У маім становішчы… Шкада часу!.. Лепш піць!..
Цяжка, вельмі цяжка жыць годна ў гэтым звар’яцелым свеце. Адны не жадаюць, іншыя жадаюць і не могуць, астатнія зусім над такімі рэчамі не задумваюцца. Можа, найлепей глядзець на ўсе паводле рэцэпту Палкоўніка: праз прызму пляшкі самагонкі.
— Аднойчы ўвечары на паліцэйскі пост уляцеў спалоханы жыд. Без капелюша, адзежа расхрыстаная. “Ай-вай, — крычыць, — спадар начальнік, вялікае забойства”. — “Што, дзе?” — “На шашы двое забітых”. — “Хто такія?” — пытае дзяжурны. — “Адзін я — кажа жыд, — а другі зараз прыйдзе”.
“Пакуль ляжа белая сцежка, заробіш пару тысячаў даляраў. Тады паедзем у Вільню. Бо тут згінеш. Раней ці пазней…”
Так і адбылося: турма. Але ў турме прачнуўся пісьменніцкі талент Пясэцкага. Першы тыраж “Каханка Вялікай Мядзведзіцы” прадалі за месяц. Яго адразу пераклалі на некалькі моваў: сенсацыя, усе пляскаюць у далоні. У 1938 яго нават намінуюць на Нобелеўскую прэмію! Вакол Пясэцкага разгарнулася моцная агіткампанія па вызваленні яго з турмы. Таму другога жніўня 1937 года яго, хворага на сухоты, вызваляюць.
Але сярод пісьменніцкага бамонду ён быў чужынцам.
“Што вы, курва, ведаеце пра жыццё і пісанне кніг”, — з гэтымі словамі Пясэцкі вяртаецца на мяжу. Але ўжо не шпіёнам і перамытнікам, а польскім памежнікам. Падчас Другой сусветнай змагаецца супраць фашыстаў, пасля вайны пераязджае ў Англію.
Жыве сціпла, амаль бедна. Шмат піша. Час ад часу кансультуе ангельскую выведку.
Памірае 12 верасня 1964 года — рак. На помніку — выява Вялікай Мядзведзіцы.
«Месяц лье на пагранічча бляклыя халодныя праменні. Зоркі свецяць імгліста. Верхам пракрадаюцца хмары. Яны патаемна пераходзяць праз невядомыя людзям кардоны. А на паўночным захадзе цудоўна блішчыць каштоўнымі каменьчыкамі прыгожых зорак найпрыгажэйшая Вялікая Мядзведзіца. Яе пяшчотна ахуталі лёгкія снежна-белыя бухматыя аблокі…”
Зміцер Навіцкі
Фота Глеба Малафеева