Калі пачынаць вадзіць дзяцей у музеі?

У якім узросце трэба пачынаць вадзіць дзяцей у музеі? Ці павінныя мы пачакаць, пакуль яны зацікавяцца дыназаўрамі? Ці пакуль пачнецца вывучэнне гісторыі ў пачатковай школе? Ці адразу пасля таго, як мы запішам іх у гурток па маляванні? А можа, мы проста чакаем, пакуль да нас у госці прыедуць нашыя далёкія сваякі, і мы ўжо ўсе разам наведаем гарадскія музеі, у якіх і самі да гэтага часу ні разу не былі?

 Доктар Кімберлі Л. Кіл (Dr. Kimberlee L. Kiehl), кіраўнік Смітсанаўскага дзіцячага адукацыйнага цэнтра, адзін з найлепшых экспертаў у галіне дашкольнага развіцця, паспрабуе адказаць на гэтыя пытанні і апавесці нам пра ўсё, што датычыць маленькіх дзяцей і музеяў. SEEC — некамерцыйная адукацыйная арганізацыя, створаная Смітсанаўскім інстытутам адмыслова для Смітсанаўскага музея, якая займаецца распрацоўкай праграм па дашкольнай падрыхтоўцы, а таксама праводзіць семінары для бацькоў.

Мясцовы блогер (A Parent in Silver Spring) і па сумяшчальніцтве мама трох дзяцей Джэсіка Макфадэн (Jessica McFadden) узяла інтэрв’ю у доктара Кіл і запытала яе, што трэба зрабіць бацькам, каб паход у музей з маленькімі дзецьмі быў цікавым і забаўляльным, каб дзецям захацелася наведаць новыя музеі ці гэты самы музей ізноў.

Калі наступае той самы “правільны” ўзрост, калі ўжо можна пачынаць вадзіць дзяцей у музеі?

— Некаторыя лічаць, што не трэба пачынаць вадзіць дзяцей у музеі, пакуль яны не пайшлі ў першы клас, але гэта поўнае глупства! У нас на мерапрыемствах, якія праводзіць Смітсанаўскі дзіцячы адукацыйны цэнтр, прысутнічаюць дзеткі, якім толькі-толькі споўнілася шэсць месяцаў, і бачылі б вы гэтых немаўлятак! Яны поўныя рашучасці і з такой засяроджанасцю разглядваюць творы мастацтва! Немаўляткі бачаць усё! У музеях так шмат цікавых рэчаў — так шмат усяго, што можа прыцягнуць іх увагу, што яны могуць разглядаць бясконца і пра што потым можна паразмаўляць і абмеркаваць з бацькамі.

Напрыклад, вы можаце стаяць са сваім дзіцем перад творам мастацтва і глядзець на твары, колеры, рэчы, намаляваныя на заднім плане. Вы можаце глядзець на карціну са сваім маленькім дзіцем і казаць: “Паглядзі на яе пальцы, а вось твае пальчыкі”. Не існуе такога паняцця, як “занадта малы, каб хадзіць па музеях”.

Як найлепш пазнаёміць дашкольнікаў з “сур’ёзнымі” музеямі?

— У ідэале дзве гадзіны — гэта найбольшае, што могуць вытрымаць дашкольнікі і маленькія дзеці ў музеі. У іх яшчэ няма звычкі “блукаць” па музеях цэлы дзень. Я ведаю, што занадта часта бацькі лічаць так: “Ну, добра, раз мы ўжо выбраліся ў музей, дык давайце па поўнай праграме — будзем глядзець усё, ад пачатку да канца”. Але дзеці вельмі хутка стамляюцца, і праз некаторы час ім робіцца сумна. Прыблізна пасля дзвюх гадзін дашкольнікам больш нецікава хадзіць па музейных залах, і гэта не вельмі добра.

Замест гэтага я рэкамендую падумаць пра тое, чым іменна цікавіцца вашае дзіця. Пашукайце ў інтэрнэце музейную выставу, якая магла б прыцягнуць увагу вашага дашкольніка. Наведайце толькі адну гэтую выставу ці толькі адзін паверх музея. Вы можаце дамовіцца з дзіцем, што сходзіце толькі на адну канкрэтную выставу, а пасля яе — у залежнасці ад узросту дзіцяці і яго зацікаўленасці — вырашыце, што можна зазірнуць і на другі ці трэці паверх музея. Важна і тое, што вы не будзеце бегаць па ўсім музеі, а будзеце разглядаць экспанаты старанна і ўдумліва, задаваць пытанні, абмяркоўваць тое, што вы пабачылі, са сваім дзіцем.

Калі вы вырашылі правесці ў музеі дзве гадзіны, я раю вам разбіць свой візіт на 15-хвілінныя прамежкі. Правядзіце чвэрць гадзіны у адной зале, а затым пераходзьце ў іншую. Але назірайце за тым, што зацікавіла вашае дзіця: калі нейкі экспанат прыцягнуў увагу дашкольніка, правядзіце каля яго дадатковы час і паразмаўляйце пра яго.

Ці ёсць адрозненне паміж паходамі з дзецьмі ў краязнаўчы музей і музей выяўленчага мастацтва?

