Калі параўноўваць жыцьцё беларуса на радзіме і за мяжою, то нескладана можна знайсьці і агульнае, і адрознае. А таму і адказ на пытаньне, каму дзе жывецца лягчэй — абсалютна суб’ектыўны, у кожнага — свой. Тым часам Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» намагаецца знайсьці адказ на яшчэ складанейшае пытаньне: калі ў кожнага — свае праблемы, а жыцьцё як на радзіме, гэтак і за мяжою — не заўсёды цукар, дык хто тады каму павінен дапамагаць? Ох, рызыкуе Валера са сваімі развагамі, седзячы ў Польшчы, нарвацца на чытацкі адлуп...
Валера Руселік
Нядаўна быў я ў Варшаве на адной закрытай сустрэчы, удзельнікі якой горача абмяркоўвалі, ці павінны беларусы замежжа дапамагаць беларусам у Беларусі. І ў мяне таксама ёсьць свой адказ на гэтае пытаньне, які, дарэчы, не супаў з лейтматывам тае варшаўскае сустрэчы:
Не павінны.
Давайце адразу расставім усе кропкі над «і». Дапамога — гэта чын добраахвотны. Наагул увесь наш беларускі варушняк — гэта справа добраахвотная. Можна ставіцца да гэтага як заўгодна, але факт застаецца фактам: добраахвотная. Інакш чаго гэта мільёны беларусаў ня ўдзельнічаюць у нашым варушняку, а папросту жывуць сабе сваё жыцьцё? Ну бо не абавязаныя, праўда ж? Ну бо ня хочуць.
Асабіста для мяне добраахвотнасьць удзелу ў беларускім руху — гэта якраз-ткі станоўчая якасьць. Шляхетная. Гуманістычная. Менавіта таму я зь вялікай павагай стаўлюся да кожнага і кожнай, хто выдаткоўвае ўласны час і ўласныя рэсурсы на тое, каб дапамагчы іншым, часьцяком — абсалютна незнаёмым людзям.
Гэта мяне папросту захапляе!
Акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі (Варшава). Фота hpravy.org
І менавіта таму я не падтрымліваю ўсіх гэтых бясконцых наездаў і прэтэнзіяў: маўляў, толькі езьдзяць па замежных сустрэчах, недастаткова добра гавораць па-беларуску, не зрабілі пашпарт Новай Беларусі, не дамагліся адмены візаў і г. д. і г. д. Як той казаў, быў бы чалавек, а за што яго абасраць — прычына знойдзецца.
Нядаўна адзін маладзён, які далучыўся да беларускага грамадзка-палітычнага руху на хвалі пратэстаў 2020-га, напісаў у сацсетках, што спыняе сваю актыўнасьць, таму што больш ня бачыць сябе ў гэтым руху. Выгараў, расчараваўся — не ў ідэалах, але ў беларускім палітычным актывізме. Стаміўся ад нэгатыву, непрафэсійнасьці, таксычнасьці ў нашых шэрагах. Пры гэтым — я падкрэсьлю, бо гэта важна — анікога не абразіў, напісаў, што ў нашых шэрагах багата выдатных людзей.
І ведаеце, асабіста мяне вельмі моцна параніла зваротная рэакцыя і на гэты допіс Яўгена, і на публікацыі пра яго ў беларускіх мэдыях. Рэдкія камэнтары падтрыманьня і спагады былі літаральна зьмеценыя хваляй абразаў і прэтэнзіяў: маўляў, мы гэтак і ведалі, што нічога ня вартыя гэтыя «новенькія» — і наагул добра, што сышоў, безь яго будзе лепш!
Ну і ў чым Яўген памыляўся, калі з прыкрасьцю пісаў пра нэгатыў і таксычнасьць у нашых шэрагах? І каму канкрэтна з усіх гэтых гора-камэнтатараў Яўген хоць штосьці абавязаны быў рабіць? А чаго прэтэнзіі толькі да Яўгена, а не да мільёнаў іншых беларусаў па абодва бакі беларускае мяжы? І вось канкрэтна да суседзяў зь лесьвічнай пляцоўкі — чаму да іх няма аніякіх прэтэнзіяў? Жывуць жа самыя сабе і анічым табе не дапамагаюць!
І галоўнае — а да сябе дзе прэтэнзіі? Чым і каму канкрэтна дапамаглі тыя, хто паліваў Яўгена брудам? Дарэчы, самому Яўгену хто-небудзь чым-небудзь дапамог?
Не? Дык якога ражна ён абавязаны вам усім дапамагаць? То-бок вы будзеце сядзець сабе на канапе, закінуўшы нага за нагу, альбо падарожнічаць, займацца спортам, хадзіць на канцэрты, сустракацца зь сябрамі — карацей, жыць у сваё задавальненьне. А Яўген і іншыя павінны адкласьці ўласнае жыцьцё на сьвятое ніколі і прысьвяціць усяго сябе дапамозе вам, так?
А дзеля чаго?
