Будзем сумленнымі: сучасныя беларусы мала знаёмыя з уласнай культурай. Аддзяліўшыся ад савецкай плыні ў пачатку 90-х, разам з хуткаспелай незалежнасцю, яна вельмі хутка трапіла ў пастку татальнай абыякавасці. Капітулявала перад цікавейшымі на той момант пытаннямі палітыкі і эканомікі. Яе перамогі і паразы нас цяпер вельмі мала турбуюць — проста таму, што на парадку дня іншыя выклікі. І ёсць адчуванне, што ў такім самнамбулічным стане мы жывём апошнюю чвэрць стагоддзя.
Так склалася — нашыя адрэфлексаваныя перажыванні, выказаныя ў выяўленчай і тэкставай форме, мала каму цікавыя. Ні заходняй публіцы, зачараванай шматгалоссем імігранцкай цывілізацыі, ні нават нам самім, заўжды занятым вырашэннем уласнай побытавай бязладзіцы. Здавалася, гэты морак апатыі і шэрасці развеяць ужо немагчыма. Але здарыўся этапны для ўсёй краіны 2015 год, калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію.
Яе шчырая дакументальная проза, што даследуе змрочны лёс савецкага чалавека, дапамагла выпхнуць Беларусь з вузкіх рэгіянальных рамак у вялікі і кіпучы міжнародны кантэкст. Пражэктары увагі пачалі свяціць у наш бок, і разам з гэтым пачала з’яўляцца і цікавасць да людзей, якія насяляюць постсавецкую прастору. Да іх траўмаў і фобій, мар і жаданняў. Таму з’яўленне дакументальнага праекта «Каханне: Love in Russian», знятага шведскім рэжысёрам Стафанам Юленам у суаўтарстве са Святланай Алексіевіч, аказалася падзеяй, апраўданай агульнай кан’юнктурай.
Скончыўшы працу над напісаннем «Часу сэканд хэнд», пісьменніца прызналася, што наступная яе кніга будзе прысвечаная каханню. У тым сэнсе, у якім гэтае амбівалентнае і шматграннае для ўспрыняцця пачуццё разумеюць рускамоўныя жыхары Беларусі і Расіі, на чый лёс звалілася мноства бедаў і выпрабаванняў. І на этапе інтэрв’ю — збору матэрыялу для будучай кнігі — за Святланай пяць гадоў і сачыў Стаффан, скрупулёзна фіксуючы на “лічбу” ўсе гутаркі з яе героямі. Каб адшукаць свой адказ на пытанне: якое ж яно, гэтае постсавецкае каханне?
Распавядае пра гэта, як прынята ў Алексіевіч, велізарнае мноства людзей — ад шчаслівых і коснаязыкіх маладых да вясковай бабулі, якая цяжка перажывае смерць каханага мужа. Ва ўсіх іх свая праўда жыцця — сакральны вопыт наладжвання адносін, які прынёс ім радасць напалову з горам і пакутамі. Рэжысёр наўмысна абязлічвае іх, паказваючы толькі тытры з імёнамі, без прозвішчаў, але мінчане без цяжкасцяў пазнаюць у адным з эпізодаў Юлію Чарняўскую, мадэльера Аляксандра Варламава і іншых прадстаўнікоў сталічнай інтэлігенцыі.
Але «Каханне» аказваецца шырэйшым за камфортнае кола вядомых медыяперсон — у фільме падабраная пярэстая палітра эмоцый, дзе сацыяльны статус і маёмасны цэнз не граюць ніякай ролі. За камедыйную інтанацыю адказвае свабодалюбівая жанчына, якая выйшла замуж за супрацоўніка КДБ, што пакутаваў на параною. За боль і тугу — гісторыя гараджанкі, чый муж — адзіны ў жыцці мужчына — разлюбіў яе, але так застаўся жыць з ёй. З’яўляецца і ўласцівае рускай натуры спачуванне — успаміны дзвюх жанчын, якія апякалі неахайнага мастака, што спрабаваў захапіць самалёт і паляцець у Парыж. Стрыжнем усяго апавядання робіцца асабістая трагедыя мастака, чыя жонка з’ехала ў ЗША, пакінуўшы на апеку няродную яму дачку-інваліда.
Усе гэтыя кінапартрэты збольшага незнаёмых нам людзей выглядаюць крыху павярхоўна, але вельмі яскрава, дзякуючы таленту Алексіевіч выводзіць сваіх герояў на адкрытасць. У той жа час сам рэжысёр бяздзейнічае. І ў абранай ім пасіўнасці хаваецца магістральная праблема самой стужкі. Погляды Юлена на гісторыю непасрэдна залежаць ад выбраных метадаў працы самой Алексіевіч, сабраных ёю герояў і іх гісторый, безумоўна глыбокіх і душашчыпальных. Дэманструючы гэтыя багацці, ён добраахвотна адракаецца ад асабістай пазіцыі што да феномену ўсходнееўрапейскага кахання. Яго пазбаўленая волі камера фіксуе эклектыку маналогаў розных людзей, збіраючы з іх займальную фрэску аб супярэчлівасці жыцця на постсавецкай прасторы. Але тон тут больш задае не ён, а Алексіевіч, якая выступае адразу ў некалькіх іпастасях: у якасці сцэнарыста, інтэрв’юера і пабочнай гераіні — правадыра ў душы інтэрв’юяванага. Рэжысёр фактычна ператвараецца ў штатыў для камеры — пасля здымкаў яму толькі і застаецца, што мантаваць ужо гатовыя маналогі, разводзячы іх тужлівымі панарамамі восеньскага Мінска.
Менавіта таму стужка вымушаная месціцца ў густым цені яшчэ не напісанай кнігі вялікай пісьменніцы, робячы своеасаблівую прамоцыю яе яшчэ няхуткаму з’яўленню на палічках кніжных крамаў. Кажучы яшчэ больш жорстка — у шведскага дакументаліста атрымаўся не столькі фільм пра супярэчнасці чалавечых пачуццяў, колькі добра змантаваны майстар-клас творчага метаду Святланы Алексіевіч. Або, калі хочаце, паўтарагадзінны бэкстэйдж з палявых прац нобелеўскай лаўрэаткі, якая збірае матэрыял для сваёй новай кнігі — нездарма ж на экране шматразова паказваюць працэс «расшыфроўкі» дыктафонных запісаў на друкаваную машынку. І калі кніжнае «Каханне», як і ўся творчасць Алексіевіч, будзе імкнуцца да глыбіняў разгляданай тэмы, то ў яе кінематаграфічнага паслядоўніка атрымліваецца плаваць толькі дзесьці на паверхні.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org