— Я лічу, што розніцы няма. Не мае значэння, у які музей ісці. Не існуе ніякага правіла, якое б казала, што нельга прыходзіць з немаўляткамі ці дашкольнікамі ў мастацкія музеі. Вядома, вельмі карысна ведаць характар вашага дзіцяці. Калі яно сапраўды надзвычай вельмі актыўны жэўжык, тады, магчыма, пачынаць лепш з музея прыродазнаўства.

Мяне заўсёды прыемна здзіўляе, калі яшчэ зусім маленькія дзеці так моцна захапляюцца музеямі. Аднойчы я зазірнула ў выставачную залу Нацыянальнай карціннай галерэі, калі там праходзіла экскурсія для дзяцей. Адзін маленькі хлопчык падышоў да мяне і сказаў: “Ух ты, гэта ж Дэга!” Я не паверыла сваім вушам. Як так? Яму ўсяго тры годзікі, а ён ужо любіць бываць у музеі. Я запытала ў яго, чаму ён упадабаў творы Дэга, і ён сказаў: таму, што намаляваныя персанажы вельмі падобныя да сапраўдных людзей. Але чаго здзіўляцца? Бацькі гэтага хлопчыка пачалі вадзіць яго па музеях, калі ён быў яшчэ зусім маленькім.

Навошта мне ўвогуле весці свайго бэйбуса ў музей? Каля дома ёсць дзіцячая пляцоўка — што яму яшчэ трэба?

— Праўду кажучы, калі мае ўласныя дзеці былі яшчэ малыя, я і сама не думала пра музеі. Цяпер мне шкада, што тады ніхто не нагадаў пра магчымасць вадзіць іх на выстаўкі. Я была маладым спецыялістам, пісала дыплом па дашкольнай адукацыі, вяла курсы для маладых бацькоў, але мне ніколі не прыходзіла ў галаву, што музеі могуць быць тым самым месцам, куды я магу звадзіць сваіх маленькіх дзяцей. А цяпер я не ведаю, як увогуле можна не хадзіць з дзецьмі ў музеі.

Дзяцей вельмі цягне да аб’ектаў. Ім падабаюцца “сапраўдныя, рэальныя рэчы”. У музеях выстаўляецца шмат такіх рэальных аб’ектаў, і яны надзвычай прыцягальныя для дзяцей. Дзякуючы экспанатам вы можаце падштурхоўваць дзяцей да дыялогу, дзеці пачынаюць задаваць розныя пытанні наконт убачанага, абмяркоўваць карціны ці іншыя экспанаты, разважаць на тыя ці іншыя тэмы. Такім чынам вы адукоўваеце іх.

Людзі чамусьці ўпэўненыя, што калі вы з дзецьмі наведваеце “сур’ёзны” музей, дык гэта нецікава дзецям, таму што яны нічога не могуць крануць рукамі. Дык прынясіце тое, што можна чапаць, з сабой! Напрыклад, калі вы збіраецеся пайсці ў музей жывёльнага свету, прынясіце з сабой цацкі жывёл з хаты, і хай вашае дзіця знойдзе адпаведнікі цацак сярод жывёл на выставе.

І, дарэчы, паход у музей — гэта заўжды добрая нагода выбрацца са сваіх чатырох сцен і прайсціся па свежым паветры.

Я адчуваю, што я — іншы чалавек, калі я наведваю музеі з маімі дзецьмі. Я ведаю, што я магу паразмаўляць з імі пра нешта карыснае і ў прадуктовай краме, але мая галава забітая тым, што мне трэба набыць да вячэры. А калі мы на дзіцячай пляцоўцы, я думаю толькі пра тое, як зрабіць добрую фатаграфію.

— Так і ёсць. Калі вы знаходзіцеся ў музеі разам з вашым дзіцем, вы аднолькава ўцягнутыя ў прастору выставы, вы разам разглядаеце адзін і той жа экспанат, вы цалкам падуладныя музейнаму царству, і гэта збліжае вас з дзіцем.

На дзіцячай пляцоўцы няма інтэракцыі, няма ўзаемадзеяння. Бацькі проста выводзяць дзяцей пагуляць і дазваляюць ім рабіць што заўгодна. Вядома, у музеі так не атрымаецца — на выставе вам давядзецца ўзаемадзейнічаць з дзіцем. А на пляцоўцы бацькі часам выкарыстоўваюць вольны час “без дзяцей”, каб пасядзець у сваіх тэлефонах. Лягчэй не гуляць разам з дзецьмі, а даць ім добра прабавіць час і без вас, але і такое таксама патрэбна.

Ты не менш, у музеі вам давядзецца бавіць час разам, разглядаць экспазіцыю, адказваць на пытанні вашага дзіцяці, абмяркоўваць пабачанае. Вы павінныя будзеце стаць удзельнікам гэтага працэсу, гэтаксама як і вашае дзіця. Гэта будзе ваш агульны досвед, вашая інтэракцыя, узаемадзеянне, якое наўрад ці можна знайсці недзе яшчэ, акрамя музея. Ёсць розныя віды ўзаемнага дзеяння, і музей — адно з тых месцаў, дзе інтэракцыя асабліва моцная.

 

The Washington Post