Канферэнцыі, фуршэты, дыскусіі, круглыя сталы, зноў фуршэты, паходы са сцягамі па Варшаве... Раздражняе? Вядома. А дзе хоць які вынік? Навошта і для каго гэта ўсё? Але давайце ўявім, каб гэтага ўсяго не было. Зусім.
Алесь Кіркевіч, фота з асабістага архіву
Мне вельмі не спадабаўся Паслянавагодні зварот (той, які пра марозіва «Каштан»). Узровень расійскай серыялу, дзе ўсе сварацца на кухні, пасля плачуць і абдымаюцца. Сур’ёзна, гэта ўсё, што Вы хочаце сказаць народу?
Мне не зразумелы сэнс пашпарта «новай Беларусі». Сувенір без надзеі на прызнанне хоць кім-небудзь падаецца як вялікае дасягненне. Затое калекцыянеры могуць сабраць флэш-раяль: пашпарт БНР, Вейшнорыі, ну і — гэты.
Мне даўно не адгукаюцца вулічныя акцыі са сцягамі і плакатамі ў Варшаве, Вільні, Празе... дзе там яшчэ? Таксама паходы да кансулатаў РБ: па выходных, каб там, у кансулатах, нікога не было. Схадзілі — можна і на піва.
Крыніца: Белсат
Пра бясконцыя канферэнцыі і фуршэты змаўчым, добра? За ўдзел у падобных банкетах яшчэ не даюць медалі з Пагоняй (гэта ідэя на будучыню). Дарма. З медалямі было б прасцей: бачыш чалавека і разумееш — профі.
Раздражняе? Так. А ўявіце, як яно зараз раздражняе ў Беларусі? Калі чалавек, прадзіраючыся праз VPN, азіраючыся, каб нідзе не паставіць лайк, дабіраецца да навінаў з вольнага свету і... бачыць усё гэта.
Дык можа... ну іх, гэтыя навіны ды ўвесь іхны «вольны свет»?
Калі прайшла навіна пра «замарозку» амерыканскай дапамогі, у тым ліку для беларускага сегменту, было шмат радасных водгукаў: «Ну, нарэшце» — «Хай ідуць працаваць у дастаўку» — «Прырода ачысцілася!» — цытаты. Ну што, зараз зажывем?
Логіка крытыкаў падказвае: калі гэтыя — «казнакрады» — сыдуць, прыйдуць іншыя. Шчырыя аскеты, на белым кані, з планам вызвалення Беларусі, а лепш — з двума-трыма планамі. Ну і з грашыма, канешне: самі недзе «накалядуюць», бо не народ жа мае скідвацца на вызваленне, праўда?..
Ілюстрацыя згенеравана праз imagine.art
А калі не?
Калі замест аднаго беларускага «выпаленага поля» з’явяцца адразу два? Якая карціна вымалёўваецца? Беларусь замаўкае. Нямее. Не толькі тая Беларусь, якая ў межах РБ, але і Беларусь за мяжой. Бо ні ў кога няма часу і жадання нечым займацца — усе ў дастаўцы працуюць.
Замест СМІ — цьмяныя тэлеграм-каналы, якія разводзяць канспіралогію і раз на год віншуюць самі сябе з 25 сакавіка. Беларускія кнігі, канцэрты, фестывалі, львіная доля Ютубу проста знікае — зэро. З палітыкаў застаецца Зянон Пазняк. Чыноўнікі ЗША, ЕС, пазней Украіны вяртаюцца да дыялогу з афіцыйным Мінскам, прычым на ўмовах апошняга. Бо — з кім яшчэ?
Самі ж людзі, сотні тысяч эмігрантаў, пакрысе сацыялізуюцца і расцярушваюцца ў масе іншых народаў. У фэйсбуку пішуць па-польску, між сабой — па-расійску. Крышталізуецца тая «біямаса», пра якую даўно пісалі нядобразычліўцы. Людзі без арыенціраў, радзімы, памяці, але з марай пра грамадзянства ЕС.
А ў Беларусі адбываецца ўсё, што заўгодна. Але пра гэта ніхто не даведаецца. Бо ніхто не напіша. Дэпартацыі, арышты, спальванне ў крэматорыях — адкуль гэта мае быць вядома і, галоўнае, каму цікава? Прырода ж ачысцілася. А значыць, легітымная ўлада РБ сапраўды прадстаўляе інтарэсы народа. Афіцыйны Мінск — гэта і ёсць Беларусь.
Марзалюк — самы беларускі беларус, бо яму адзінаму і апошняму будзе дазволена размаўляць па-беларуску. Так ужо было — у БССР. Калі фарпостам беларушчыны заставаліся савецкія пісьменнікі і гісторыкі, праз аднаго — давераныя асобы вядомага ведамства. А пра тое, што ёсць нейкія беларусы ў эміграцыі, савецкі беларус даведваўся хіба з крытычных артыкулаў гэтых самых пісьменнікаў пра «беглых фашыстаў».
Ну як, гармонія?
Фразу «мы — адзін народ!» некалі адрасавалі міліцыі на мітынгах. Зараз жа гарызонты паміж беларусамі па абодва бакі мяжы настолькі разышліся, што самы час крычаць яе адно аднаму. Але, відаць, таксама безвынікова, як і перад шыхтамі «касманаўтаў»...
Справа не ў амерыканскіх грашах, якія пойдуць замест беларускіх СМІ на барацьбу са СНІДам у Конга і Руандзе.
Справа ў тым, што няўдачы аб’ектыўна раз’ядноўваюць. Мы зараз акурат на такім віражы. Але ці гэта нагода для самаадмаўлення?
Стане ад гэтага Беларусі больш ці — не застанецца ўвогуле?
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі