Стала вядома, калі адкрыюць Чырвоны касцёл у Мінску

Прайшло два месяцы з таго часу, як афіцыйна было заяўлена аб хуткім пачатку будаўнічых работ у закрытым ужо больш за два з паловай гады Чырвоным касцёле (cвятога Сымона і святой Алены) у Мінску. Некаторыя СМІ нават паведамлялі, што рамонт пачнецца ў сакавіку. Але да гэтага часу сітуацыя ніяк не змянілася — у храме па-ранейшаму не вядуцца ніякія працы.

Čyrvony kasciol

Пробашч парафіі ў апошнія тыдні падчас нядзельных аб’яў не кранаў гэту тэму і нічога не паведамляў пра якія-небудзь зрухі.

Але katolik.life знайшоў дакументацыю, паводле якой у храме сапраўды пройдуць маштабныя работы. Яны завершацца не раней за 2027 год. Толькі пасля гэтага можна чакаць адкрыцця касцёла.

Нагадаем, што дырэктар дзяржпрадпрыемства «Мінская спадчына» заяўляў 14 сакавіка аб тым, што рамонтна-аднаўленчыя работы ў будынку храма пачнуцца пасля вывазу парафіяй сваёй маёмасці.

У парафіі прынялі гэтыя ўмовы і забралі амаль усе рэчы з касцёла (нават лавы, усю бібліятэку і грувасткія спавядальні, некаторыя прыйшлося ламаць). Вываз маёмасці завяршыўся яшчэ да канца сакавіка.

Было заяўлена, што новы комплекс рамонтна-аднаўленчых работ уключае «замену і рамонт унутраных і вонкавых інжынерных сетак». Хоць на сайце «Мінскпрамбуда», які ў 2017-2019 гадах па замове «Мінскай спадчыны» праводзіў першую маштабную рэканструкцыю Чырвонага касцёла (дарэчы, храм тады не зачынялі), пазначана, што на тым этапе ўжо была праведзена замена «ўсіх інжынерных сетак, унутраных і вонкавых камунікацый».

Čyrvony kasciol

Што канкрэтна збіраюцца рабіць цяпер, даведаліся з дакументацыі абвешчанага тэндэру на выбар генпадрадчыка. Гэта ўжо другі тэндэр, тэрмін якога заканчваецца 15 траўня, а першы быў прызнаны несапраўдным. Заяўку ў той раз падала толькі адна арганізацыя — той жа самы «Мінскпрамбуд».

Звяртае на сябе ўвагу, што ў дзяржзакупцы аб’ект не называюць касцёлам, а «будынкамі № 13, № 15 па вул. Савецкай» (сам храм і плябанія, дом святара).

Праект прадугледжвае, у прыватнасці, рамонт даху, усталяванне шклянога казырка, вонкавых інжынерных сетак, аконных праёмаў, супрацьпажарных перагародак, пакрыцця падлог, комплекс сантэхнічных і электрамантажных работ, мерапрыемствы для стварэння безбар’ернага асяроддзя, новае маналітнае перакрыццё.

Што тычыцца электраправодкі, то «праектам прадугледжана абарона раздымнымі кажухамі існуючых кабельных ліній». Таксама плануецца рамонт сістэм ацяплення, водазабеспячэння, каналізацыі.

З мясцовага бюджэту Мінска на новую рэканструкцыю павінна быць выдзелена амаль 10 млн рублёў. Тэрмін работ — 20 месяцаў. Яны павінны пачацца ў чэрвені 2025 года і завяршыцца ў снежні 2026 года, а здача аб’екта ў эксплуатацыю запланавана на студзень 2027 года.