“Дай мне знак”. У пошуках людзей і сэнсу

23.10.2018 Кіно

Ратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Іранічная фраза, якая пайшла ў народ з рамана “Дванаццаць крэслаў” Ільфа і Пятрова, для постсавецкай Беларусі стала ў пэўным сэнсе прароцкай. Няпростыя эканамічныя і сацыяльныя ўмовы жыцця, якія склаліся за мінулыя дзесяцігоддзі, зрабілі вельмі цынічным і жорсткім нашае грамадства, якое амаль перастала рэагаваць, калі вакол адбываецца злачынства ці камусьці тэрмінова патрэбная падтрымка. Каб гэта зразумець, не трэба праводзіць складаныя сацыялагічныя даследаванні. Дастаткова трошкі пасядзець на вялікіх інфармацыйных парталах, пачытаць каментары пад артыкуламі — і інтаксікацыя жоўцю непазбежная, заставайцеся пільнымі.

Тым не менш на ўзроўні стаўлення простых людзей вера ў дабро не толькі не знікла, а нават узмацнілася. У краіне апошнім часам з’явілася дастаткова сацыяльных і дабрачынных праектаў, якія ставяць сабе мэту дапамагаць розным групам насельніцтва. І больш-менш паспяхова робяць гэта. Адной з самых мужных і неабходных ініцыятываў стаў ратавальны атрад “Анёл”, які апошнія шэсць гадоў прафесійна займаецца пошукам зніклых: у горадзе, лясах і нават азёрах. Па ўсёй Беларусі ён стаў вядомы пасля знікнення ў Белавежскай пушчы восенню мінулага года школьніка Максіма Мархалюка. Хлопчыка тады шукала беспрэцэдэнтная колькасць людзей — каля дзвюх тысяч валанцёраў, не лічачы сілаў МНС, сваякоў і аднавяскоўцаў.

Кінуў працу, каб шукаць зніклых. Нерамантычныя будні атрада “Анёл”

Для Беларусі пошук людзей — сапраўды вялікая праблема: кожны год знікае каля 12 тысяч чалавек. Міліцыя і ратаўнікі відавочна не паспяваюць усіх адшукаць. Таму стварэнне пошукавага атрада на манер заходніх краін было справай часу. Першым, хто рэалізаваў гэтую ідэю, стаў мінчук Сяргей Коўган, які ў дзяцінстве хацеў пайсці ў міліцыю, а стаў эканамістам. Усё змяніў выпадак: маці стваральніка “Анёла” ўбачыла па тэлевізары навіну пра мужчыну, зніклага ў лесе пад Барысавам, і прапанавала сыну дапамагчы людзям. Гісторыя завяршылася сумна, але з таго моманту Сяргей вырашыў заняцца гэтай справай, і цяпер яго падтрымліваюць сотні тысяч людзей.

На жаль, гэтая гісторыя ніяк не адлюстроўваецца ў дакументальнай стужцы студэнта 4-га курса БДАМ Кірыла Уласенкі “Дай мне знак”. Рэжысёр здымаў яе, цэлы год назіраючы, як “Анёлы” шукаюць людзей. Больш за тое, у гатовым 26-хвілінным фільме, паказы якога практычна ўвесь кастрычнік ішлі па розных гарадах, наогул цяжка разабрацца.

Гісторыя пачынаецца з пастановачных кадраў: незнаёмы гледачу чалавек у камуфляжы развешвае аб’явы аб зніклых у начным лесе, які дзеля містычнасці ахуталі штучным туманам з дым-машыны. Потым пад змрочную музыку мы ныраем у сапраўднае жыццё — апынаемся ў Свіслацкім раёне, дзе ўсе шукаюць  Максіма Мархалюка. У кадры мноства тэхнікі, каардынатар камандзірскім голасам раздае задачы, сотні людзей ходзяць па лесе, які з птушынага палёту здымае квадракоптар.

У гэты момант “Дай мне знак” нагадвае сапраўдны сацыяльны блакбастар. Аднак аўтар спыняецца, паведамляючы вуснамі эксперта, што гэта была маштабная аперацыя па пошуку ў Беларусі і нават суседніх дзяржавах. Абарваўшыся на паўслове, фільм да гэтай трагедыі больш не вернецца. І такі недарэчны лёс чакае іншыя тэмы, якія будуць падымацца, пакуль ідзе стужка. Нам крышачку раскажуць пра з’яўленне “Анёла”, крышачку пакажуць метады іх працы, крышачку панаракаюць, што праект можа знікнуць, калі беларусы не будуць дапамагаць яму грашыма. Крышачку — пра ўсё, грунтоўнага — нічога.

Увесь прадэманстраваны сумбур, створаны “галопам па Еўропах”, у найлепшых традыцыях тэлевізійнага рэпартажу, урэшце скочваецца да немудрагелістай сацыяльнай рэкламы. Мараль тут празрыстая, як вада ў крыніцы: валанцёрыць — добра, “анёлам” трэба дапамагаць, таму хутчэй расшпіліце свой кашалёк.

Чаму з фільма атрымалася сацыяльная агітка, робіцца зразумела, калі пачынаеш размаўляць з рэжысёрам пасля прагляду. Кірыл Уласенка настолькі цесна зблізіўся з атрадам і яго кіраўніком, што проста не змог зрабіць праўдзівую стужку пра яго дзейнасць. Жаданне хлопца захаваць добрыя стасункі перавесіла яго задачы як неангажаванага аўтара, які павінен заставацца шчырым са сваім гледачом. Гэтае выпрабаванне Уласенка з трэскам праваліў.

Заўтра. Мазырская аповесць

Шукаючы людзей, ён сам згубіўся ў знятым матэрыяле і да канца не зразумеў, пра што зняў свой дыпломны праект: ці то пра “анёлаў”, ці то пра важнасць валанцёрства, ці то пра зніклых людзей. На гэтую разгубленасць намякае няўцямны фінал, калі пад мантажную нарэзку гучыць папсовы матыў аднайменнай песні гурта “Тяни-Толкай”, назва якой і дала фільму назву. Музыкі дапамагаюць атраду, і аўтары такім чынам вырашылі ім за гэта падзякаваць. Падаецца, ёсць за што, а выглядае вельмі няёмка. Як і сама стужка.

Сумесна з “Дай мне знак” паказваюць іншую стужку — “Сонечка”. У ёй паказаны вельмі напружаны і драматычны пошук у лесе сельскай жыхаркі. Тут таксама працаваў Кірыл Уласенка — і гэтая стужка атрымліваецца больш шчырай, ёмістай і цікавай, чым тое, што аўтар зрабіў у “Знаку”. Вось такім мусіць быць сапраўднае кіно.

Тарас Тарналіцкі