Валера Руселік — разам з арганізатарамі Стратэгічнай Анты-канфэрэнцыі «Belarus ID Revival Days» у Варшаве. Другі зьлева — Яўген Андрэйчык. Фота з архіву аўтара
Зрэшты, гісторыя зь Яўгенам гэтак моцна зачапіла мяне ня толькі таму, што я асабіста ведаю гэтага хлопца. Абсалютна нармалёвы, адэкватны, разумны, сьветлы хлопец, дарэчы. Наш. Раніць жа найперш тое, што гэты прыватны выпадак насамрэч зьяўляецца агульным для ўсіх нас. Ну няўжо ж мы, старыя змагары, ня марылі пра тое, каб нашыя ідэі і каштоўнасьці аднойчы падхапіў беларускі народ, абудзіўся і пачаў дзейнічаць? Дык чаго ж тады мы аплёўваем і адштурхоўваем ад сябе тых, хто сапраўды абудзіўся ў 2020-м і далучыўся да нас? Ну няўжо ж будзе лепей, каб тыя, хто стаў у нашыя шэрагі, адышоў? Каму ад гэтага будзе карысьць? Калі зьнікнуць усе гэтыя ініцыятывы, уся актыўнасьць, усе гэтыя людзі, што зьявіліся за апошнія 4-5 гадоў — што ў нас застанецца? Закарэлыя байкі пра перамогі сівой даўніны й сумнеўныя заслугі перад самымі сабою? А, ну і крыўда на «народзец», які не зразумеў, не падтрымаў, здаўся, адышоў — адным словам, «зь якім не пашэнціла»?
Дзесьці я гэта ўжо чуў.
Ну і ўрэшце. Нас жа ўсіх вучылі зь дзяцінства, што калі табе дапамагаюць, абавязкова трэба сказаць «дзякуй», праўда? Няўжо вы пра гэта забылі? Ці захоча наступным разам нам дапамагаць той, каму цяпер замест «дзякуй» суюць гаўна лапату?
Я б ня стаў.
Афіша маратону салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, у часе якога былі сабраныя каля 575 тысяч эўраў дапамогі палітвязьням і іх сем’ям
Зрэшты, тая варшаўская закрытая сустрэча адбылася за пару дзён да публікацыі Яўгена, таму калі ў мяне там былі спыталі пра маё меркаваньне, я адказаў інакш.
Безумоўна, беларусы замежжа не абавязаныя адсоўваць уласныя праблемы і скіроўваць увесь свой час і рэсурсы на дапамогу беларусам у Беларусі. Калі ў цябе не разьвязаная праблема з легальным знаходжаньнем у чужой краіне і з працай, калі ты вывез з сабою дзяцей і яшчэ не ўладкаваў іх у садок альбо школу, калі ты ня ведаеш, чым будзеш заўтра карміць сваю сям’ю — усе гэтыя пытаньні табе трэба разьвязваць тут і цяпер, і ў гэтым табе дакладна не дапамогуць аніякія інтэрнэт-камэнтатары. Калі ж ты ўсе свае справы і праблемы адкінеш і скіруеш усе свае высілкі адно на дапамогу іншым, у тым ліку гэтым гора-камэнтатарам, то ў мяне для цябе дзьве непрыемныя навіны:
1) ня факт, што табе ў выніку скажуць «дзякуй». А вось тое, што знойдуцца не задаволеныя тваёй дзейнасьцю, які б яе вынік ні быў — вось гэта якраз факт.
2) ты доўга не працягнеш. Выгарыш, расчаруесься. І каму наагул ты потым зможаш дапамагчы?
І з гэтага вынікае якраз адказ на згаданае вышэй пытаньне.
Па-першае, усялякую дапамогу ад іншых варта прымаць з удзячнасьцю.
Усялякая актыўнасьць на агульную справу — гэта вынік уласнай добрай волі, ахвяраваньне ўласным дзеля агульнага. Калі атрымалася — выдатна, дзякуй вам за гэта. Калі не атрымалася — шкада, але дзякуй, што спрабавалі дапамагчы, намагаліся зрабіць добрую справу для ўсіх нас.
Таму што беларусы замежжа — гэта суайчыньнікі, сябры, аднадумцы, паплечнікі беларусаў у Беларусі. А не абслуга апошніх.
Заняткі ў школе Цэнтру беларускай салідарнасьці (Варшава) для дзяцей вымушаных уцекачоў зь Беларусі. Фота belaruscenter.eu
Ну і па-другое. Безумоўна, ёсьць справы, якімі аб’ектыўна маюць магчымасьць займацца беларусы замежжа і якімі ня могуць займацца беларусы ў Беларусі. Гэта і адвакатаваньне нацыянальных інтарэсаў нашай краіны, і лябіяваньне палітычнага і фінансавага ціску на кіроўны рэжым у Беларусі, і дапамога палітвязьням і беларускім добраахвотнікам і г. д.
Між тым, каб не выгараць і не расчароўвацца ў нашым агульным чыне, насамрэч беларусам замежжа варта займацца і справамі сапраўды агульнымі, то-бок карыснымі для беларусаў па абодва бакі мяжы. Да прыкладу, шкада, што не атрымалася з пашпартам Новай Беларусі — гэта была б і рэальная дапамога ў легалізацыі для беларусаў замежжа, і пэўная страхоўка для беларусаў у Беларусі на выпадак, калі раптам яны будуць вымушаныя таксама зьехаць.
Ну, можа яшчэ атрымаецца, дай Бог. Але маем і іншыя агульна карысныя справы. Да прыкладу, было б цудоўна стварыць беларускую нацыянальную адукацыйную плятформу, доступ да якой праз Інтэрнэт мелі б беларусы і ў Беларусі, і па ўсім сьвеце. Курсы ангельскай мовы, матэматыкі, праграмаваньня, беларускай гісторыі і культуры і г. д. — і для дарослых, і для дзетак. Гэткі наш агульны беларускі ўнівэрсытэт.
Вядома ж, пытаньне ў тым, ці зробіць гэта хто-небудзь. Ці знойдзе хтосьці на гэта рэсурсы: і фінансавыя, і часавыя. І ўнутраныя — каб вытрымаць увесь нэгатыў, таксычнасьць, прэтэнзіі і абразы, якія, на жаль, адразу ж паліюцца з усіх дзірак.
Я ня ведаю. А вы?
Валера Руселік, Budzma.org