Лявон Вольскі: «Жывеш у дзяржаве — нібыта йдзеш па мінным полі»

Лявон Вольскі разважае пра беларускіх «экстрэмістаў» і «экстрэмізм». Ці можа быць у гэтым нешта добрае? Вы здзівіціся, але Лявон Вольскі знаходзіць пазітыў нават у такіх абставінах.

Liavon Voĺski

Песня прызнаная «экстрэмісцкай», альбом выдалены

«Экстрэмісты»... «Экстрэмісцкая» арганізацыя, «экстрэмісцкі» рэсурс, «экстрэмісцкі» канал...

Экстрэмісты — яны паўсюль. Куды ні кінь — у фэйсбуку, у інстаграме, у тэлеграме, у твітары, у рэчаіснасьці — адны экстрэмісты. Аж страшна!

Вось слухаў ты, напрыклад, альбом «Чырвоны штраль» «Крамбамбулі». Слухаў-слухаў, а цяпер не паслухаеш. Бо нейкі суд нейкага раёну (Лельчыцкага ці Ёцэвіцкага?) прызнаў песьню «Я страляў у міліцыянта» з гэтага альбому экстрэмісцкай. Зь перапуду кампанія-распаўсюднік-дыстрыбутар зьняла са стрымінгаў увесь альбом.

Na kancercie-prezientacyi aĺboma «Čyrvony štraĺ»
На канцэрце-прэзентацыі альбома «Чырвоны штраль» у Вільні, 2015 год. Фота Ірыны Арахоўскай, Наша Ніва

Усё як у старыя добрыя часы

Можа, яно і да лепшага? Бо ў нашыя часы музыка зрабілася аж занадта дасяжнай. А цяпер давядзецца кінуць покліч у сацсеткі: «Хто мае альбом «Чырвоны штраль»? Скіньце мне трэкі, калі ласка!». Патыхае пірацтвам, натуральна, але ў такой экстрэмальнай (экстрэмісцкай?) сытуацыі пра гэтыя дробязі думаць не выпадае.

Але чакайце! Калі ты кінеш у сацсеткі покліч пра перапіс альбому «Чырвоны штраль», які зьмяшчае экстрэмісцкую песьню «Я страляў у міліцыянта», дык можаш прыцягнуць увагу адпаведных ворганаў, прадстаўнікі якіх штодня ходзяць на працу і восем гадзінаў на дзень (а калі які аўрал, дык і даўжэй!) сочаць за тым, каб дзесьці там кудысьці там не праскочыла штосьці там экстрэмісцкае. Таму лепей у розныя фэйсбукі нічога не пісаць, а проста, як у старыя, яшчэ дапрэзыдэнцкія часы, цікавіцца ў сяброў ды знаёмых: а раптам хтосьці зь сяброў ды знаёмых гэтых тваіх сяброў ды знаёмых мае альбом «Чырвоны штраль», і ці ня можа ён пазычыць гэтую кружэлку на пару гадзінаў для перапісу?

А калі хтосьці адгукнецца, дык давядзецца выцягнуць з антрэсоляў старажытны CD-прайгравальнік, выцерці зь яго тоўсты слой пылу і вярнуць да жыцьця стары закінуты слот для нарэзкі CD-ROM. Усё як у старыя добрыя часы, калі музыка не была бесьперашкодна дасяжная на любым смартфоне (бо і смартфонаў не было).

Суполка неабыякавых слухачоў

Хутка створыцца суполка неабыякавых слухачоў, чальцы якой будуць перапісваць адно аднаму забароненыя песьні «Тор бэнда», «Дзецюкоў», «Дай дарогу!» ды іншых выканаўцаў, блізкіх да экстрэмізму.
Толькі рабіць гэта варта ў рэжыме абсалютнай сакрэтнасьці — з паролямі, яўкамі і іншымі атрыбутамі падпольнага жыцьця. Бо калі на сьлед чальцоў суполкі (групоўкі) выйдуць тыя, хто сочыць за тым, каб нідзе не праскочыла штосьці там экстрэмісцкае, будзе ня надта добра. Пачнуць шыць «распаўсюд экстрэмісцкіх матар’ялаў»...

Вось так — жывеш у дзяржаве — нібыта йдзеш па мінным полі. Толькі зважай, каб не наступіць на якую «экстрэмісцкую» міну — ня слушна паставіш смайлік ці то не там, дзе трэба, намалюеш ухвальны вялікі палец. Ці то спампуеш нешта — песьню якую ці кнігу — з інтэрнэту, а яно, высьвятляецца, экстрэмісцкае! Глядзі, сьцеражыся! Паўсюль усялякія «нельга», «не вітаецца», «не дазволена», «не рэкамэндавана»...

Што такое экстрэмізм насамрэч

Maliunak Liavona VoĺskahaМалюнак Лявона Вольскага


Цікава, ці людзі, шараговыя беларускія людзі, разумеюць, што такое гэты ўсюдыісны экстрэмізм, якім палохаюць з кожнага завугольля? Цікава было б правесьці апытаньне на вуліцах беларускае сталіцы, але, калі пачнеш яго праводзіць, дык — сто адсоткаў! — прыцягнеш увагу адпаведных ворганаў, якія імгненна цябе ўпакуюць за гэты самы экстрэмізм. Кола замкнулася.

Вунь, надоечы цэлы беларускі ўнівэрсытэт у выгнаньні прызналі экстрэмісцкім! Відаць, просты народ думае, што кожны выпускнік атрымлівае там разам з дыплёмам чорныя акуляры, капялюш, плашч, асадку з фота- (відэа)камэрай, пісталет, цукеркі з атрутай і закідваецца празь мяжу ў РБ — падрываць там усялякія асновы і дэстабілізаваць...

«Экстрэмізм — радыкальнае адмаўленьне агульнапрынятых нормаў і правілаў, адданасьць скрайнім поглядам і мэтадам дзеяньняў», — прыкладна так вызначаюць панятак «экстрэмізм» розныя крыніцы ў сеціве. І далей: «Сярод палітычных экстрэмісцкіх дзеяньняў можна адзначыць правакацыю масавых беспарадкаў, тэрарыстычныя акты, вядзеньне партызанскай вайны»...

«Экстрэмісцкае» таўро каштоўнейшае за любыя РБшныя ордэны-медалі

Такім чынам, песьня «Я страляў у міліцыянта» можа справакаваць масавыя беспарадкі, тэрарыстычныя акты, вядзеньне партызанскай вайны!

Я ніколі ў жыцьці не спадзяваўся на настолькі высокую ацэнку маёй творчасьці! Ад усяго сэрца дзякую суду Ёцэвіцкага (ці якога там? Забыўся ўжо!) раёну! Гэтае «экстрэмісцкае» таўро каштоўнейшае за любыя РБшныя ордэны-медалі і, тым болей, пыльнае й нясьвежае званьне заслужанага артыста!

Натхняе на новыя творы, безумоўна, наскрозь прасякнутыя здаровым духам экстрэмізму!

Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org

______________________________________________________________________

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць